- Не плач i не крычы, не ззывай людзей!
Заклапочаны твар глянуў з прычыненых дзвярэй у пусты калiдор. Голас у чалавека быў нецярплiвы:
- Справа Маргарыты i Аляксандра Марынковiчаў. Хто да гэтай справы, заходзьце!
- Я спыняю справу, - сказала Маргарыта судоваму чалавеку.
- Зайдзiце заявiць пра гэта ў суд.
А якi лiст паказала мне i пакiнула на памяць перад ад'ездам! Якi дакуменцiк! "Паважаная Маргарыта! Ты разумная жанчына i сама павiнна ведаць, што нам жыць разам больш немагчыма. Жывi там i не прыязджай. Я табе буду належачую па закону долю высылаць на хлопчыка. Ведай, што мы адно аднаго толькi звязваем. У нашу хвалюючуюся эпоху, калi мы няўхiльна змагаемся за новага чалавека, мы павiнны ўжо i цяпер даваць расткi гэтага новага, iдучага ў жыццё чалавека. А ён павiнен быць вольным, прыгожым, не звязаным нiчым, у яго павiнна быць мiнiмум няволi i максiмум волi. Мы, змагаючыяся i будуючыя, а таксама маючыя перспектыву на светлае заўтра, цяпер павiнны адкiнуць ад сябе старыя мяшчанскiя традыцыi... Жывi там i не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць. Марынковiч".
"Новы чалавек" яму спакою не дае! Якая гадзiна!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Старыя мае запiскi трывожаць мяне. Якуб цяпер вялiкiм вырас... Не, не мог бы цяпер дакончыць лiста Марынковiчу. I не варт ён таго. Ды i нашто я пiсаў яму? Як гэта мне магло ў галаву ўзбрысцi гэта? Не да яго ж апеляваць з гэтаю справаю.
А якi прававерны грамадзянiн i партыец! Надпiс яго на картачцы сваёй Маргарыце, даўней, калi яшчэ яна дзяўчынаю была: "Тов. Маргарите от близкого, может быть, товарища. Общественность и общественная работа должны жить в вас. Маринкович". Тады ён яшчэ не быў "балгарынам". Не было яшчэ загаду пра беларусiзацыю.
Не давай ты яму загаду (цi дырэктывы), i думка яго будзе драмаць спакойна i весела. Нiколi ён не выкажа нiводнай думкi свае: i няма яе ў яго, i баiцца - "а можа начальства зусiм не гэтак скажа. Пачакаю лепш, што яно скажа, а тады ўжо i я". I колькi яшчэ ён задушыць жывых слоў i думак рэвалюцыйнай творчасцi толькi таму, што выказаны яны не начальствам!..
Як гэта Маргарыта сышлася была з iм...
4. Весткi ад Якуба
"Братка Вiця! Але ж даўно я цябе не бачыў. Чаму ты гэтак мала пiшаш, забыўся пра нас, цi што? Мы табе рэдка калi пiшам - дык нам жа вельмi часу нiколi няма. Цяпер толькi адсеялiся. Ну i нагальнасць была! Добра, што дажджы iдуць, годзiць на поле. Каб ты ведаў, якi лiст учора прыйшоў ад Маргарыты. Ты б за галаву хапiўся б, каб ведаў. Ты, мусiць, нiчога пра гэта не ведаеш, бо няўжо б ты маўчаў нам пра гэта гэтулькi часу. Але чаму яна сама дагэтуль - хоць бы слова. Гэта ж цэлы год ужо зараз. Яна пiша, што бачылася з табою, бо прыязджала ў твой горад у суд, браць разлуку. Ты ведаеш, як усё гэта было для нас - як абухом па галаве ўсiм. Я то яшчэ нiчога, а Маня i цяпер да спакою прыйсцi не можа. Яна ж Манi пiсала (толькi сёння Маня мне расказала), што зусiм страцiла здароўе, жывучы з iм. I цяпер усё адразу ён узяў ды вырашыў па-свойму - узяў дый кiнуў, няхай як сабе хоча, хоць зойдзецца дзе. Яна i сама пiша гэта самае, але гэтак, што трэба найбольш здагадвацца - як бы не смее яна гаварыць нам усяго выразна. Толькi нарэшце вырвалася ў яе слова: "Што ж, я калi пайшла замуж, дык закон гэтакi, што трачу я права на тую гаспадарку, адкуль пайшла. Дык я i не паеду да вас. Работы я нiдзе не знайшла, i цяжка мне яе знайсцi, дык няхай сабе будзе, як будзе". От што i як яна пiша. Яна, вiдаць, ужо i законамi нацiкавiлася, мусiць, прыйшлося ёй добра цяпер! Каб яна яшчэ адна, а то з дзiцем, дык яшчэ горш. Я сёння ёй напiсаў проста - закон, гавару, адно, а жыць на свеце жывым i родным людзям часамi можа быць i другое. Не чалавек iдзе да закону, а закон да чалавека. I калi дзе якi закон не прыйшоўся да чалавека або чалавек падышоў наперад, а закон астаўся, дык закон падагнаць трэба. Мы, гавару, родныя, i не канешне на законы прыглядацца. Бо ты як была дома, а мы былi малыя, дык была ты для нас як родная мацi. Няўжо ж мы павiнны забыцца на гэта. Няўжо ж мы пойдзем у суд, каб нас чужыя людзi мiрылi i дзялiлi? Прыязджай, напiсаў ёй, мы цябе спаткаем з радасцю, i ўсё будзе добра. Можа i добра, што развязалася з гэтакiм. Маня таксама i ад сябе прыпiсала, каб прыяжджала i нiчога лiшне не думала. Але Маня сваiм жаночым сэрцам угадала яшчэ адно. I мусiць, гэта праўда. Яна мне гэта сказала: таму Маргарыта не хоча да нас ехаць, што рабiць цяпер не можа, здароўе страцiўшы. А ў нас жа гаспадарка. I не хоча яна быць "дармаедам" на чужым карку. Маня як толькi сказала мне гэта, дык адразу i заплакала. Тут ужо нiяк не напiшаш пра гэта Маргарыце, каб лiшнiм i грубым словам яе не скрыўдзiць як часамi, каб, яшчэ больш неасцярожна i не ў пору сказаўшы, не паддаць ёй яшчэ больш пакуты. Трэба толькi падумаць, што яна цяпер думае i як жыве. Адно каб яна прыехала, а калi не - дык я сам паеду i забяру яе. Ты, братка Вiця, напiшы ёй, няхай нiчога гэтакага не думае i адразу прыязджае. Будзе яна тут спакайнейшаю i можа паправiцца трохi. А то, мусiць жа, дапякло ёй усё гэтае, калi аж пра законы, небарака, пачала пiсаць... Сам я, мусiць, да цябе неўзабаве прыеду. Не надоўга. Тут у нас адна справа заварваецца, i мне давядзецца ехаць. Я ўвесь клопат узяў на сваю галаву, бо, сказаць праўду, каб не я, дык, бадай-што, нiчога i не было б. Гэта мы складаем камуну - сем хат згаварылiся. Дык цяпер трохi мне клопату будзе. Я табе напiшу гэтымi днямi, калi прыеду. А ты ж хаця пiшы. I яшчэ раз просiм мы цябе з Маняю - напiшы ты Маргарыце - няхай нiчога не думае i не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вiтай яе ад нас i бывай здаровенек. Якуб".
5. З стэнаграмы следчага допыту
...Цягнiк прыйшоў пад вечар. Я даўно чакаў на вакзале, каб сустрэць Якуба. Я стаяў каля дзвярэй i ўглядаўся ў людзей - якi ж цяпер той ранейшы сiнявокi Якуб, што (калi ўжо тое было!) гэтак няёмка развiтаўся быў са мною на станцыi? Я тады бачыў праз акно з вагона, як ён паправiў на возе мяшок з сенам i паехаў у сваю дарогу. Я ведаў, што ён спяшае, каб да вечара перапаўзцi трыццаць вёрст. Пакуль ад'ехаў, дык разоў тры азiрнуўся. А пасля цягнiк рушыў... Колькi ўжо год прайшло, як мы пакiнулi жыць разам!
Доўга прайшло часу, калi я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар i шэрую суконную жакетку. Цераз плячо ў Якуба вiсеў на палатняным рубцы малы клунак. Я схапiў яго за рукаў i выцягнуў з натоўпу.