- Дапамажы iм, стары асёл, дапамажы iм!

Ён ужо ўзлез на дрэва i сядзеў там у бяспецы, жывы i цэлы, зусiм побач з Джанатанам, але адзiнае, чым гэты дурань дапамог Джанатану, дык гэта тым, што нахiлiўся i залямантаваў:

- Адпусцi каня, там у лесе яшчэ два, я магу ўзяць аднаго з iх замест гэтага. Адпусцi яго!

Чалавек становiцца дужэйшым, калi злуецца, я неяк чуў пра гэта. Можа, тым самым Парк дапамог Джанатану выратаваць каня.

Потым, калi ўсё скончылася добра, Джанатан сказаў Парку:

- Дурань, няўжо ты думаеш, што я выратаваў цябе, каб ты потым украў майго каня? I табе не сорамна?

Вiдаць, Парку стала ўсё-такi сорамна, але ён нiчога не сказаў i нават не спытаў, хто мы такiя. Ён проста падняўся наверх па схiле са сваiм канём i неўзабаве знiк разам з астатнiмi салдатамi.

У той вечар мы распалiлi вогнiшча над вадаспадам Карма, i я ўпэўнены, што нiводнае вогнiшча ў свеце не гарэла так, як наша.

Гэта было страшнае i разам з тым прыгожае месца, як нiдзе нi на зямлi, нi ў сусвеце. I горы, i рака, i вадаспад - усё было такое велiчнае, што здавалася, нiбыта адбываецца ў сне.

Мы стаялi на тым самым мосце, якi пабудавалi па загадзе Тэнджыла над глыбокай цяснiнай, што раздзяляе дзве краiны: Карманьяку i Наджыялу, размешчаныя па абодва бакi Старажытнай Ракi. Рака, глыбокая пад мостам, несла сябе далей да вадаспада i з гулкiм ровам кiдалася з яго.

- Як можна было пабудаваць мост над такой страшнай цяснiнай? - запытаў я ў Джанатана.

- Мне таксама хацелася б даведацца пра гэта, - адказаў ён. - Колькi жыццяў загiнула, пакуль ён будаваўся? Колькi людзей зрывалася ўнiз i знiкала з крыкам у вадаспадзе Карма? Як бы мне хацелася ведаць пра ўсё гэта.

Мяне скаланула, нiбы пачуў я развiтальны крык людзей, якi ўсё яшчэ аддаецца рэхам у гарах.

Цяпер мы знаходзiлiся вельмi блiзка ад замка Тэнджыла. Па другi бок моста бачылася дарога, якая вядзе ў горы, у Старажытныя Горы Карманьякi.

- Калi iсцi па гэтай дарозе, то прыйдзеш да сцен замка Тэнджыла, - сказаў Джанатан.

Мы распалiлi вогнiшча на выступе скалы, высока над вадаспадам. Я сеў да вадаспада спiной, каб не бачыць мост, якi вядзе да замка Тэнджыла. Я бачыў толькi вогнiшча, якое мiгцела на фоне гор, i добры, прыгожы твар Джанатана ў водблiсках агню, а таксама коней, якiя адпачывалi воддаль.

- Гэта вогнiшча самае лепшае за ўсе, каля якiх даводзiлася сядзець, прызнаўся я. - Бо тут я побач з табой, Джанатан.

Дзе б я нi быў, я адчуваў сябе ўпэўнена да таго часу, пакуль Джанатан быў са мной. I цяпер я быў шчаслiвы, таму што я сядзеў каля вогнiшча побач з iм, а гэта якраз тое, пра што мы так часта гаварылi, калi яшчэ жылi на зямлi.

- Днi вогнiшчаў i легенд - памятаеш, як ты расказваў мне пра гэта?

- Так, памятаю, - адказаў Джанатан. - Але тады я не ведаў, што тут, у Наджыяле, такiя жорсткiя легенды.

- А цi гэта павiнна быць так? - запытаўся я.

Нейкi час ён, гледзячы на агонь, сядзеў моўчкi, потым загаварыў:

- Не, калi апошняя бiтва закончыцца, Наджыяла зноў, магчыма, будзе краiнай, дзе ўсе казкi стануць добрымi, а жыццё будзе лёгкiм, як раней.

Успыхнула полымя, i ў яго водблiсках я ўбачыў, якi сумны i стомлены быў Джанатан.

- Апошняя бiтва, Сухарык, будзе страшнай казкай пра смерць i толькi пра смерць. Таму Орвар павiнен узначалiць бiтву. Я не магу забiваць...

"Я гэта ведаю", - падумалася мне, i я запытаўся ў яго:

- Навошта ты выратаваў жыццё таму чалавеку, Парку? Цi ж гэта добра?

- Я не ведаю, цi правiльна зрабiў, - адказаў Джанатан. - Але ёсць рэчы, якiя трэба рабiць не разважаючы, iнакш ты не чалавек, а дрэнь, - я казаў табе пра гэта раней.

- А вось, скажам, яны здагадалiся б, хто ты, - працягваў я, - i схапiлi б цябе...

- Ну што ж, яны схапiлi б Львiнае Сэрца, а не кавалак дрэнi, - адказаў Джанатан.

Наша вогнiшча паступова затухала, i цемра апускалася на горы. Спачатку толькi мяккае сутонне ахiнула наваколле, а потым найшоў чорны змрок, якi засланiў сабою ўсё, i можна было чуць толькi гул вадаспада Карма.

Я яшчэ блiжэй прытулiўся да Джанатана, мы сядзелi, прыпёршыся спiнамi да скалы, i ў цемры размаўлялi адзiн з адным. Я зусiм не баяўся, але мне было неяк не па сабе. Я павiнен быў заснуць, як сказаў мне Джанатан, але я ведаў, што не змагу. Я i размаўляць не мог з-за таго пачуцця неспакою, якое ў мяне з'явiлася не ад цемры, а па нейкай iншай прычыне, не ведаю чаму. I ўсё ж побач са мной быў Джанатан.

Успыхнула маланка, i прагрымеў гром. Аглушальны грукат пранёсся па гарах, а потым абрынуўся на нас. Гэта была навальнiца, якую цяжка ўявiць: раскаты грому неслiся па гарах так аглушальна, што перакрывалi гул вадаспада Кармы, а ўспышкi маланак спяшалiся адна за адной. Маланка то асляпляла нас, то зноў наставала непраглядная цемра.

Потым яшчэ раз успыхнула маланка, больш жахлiвая, чым усе папярэднiя, на iмгненне асвятлiўшы ўсё навокал.

I ў гэтае iмгненне, у гэтым святле я ўбачыў Катлу. Я ўбачыў Катлу.

13

Так, я ўбачыў Катлу, але што адбылося потым, не памятаю. Я проста правалiўся ў нейкую цемру i не прачынаўся да таго часу, пакуль не прайшла навальнiца i пакуль свiтанак не ўзяўся над вершалiнамi гор. Галава мая ляжала на каленях у Джанатана, i як толькi я згадваў, што далёка, на тым беразе ракi, на строме над вадаспадам паявiлася Катла, мяне ахоплiваў жах. Я пачынаў ускрыкваць, калi згадваў пра гэта, i Джанатан спрабаваў супакоiць мяне:

- Яе ўжо тут няма, яна пайшла.

А я ўсё енчыў i енчыў:

- Як жа такое стварэнне, як Катла, можа iснаваць? Гэта - страшыдла, праўда?

- Так, гэта страшыдла, - адказваў Джанатан. - Гэта - драконiха, якая захавалася са старадаўнiх часоў, i яна такая ж жорсткая, як Тэнджыл.

- Дзе ж ён яе ўзяў? - не сунiмаўся я.

- Яна паявiлася з пячоры Катлы, так думаюць людзi, - адказаў Джанатан. Яна заснула калiсьцi ў старажытныя часы i праспала тысячы год, i нiхто не ведаў, што яна iснуе. Але аднойчы ранiцой яна прачнулася, i той страшнай ранiцой яна папаўзла да замка Тэнджыла, выпускаючы смертаносны агонь на кожнага, хто ёй трапляўся. I ўсе на яе шляху памiралi.

- Чаму ж яна не забiла Тэнджыла? - запытаў я.

- Тэнджыл схаваўся ў пакоях свайго замка. Калi яна наблiзiлася да яго, ён схапiў вялiзны рог, якiм склiкаюць салдат, i затрубiў у яго.

- I што з таго? - здзiвiўся я.

- Катла падпаўзла да яго, як сабака, i з таго часу яна падпарадкоўваецца Тэнджылу i толькi Тэнджылу, яна баiцца гуку гэтага рога. Калi ён дзьме ў яго, яна падпарадкоўваецца яму без пярэчання.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: