Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвiлiнай позiрк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусiм збялела - яшчэ не дзень, але ўжо i не ноч, нiякiх зорак, дзень пачынаўся так чыста i спакойна, нiбы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапiлi ў паласу малочнага туману, якi чапляўся гнуткiмi шчупальцамi за грунт, а калi мiнулi яго, Пiркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранiшнiм святле мэту iхняга шляху. Гэта быў скалiсты слуп, якi прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькi сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усiх. На падобнай на булаву вяршынi гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабiць апошнiя замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая - нiякiх неспадзевак, шчылiн, нiчога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нiдзе перасечанага палосамi цвiлi зеленавата-жоўтага колеру. Пiркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкiх валуноў на другiя, упiраўся ў зусiм чорную на фоне неба сцяну i, можа, таму, што нi аб чым iншым не хацеў думаць, уявiў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як i на Зямлi. I адразу ж iншымi вачыма ўбачыў скалы - сапраўды, можна было падумаць, што мэтай iх экспедыцыi было пакарэнне вяршынi, калi яны iдуць проста да хрыбта, якi цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышынi i канчаўся там навалам заклiнаваных плiт, а ўжо адтуль вялiзная плоскасць iшла ўгару; яна нiбы застыла, ускiнуўшыся ў неба; нейкiх сто метраў вышэй сцяну пераразала iншая горная парода - гэта выходзiў на паверхню дыябаз - чырванаваты, святлейшы за гранiт, ён стужкай неаднолькавай шырынi наўскасяк працiнаў усё крыло абрыву.

На нейкi час вяршыня прыкавала позiрк Пiркса сваёй патэтычнай лiнiяй, але варта было iм наблiзiцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знiкла, распалася на асобныя ўчасткi, якiя засланялi адзiн аднаго, пры гэтым падножжа страцiла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, i позiрку адкрылiся бясконцыя тэрасы, падобныя на палiцы выступы, шчылiны, якiя заканчвалiся тупiком, хаосам старых трэшчын, а над усiм гэтым бязладдзем блiшчала сама вяршыня, пазалочаная першымi прамянямi сонца, з дзiўна мяккiм контурам; але нарэшце i яна знiкла, яе засланiлi iншыя; Пiркс ужо не мог адвесцi вачэй ад калоса - так, нават на Зямлi гэтая сцяна была б вартай увагi i намаганняў, асаблiва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршынi, залiтай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай i лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялi казыркi, асаблiва сама вялiкi, якi знiзу блiшчаў ад вiльгацi або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нiбы кроў, што запяклася.

Пiркс даў волю фантазii. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпiнiсцкiмi ўзыходжаннямi, якую не раз штурмавалi, на якой цярпелi паражэнне, гара, якая будзiць у альпiнiста своеасаблiвае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калi бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка i кожны шрам маюць сваю гiсторыю. Невялiкiя, ледзь прыкметныя змейкi трэшчын, цёмныя нiцi выступаў-палiчак, дробныя вышчарбiны кожная з iх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклiвага роздуму, бурнага нацiску i змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя i тэхнiчныя хiтрыкi былi выкарыстаны, - гара з-за гэтага настолькi злiлася з лёсамi людзей, што кожны альпiнiст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў i зноў з тым самым запасам надзеi i веры ў перамогу i пры новым штурме прымерваў да гладкай скалiстай паверхнi вынашаны ў думках маршрут. Гэтая гара магла б мець багатую гiсторыю: абходныя ўзыходжаннi, розныя варыянты яе пакарэння, кронiка поспехаў i ахвяр, фатаграфii, пазначаныя пункцiрамi трас i крыжыкамi, што азначалi сама высокiя з дасягнутых мясцiн; Пiркс умудрыўся ўявiць сабе гэта з найвялiкшай лёгкасцю, больш таго: яму здавалася дзiўным, што гэта не так.

Масена, крыху згорбiўшыся, iшоў першы. Штораз мацнейшае святло дня не пакiдала больш нiякiх iлюзiй наконт "лёгкiх мясцiн" сцяны - гэта зманлiвае адчуванне лёгкасцi i бяспекi было выклiкана блакiтнаватай смугой далечы, якая так спакойна абдымала кожны ўчастак блiскучай скалы. Дзень, ясны i чысты, дабраўся ўжо да падарожнiкаў, iх доўгiя рухомыя ценi дасягалi вяршынi асыпку. Ад каменнай сцяны да асыпку вялi два вялiкiя жалабы, у якiх яшчэ стаяла ноч; застылы паток гравiю ўздымаўся там i нечакана знiкаў, паглынуты моцнай цемрай.

Даўно ўжо нельга было ахапiць масiў адным поглядам. Прапорцыi змянiлiся, сцяна, якая з адлегласцi нiчым не адрознiвалася ад iншых, уяўляла непаўторную iндывiдуальнасць формаў, а наперадзе нiбы вырастаў з-пад рассыпанай картачнай калоды пляскатых плiт вялiзны слуп - павялiчваўся, пашыраўся, рос, пакуль нарэшце не адпiхнуў i не засланiў усё iншае i застаўся адзiн у халодным, змрочным цянi нiколi не асветленых сонцам мясцiн. Яны якраз узышлi на ўчастак вечнага снегу, пакрыты пырскамi злятаючых зверху камянёў, калi Масена запаволiў крок, пасля спынiўся, нiбы прыслухоўваючыся. Пiркс, якi падышоў да яго першы, зразумеў - Масена паказаў пальцам на сваё вуха, у якiм тырчаў шарык-маслiна мiкрафона.

- Ён быў тут?

Масена толькi кiўнуў галавой i паднёс да бруднай, спрасаванай паверхнi снегу металiчны пруток iндыкатара радыеактыўнасцi. Падэшвы чаравiкаў Анэля былi насычаны радыеактыўным iзатопам, i iндыкатар выявiў яго след. Робат прайшоў тут учора, невядома толькi - iшоў угару цi ўжо вяртаўся. Ва ўсякiм выпадку яны знайшлi яго маршрут. З гэтага месца пайшлi ўжо не спяшаючыся.

Здавалася, што цёмны скалiсты слуп зусiм побач, але Пiркс ведаў, што ацэнка адлегласцi ў гарах бывае памылковая. Яны iшлi далей, мiнулi ўжо лiнiю снегу i валуноў i былi на пляскатай гранi. Пiрксу здавалася, што ў поўнай цiшынi ён чуе папiскванне слухавак Масены, хоць i было гэта немажлiва. Масена час ад часу спыняўся, вадзiў канцом алюмiнiевага прута, апускаў яго, амаль дакранаючыся да скалы, выводзiў iм у паветры петлi i васьмёркi, нiбы старадаўнi чараўнiк, пасля адшукваў след i зноў iшоў далей. Яны былi ўжо недалёка ад таго месца, дзе Анэль павiнен быў закончыць замеры; Пiркс уважлiва разглядаў скалу, нiбыта шукаў сляды знiклага.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: