Бiм страпянуўся: пра яго!
- Павезлi на самалёце ў Маскву. Аперацыя на сэрца, цяжкая. Асколак жа побач.
Бiм - увесь адзiн слых: "асколак", зноў "асколак". У гэтым слове чуваць гора. Але, калi яны гавораць пра Iвана Iванавiча, значыць, ён павiнен недзе быць. Трэба шукаць. Шукаць!
Даша пайшла. Сцяпанаўна - таксама. Бiм зноў застаўся адзiн бавiць ноч. Цяпер ён не-не i задрэмле, але толькi на некалькi хвiлiн. I кожны раз ён снiў Iвана Iванавiча - дома цi на паляваннi. I тады ён прахоплiваўся, азiраўся, хадзiў па пакоi, нюхаў закуткi, прыслухоўваўся да цiшынi i зноў клаўся ля дзвярэй. Вельмi моцна балеў рубец ад дубца, але гэта было нiшто, калi раўняць з большым горам i невядомасцю.
Чакаць. Чакаць. Сцiснуць зубы i чакаць.
Раздзел 7
ПОШУКI ПРАЦЯГВАЮЦЦА
Гэтае ранiцы Бiм ледзь не плакаў. Сонца ўжо вышэй за акно, а нiхто не iдзе. Ён прыслухоўваўся да крокаў жыхароў у пад'ездзе, якiя праходзiлi паўз яго дзверы з верхнiх паверхаў або падымалiся ўгору. Усе крокi знаёмыя, а яго няма i няма. Нарэшце выразна пачуў туфелькi Дашы. Яна! Бiм уголас даў пачуць пра сябе. Яго крык, калi сказаць па-чалавечаму, абазначаў: "Я цябе чую, Даша!"
- Зараз, зараз, - абазвалася яна i пазванiла да Сцяпанаўны.
Яны абедзве ўвайшлi да Бiма. З кожнаю ён павiтаўся, потым кiнуўся да дзвярэй, спынiўся там, павярнуў галаву да жанчын i патрабаваў, прасiў, павiльваючы хвастом: "Адчыняйце! Шукаць трэба".
Даша адзела на яго аброжак, на якiм цяпер была на ўсю шырыню трывала прымацавана латунная пласцiнка-жэтон з выгравiраваным надпiсам: "Яго завуць Бiм. Ён чакае гаспадара. Добра ведае, дзе дом. Жыве адзiн у кватэры. Не крыўдзiце яго, людзi". Даша прачытала надпiс Сцяпанаўне.
- Якая ж ты добрая душа! - успляснула рукамi Сцяпанаўна. - Любiш, выходзiць, сабак?
Даша паглядзела на Бiма i адказала незвычайна:
- Муж мяне пакiнуў, хлопчык памёр... А мне трыццаць год. Жыла на кватэры. Паеду...
- Адзiнокая. Мая ж ты дарагая! - запрыказвала Сцяпанаўна. - Ды гэта ж...
Але Даша абарвала:
- Пайду. - А ад дзвярэй дадала: - Пакуль што не выпускайце Бiма, каб не пабег за мною.
Бiм паспрабаваў працiснуцца ў дзверы разам з Дашаю, але яна адапхнула яго i выйшла разам са Сцяпанаўнай.
Не болей чым праз гадзiну Бiм заскуголiў, потым i завыў ад суму ўголас, так завыў, як пра гэта гавораць людзi: "Хочацца завыць, як сабаку".
Сцяпанаўна выпусцiла яго (Даша цяпер далёка):
- Ну, iдзi, iдзi. Вечарам кашы навару.
Бiм нават i вухам не павёў на сказанае, не зiрнуў у вочы, а кулём зляцеў унiз i - на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вулiцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахi, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагi на тыя дрэвы, дзе стаялi роспiсы братоў i чытаць якiя павiнен кожны сабака, калi хоць крыху паважае самога сябе.
За ўвесь дзень Бiм не знайшоў нiякiх прыкмет Iвана Iванавiча. А надвячоркам на ўсякi выпадак заблудзiў у малады парк новага гарадскога раёна. Там чацвёра хлапчукоў ганялi мячык.
Ён пасядзеў крыху, праверыў наваколле, на колькi хапала яго носа, i хацеў ужо iсцi. Але хлопчык год дванаццацi адышоў ад тых, што гулялi, падышоў да Бiма i з цiкавасцю глядзеў на яго.
- Ты чый? - спытаўся ён, быццам Бiм мог адказаць на пытанне.
Бiм перш-наперш павiтаўся: павiляў хвастом, але нявесела, нахiлiўшы галаву спачатку ў адзiн, а потым у другi бок. Гэта, акрамя ўсяго, абазначала пытанне: "А ты што за чалавек?"
Хлопчык здагадаўся, што сабака пакуль што не зусiм давярае яму, смела падышоў i падаў руку:
- Прывiтанне, Чорнае вуха.
Калi Бiм падаў лапу, хлопчык крыкнуў:
- Хлопцы! Сюды, сюды!
Тыя падбеглi, але спынiлiся ўсё ж наводдаль.
- Глядзiце, якiя разумныя вочы! - дзiвiўся першы хлопчык.
- А можа, ён вучаны? - запытаўся слушна тоўсценькi карапуз. - Толя, Толiк, ты скажы яму што-небудзь - зразумее цi не?
Трэцi, старэйшы за ўсiх, аўтарытэтна заявiў:
- Вучаны. Бачыш, таблiчка на шыi.
- I нiякi не вучаны, - запярэчыў худзенькi хлопчык. - Ён не быў бы такi худы i невясёлы.
Бiм i праўда страшна схудаў без гаспадара, i выгляд у яго змарнелы: падвяло жывот, нерасчэсаная шэрсць скудлачылася на баках i пашарэла на некалi блiскучай спiне. Сум i голад не робяць прыгожым i сабаку.
Толiк дакрануўся Бiму да лба, i той паглядзеў на ўсiх з даверам. Пасля гэтага ўсе па чарзе гладзiлi Бiма, i ён не пярэчыў. Адносiны адразу ж наладзiлiся добрыя, а ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення заўсёды не так далёка i да шчырага сяброўства. Толiк услых прачытаў напiсанае на латуннай таблiчцы i ўсклiкнуў:
- Ён - Бiм! Адзiн жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есцi хоча. А ну па дамах - i - сюды: нясi хто што можа.
Бiм застаўся з Толiкам, а хлопцы разбеглiся. Цяпер Толiк сеў на лаўку, а Бiм лёг у яго ля ног i глыбока ўздыхнуў.
- Дрэнна, вiдаць, табе, Бiм? - спытаўся Толiк, пагладжваючы сабаку па галаве. - А дзе ж твой гаспадар?
Бiм уткнуўся носам у чаравiк i так ляжаў. Скора паказалiся адно за адным дзецi. Тоўсценькi прынёс булачку, Дарослы - кавалак каўбасы, Худзенькi - два блiнчыкi. Усё гэта яны паклалi перад Бiмам, але ён нават i не панюхаў.
- Ён хворы, - сказаў Худзенькi, - можа, нават i заразны. - I падаўся ад Бiма.
Тоўсценькi таксама нечаму выцер руку аб штаны i таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Бiму i ўпэўнена сказаў:
- Не будзе. Не хоча.
- Мама казала - усе сабакi заразныя, - усё баяўся Тоўсценькi, - а гэты i саўсiм хворы.
- Ну i iдзi, - сярдзiта буркнуў Толiк. - Каб я цябе тут i не бачыў... "Заразны"... Заразных ловяць жывадзёры, а гэты - вунь з якою таблiчкаю.
Памяркоўны доказ падзейнiчаў: дзецi зноў акружылi Бiма. Толiк пацягнуў за аброжак угару. Бiм сеў. Толiк адхiлiў у яго мяккую губу i ўбачыў шчылiну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы i ўвапхнуў у гэту шчылiну - Бiм пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак - i яшчэ пракаўтнуў. Так i кончылi каўбасу са згоды i адабрэння прысутных. Усе засяроджана назiралi, а Тоўсценькi з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нiчога i не было: ён быццам дапамагаў Бiму. Кавалачкi булкi нiяк нельга было ўвапхнуць - яна крышылася, тады Бiм урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе i з'еў. Зрабiў ён гэта толькi з павагi да Толiка. У яго такiя ласкавыя рукi i такi мяккi, нават чуць i сумны позiрк, i так ён шкадуе Бiма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасцi. Бiм i раней ставiўся да дзяцей iнакш, а цяпер ён зусiм пераканаўся, што маленькiя людзi ўсе добрыя, а вялiкiя бываюць усялякiя, бываюць i дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькiя людзi потым становяцца вялiкiмi i таксама рознымi, але не сабачая гэта работа - разважаць, як i чаму з маленькiх добрых растуць вялiкiя нядобрыя людзi, такiя, як Цётка або Кiрпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толiка, i ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовiўся i ад блiнчыкаў. Ды i за цэлы тыдзень Бiм еў толькi другi раз. Першы пасля загаварыў Толiк:
- Паспрабуем уведаць, што ён умее рабiць.
Худзенькi сказаў:
- У цырку, каб скакалi, крычаць "Ап!".
Бiм прыўстаў i ўважлiва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: "Цераз што - ап?!"
Дваiх узялiся за канцы папругi, а Толiк скамандаваў:
- Бiм, ап!
Бiм лёгенька пераскочыў цераз наiўны бар'ер. Усе былi ў захапленнi. Тоўсценькi загадаў выразна:
- Ляжаць!
Бiм лёг (калi ласка, дзеля вас - з задавальненнем!).
- Сядзець, - папрасiў Толiк. (Бiм сеў.) - Падай! - I кiнуў шапку.
Бiм прынёс i шапку. Толiк абняў яго ад захаплення, а Бiм у сваю чаргу не застаўся вiнен i лiзнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.
Вядома ж, Бiму зрабiлася куды лягчэй з гэтымi маленькiмi чалавечкамi. Але вось тут-то i падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так цiха, што дзецi i не заўважылi яго, пакуль не запытаўся:
- Чый сабака?