"За што-о-о... За што-о-о... - скуголiў цiхенька Бiм. - Дзе ты, мой добры сябар... Дзе-е? Дзе?.." - усё цiшэй i цiшэй жалiўся Бiм i зацiх нарэшце.
Збоку здалося б, што ляжыць у чыстым гразкiм полi мёртвы сабака, але гэта было не так.
Вось ён падняў азадак, абмацаваўся на нагах - не ўпаў. Ступiў раз - не ўпаў. Пастаяў. Ступiў другi раз. I пагробся па вораным полi, цягнучы лапы, закрэслiваючы свой след.
...О вялiкая сабачая мужнасць i цярпенне! Якая сiла зрабiла вас такiмi магутнымi i незнiшчальнымi, што нават у перадсмяротную часiну вы несяце цела ўперад? Хоць памаленьку, але наперад. Наперад, туды, дзе, магчыма, будзе давер i спагада да няшчаснага, адзiнокага, забытага ўсiмi сабакi з чыстаю душою.
I Бiм iшоў. Ледзьве iшоў, але iшоў усё-такi. На губах запенiлася кроў, а ён усё-такi iшоў. Кашляў крывёю, але iшоў. Лажыўся знясiлена на халодную зямлю, уставаў i зноў iшоў наперад.
Ля ручая прагна напiўся вады - стала крышку лягчэй. Нешта падказвала яму нельга адыходзiць ад вады. Ён i сапраўды дабраўся да блiжняе сцiрты, цераз сiлу працiснуўся пад навiслую аж да зямлi салому i зацiх. Так сабакi адлежваюцца ў час хваробы, хаваючыся ад людскога вока i звяроў; гэтаму навучыла iх сама прырода. Хвала яе законнаму парадку i разумнай мэтазгоднасцi!
Колькi Бiм пралежаў без памяцi, ён не ведаў, але, ачнуўшыся, адчуў, як востра балiць у грудзях; галава пайшла кругам, i ён адчуў усiм нутром, што зараз нешта здарыцца з iм, выпаўз з саломы. Паляжаў на паветры, адчуў, што шэрсць стала сухая. Сеў. Асенняя трава цяпер не гойдалася, сцiрта - таксама, сонца - таксама, i яно цёплае, нават чуць грэе. Бiм даплёўся да ручая i зноў пiў, пiў, пiў. Адпачыў крыху i зноў пiў патрошку. Ён заўважыў непадалёку ад ручая стэпавую асаку, дробненькую i яшчэ зялёную, падобную да пырнiку (мароз не скора яе бярэ). Бiм пачаў есцi асаку. Што яму падказала на гэту непрыкметную траву, людзi так нiколi i не даведаюцца, але ён-то ведаў: трэба абавязкова есцi яе. I еў. Потым трапiўся i рамонак, прысохлы, познi, а на iм прыцiснутыя восенню напаўсухiя кветкi. Ён еў i рамонак. Яшчэ раз вярнуўся да ручая, напiўся i пайшоў да вёскi. Iшоў уперад i ўперад.
I такi дабраўся, калi змерклася ўжо. Не, Бiм не пайшоў у вёску. Як жа! Туды пабег Клiм... Не, за iм ён не пойдзе. Клiм можа зноў узяць за аброжак i тады... Не, не быць таму.
Бiм умасцiўся на астатках ад капы, вылежаўся крыху. Пачуў побач сцябло дзядоўнiка, паспрабаваў яго - сухое, адгрыз паўз зямлю i пачаў шчыпаць корань, угрызаючыся глыбей. Гэта ён таксама ведаў, што дзядоўнiк трэба есцi абавязкова.
Вялiкiя i шматбаковыя веды сабакi пра лекi. Пусцiце сабаку, калi ён толькi пачынае шалець, у лес: праз два-тры тыднi ён вернецца схудалы i знясiлены ўшчэнт, але здаровы. Стаў балець у сабакi страўнiк - вядзiце яго ў лес або ў стэп i пажывiце з iм два-тры днi: ён вылечыцца сам травою. Менавiта ў сабакi i трэба вучыцца, як яго лячыць. Прырода замацавала так багатыя "веды" ў сабакi, што дзiву гэтаму чалавек нiколi не перастане дзiвiцца.
...Ноч прайшла. Вялiкая, асенняя нудная ноч, ад якое ныла ўсярэдзiне.
Пракукарэкаў першы певень. Бiм не захацеў чакаць другiх i трэцiх, апошнiх, свiтальных. Ён сiлiўся, але нiяк не мог падняцца з месца ад болю ў грудзях. Але ўсё ж, хоць цераз сiлу, разварушыўся, два разы ўстаючы i кладучыся, ды i патупаў памаленьку.
Ён прыцягнуўся да Хрысана Андрэевiча, узабраўся цераз дзве прыступкi на ганак i прылёг. У доме было цiха.
Хто ведае, можа, i не пайшоў бы ён адсюль сёння, але побач, зусiм побач, прайшоў Клiм, цiха крадучыся, як злодзей. Бiм задрыжаў. Бiм гатовы быў баранiцца да апошняга ўздыху. У iм прачнуўся гонар асуджанага, калi таму больш няма чаго страчваць. Але Клiм перагнуўся цераз балясiну i сказаў паўшэптам:
- Прыйшоў, Чарнавух. - I спехам, торапка патупаў назад, быццам павесялеў.
У Бiма не было сiлы, каб даганяць i адпомсцiць за здраднiцкi ўдар ботам, брахаць ён не мог, таму што, акрамя хрыпу, нiчога не выходзiла са скалечаных грудзей. Але Бiм не хацеў i таго, каб Клiм зноў прыйшоў i ўзяў яго. I вось ён устаў, цiха абышоў па двары, прынюхаўся да падсвiнкаў, да каровы, да авечак, крыху пасядзеў i пайшоў прэч ад вёскi. А як хацелася прылегчы ля сяброў-парасят!
...Праспявалi трэцiя пеўнi. Днела.
Да шашы iшоў сабака. Галава апушчана, хвост вiсеў, як нежывы, быццам у шалёнага. Збоку ён i здаўся б шалёным на самай апошняй стадыi: вось-вось упадзе, наткнуўшыся на тое, што перш трапiцца на дарозе, i памрэ тут жа. Гэта быў наш Бiм, добры i адданы Бiм. Ён iшоў шукаць свайго гаспадара, Iвана Iванавiча. Iшоў дакладна тою самаю дарогаю, па якой яго вялi сюды.
Ад вёскi да аўтобуснага прыпынку было кiламетраў пяць-шэсць, але недзе на паўдарозе ў Бiма зноў не стала сiлы, ён ледзьве давалокся да стога сена. Нехта, крадучы начамi, выскуб у стозе дзiрку - туды Бiм i забраўся. Ляжаў там доўга, амаль цэлы дзень, а на захадзе сонца выбраўся са сваёй схованкi. Хацеў пiць, але вады не было. Боль пёк грудзi, хоць дыхаць стала лягчэй, а галава не закружылася, калi ён рушыў у дарогу. Зараз яму трапiлася вяршалiнка цмену, ён з'еў i гэтыя кветачкi - жоўценькiя, сухiя, якiя не мяняюць свой колер ад пачатку цвiцення да таго, пакуль саспеюць, i на ўсю зiму, да вясны. Абшчыпаў i куст рамонку, але галоўкi яго, аказалася, саспелi, рассыпалiся ў роце i казыталi ў горле. Таму яшчэ мацней захацелася пiць. Калi ён пераходзiў адну дарогу ў полi, трапiлася лужынка расталага снегу ў калюжыне. Так дарога падарыла Бiму вадзiцы. Ён напiўся i пайшоў цiхенька далей.
Зацемна ён дайшоў нарэшце да шашы. Пасядзеў крышку, правёў вачыма некалькi машын з асляпляльна белым святлом i ўжо ведаў: трэба iсцi туды. Але ж не ноччу! А раптам - Клiм? Або - Шэры? Або - воўк?
Бiм вырашыў не адыходзiць ад аўтамабiльнае дарогi i схавацца на ноч дзе-небудзь непадалёку. Ён прыцягся да аўтобуснага прыпынку, дзе быў маленькi домiк без аднае сцяны, але з шырокiмi лаўкамi ў сярэдзiне; там залез пад лаўку, у куток, i пачаў чакаць.
За ноч ён не звёў вачэй, нягледзячы на страшэнную слабасць. То адна, то другая праляталi збоч машыны - дарога жыла i ноччу. Аўтобус ехаў цiшэй ля прыпынку, але таму што не было пасажыраў, не спыняўся.
Ноч была хаця i насцярожаная i хворая, але цёплая, слава богу, - восень яшчэ раз прагнала зiму.
...Што ж было ў вёсцы за гэтыя суткi, пакуль адсутнiчаў Бiм?
Хрысан Андрэевiч з Пятроўнаю вярнулiся з рынка прыцемкамi. Алёшы не было дом на замку. Яны ўвайшлi, палiчылi выручку, схавалi грошы пакуль што ў куфэрак, каб заўтра занесцi ў ашчадную касу. Тут i з'явiўся Алёша.
- Ты куды гэта прапаў? - спытаўся бацька.
- Хадзiў да Клiма.
- Цi ж ён не прывёў Чарнавуха?
- Яшчэ не вярнуўся з палявання.
- Вернецца. Прывядзе - нiкуды не дзенецца, - супакоiла Пятроўна, мераючы Алёшу новы свiтарок.
- Так-то яно так, - няўпэўнена адказаў Хрысан Андрэевiч, - ды толькi Клiм жа зладзюга... Каб хоць браў адно калгаснае, яно там нiчыё, а то i ў калгаснiкаў валачэ. О, з гэтым звяжыся - не будзеш рады. Усякi яго баiцца. Хай лепш бярэ на паляванне Чарнавуха, чорт яго бяры.
- Як гэта - "нiчыё"? - спытаў Алёша. - Наша ж?
- Яно, вядома, так... Агаварыўся... Гэта ты правiльна - нашае... Але як бы табе панятлiвей сказаць? Там - наша, а тут - сваё. Ну, скажам, напрыклад, так: школа, напрыклад, наша i дзецi ўсе нашы, а ты - мой. Цi так: палi - нашыя, а сядзiба - мая... Выходзiць, i жывёла ёсць нашая, а ёсць i свая. Зразумеў?
- Ну дык! Чаму ж не зразумець... А ты - "нiчыё"!
- Тут ты праўду: зусiм нiчыё - не можа такога быць.
Бацька заўсёды гаварыў з Алёшам, як з дарослым. Алёша адказваў тым жа:
- Выходзiць, i Клiм бы браў з нашага, але не з майго.
- Факцiчаскi так, - падвёў вынiк бацька. - Мы ж з табою бяром... сена там цi бурачкоў карове? Бяром. Тайком ад старшынi i ад брыгадзiра, а бяром чуць. Ды i ён, старшыня, ведае, i брыгадзiр ведае, усе ведаюць. I ад гэтага нiкуды не дзенешся: з нашага бяром. I бяром сумленна, з леташнiх стагоў або дабiраем астаткi буракоў. А як жа? Скацiну кармiць трэба.