Вось так i сярод нас, чалавекаў: ёсць людзi сцiплыя, з чыстым сэрцам, "непрыкметныя" i "маленькiя", але з вялiкай душою. Яны ж i ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькi мае чалавецтва, - дабрату, прастату, даверлiвасць. Так i пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлi...

А праз некалькi дзён (учора) мы былi з Бiмам на тым самым месцы. Неба пакрапiла лес ужо тысячамi блакiтных кропелек. Шукаю, вызiраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна цi не? Не ведаю. Iх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубiлася мiж астатнiх, зраўнялася з iмi. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая цiхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохалiся апошнiя замаразкi, здалiся, вывесiлi перад досвiткам белы сцяг апошняе шэранi на ўзлеску. Iдзе жыццё.

...А Бiму нiчога гэтага не зразумець. Нават пакрыўдзiўся першы раз, прыраўнаваў. Дарэчы, як было ўжо i многа кветак, ён i тады не зважаў на iх. Калi пачаў настаўляць яго, паводзiў сябе не вельмi: пакрыўдзiўся без стрэльбы. З iм мы на розным узроўнi развiцця, але вельмi i вельмi блiзкiя. Прырода стварае па ўстойлiваму закону: неабходнасцi аднаго другому, пачынаючы ад самых прымiтыўных i канчаючы самым высокаразвiтым жыццём, усюды гэты закон... Хiба мог бы я перажыць такую жудасную адзiноту, каб не было Бiма?

...Як яна была патрэбна мне! Яна таксама любiла пралескi. Мiнулае, нiбыта сон...

А цi не сон i цяперашняе? Цi не сон гэта, учарашнi лес з блакiтам на зямлi? Што ж: блакiтныя сны - незямное гаючае лякарства, хоць i часовае. Вядома, часовае. Бо каб нават i пiсьменнiкi прапаведавалi толькi блакiтныя сны, забываючы пра шэры колер, то чалавецтва перастала б клапацiцца пра будучыню, прыняло б цяперашняе за вечнае i ў будучым. Асуджанасць у часе i складаецца з таго, што цяперашняе павiнна стаць толькi мiнулым. Няма ў чалавека ўлады, каб загадаць: "Спынiся, сонца!" Час несупынны, нястрыманы i няўмольны. Усё - гэта час i рух. А той, хто шукае толькi вечна нязменнага блакiтнага спакою, той ужо - мiнулае, цi гэта малады i клапатлiвы пра сябе цi састарэлы - гады не маюць значэння. Блакiтнае мае свой голас, яно гучыць, як супакоенасць, забыццё, але толькi на часiну, каб толькi адпачыць; такiя хвiлiны нельга марнаваць.

Каб быў я пiсьменнiк, то я абавязкова сказаў бы так:

"О неспакойны Чалавек! За тое, што думаеш, пакутуеш дзеля будучынi, слава табе! Калi захочацца табе даць адпачынак душы, iдзi напрадвеснi ў лес да пралесак, i ты ўбачыш цудоўны сон-яву. Iдзi хутчэй: праз некалькi дзён пралесак можа i не стаць, а ты не зможаш запомнiць чароўнага вiдовiшча, падараванага прыродаю. Iдзi, адпачнi. Пралескi - на шчасце, гавораць людзi".

...А Бiм храпе. I снiць: перабiрае нагамi - бяжыць спрасонку. Яму пралескi як пятая нага: што блакiтнае, тое бачыцца яму шэрым (такi ўжо бясколерны ў сабакi зрок). Прырода стварыла быццам ачарнiцеля рэчаiснасцi. Паспрабуй угавары яго, мiлага сябра, каб ён паглядзеў вачыма чалавека. Хоць голаў яму адкруцi, а будзе бачыць ён па-свойму. Зусiм самастойны сабака.

Раздзел 3

ПЕРШЫ ВОРАГ БIМА

Мiнула лета, вясёлае Бiму, радаснае, поўнае сяброўства з Iванам Iванавiчам. Выхады на лугi i балоты (без стрэльбы), сонечныя днi, купанне, цiхiя вечары на беразе рэчкi - што яшчэ патрэбна кожнаму сабаку? Нiчога не трэба - гэта вядома.

На трэнiроўках i настаўленнi яны сустракалiся з паляўнiчымi. З гэтымi знаёмства адбывалася адразу ж, таму што з кожным такiм чалавекам быў сабака. Яшчэ да таго, як сыходзiлiся гаспадары, сабакi беглi адзiн да аднаго i коратка перагаворвалiся сабачаю моваю рухаў i позiркаў:

"Ты хто: ён цi яна?" - пытаўся Бiм, абнюхваў адпаведныя месцы (толькi для блiзiру, вядома).

"Сам бачыш, чаго пытаешся", - адказвала яна.

"Як жывецца?" - весела пытаўся Бiм.

"Працуем!" - вiскнуўшы, адказвала субяседнiца, гуллiва падскочыўшы на ўсiх чатырох нагах.

Пасля гэтага яны курэлi да гаспадароў i то аднаму, то другому дакладвалi пра знаёмства. Калi абодва паляўнiчыя садзiлiся ў цень пад кусты цi дрэва, каб пагаварыць, сабакi нагульвалiся так, што язык не ўлазiў у рот. Тады яны клалiся каля гаспадароў i слухалi цiхую шчырую гаворку.

Астатнiя людзi, акрамя паляўнiчых, мала цiкавiлi Бiма: людзi, i ўсё там. Усе яны добрыя. Але ж не паляўнiчыя!

А вось сабакi, гэтыя - розныя.

Аднойчы на лузе спаткаўся ён з кудлаценькiм сабачкам, удвая меншым за яго, чорненькiм такiм. Павiталiся халаднавата, без гуллiвасцi. Ды якiя там смешачкi, калi новенькi на звычайны ў такiх выпадках кодэкс пытанняў адказваў, лянiва махаючы хвастом.

"Я есцi хачу".

Пахла ў яго з рота мышанём. I Бiм спытаўся здзiўлена, абнюхаўшы яго губы:

"Ты з'еў мыш?"

"З'еў мыш, - адказаў той. - Я хачу есцi". - I ўзяўся грызцi белы вузлаваты корань чароту.

Бiм хацеў таксама паспытаць чаротавага кораня, але Кудлатка запратэставаў, сказаў усё тое ж:

"Я есцi хачу".

Бiм пасядзеў, пачакаў, пакуль ён дагрыз усё, i запрасiў яго з сабою. Той пайшоў без пярэчанняў, патрухваючыся ўслед, ускудлачаны, але чысты: вiдаць, любiў купацца, як i большасць сабак, таму летам яны i не бываюць гразныя, нават валацугi. Бiм прывёў яго да гаспадара, якi здалёку сачыў за знаёмствам свайго сябра. Але Кудлатка не паверыў адразу чужому чалавеку, сеў наводдаль, не гледзячы на тое, што Бiм увесь час бегаў ад гаспадара да яго i назад, клiкаў, пераконваў. Iван Iванавiч зняў рукзак, дастаў адтуль каўбасу, адрэзаў маленькi кавалачак i кiнуў Кудлатку:

- Iдзi ка мне, Кудлатка. Iдзi.

Кавалачак упаў за тры метры ад яго. Ён, асцярожна пераступаючы, дастаў да яго, з'еў адразу. Па другi кавалачак падышоў блiжэй. А пасля сеў ля самых ног чалавека, нават даўся пагладзiць сябе, хоць i з аглядкаю. Бiм i Iван Iванавiч аддалi яму ўсё кольца каўбасы: гаспадар кiдаў кавалачкi, а Бiм не замiнаў Кудлатку есцi. Усё не новае: кiнь кавалачак - падыдзе блiжэй, кiнь другi яшчэ блiжэй, разам з трэцiм, чацвёртым - будзе ля самых ног i стане служыць вераю i праўдаю. Так думаў Iван Iванавiч. Ён абмацаў Кудлатку, паляпаў па загрыўку i сказаў:

- Нос халодны - здаровы. Гэта добра. - I загадаў абодвум: - Пайшлi, пайшлi!

Кудлатка не разумеў такiх слоў, але калi ўбачыў, як Бiм заснаваў чаўнаком па траве, скемiў: трэба бегаць. I, вядома, яны загулялi зусiм па-сабачы, так, што Бiм нават забыўся, чаго ён тут. Iван Iванавiч не пярэчыў, а iшоў сабе, пасвiстваў.

Да горада Кудлатка правёў без усяго, але на ўскраiне нечакана сеў збоч дарогi - i нi з месца. Клiкалi, запрашалi - не iдзе. Так i застаўся сядзець, праводзiў iх вачыма. Памылiўся Iван Iванавiч - не кожнага сабаку можна купiць за хлеб.

Бiм не ведаў i не мог ведаць, што ў Кудлаткi таксама былi гаспадары, што жылi яны ў сваiм маленькiм домiку, што тую вулiцу, дзе быў дамок, знеслi, а гаспадарам Кудлаткi далi кватэру на пятым паверсе, з выгодамi.

Адным словам, кiнулi Кудлатку на волю бога. Але ён знайшоў i новы дом, i дзверы гаспадара, а там яго набiлi i прагналi. Вось i жыве ён адзiн. Ходзiць па горадзе толькi ноччу, як i многiя бяздомныя сабакi. Iван Iванавiч дагадаўся пра ўсё, але расказаць Бiму немагчыма. Бiм проста не хацеў пакiдаць яго: азiраўся, прыпыняўся i пазiраў на Iвана Iванавiча. А той iшоў сабе.

Каб толькi ведаў ён, якi горкi лёс звядзе Бiма i Кудлатку, каб ведаў, дзе i калi сустрэнуцца яны, не iшоў бы цяпер так спакойна. Але будучыня невядома i чалавеку.

...Мiнула трэцяе лета. Добрае Бiму лета, нядрэннае i Iвану Iванавiчу. Аднае ночы гаспадар зачынiў акно i сказаў:

- Марозiк, Бiмка, першы марозiк.

Бiм не зразумеў. Ён устаў i тыцнуўся носам у калена Iвану Iванавiчу, быццам сказаў: "Не разумею".

Iван Iванавiч ведаў сабачую мову добра - мову вачэй i рухаў. Ён запалiў святло i спытаў:

- Не разумееш, дурненькi? - Потым растлумачыў дакладна: - На слонак заўтра. Слонка.

Во, гэта слова Бiм ведаў! Ён падскочыў i ўсё-такi лiзнуў свайго гаспадара ў падбародак.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: