Празрыстасць, а таксама агульны характар гэтых законаў, якiя складалi прынцыпы iснавання ў маналiтную i ўсёвытлумачальную цэласць, абуджалi ў маладым браце подзiў i павагу, хоць вынiкi дзеяння законаў па-ранейшаму, здавалася, супярэчылi рэфлексам яго сумлення. I таму ён адчуваў сябе ў гэты час асаблiва самотным i быў разгублены i ўзрушаны. Ён намагаўся забыцца, не ўспамiнаць мiнулае, але i пра будучыню стараўся не думаць.
Аднак час не стаяў на месцы, i кожная гадзiна, насуперак таму, чаго ён хацеў, была даверху запоўнена мiнулым i тымi рэчамi, якiя ў сваiх разнастайных, але туманных формах насялялi мiнулае. Зрэшты, заняты сваiмi цяперашнiмi абавязкамi, ён хутчэй меў дачыненне да чыстага механiзму законаў, чым да iх дзеяння сярод людзей. Адзiныя ж хвiлiны раўнавагi i ўнутранага спакою ён меў тады, калi, разважаючы над складанай структурай кiруючай улады, адказнай перад богам i народам, заставаўся сам-насам з адназначным сэнсам лiтар права.
Першыя весткi пра падзеi, якiя пасля смерцi вялебнага Пэдра д'Арбуэза разыгралiся ў Сарагосе, дайшлi да каралеўскага двара яшчэ да прыезду Вялiкага iнквiзiтара ў Валадолiд. Стала вядома, што змова, якая спачатку, паводле не вельмi дакладных i нават супярэчлiвых у некаторых падрабязнасцях данясенняў, здавалася выбрыкамi некалькiх залiшне экспансiўных i авантурных асоб, што такiм дзiўным чынам пратэставалi супраць канфiскацыi маёнткаў Святой iнквiзiцыяй, на самай справе аказалася змовай, што пагражала бяспецы каралеўства i царквы. Адзiн з забойцаў вялебнага д'Арбуэза, малады Вiдаль д'Уранса, думаючы, што прызнаннем уратуе жыццё (пазней яго коньмi вазiлi па вулiцах Сарагосы, чвартавалi, а рэшткi цела выкiнулi ў Эбра) - назваў шмат вядомых асоб, якiя былi ў прыязных стасунках з яго сеньёрам донам Хуанам дэ ла Абадыя. А ён, як зноў жа казалi пагудкi, у турме скончыў самагубствам. Некалькiм iншым, абвiнавачаным ва ўдзеле ў змове, i сярод iх слаўнаму рыцару дэ Санта Круз, удалося ўцячы ў Тулузу. Былi гэта, аднак, выпадкi адзiнкавыя.
Рука Святога афiцыума дзейнiчала хутка i спраўна. Пазбаўлялi волi не толькi тых, каго падазравалi ў змове, але i памагатараў уцекачоў. Вязьнiлi ў турму таксама сем'i i родзiчаў вiнаватых, асаблiва тых, чые бацькi або сыны паспелi ўцячы. I толькi цяпер стала шырока вядома, як многа знакамiтых, славутых сеньёраў каралеўства Арагон, што карысталiся агульнай павагай i мелi высокiя званнi, былi сапсуты жыдоўскiм паходжаннем. Сапраўднае аблiчча гэтых людзей адкрылася ва ўсёй iх злачыннай i хiтра замаскаванай аблудзе. У гэтай выключнай сiтуацыi належала ўвесцi новыя законы, i падрэ Тарквемада, дбаючы пра канчатковае выкараненне зла, неадкладна выдаў на патрэбы Святых трыбуналаў дэкрэт, якi дзякуючы некалькiм дзесяткам дакладна сфармуляваных параграфаў дазваляў беспамылкова выкрываць людзей, якiя ўтойвалi свае сапраўдныя перакананнi i пацiхеньку вызнавалi жыдоўскую веру. Зрэшты, цень злачынных iнтрыг i падкусаў упаў i на асоб limрiеsа dе sаngrе, iнакш кажучы, на тых, сведчанне чысцiнi крывi чыёй гаварыла за тое, што яны не мелi нiякiх жыдоўскiх цi маўрытанскiх дамешак. Падступны вораг здолеў глыбей, чым гэта мог хто-небудзь уявiць, улiць атруту ў людскiя помыслы i душы. Як высока здолела сягнуць злачыннасць, сведчыў факт, многiмi прызнаны малаверагодным, але ў святле прыведзеных Святым трыбуналам доказаў - дакладны, што ў арагонскай змове быў замяшаны, мiж iншым, нават адзiн каралеўскi сямейнiк, сястранец караля Фердынанда, малады гiдальга дон Хаiм, сын каралевы Элеаноры.
I ўсё-такi, нягледзячы на такiя трывожныя маральныя спусташэннi, непераможнае свяцiла каталiцкай веры вышэй чым калi-небудзь узнеслася менавiта ў тыя днi над бруднымi адкiдамi ератыцкiх злачынстваў. Браты дамiнiканцы, прамаўляючы да прававерных з амбонаў, пераканаўча павучалi люд, што ў забойстве, учыненым на асобе святога слугi Бога, лёгка распазнаць мудрае дзеянне божай абачлiвасцi, бо, калi б гэтай зброднi не зрабiлi, ворагi веры не былi б выкрытыя i, карыстаючыся свабодай i належнымi прывiлеямi, колькi ж яшчэ агiдных злачынстваў маглi б учынiць беспакарана, колькi лiха маглi б пасеяць у душах людзей!
Словы псалмы, напiсаныя на гербах i на пурпуровых пратэсах i харугвах Святой iнквiзiцыi, "Ехurgе Dоminе еt iudiса саusаm Тuаm" ззялi ў сувязi з апошнiмi падзеямi асаблiвым бляскам. Бо i сапраўды, сам Бог сышоў, каб змагацца за сваю справу.
У некаторых гарадах каралеўства, у Севiллi, у Хаэне i ў Куэнцы, якiя ўжо па некалькi гадоў мелi свае iнквiзiцыйныя трыбуналы, прыспешылi ўрачыстыя аўтадафэ, - i працэсii асуджаных, убраных у ганебныя высокiя каптуры i жоўтыя замары, у санбенiта i карозы, з камянямi i ланцугамi на шыi, з мёртвымi зялёнымi свечкамi ў руках, рушылi пад званы ўсiх цэркваў на пляцы пакарання квамадэра - раней, чым гэта было прадугледжана. Палалi вогнiшчы, жалезныя ланцугi душылi ератыкоў, якiя пакаялiся ў апошнюю хвiлiну, сотнi меншых грэшнiкаў выслалi на галеры, а апусцелыя турмы хутка запоўнiлi новымi вiнаватымi. З жадання дапамагчы зблуджаным у цэрквах абвяшчалi святочныя днi i пасля зачытання з амбонаў актаў веры заклiкалi ўсiх парафiян, каб яны, калi вiнаватыя або ведаюць што-небудзь пра вiну iншых, самi на працягу трыццацi дзён абвiнавацiлi сябе перад адпаведным трыбуналам. Адны рабiлi гэта, другiя падалi ахвярамi першых, i ўжо нiхто не быў пэўны за сваё жыццё, гонар i маёмасць. Нават нябожчыкаў даставала карная правiца святых трыбуналаў, i, калi ў вынiку чыйго-небудзь даносу iмя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалi з асвянцонай зямлi i палiлi in effigiе на вогнiшчы, родзiчаў нябожчыка пазбаўлялi маёмасцi, годнасцi i ўсiх прывiлеяў. Так расла ў народзе набожнасць, i шырэў яе верны цень - страх.
Тым часам сталiца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялiкага iнквiзiтара. Меркавалася, што згодна з даўнiм звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзiць гарадскiя i духоўныя ўлады пра наблiжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла iнакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолiд зусiм неспадзявана, без папярэджання, прынамсi, на дзень раней, чым яго чакалi ў горадзе.
Уехаў ён у горад са сваёй свiтай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капiтану фамiльянтаў, дону Карласу дэ Сiгуру, некалькi заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлi пры храме Санта Марыя ла Анцiгуа, дзе, бываючы ў сталiцы, прывык спыняцца.