Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.

- Усё? - крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. - Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.

Стары прыёр не спрабаваў баранiцца. Унурыўшыся ў вялiкiм крэсле, пад градам абвiнавачанняў ён усё нiжэй схiляў сiвую галаву. I, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. "Вось якая яна, сiла страху", - падумаў Дыега. I хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць i старасць, усё-такi зласлiва ўсмiхнуўся. I апамятаўся толькi тады, калi, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, якi ў бляску сваёй залацiстай зброi сядзеў па другi бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэлiся i адразу разышлiся. Брат Дыега апусцiў павекi. "Божа! - падумаў, не вельмi разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклiчам. Разгубiўшыся на хвiлiну ад сваiх думак, адчуў, як яго перапоўнiлi смутак i адначасова раптоўная салодкая туга. - Навошта? Дзеля чаго?" Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусцiна, нахiлiўся да Дыега, якi, выведзены голасам айца iнквiзiтара з задуменнасцi, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.

- Ты сказаў, мой сыне, - сказаў падрэ Галвез, - што пан дэ Сiгура пад выглядам адбытай споведзi спрабаваў спачатку адмовiцца каштаваць ежу вялебнага айца.

- Так было, вялебны ойча, - пацвердзiў брат Дыега.

- Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькi я ведаю, вялiкай славай хрысцiянскага рыцара. Праўда ж?

- Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць i недаступнасць.

- Ён быў ганарысты?

- Думаю, што не ад вялiкай сцiпласцi неахвотна выказваў перад людзьмi свае думкi.

- Як гэта разумець?

Дыега адчуў раптам, нiбы ён апынуўся на краi прорвы.

- Ойча вялебны, - сказаў, трохi падумаўшы, - мне здаецца, што я занадта малады i недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд вiны i дзе пачынаецца сапраўдная вiна.

Падрэ Галвез нецярплiва зварухнуўся.

- Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд вiны? Гэта толькi наша хвiлiннае i выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць вiну. Цi iснуе гэты "выгляд" як факт? Не iснуе, гэта ясна. Лiчыцца толькi вiна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.

Брат Дыега пачырванеў ад сораму i прынiжэння. Як ён мог падумаць так наiўна! Толькi цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухiляцца ад выказвання сваiх думак, а ў тым, каб адгадваць думкi вышэйпастаўленых i згаджацца з iмi.

- Ойча вялебны, - сказаў ён, упершыню ў жыццi свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, - калi я ўжыў выраз "выгляд вiны", то толькi ў значэннi, якое ты гэтым словам надаеш.

- Род пана дэ Сiгуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.

На гэта падрэ Галвез:

- На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мiнулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск iмя i роду павiнны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавiта сярод iх так часта плодзяцца i пасвяцца сама агiдныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Iсуса Хрыста: "Дабраславёныя ўбогiя духам" маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявiць абмежаваны розум чалавека. I царства божае настане на зямлi не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.

Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лiчыў, што яму варожая, неўласцiвая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлiвае пачуццё ятрылася ў iм цяпер. Цi ж ён не ведаў, як i дон Радрыга, што пан дэ Сiгура паходзiў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапiў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволiў апярэдзiць сябе?

Паглядзеў на пана дэ Кастра i, убачыўшы яго малады твар, на якiм быў поўны спакой i здысцыплiнаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захлiснула хваля зайздрасцi.

Хвiлiну панавала цiшыня.

- Што ты збiраешся рабiць, вялебны ойча? - цiха спытаўся стары прыёр.

- Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, - адказаў падрэ Галвез. - Не здаецца бо верагодным, каб у такiм выпадку злачынца мог дзейнiчаць адзiн, найлепш было б выклiкаць у Святы трыбунал усiх братоў.

Падрэ Аўгусцiн падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялi слёзы.

- Божа вялiкi, няўжо сапраўды хочаш зрабiць гэта?

Той пацiснуў плячыма.

- Не, гэтым разам абыдуся. Святая iнквiзiцыя зусiм не зацiкаўленая, каб гэта старажытнае i вартае павагi месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасцi, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькi вас, пане дэ Кастра, - павярнуўся да дона Радрыга, абавяжам, каб вы неадкладна перадалi Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.

- Ойча Крыстобаль, - усклiкнуў падрэ Аўгусцiн, - але ж ён яшчэ дзiця горкае.

Падрэ Галвез з'едлiва ўсмiхнуўся.

- Табе, ойча Аўгусцiне, усе людзi невiнаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невiнаватасцi бяруцца злачынствы, ерась i грэх. А можа, iх i няма? Можа, ты прыйшоў да такiх святых перакананняў? Калi так, дык чаго непакоiшся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым якi-небудзь iншы зямны суд, шануе сапраўдную невiнаватасць i, змагаючыся супраць зла, баронiць менавiта яе.

Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, i ўся нарада скончылася.

Ужо назаўтра выявiлася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусцiна за недальнабачнасць i вартую кары страту пiльнасцi. Шаснаццацiгадовы Пабла Заратэ, якi ўсяго толькi некалькi месяцаў адбываў навiцыят у Санта Марыя ла Анцiгуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калi ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спынiў на дзядзiнцы пан дэ Сiгура, загадаў яму паставiць ежу i вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нiбыта не вельмi чыстыя рукi. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гiдра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якiя яму наносяцца пастаянна. Выкрыты i вынiшчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкi ў другiм месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць i аслабiць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: