Окудович Валентин
Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку (на белорусском языке)
Валянцiн Акудовiч
Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку
Мiлажальнасьць культуры - гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым iх носьбiты - народы (гэта аднолькава пасуе i для беларускай культуры). Калi ў войнах памiж народамi хоць зрэдчас здараюцца перапынкi, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. I таму ў войнах культураў - культураў загiнула болей, чым загiнула народу ў збройных войнах народаў.
Не заўсёды i зусiм неабавязкова чужая культура прыносiцца на штыках i штыкамi ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волi да панаваньня зьнiшчыла iншых культураў нашмат больш, чым усе войскi Расейскай iмпэрыi зьнiшчылi iншых войскаў. (У Расеi сталася амаль iдэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краiны жыве больш за сто народаў i народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагi на тое, што дакладную колькасьць народаў i народнасьцяў нiхто i нiколi ў Расеi нават не зьбiраўся лiчыць. Зьвернем толькi ўвагу на тое, што для гэтых "больш за сто народаў i народнасьцяў" дамiнуючай, а пераважна i адзiнай культурай зьяўляецца расейская).
Дык вось, калi запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не iдэнтыфiкуе сябе зь беларускаю культураю, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьлiч гадоў нi на хвiлiну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у вынiку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможанаю. I, бадай, найтрагiчным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.
Мова - той азонавы слой, якi дазваляе больш-менш устойлiва функцыянаваць, разьвiвацца i нарошчваць свой патэнцыял усiм астатнiм чыньнiкам культуры нават у неспрыяльных для яе палiтычных, эканамiчных i сацыяльных умовах. Вядома, у гэтым азонавым слаi кожнай культуры сёньня шмат дзiрак, але ў нас ён зьнiшчаны амаль зуiсм, ад яго засталiся адно лахманы, якiя ўжо не засланяюць цела нацыянальнае культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так i ад касьмiчнага холаду мэтакультуры камунiкатыўна адкрытага грамадзтва.
Уласна, толькi цяпер, згадаўшы пра "касьмiчны холад мэтакультуры", мы падыходзiм да той праблемы, дзеля якой i ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунiкатыўна адкрытае грамадзтва iснуе як рэальная пагроза незавершаным у сваiм фармаваньнi нацыянальным культурам. Падкрэсьлiм: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунiкацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывiлiзацыi. Гэта i ёсьць найактуальная i найдраматычная праблема культуры.
Вiдавочна, што сёньня за найвыразны сымболь i атрыбут камунiкатыўна адкрытага грамадзтва выступае iнтэрнэт. Але iнтэрнэт - гэта пакуль толькi адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыi памiх чалавекам i падзеяй быцьця ва ўсiх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь вiртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу i чыгункi, а працягвалi сьцiскаць прастору - тэлеграф, аўтамабiль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевiзар, кампутар i шмат што яшчэ.
Праз усё гэта разам узятае прастора перастала разьядноўваць суб'екта з аб'ектамi падзеяў быцьця, яна зрабiлася тым, што яднае iх, яна сама ператварылася ў суцэльны сродак камунiкацыi, настолькi татальны, што нават таталiтарныя i дыктатарскiя сыстэмы ўжо ня могуць засьцерагчыся ад гэтай татальнасьцi шчыльна закрытымi межамi.
Адным словам, жадае таго грамадзтва цi не, але яно робiцца празрыстым для iнфармацыйнага i ўвогуле камунiкатыўнага нашэсьця з усiх чатырох бакоў сьвету. Што з гэтага мае непасрэдна культура i як гэтая рашучая транфармацыя зносiнаў памiж суб'ектам i аб'ектам падзеi ўплывае на працэсы культурнай iдэнтыфiкацыi? Папярэдзiм адказ на гэтае пытаньне яшчэ адным, на першы погляд, бадай, нават недарэчным запытам: чаму ў клясычныя эпохi ангелец карыстаўся пераважна знакамi i атрыбутамi ангельскай культуры, паляк - польскай, француз францускай i г.д. Натуральна, найперш таму, што яны свае, родныя, звыклыя, што менавiта яны выразьнiлi з чалавека ўвогуле - ангельца, француза, паляка i г.д. Але не ў меншай меры яшчэ i таму, што гэтыя знакi i атрыбуты культуры былi блiжэй да яго, побач, што за iмi ня трэба было некуды хадзiць, недзе iх адшукваць.
Камунiкатыўна адкрытае грамадзтва кардынальна мяняе сытуацыю. Знакi i атрыбуты iншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блiзка, як знакi i атрыбуты - уласнай. (На экране тэлевiзара Мiрскi замак, Эйфэлева вежа i пiрамiда Хеопсу знаходзяцца на адной адлегласьцi ад гледача.) А гэта азначае, што зьнiкае, цi становiцца амаль незаўважнай розьнiца памiж роднай i чужой культурамi. Бо што яшчэ, як не дыстанцыя, рабiла блiзкую культуру роднай, а аддаленую - чужой? I калi з маленства, зь першых цацак i тэлеперадачаў, з першых убораў i кампутарных гульняў, i потым праз усё жыцьцё на адной адлегласьцi да чалавека будуць прысутнiчаць знакi i атрыбуты розных культураў, дзе родная будзе толькi адной з мноства, то зь якой культураю (не фармальна, а па сутнасьцi) будзе iдэнтыфiкаваць сябе такi чалавек i якая культура зможа зыдэнтыфiкаваць сябе з гэтым цалкам постмадэрновым чалавекам?
Раней, у эпоху татальнай вайны культураў, схема прылучэньня чалавека да той цi iншай культуры была гранiчна простай. Культура-пераможца самаўладна далучала носьбiтаў пераможанай да свайго iдэалягемнага поля, i празь нейкi час апошнiя пачыналi iдэнтыфiкаваць сябе менавiта зь ёй. Аднак у прынцыпе гэта нiчога не зьмяняла, адна культура станавiлася на месца другой - i толькi. I нават калi перамога была няпоўнай (цi няпоўнай была параза), заўсёды адна зь дзьвюх цi некалькi культураў заставалася дамiнуючай i была рэальнай, а не фармальнай падставай для культурнай iдэнтыфiкацыi.
Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калi анулюецца дыстанцыя памiж роднай i iншымi культурамi. На жаль, многiя ўсё яшчэ працягваюць праецыраваць традыцыйную схему зь лiнейнай сытуацыi вайны культураў на нелiнейную сытуацыю камунiкатыўна адкрытага грамадзтва, i адпаведна той, ужо выпрацаванай i зусiм неэфэктыўнай у новых варунках схеме, спрабуюць абараняць свае культуры. Да прыкладу, у 1994 годзе мiнiстр культуры Францыi абвясьцiў, што з-за iнтэрнэту Францыя апынулася перад пагрозаю новай формы калянiялiзму. З таго ж шэрагу i бясконцыя скаргi на амэрыканiзацыю культуры, якiя няспынна гучаць ня толькi ў Эўропе, але i ва ўсiм сьвеце, на францускую iнтэлектуальную экспансiю, урэшце, на сьветапоглядную iнтэрэвэнцыю Ўсходу.