Да ямы лейтэнанта падвялi два сяржанты i старшы лейтэнант з асобага аддзела. Падвялi без шыняля, з завязанымi назад рукамi. Полк пастроiлi вакол ямы ў карэ, каб усiм быў бачны працэс расстрэлу. Выйшаў пракурор, ваенюрыст другога рангу, вiсклiва-напружаным голасам прачытаў прыгавор i даў дазвол для яго выканання. А сам хуценькай падбежкай паспяшаўся ў строй. Старшы лейтэнант - выканаўца прыгавору - нешта пачаў гаварыць сваiм двум сяржантам i гаварыў, як мне здалося, доўга. Няўжо старшы лейтэнант адцягваў гэтыя непрыемныя секунды, у якiя ён павiнен пралiць чужую кроў?
На паляне стаяла такая цiшыня, што здавалася, я аглух - ну хоць бы хто кашлянуў, бразнуў чым-небудзь, ускрыкнуў, усе маўчалi. Асуджаны на смерць стаяў тварам на захад сонца, асветлены яго чырвоным святлом, нiбы ўжо апырсканы сваёй крывёю. Вечар быў цiхi, з чыстым небам i празрыстым асеннiм прымарожаным паветрам. Лес, якi акружаў нас, таксама замёр, не варушылася нiводная галiнка, i дрэвы глядзелi на паляну са страхам, таксама як i людзi. Старшы лейтэнант ступiў да смяротнiка, узяў яго за локаць, падвёў блiжэй да ямы i загадаў стаць на каленi. Той пакорлiва стаў - упаў грузна, усiм цяжарам цела. Чамусьцi пачаў тузаць рукамi, вiдаць, спрабуючы iх вызвалiць ад вяроўкi. Нешта ўскрыкнуў, ускрык той быў як енк, стогн, выцiснуты ўсiм нутром. I ў гэты момант ляснуў сухi стрэл, i асуджаны бокам павалiўся ў яму...
Пачулiся каманды, i роты пачалi разыходзiцца з паляны. У той жа дзень ротным палiтрукам было загадана правесцi гутаркi з байцамi наконт гэтага суда. Але, як я чуў, нiдзе такiя гутаркi не былi праведзены, у тым лiку i ў нашай роце.
Наш ротны расказаў, што ён на такiх паказальных расстрэлах прысутнiчаў ужо двойчы. На папярэднiм расстрэле дэзерцiра - той адсутнiчаў у часцi больш за суткi i сам жа вярнуўся - куля зрыкашэцiла i забiла не толькi асуджанага, але i байца, якi стаяў у страi. Мой памкамўзвода пажадаў: "Няхай бы i цяпер куля зрыкашэцiла ў старшыню трыбунала". Камандзiр роты зрабiў выгляд, што не пачуў.
Вось так каралiся ў першыя месяцы вайны тыя, хто чытаў варожыя лiстоўкi. У сорак чацвёртым i тым больш у сорак пятым за гэта ўжо не расстрэльвалi, i я думаў, што i ўвогуле не судзiлi.
Але памыляўся. Дробата нашага асудзiлi i ў сорак пятым. За той лiст, якi ён напiсаў на адваротным чыстым баку нямецкай лiстоўкi i паслаў дамоў. Па сваёй мужыцкай прастаце i абмежаванасцi ён нiяк не мог падумаць, калi пiсаў лiст на лiстоўцы, што ўчыняе злачынства. Папера была добрая, на ёй Дробат i напiсаў дарагой жонцы i дзеткам, што па-ранейшаму жывы i здаровы i што паслаў iм яшчэ адну пасылку. Друкаваны тэкст лiстоўкi ён перакрэслiў, сунуў аркушык у капэрту i аддаў паштальёну. Дайшоў б лiст дамоў, яму б узрадавалiся, прачыталi i выкiнулi б у качарэжнiк на распал печкi.
Але ж была ваенная цэнзура, працавалi там дзяўчаты-цэнзары. I вось нейкая дзяўчына адкрыла капэрту, прачытала лiст i ўбачыла, на якой паперы ён напiсаны, - на лiстоўцы! Ну што б той пiльнай дурнiцы парваць лiст, i ўсё было б добра, цiха. Дык не, яна пабегла да начальнiцы, а пiльная начальнiца здала яго ў асобы аддзел. Там расцанiлi пасылку лiстоўкi як метад антысавецкай агiтацыi - маўляў, спецыяльна паслаў, каб яе чыталi нашы савецкiя людзi ў тыле.
Дробат быў арыштаваны нашым палкавым смяршыстам, калi мы ваявалi ўжо ў Аўстрыi. Мяне i камандзiра роты следчы асобага аддзела дапытваў як сведак: што за Дробат, якая ў яго душа, што гаварыў супраць савецкай улады. Мы сказалi пра Дробата толькi добрае i спадзявалiся, што яго выпусцяць, бо вось-вось вайна павiнна скончыцца.
Вайна скончылася, а Дробат да нас не вярнуўся. У сярэдзiне мая ў полк прыйшла копiя прыгавору на Дробата, асуджанага на сем гадоў.
Паўздыхалi мы, пашкадавалi чалавека, а памагчы яму ўжо не змаглi. Адно зрабiлi - усе рэчы, што ён збiраў, запакавалi ў пасылкi i паслалi сям'i.
Пасля перамогi на ўсход рушылi эшалоны з байцамi-пераможцамi, немцамi-ваеннапалоннымi i вызваленымi з палону нашымi ваеннаслужачымi. Да эшалонаў з палоннымi былi прычэплены i вагоны з асуджанымi. Сярод iх недзе ехаў на Калыму i наш Iван Дробат, трэцi нумар мiнамётнага разлiку.
I ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...
Ёсць такое фiласофскае сцвярджэнне: як можа з годнасцю пражытае жыццё напоўнiць сэнсам i цаной смерць, так i сумленная ўзвышаная смерць можа апраўдаць увогуле пустое i не зусiм прыстойнае жыццё.
Не ведаю, як адпавядае гэтаму сцвярджэнню жыццё генерала Рускага-Кавалеўскага, якiм трэба лiчыць яго доўгае, багатае на зломы жыццё i як ацанiць смерць. Паспрабую проста расказаць пра яго самога.
Даўно не магу сабе дараваць, што ў свой час не запiсваў цiкавыя гiсторыi, прозвiшчы людзей, не здымаў копii з цiкавых дакументаў, не захоўваў лiтаратуру, якой цяпер цаны не было б. Цi ж можна было спадзявацца, што некалi будзе магчымасць пра гэта расказаць, напiсаць? Думалася, што маладая памяць утрымае ўсё ўбачанае, пачутае да канца жыцця. Яна i трымала ўсё цi амаль усё доўгi час, а потым неяк незаўважна страцiла многае з таго, што раней помнiлася. Сцерлiся з памяцi прозвiшчы, даты, факты, i цяпер, стараючыся прыгадаць нешта для аповяду, хоць локаць кусай, па лбе сабе стукай, - не ўспамiнаецца.
Расказаць пра лёс генерала Рускага-Кавалеўскага, якога ў сорак шостым годзе ў румынскiм горадзе Канстанца асудзiў ваенны трыбунал Паўднёвай групы войск (былы Трэцi Ўкраiнскi фронт), мне хацелася даўно.
Жыў гэты генерал да арышту ў Югаславii, куды эмiгрыраваў з Расеi пасля грамадзянскай вайны. Паходзiў ён з дваран, усё жыццё аддаў вайсковай службе. У першую сусветную вайну храбра ваяваў, меў узнагароды, тройчы лячыўся ў шпiталi пасля ранення. На судзе гаварыў, што ў яго i цяпер баляць раны ад нямецкiх куль i асколкаў. Як i пераважная большасць афiцэраў, стаяў за вайну да пераможнага канца над кайзераўскай Германiяй i верыў у перамогу Расеi. Гэта ж сцвярджаў i на судзе. "Так, так, - гаварыў ён, - Расея выйшла б пераможцай, калi б бальшавiкi не захапiлi ўладу".
На гэтым судзе я прысутнiчаў проста як глядач, а справу генерала я чытаў да суда. Асаблiва мяне цiкавiлi так званыя рэчавыя доказы да справы генералавы ўспамiны пра рэвалюцыю, вайну, артыкулы ў розных эмiгранцкiх газетах. Тое, што я прачытаў у тых мемуарах i артыкулах, было для мяне адкрыццём. Рускi-Кавалеўскi аналiзаваў факты i падзеi зусiм не па "Краткому курсу истории ВКП(б)". Ну, напрыклад, Берасцейскi мiр, заключаны бальшавiкамi з Германiяй, ён лiчыў ганебным для Расеi.