- Адно, думаеце, кiлбас, - перабiў другi музыкант хутаранскае капэлы Гаронiм Цурубалка, даўжэйшы яшчэ за Данiеля i трошкi згорблены багатыр-шляхцiц. - Каб жа адно кiлбас. А пiрагоў... процьма! Бывала, выйграеш кракавяк ды зразу за стол. Набярэшся - ледзьве вылезеш. Не ведаеш, Данiель, пачом цяпер струны ў Слуцку? - раптоўна абярнуўся ён да Данiеля, каб паказаць, што гаварыць-то я гавару, але i дзела не забываю. I, не чакаючы адказу, зразу загаварыў далей к грамадзе мужчын: - Гэта, бачыце, у мяне адна струна, лiха ёй, стала дрынгаць. Абы смыкам да яе дабяруся, дык усё роўна, як цвiкам па шклу. Але потым нiчога, - дадаў ён, каб яшчэ больш паказаць сваю здольнасць ва ўсякiм дзеле, - нiчога, умеючы можна зрабiць, што гладка зыдзе, як на тое i трэба. У мяне нiколi нiхто фальшы не знойдзе. - I, падмiргнуўшы ўсёй грамадзе, ён важна дадаў: - Трэба ўмець як выкруцiцца, на ўсё трэба лоўкасць.

- Як жа ты выкручваешся? - запытаў нехта ззаду.

- Я?! Як толькi дабяруся да гэтае струны, дык у той жа момант таркану нагой бубнага Фабiяна Свiнкоўскага. А ён ужо ведае, што гэта значыць, i зразу з усiх сiл як урэжа ў барабан, дык i заглушыць усё. Тады трасцу разбярэ там хто якую фальш.

- Ха-ха-ха... О гэта дык музыканты, - зарагаталi ў грамадзе.

- Музыканты! - раззлаваўся Гаронiм. - Пры чым жа тут музыканты? Тут струна вiнавата, а не музыканты. А ён - музыка-а-нты! Вунь папытай у Фабiяна.

- Ат, што гаварыць, - абазваўся бубнач хутаранскай капэлы Фабiян Свiнкоўскi, якi даўно чакаў ужо якое-небудзь прычыны, каб уставiць сваё слова. - Кажа, музыканты яму нядобрыя, а таго не ведае, што гэтыя музыканты гралi ў касцёле на хорах, як прыязджаў бiскуп.

- Уй, гралi яны ў касцёле, - зацягнуў, смеючыся, вясковы Марцiн. - Каб гэтак лiхi на свеце жыў i быў, як гэта праўда. Чуеце, браткi, што гэта ён плявузгае?

- Ат, усякi ўсё ў свой бок горне, - абазваўся нехта ззаду.

- Можа, i ты з сваiм бубнам быў на хорах, га? Фабiян! - запытаўся скрозь смех Марцiн i вызваў гэтым доўгi i моцны рогат.

Фабiян, бачачы, што ўгаварыўся, махнуў рукою i недзе згiнуў. Засмуцiлiся нават i Гаронiм з Данiелем i гэтаксама адышлiся назад. I ўся грамада стала разбiвацца на новыя кучкi.

А тым часам сталi падыходзiць вясковыя. Час ад часу паволi адчынялiся скрыпучыя дзверы i прапускалi ўсярэдзiну шэрых ад змроку людзей.

Прыйшоў чырвоны, як бурак, Тодар Грыб, у чырвонай мультановай кашулi, выпушчанай з-пад камiзэлькi, i ў суконным халаце наапашцы.

Моцна i густа сапучы з-пад сваiх велiзарных вусоў, ён некалькi хвiлiн пастаяў каля дзвярэй, разглядаючы, к якой тут лепш грамадзе прыстаць з гутаркамi, потым паволi пайшоў у самы цёмны кут, дзе Грыгор Шамяцiла, шапяляючы на гукi "ж" i "ц", не спяшаючы расказваў "гiсторыю пра Бога i яго слугу - чалавека".

- Тым часам, - цягне ён сваё нуднае апавяданне, - пазваў Бог анёла Архiстрата, ды i каза: "Павiнен ты, анёле, зляцець на зямлю i зрабiць, каб людзям было добра зыць". "Пане Бозе, - каза анёл, - як за я гэта зраблю, калi людзi грэсныя?"

Апавяданне яго вяла, як бы нехаця, спаўзае з яго языка i мала будзiць цiкавасцi сярод слухачоў. Але яны слухаюць, бо любяць глядзець, як Грыгор кiваецца, пыхкае люлькаю, калупае ў ёй кiпцем i вярзе нейкую пляту, якую, напэўна, сам выдумаў i якую яны ўжо чулi ад яго тысячу разоў.

Паволi скрыпнуўшы дзвярыма, уваходзiць Хама Скрут, адзеты ў "будзённы спiнжак". Чухаючы ў сваёй касматай, трохi пасiвеўшай барадзе i моцна грукаючы сваiмi велiзарнымi ботамi, ён зразу iдзе к сталу, дзе некалькi кучак вядуць розныя гутаркi i спрэчкi. Хама не прапускае нiколi нiводнага сходу, бо любiць "абстайваць праўду". I цяпер, скора падышоўшы к сталу, ён зразу пытае: "У чым дзела, хлопцы?" - i, не чакаючы адказу, зразу заглушае ўсiх сваiх зычным голасам.

Неўзабаве яўляецца Юзiк Сучок, вясёлы "чудак" гадоў пад трыццаць. Ён садзiцца на пустым месце, i к яму зразу пачынаюць сцягвацца i малыя i старыя - усе, хто толькi хоча пасмяяцца ўволю.

Некалi Сучок рыхтаваўся выйсцi за дзяка, i хоць экзаменту не вытрымаў, але навучыўся многа розных "кандакоў i пракiмнаў", якiя i любiў, каб пасмяшыць людзей, выспеўваць i расказваць на свой лад.

- А браткi-i ж мае, - крычыць ён весела, - колькi тут гэтых хутаранскiх ягомасцяў назбiралася, а гвалт!.. Вось будзе работы, - дабаўляе ён, не баючыся, што "ягомасцi" ўсё чуюць, - як выберам шляхецкi сельсавет.

- Не ўсё роўна?! - абзываецца адзiн пакрыўджаны гэтым "ягомасць".

- Х-хэ, усё роўна! - адказвае Сучок. - Ты ж нiколi са мною ў адну дудку граць не будзеш, усё роўна як той дзяк з папом.

Вочы ў Сучка смяюцца; а яго слухачы падблiжаюцца к яму, знаючы, што скора гэты "чудак" што-небудзь "выпалiць".

- Цягне поп "пракiмен", - канчае Сучок, - "у памяць вечную будзе праведнiк, ад слуха зла не ўбаiцца", а п'яны дзяк, не прыслухаўшы, паўтарае за iм: "У памяць вечную будзе праведнiк, асла i казла не пабаiцца".

Зразу пачынаецца рогат.

З цёмнага кутка чутна гарачая спрэчка. Спрачаюцца Грыгор Шамяцiла i Антонi Вельскi. Грыгор, брыты i сагнуты, не пакiдаючы пыхкаць люлькаю, шыпучым ад злосцi голасам крычыць:

- А я табе, Антонi, казу, што Iсус Хрыстос уваскрос у нядзелю.

- Не ў нядзелю, а ў суботу, - гэтаксама злосна адказвае Антонi старэнькi чалавечак з сiвенькаю кароценькаю бародкаю i рэдкiмi, мяккiмi валасамi на галаве.

- У нядзелю - я табе казу!..

- Ды я табе ўсю Бiблiю перагарну, - не здаецца Антонi, - там нiдзе не сказана, што ён уваскрос у нядзелю.

- Дурань ты з сваёю Бiблiяю, - гукае Грыгор.

Аблаяны Антонi абварочваецца назад i бачыць перад сабою Сучка, якi, разам з цэлаю грамадою зацiкаўленых мужчын, падышоў, каб "развесцi дурняў".

Растапырыўшы рукi, Антонi колькi хвiлiн стаiць моўчкi, а потым просiць Сучка:

- Такi-та ж вы, Сучок, вучоны па гэтай часцi, растлумачце гэтаму дурню, калi "ён" уваскрос, у суботу цi ў нядзелю!..

- У чацвер, - важна адчаканьвае Сучок i вызывае доўгi, несцiхаемы рогат сярод усiх мужчын.

Апусцiўшы голавы, Грыгор i Антонi разыходзяцца.

- А мне што, - моцна i адрывiста расказвае нешта, стоячы каля сцяны, Тодар Грыб.

- Маё дзела такое - дзень ды ноч, i суткi ўпроч. Бяры, кажу, крывулю ды бi ў рыла!..

Некалькi зацiкаўленых мужчын цiха слухаюць.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: