Гэты другi меў такi выгляд, што не ўгадаць было б, колькi яму год. Можа ён быў стары, а можа зусiм малады. Ён баяўся холаду, ён грэўся. Шыя яго была абкручана ручнiком. Расейскi салдацкi кажух да кален быў на iм. На нагах салдацкiя чаравiкi без абмотак. Сялянскiя нагавiцы з рудога саматканага сукна, на яго вельмi вузкiя i, дзiўна, нават кароткiя. Бо сам ён быў даволi-такi малога росту, i паводле якога мог здавацца таўстуном. Твар быў круглы i зноў-такi няголены, шчацiнаваты i кiрпаты. Вочы застылыя, i нейкiм дзiўным парадкам у iх нiчога не адлюстроўвалася. Але ўвага i насцярожанасць вельмi востра былi напiсаны на яго твары. Цяжка было зразумець, цi гэта на быка, цi на чалавека ён нарыхтаваўся кiнуцца. Ён здаваўся здаровым i дужым, толькi празмеру змораным. Барада яго хавалася ў ручнiк, вушы закрывалiся бiнтам, шырокiм i ў лапiнах сухой крывi. Бiнт абкручваў лоб, скiвiцы з вушамi, хаваў пад сабою бровы i сядзеў гузамi на патылiцы. Вусы стрыжаныя, пакiненыя двума пукамi пад носам, былi ўжо нейкiм чорным гузам, з якога тырчэў дробны недакурак з папяросы; цi ён там умёрз, цi прылiп, але ён астаўся там i напэўна не заўважаўся тым, хто яго курыў.

Бык выцягнуў шыю i зарыкаў. Незалежна ад сваiх думак, гэтыя два зрабiлi рух, момантны i больш iнстынктыўны як абдуманы. Каб хто сачыў за iмi збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькi i чакалi таго моманту, калi зарыкае бык, каб тады кiнуцца на яго i замест ратунку, аб якiм ён так рыкаў, зрабiць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставiў мысу ўнiз, мусiць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забылiся на жывёлiну, i вось пачала на iх твары лажыцца пячаць найпiльнейшай увагi аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем i нянавiсцю, хоць нiводзiн з iх нават i здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасцi i смутку адлюстроўвалася на iх тварах. Ужо на адзiн самы найкарацейшы момант яны не спускалi адзiн аднаго з вока. Кожны з iх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькi разоў выцягваў шыю i рыкаў, а яны можа нават i не заўважалi гэтага. У кожным разе нiводзiн з iх нават i вачыма не кiнуў у той бок, дзе чатырохногi бадзяга прасiў дапамогi. Праходзiлi хвiлiна за хвiлiнай, i павялiчвалася трывожная ўвага iх у аднаго да другога. Поўная нянавiсць ужо ўладала iмi. Калi каторы з iх рабiў хоць абы-якi рух, другi ўскiдаў руку са зброяй, каб хаця той не зрабiў гэтага раней за яго. Як бы нейкiмi ланцугамi яны былi прыкуты да гэтага агiднага iм самiм занятку. Iх прыгнечвала гэтая злая неабходнасць. У кожным разе, як бы там нi было, памiж усяго iншага, i рыса пакуты была на iхнiх тварах. Напружанне iх даходзiла да найвышэйшага пункта. I раптам чалавечыя галасы, цiхiя i стрыманыя, прыглушаныя iмкненнем быць пачутым толькi тым, да каго гаворыцца, пачулiся недзе зусiм блiзка, вось тут, можа спамiж самых блiжэйшых кустоў. Бадай-што шэптам хтосьцi казаў:

- Я табе кажу, што гэтая жывёлiна рыкае недзе тут.

- А па-мойму, дык у лесе, - адказаў так жа цiха i асцярожна другi нехта.

Хвiлiн колькi цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусiць яны закурылi. Значыцца, зусiм блiзка яны былi. З гэтымi двума адбылася змена. Iх увага ўжо накiравалася туды. Хоць яны яшчэ i не паспелi пазнаёмiцца адзiн з адным, але як быццам бы ўжо былi добра знаёмыя. Ужо яны станавiлiся падобныя да змоўшчыкаў, якiя разам, плячо з плячом, павiнны баранiцца ад нейкiх невядомцаў, што выявiлiся так блiзка тут. Так спаткалiся iх позiркi на адзiн момант у такiм сваiм пераломе i з'iначаннi, пасля чаго ўжо спакайней яны глядзелi адзiн на аднаго. Кожны з iх ужо бачыў у другiм свайго аднадумца, i рысы чалавечнасцi i сяброўства зганялi з iх твараў рысы звярынага страху. А як жа! У iх жа цяпер ёсць адна справа, i можа слаўнае i такое жаданае сяброўства запануе памiж iмi. Той, што ў кажуху, тоўсты i нiзкi, нават зрабiў паўкрока да таго, што мерзнуў у летнiм пiнжаку. Бык зноў зарыкаў, i зноў на высокай ноце, з адчаем i як бы з болем.

- А што? Тут! - пачуўся з кустоў радасны голас, ужо не такi стрыманы. I адразу яны ўдвух апынулiся тут.

Што гэта была за пара такая! Адзiн з iх быў зусiм малады. Калi таму, што мёрз у летнiм пiнжаку было год трыццаць, то гэтаму бадай-што не магло быць больш як дваццаць шэсць. Сляды перажытага ляжалi на яго твары. Нi тое што гэта маршчыны старасцi ўразiлi маладосць. Але такая пячаць бывае на твары толькi ў таго, хто вытрымаў нясцерпныя пакуты i пазнаў тую праўду, што ўсё звыклае чалавеку i нецiкавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялiкiм шчасцем i радасцю. Нейкая як бы паглыбленасць у самога сябе была ў iм. Яна не была закаранелая i застарэлая, i можа гэта былi толькi першыя адзнакi яе. Калi так, то яна магла i не пакiнуць сваiх слядоў у чалавечай натуры. Была i яшчэ адна рыса ў гэтага чалавека. Гэта як бы лёгкая здзiўленасць. Здавалася, што яшчэ ўсё не можа апамятацца ад нейкага нечаканага шчасця i яшчэ ўсё перажывае радасць, якая з'явiлася перад iм як дар чалавеку ад усяго свету. I такiм парадкам свет паказаўся перад iм невядомымi яму раней гранямi: свет не толькi бязлiтасны i жорсткi. Ён яшчэ ласкавы i ясны. I сваю радасць чалавек можа знайсцi ў кожнай травiне. Штосьцi такое было ў чалавеку. Ён быў у чырвонаармейскiм адзеннi, у летнiм. Без шыняля i на галаве зусiм без шапкi. Нiзка абстрыжаны. У гiмнасцёрцы i нагавiцах з той крамнiны, з якое робяцца плашчы-палаткi. Пояса не было. А на босых нагах, без ануч, лапцi з лыка. Усё адзенне на iм было такое старое, такое зношанае, такое ўжо бескаляровае, што, здавалася, яно даўно ўжо сатлела i на чалавеку ледзьве лiпiць, i павiнна неўзабаве спрахнуць пылам на няма нiшто. Твар у гэтага зусiм маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокi i вочы цiхiя. Праўда, вочы маглi быць такiя не толькi ад прыроды натуры, але i ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.

Другi, што з'явiўся тут разам з iм, быў немалады. Гэты нават быў не так сярэднiх, як пад старасць блiзкiх год. Выглядам сваiм ён быў такi ж як i ўсе тыя, што былi тут. I гэты быў нечым уражаны i кiнуты ў нязвыклы стан. Але калi ўсе тыя мелi на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць iмкнення i прагi, то ў гэтага толькi адна рыса панавала над усiм. Гэта - абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй i нерухомых губ i сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзiў у абсалютны спакой i нават не межаваўся з iм. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа i ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль якi цi прыдушаны смутак. I паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. I гэтае бязвер'е i было яго тым жарам, што дзесьцi яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ i суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калi так, то холад яго твару мог быць толькi з'явай гэтай гадзiны цi гэтых дзён i нiяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага i невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, i момантны бляск, не тое што радасцi, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькi на момант. Так ужо ўкаранiлася ў iм безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала iм. А хто ведае, цi не быў гэты ў кажуху якi-небудзь яго блiзкi друг, калi iскра ўзбуджанасцi на момант прабiла холад яго твару, як толькi ён яго ўбачыў.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: