Пакуль вядзецца гэтая гарачая спрэчка, якая перапынiлася толькi на iмгненне, калi прынеслi вячэрнюю газету (зрэшты, чытаць у ёй абсалютна не было чаго), пройдзем у пярэднюю, дзе госцi пакiнулi свае палiто, кульбакi, парасоны i галёшы. Сюды толькi што зайшлi дзве жанчыны: маладая i старая. На першы погляд iх можна было прыняць за пакаёвак, якiя праводзiлi сюды сваiх самавiтых гаспадынь, але, прыгледзеўшыся ўважлiвей, вы б заўважылi, што гэтыя жанчыны анi не падобныя на служанак: надта ўжо мяккiя i пяшчотныя былi ў iх рукi, надта велiчныя пастава i ўсе рухi, а вопратка вызначалася нейкiм асаблiва смелым кроем. Вы, канечне, ужо здагадалiся, што гэта былi феi. Малодшая была калi i не самой феяй Шчасця, то ўжо, напэўна, камерысткай адной з яе шматлiкiх камер-фрэйлiн i займалася тым, што прыносiла людзям розныя дробныя дары шчасця. Старэйшая здавалася намнога больш сур'ёзнай - яна была феяй Смутку i заўсёды спраўлялася са сваiмi клопатамi сама, не перадаручаючы iх нiкому: так, прынамсi, яна ведала, што ўсё абавязкова будзе зроблена як належыць.

Стоячы ў пярэдняй, яны расказвалi адна адной, дзе пабывалi за дзень. Камерыстка камер-фрэйлiны Шчасця сёння выканала ўсяго толькi некалькi малаважных даручэнняў: выратавала ад лiўня чыйсьцi новы капялюш, перадала аднаму шаноўнаму чалавеку паклон ад высокапастаўленай нiкчэмнасцi i ўсё ў тым жа духу. Але затое ў запасе ў яе засталося нешта зусiм незвычайнае.

- Трэба табе сказаць, - закончыла яна, - што ў мяне сёння дзень нараджэння, i ў гонар гэтай падзеi мне далi пару галёшаў з тым, каб я аднесла iх людзям. Гэтыя галёшы валодаюць адной цудоўнай уласцiвасцю: таго, хто iх надзене, яны могуць iмгненна перанесцi ў любое месца цi ў любую эпоху - куды ён толькi пажадае, - i ён, такiм чынам, адразу набудзе шчасце.

- Ты так думаеш? - адгукнулася фея Смутку. - Ведай жа: ён будзе самым няшчасным чалавекам на зямлi i блаславiць тую хвiлiну, калi нарэшце пазбавiцца ад тваiх галёшаў.

- Ну, гэта мы яшчэ паглядзiм! - прамовiла камерыстка Шчасця. - А пакуль што я пастаўлю iх каля дзвярэй. Ану ж хто-небудзь iх абуе памылкова замест сваiх i стане шчаслiвы.

Вось якая памiж iмi адбылася размова.

II. Што адбылося з саветнiкам юстыцыi

Было ўжо позна. Саветнiк юстыцыi Кнап збiраўся дахаты, усё яшчэ разважаючы аб часе караля Ганса. I трэба ж было так здарыцца, каб замест сваiх галёшаў ён надзеў галёшы шчасця. Як толькi ён выйшаў у iх на вулiцу, чароўная сiла галёшаў тут жа перанесла яго ў эпоху караля Ганса, i ногi яго адразу патанулi ў непралазнай гразi, таму што пры каралi Гансе вулiц не масцiлi.

- Ну i гразёта! Проста жах што такое! - прамармытаў саветнiк. - I да таго ж нi адзiн лiхтар не гарыць.

Месяц яшчэ не ўзышоў, стаяў густы туман, i ўсё навокал патанала ў змроку. На рагу перад выявай мадонны вiсела лампада, але яна ледзь цеплiлася, так што саветнiк заўважыў карцiну, калi параўняўся з ёю, i толькi тады разгледзеў боскую мацi з немаўлём на руках.

"Тут, напэўна, была майстэрня мастака, - вырашыў ён, - а шыльду забылi зняць".

Раптам паўз яго прайшло некалькi чалавек у сярэдневяковых касцюмах.

"Чаго гэта яны так прыбралiся? - падумаў саветнiк. - Мабыць, з маскарада iдуць".

Але раптам пачуўся барабанны бой i свiст дудак, замiльгалi факелы, i позiрку саветнiка паўстала дзiвоснае вiдовiшча! Насустрач яму па вулiцы рухалася дзiўная працэсiя: наперадзе iшлi барабаншчыкi, спрытна выбiваючы дробат кiйкамi, а за iмi крочылi стражнiкi з лукамi i арбалетамi. Вiдавочна, то была свiта, якая суправаджала нейкую важную духоўную асобу. Здзiўлены саветнiк спытаў, што гэта за шэсце i хто гэты саноўнiк.

- Епiскап Зеландскi! - пачулася ў адказ.

- Злiтуйся, божа! Што яшчэ такое здарылася з епiскапам? - уздыхнуў саветнiк Кнап, сумна кiваючы галавою. - Не, наўрад цi гэта епiскап.

Разважаючы аб усiх гэтых дзiвосах i не гледзячы па баках, саветнiк марудна iшоў па Ўсходняй вулiцы, пакуль нарэшце не дабраўся да плошчы Высокага моста. Аднак моста, якi вёў да Дварцовай плошчы, на месцы не аказалася, - бедны саветнiк ледзь разгледзеў у суцэльнай цемры нейкую рэчку i ў рэшце рэшт заўважыў лодку, у якой сядзела двое хлопцаў.

- Загадаеце пераправiць вас на выспу? - спыталi яны.

- На выспу? - перапытаў саветнiк, не ведаючы яшчэ, што ён цяпер жыве ў часы сярэднявечча. - Мне трэба трапiць у Хрысцiянаву гавань, на Малую гандлёвую вулiцу.

Хлопцы вытрашчылi на яго вочы.

- Скажыце мне хоць бы, дзе мост? - працягваў саветнiк. - Ну што за непарадак! Лiхтары не гараць, а гразь такая, што здаецца, быццам па балоце брыдзеш.

Але чым больш ён размаўляў з перавозчыкамi, тым менш мог што-небудзь узяць у толк.

- Не разумею я вашай барнхольмскай тарабаршчыны! - раззлаваўся ён нарэшце i павярнуўся да iх спiнай.

Але моста ён усё-такi не знайшоў; каменны парапет набярэжнай знiк таксама. "Што робiцца? Вось бязладдзе!" - думаў ён. Так, нiколi яшчэ рэчаiснасць не здавалася яму такой убогай i мярзотнай, як у гэты вечар. "Не, лепш узяць рамiзнiка, - вырашыў ён. - Але, божа, куды ж яны ўсе прапалi? Як на злосць, нiводнага! Вярнуся ж я на Новую каралеўскую плошчу - там, напэўна, стаяць экiпажы, а то мне давеку не трапiць у Хрысцiянаву гавань!"

Ён зноў вярнуўся на Ўсходнюю вулiцу i паспеў ужо прайсцi яе амаль усю, калi ўзышоў месяц.

"Божа, што гэта тут панабудавалi такое?" - здзiвiўся саветнiк, убачыўшы перад сабой Усходнiя Гарадскiя вароты, якiя ў тыя далёкiя часы стаялi ў канцы Ўсходняй вулiцы.

Нарэшце, ён знайшоў брамку i выйшаў на цяперашнюю Новую каралеўскую плошчу, якая ў тыя часы была проста вялiкiм лугам. На лузе там i сям тырчалi кусты, i ён быў перасечаны цi то шырокiм каналам, цi то ракой. На супрацьлеглым беразе размясцiлiся бедныя домiкi галандскiх шкiпераў, чаму i месца гэтае называлася Галандскай вышынёй.

- Божа мой! Цi гэта мiраж, фата-моргана, цi я... божа... п'яны? застагнаў саветнiк юстыцыi. - Што ж гэта такое? Што ж гэта такое?

I саветнiк зноў павярнуў назад, падумаўшы, што захварэў. Iдучы па вулiцы, ён цяпер уважлiва прыглядаўся да дамоў i заўважыў, што ўсе яны даўнейшай пабудовы i многiя накрыты саломай.

- Але, канечне, я захварэў, - уздыхнуў ён, - а ўсяго ж адну шклянку пуншу выпiў, але мне i гэта зашкодзiла. I трэба ж дадумацца - частаваць гасцей пуншам i гарачай ласосiнай! Не! Я абавязкова пагавару аб гэтым з агентшай. Вярнуцца хiба да iх i расказаць, якая са мной здарылася бяда? Не, няёмка. Ды яны ўжо, бадай, даўно спаць паляглi.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: