Апошнiя словы прымусiлi Разалi ўздрыгануцца. Яна зноў успомнiла пра шэрую Мыш i няшчасцi, якiя пагражалi ёй i яе бацьку, калi яна зноў саступiць спакусам Мярзотнае варажбiткi. Яна болей не згадвала пра таямнiчае дрэва i пайшла з прынцам далей.

Увесь дзень прайшоў вельмi вясёла. Прынц пазнаёмiў Разалi з прыдворнымi панямi i сказаў iм, каб яны паважалi Разалi, як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалi была з усiмi вельмi прыязная, i прыдворныя радавалiся, што хутка ў iх будзе такая добрая каралева. Назаўтра i ў наступныя днi былi наладжаны шумныя балi, паляваннi ды вясёлыя прагулкi, i прынц з Разалi шчаслiва чакалi ўжо блiзкага Разалiнага дня нараджэння, якi адначасова павiнен быў стаць днём iх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмi кахаў Разалi, а Разалi - таму, што вельмi кахала прынца, i таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ i таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакiдала яе нi на хвiлiну, i нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калi ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялiкага намагання стрымлiваць сябе, каб не пайсцi ў шклярнiцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.

Нарэшце апошнi дзень чакання настаў: назаўтра Разалi павiнна было споўнiцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмi заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасiў усiх чараўнiц з акругi i саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалi засталася адна. Яна пайшла пагуляць i так, iдучы па дарожцы i думаючы пра свой шчаслiвы заўтрашнi дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усмiхаючыся, у задуменнi яна ўвайшла ў шклярнiцу - i раптам заўважыла, што стаiць якраз перад вялiкiм вазонам, у якiм пад покрывам хаваецца скарб.

- Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое, - сказала яна сабе. - Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта i сёння... бо ў гэтым покрыве такiя дзiркi, што я магу спакойна прасунуць у iх некалькi пальцаў... а калi потым крыху пацягнуць... Нiхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкi пагляджу i папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зiрнуць ужо сёння?..

Яна паглядзела вакол, але нiкога не ўбачыла. I тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: i пра добрага прынца, i пра небяспеку, якая яе чакала, - адчуваючы толькi пякучае жаданне задаволiць сваю цiкаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзiрку i цiхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, i здзiўленая Разалi ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лiсце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамi, i кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага каменя: дыяменту, рубiну, перлу, сапфiру, апалу, тапазу... - i ўсе яны пералiвалiся рознымi колерамi. Такi бляск асляпiў Разалi. Але толькi яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалi ачнулася ад свайго захаплення i адчула, як нейкая неадольная сiла падняла яе над зямлёй i панесла ў поле. Адтуль Разалi ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, i з-пад абломкаў пачулiся страшныя стогны. Праз iмгненне з руiн выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зiрнуўшы на Разалi, ён сказаў:

- Ах, Разалi, няўдзячная Разалi! Бачыш, што ты зрабiла са мной i з маiм палацам. Цяпер, калi ты гэта ўтварыла, я не сумняваюся, што i трэцi раз ты саступiш сваёй цiкаўнасцi i асудзiш на вялiкае гора i мяне, i сябе, i свайго бацьку. Бывай, Разалi, i няхай пакаянне акупiць тваю няўдзячнасць да няшчаснага прынца, якi цябе так кахаў i хацеў табе толькi дабра!

З гэтымi словамi ён пайшоў прэч. А Разалi кiнулася на каленi i, залiваючыся слязьмi, пачала клiкаць, прасiць, але прынц знiк з вачэй, так нi разу i не азiрнуўшыся, каб убачыць Разалiну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страцiць прытомнасць, калi раптам зусiм побач пачула прарэзлiвы смех шэрае Мышы.

- Падзякуй мне, Разалi, - сказала Мыш. - Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца i прагрызла дзiркi ў покрыве, каб пад яго можна было зазiрнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хiтрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страцiла б i цябе, i твайго бацьку, i Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькi раз, i вы ўсе назаўжды зробiцеся маiмi рабамi.

Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалi, але яе здзеклiвыя словы зусiм не раззлавалi дзяўчынку.

"Гэта я ва ўсiм вiнаватая, - падумала Разалi. - Каб не мая злачынная цiкаўнасць, Мышы нiколi не ўдалося б прымусiць мяне зрабiць такi дрэнны ўчынак. Я павiнна выправiць яго сваiмi пакутамi, сваiм цярпеннем i нязломнаю волей. Я павiнна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно нi было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькi гадзiн. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё i бацькава шчасце".

Падумаўшы гэтак, Разалi вырашыла стаяць на месцы i больш нiкуды адсюль не iсцi. I колькi Мыш нi старалася, яна так i засталася каля разбуранага палаца.

Глава 5

Куфэрак

Так прайшоў увесь дзень. Разалi страшна хацелася пiць, але яна казала сабе:

- Не, я павiнна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусiла пакутаваць бацьку i прынца. I пакуль мне не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я нiкуды адсюль не пайду.

Пачынала цямнець, калi на дарозе з'явiлася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкi i папрасiла:

- Маё мiлае дзiцятка, цi не зробiце вы мне такую паслугу i цi не даглядзiце за маiм куфэркам? А то ён такi цяжкi, а мне яшчэ трэба зайсцi да адной сваячанiцы тут непадалёку.

Разалi была дзяўчынка спагадлiвая, i таму адказала:

- Калi ласка, бабулька, пакiдайце куфэрак, я за iм дагляджу.

Старая кабета падала ёй куфэрак i сказала:

- Дзякуй, маё мiлае дзiцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка i не глядзiце, што ў iм, бо там такое... такое, чаго вы не бачылi i нiколi не ўбачыце... Трымайце яго вельмi асцярожна i не стукнiце, калi захочаце паставiць на зямлю, бо ён вельмi нетрывалы i можа разламацца... I тады вы ўбачыце, што ў iм ляжыць... А гэтага нiхто не павiнен бачыць!

Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалi акуратна паставiла куфэрак побач з сабой на зямлю i пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусiм сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалi скiнула вокам на куфэрак i са здзiўленнем убачыла, што зямля вакол яго свецiцца.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: