Калi Крумкач забiваў iх, Анры адразу iх разбiраў, абскубаў цi абельваў, а потым пёк або смажыў. Калi ж усё было скончана, Анры расклаў нагатаваную дзiчыну на ўзлеску, i Крумкач сказаў яму:

- Бывай, Анры, цяпер перад табой засталася апошняя перашкода. I хоць я не змагу табе дапамагчы, не страчвай надзеi. Чараўнiцы бароняць сыноўскую любоў!

I не паспеў Анры падзякаваць Крумкачу, як той знiк. Тады Анры паклiкаў Воўка i сказаў яму:

- Вось, спадар Воўк, гэта ўся дзiчына з вашых лясоў. Я згатаваў яе, як вы мне загадвалi. Калi ласка, прапусцiце цяпер мяне цераз прорву.

Воўк агледзеў дзiчыну, пакаштаваў смажанага i печанага, аблiзнуўся i адказаў Анры:

- Ты добры i слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Воўка дарма, i ён нiчым табе не сплацiў.

Сказаўшы гэта, Воўк пабег у лес, прынёс палку i паклаў яе перад Анры.

- Вось табе мой падарунак, - сказаў ён. - Калi ты здабудзеш кветку жыцця i табе захочацца апынуцца дзе-небудзь далёка, сядай на гэтую палку, як на каня, i яна перанясе цябе, куды ты пажадаеш.

Анры хацеў закiнуць дурацкую палку ў лес, але падумаў, што гэта будзе няветлiва, i падзякаваў Воўку.

- А цяпер сядай мне на спiну, - сказаў Воўк.

Анры залез Воўку на спiну, той разбегся i так моцна скочыў, што пераляцеў над усёю прорвай i апынуўся на другiм беразе. Анры злез на зямлю, падзякаваў Воўку i рушыў далей.

Глава 6

Рыбалка

Нарэшце ён заўважыў агароджу сада, дзе расла чароўная кветка. Яго сэрца зайшлося ад шчасця, i, задраўшы галаву ўгору, ён пабег, колькi хапала сiлы. Але раптам адчуў, што некуды падае. Ён адразу адскочыў назад i ўбачыў перад сабой роў, поўны вады. Роў быў шырокi i вельмi доўгi, так што не было вiдаць, дзе ён канчаецца.

- Напэўна, гэта i ёсць апошняя перашкода, пра якую казаў Крумкач, падумаў Анры. - Але ж змог я адолець усе ранейшыя перашкоды, значыць, i гэтую адолею. Я ўпэўнены, што Добрая фея мне дапаможа. Гэта ж яна паслала мне Пеўня i Крумкача, а потым Дзядка, Асiлка i Воўка. Значыць, я дачакаюся яе дапамогi i гэты раз.

Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсцi, дзе ён канчаецца. Але праз два днi ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.

Анры гэта не засмуцiла, i ён зусiм не разгубiўся. Ён сеў на беразе i сказаў:

- Я не сыйду з гэтага месца, пакуль якi-небудзь чарадзей не дазволiць мне перабрацца цераз гэты роў.

I толькi ён сказаў гэтыя словы, як перад iм узнiк вялiзны Кот, якi пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.

- Што табе трэба, i навошта ты сюды прыйшоў? - сказаў Кот. - Цi ведаеш ты, што я адным сваiм кiпцюром магу разадраць цябе на шматкi?

- Дарагi Кот, я не сумняваюся ў вашай сiле, - адказаў Анры. - Але ж вы не зробiце мне нiчога дрэннага, калi даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памiрае. Калi ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, i я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

- Праўда? - сказаў Кот. - Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калi ты вылавiш усю рыбу, што водзiцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе цi пасолiш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне.

Кот знiк, а Анры агледзеўся i ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавiць будзе доўга, ён узяў сетку i закiнуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловiць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нiчога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабiў нешта не так. I зноў закiнуў сетку, але калi зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закiдваў i выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так i не злавiў нiводнае рыбiны. Тады ён адклаў сетку i закiнуў вуду.

Ён чакаў гадзiну i дзве, але нiводная рыбiна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкi далей, потым яшчэ далей i яшчэ, i так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так i не злавiў нiводнае рыбiны, патрацiўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабiць, ён прыгадаў Добрую фею i падумаў, што яна, вiдаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе i пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, i на паверхню высунулася Жабiна галава.

- Анры, - прамовiла Жаба, - ты ўратаваў мне жыццё, i ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калi ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нiчога злавiць не зможаш: роў вельмi глыбокi, i ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавiць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкi - будзеш яе салiць або смажыць.

Прамовiўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, i Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурлiла, нiбыта на дне пачалася вялiкая бойка. Праз хвiлiну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбiну: гэта быў карп. Так яна лавiла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялiкiх рыбiн Анры смажыў на патэльнi, а малых складаў у бочкi ды салiў. Калi мiнула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг i сказала:

- Ну вось, цяпер у рове не засталося нiводнае рыбiны. Можаш клiкаць Ката.

Анры шчыра падзякаваў Жабе i пацiснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсмiхнулася i знiкла.

Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды салiў яе ў бочках. А калi ўсё было зроблена, паклiкаў Ката, i той адразу ўзнiк перад iм.

- Вось, спадар Кот, - сказаў яму Анры, - я пасалiў i пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калi ласка, выканайце i вы сваё абяцанне - прапусцiце мяне на той бераг.

Кот агледзеў горы смажанай рыбы i бочкi з салёнай, пакаштаваў i той, i другой, аблiзнуўся i сказаў Анры:

- Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.

Прамовiўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзiн кiпцюр i, аддаўшы яго Анры, сказаў:

- Калi ты захварэеш цi адчуеш блiзкую старасць, дакранiся гэтым кiпцюром да лба: боль, хвароба цi старасць адразу адступяць. А калi ты дакранешся iм да таго, каго ты любiш i хто любiць цябе, то i з iм будзе тое самае.

Анры шчыра падзякаваў Кату i, узяўшы ў яго чарадзейны кiпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца iм, бо вельмi стамiўся i быў зусiм змораны. Ледзь ён дакрануўся кiпцюром сабе да лба, як стома знiкла, i ён адчуў сябе бадзёрым i свежым, быццам толькi што ўстаў пасля добрага сну.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: