— Калi вы дазволiце мне скарыстаць аналогiю, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такiм святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.
Iмя незнаёмага, якое прамiльгнула ў размове, мiжволi зрабiла на мiс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, вiдаць, быў сам Кандзiд Дэвенэй, якi пiсаў для тэлевiзiйных навiн нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзiд Дэвенэй, асабiстай прысутнасцю якога былi адзначаны ўсе сама буйныя падзеi ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавiта яго яна бачыла на экране, калi аб'явiлi пра пасадку касмiчнага карабля на Марс. А калi гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькi тое, што доктар Хоскiнс збiраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмi важнае.
— Калi вы лiчыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам i не выкарыстаць аналогiю? — спытаўся Дэвенэй.
— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнiгу з шрыфтам звычайнага кегля, калi кнiга гэтая ад вас на адлегласцi ў шэсць футаў, але гэта адразу робiцца мажлiвым, як толькi адлегласць памiж вашымi вачыма i кнiгаю скароцiцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнiчае правiла — чым блiжэй, тым лепш. Але калi вы наблiзiце кнiгу настолькi, што памiж ёю i вашымi вачыма застанецца ўсяго адзiн толькi дзюйм, вы зноў страцiце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павiнна быць зразумела, што iснуе такая перашкода, як вельмi вялiкая блiзкасць.
— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.
— А вось вам другi прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукi складае прыкладна трыццаць дзюймаў, i вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукi напалову меншая, i калi кiравацца сама простай логiкай, то выходзiць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабiць вы гэтага не можаце. I зноў перашкаджае тая ж занадта вялiкая блiзкасць.
— Вы дазволiце скарыстаць гэтыя аналогii ў маiм паведамленнi? — спытаў Дэвенэй.
— Калi ласка. Я буду толькi рады, я ж даволi доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напiсаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткi. Нарэшце-такi прыйшоў час, калi мы можам дазволiць усяму свету зазiрнуць цераз наша плячо. I свет сёе-тое ўбачыць.
Мiс Фэлоўз злавiла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем i ўпэўненасцю. У iм адчувалася вялiзная сiла.
— Якая мяжа вашых мажлiвасцей? — спытаўся Дэвенэй.
— Сорак тысяч гадоў.
У мiс Фэлоўз заняло дыханне.
— Гадоў?!
Здавалася, само паветра застыла ў напружаннi. Людзi каля пультаў кiравання амаль не рухалiся. Хтосьцi аднастайна кiдаў у мiкрафон кароткiя фразы, сэнсу якiх мiс Фэлоўз не магла ўлавiць.
Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважлiва ўзiраўся ў тое, што адбывалася ўнiзе.
— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскiнс? — спытаўся ён.
— Што вы сказалi? Не, мы нiчога не ўбачым, пакуль усё не здзейснiцца. Мы выяўляем прадмет толькi ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкi з той рознiцай, што замест электрамагнiтных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з iх адбiваецца ад якiх-небудзь аб'ектаў, i наша задача заключаецца ў даследаваннi характару гэтых адбiткаў.
— Мусiць, гэта даволi цяжкая задача.
На твары ў Хоскiнса прамiлынула яго звычайная ўсмешка.
— Перад вамi вынiк пяцiдзесяцi гадоў настойлiвых пошукаў. Асабiста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмi нялёгкае.
Чалавек каля мiкрафона падняў руку.
— Ужо некалькi тыдняў мы фiксуем адзiн пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлiчыўшы свае перамяшчэннi ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ i яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павiнна спрацаваць бездакорна.
Але лоб у мiстэра Хоскiнса блiшчаў ад поту. Мiс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакiнула сваё крэсла i таксама стаiць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.
— Зараз, — спакойна вымавiў чалавек каля мiкрафона.
Наступiла цiшыня, якая цягнулася роўна столькi, колькi патрабуецца часу на адзiн уздых, i з лялечнага домiка пачуўся прарэзлiвы лямант насмерць перапужанага дзiцяцi.
— Жах! Невыказны жах!..
Мiс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзiця.
А Хоскiнс, стукнуўшы кулаком па парэнчах, голасам, якi зусiм змянiўся i дрыжаў ад трыумфу, прамовiў:
— Атрымалася.
Мiс Фэлоўз, якую цвёрдаю рукою штурхнуў у спiну, нават не загаварыўшы з ёю, Хоскiнс, спусцiлася па кароткай вiнтавой лесвiцы ў шахту.
Тыя, хто да гэтага моманту быў каля прыбораў, сабралiся цяпер тут. Яны палiлi i, усмiхаючыся, назiралi за тройцай, што паявiлася ў галоўным памяшканнi. Ад домiка чулася слабае гудзенне.
— Уваходжанне ў Стасiс не ўяўляе нiякай небяспекi, — звярнуўся Хоскiнс да Дэвенэя. — Я сам рабiў гэта многа разоў. На нейкае iмгненне ў вас з'явiцца дзiўнае адчуванне, якое абсалютна не ўплывае на арганiзм.
Нiбы хочучы прадэманстраваць слушнасць сваiх слоў, ён увайшоў у адчыненыя дзверы. Напружана ўсмiхаючыся i чамусьцi зрабiўшы глыбокi ўдых, за iм услед рушыў Дэвенэй.
— Хадземце ж сюды, мiс Фэлоўз! — нецярплiва выгукнуў Хоскiнс i павабiў яе пальцам.
Мiс Фэлоўз кiўнула i нязграбна пераступiла парог. Усё яе цела скаланулi дрыжыкi, але, як толькi яна апынулася ў доме, адчуванне гэтае знiкла. У доме пахла свежым дрэвам i вiльготнаю глебай.
Цяпер тут было цiха, ва ўсякiм выпадку, не чуваць было голасу дзiцяцi, але затое аднекуль чуўся шоргат ног i шолах, нiбы хтосьцi мацаў дрэва. Потым пачуўся стогн.
— Дзе ж ён? — з адчаем усклiкнула мiс Фэлоўз. Няўжо гэтым дурням не рупiць, што там адбываецца?
Хлопчык быў у спальнi, цi, дакладней, у пакоi, дзе стаяў ложак.
Ён быў зусiм голы, i яго запэцканыя граззю грудзi хадзiлi хадуном. Ахапак змяшанай з граззю шорсткай травы рассыпаўся па падлозе каля яго босых рудых ног. Ад гэтае травы iшоў пах зямлi, змешаны з нейкiм смуродам.
Хоскiнс убачыў вiдавочны жах у яе вачах i злосна сказаў:
— Не было нiякай мажлiвасцi, мiс Фэлоўз, выцягнуць хлопчыка чыстым з такой глыбiнi стагоддзяў. Мы вымушаны былi захапiць дзеля яго бяспекi сёе-тое з таго, што было каля яго. Можа, вы палiчылi б за лепшае, каб ён з'явiўся сюды без нагi альбо часткi чэрапа?
— Прашу вас, не трэба! — усклiкнула мiс Фэлоўз у знямозе. — Чаму мы бяздзейнiчаем? Беднае дзiця спужалася. I яно бруднае!
I сапраўды. На хлопчыкавым целе засох бруд i нейкi тлушч, а ўсё сцягно перасякала чырвоная драпiна.
Калi Хоскiнс наблiзiўся да хлопчыка, якому на выгляд было не больш чым тры гады, той нiзка нагнуўся i хуценька адскочыў назад. Яго верхняя вусна адтапырылася, i з яго вырваўся нейкi дзiўны гук — нешта сярэдняе памiж бурчаннем i кашачым шыпеннем.
Хоскiнс iмклiвым рухам схапiў за руку дзiця, якое адчайна крычала i выкручвалася, i адарваў яго ад падлогi.
— Трымайце яго так, — сказала мiс Фэлоўз. — Перш за ўсё яму неабходна цёплая ванна. Яго трэба як след адмыць. У вас ёсць тут усё неабходнае? Калi ёсць, то папрасiце прынесцi рэчы сюды i хоць бы напачатку дапамажыце мне з iм справiцца. Апрача таго, дзеля ўсяго святога, дайце загад, каб прыбралi ўвесь гэты бруд i смецце.
Цяпер прыйшла яе пара аддаваць загады, i адчувала яна сябе ў новай ролi цудоўна. А паколькi разгубленая назiральнiца саступiла месца вопытнай медыцынскай сястры, яна зiрнула на дзiця ўжо другiмi вачыма, з пункту гледжання прафесiянала, i на нейкi мiг замерла ад збянтэжанасцi. Бруд, яго лямант, яго цела, якое выкручвалася ў марнай барацьбе, — усё гэта кудысьцi адступiла. Яна разгледзела само дзiця.
Гэта быў сама выродлiвы хлапчук з усiх, якiх ёй даводзiлася калi-небудзь бачыць. Ён увесь быў неверагодна пачварны — ад страхалюднай галавы да выгнутых колам ног.