Калi Шабанаў апынуўся на грэбнi хвалi, нi варонкi, нi рыб апараты ўжо не ўбачылi. Толькi хвалi, як ашалелыя, адна за другой накочвалiся на бераг. А адтуль, перабiраючы механiчнымi нагамi, выходзiлi робаты.
- Падарожжа закончана! - Шабанаў устаў i жартаўлiва пакланiўся.
- Кiнь ты, - скрывiўся Савацееў, - табе ж самому не да жартаў. Лепш окажы, ты зразумеў, што гэта?
- Жыццё!
- Сам бачу. А якое жыццё - разумнае, неразумнае?
- Магу сказаць, - пасур'ёзнеў Шабанаў. - Узровень развiцця - невысокi, на маю думку, iмi кiруе iнстынкт, як i ў зямных. Так, так, - перабiў ён Корзуна, якi хацеў запярэчыць. - Самi памяркуйце, як усё адбылося. Рыбы палiчылi мяне за свайго сабрата, якога мора выкiнула на бераг. Гэта пагражае гiбеллю. Яны спрабуюць устанавiць з iм кантакт, падбадзёрыць, цi што. Адсюль мае трызненнi. Вiдаць, мы карыстаемся прыкладна аднолькавымi бiятокамi. Самi яны на бераг выйсцi не могуць, але ўмеюць, у вынiку доўгага развiцця, выкарыстоўваць сiлу мора. Бачылi, якi вiр утварылi? А потым, калi я не ачуняў i пад вадой, не дакрануўся да ежы, яны, зразумеўшы сваю памылку, выкiнулi мяне назад. Што на тое месца - выпадкова.
- Ага! - усклiкнуў Савацееў.
- Не лавi на слове. На Зямлi ж ёсць iстоты, у якiх такiя паводзiны выклiкаюцца iнстынктам. Тыя ж самыя дэльфiны.
- На Зямлi ёсць. А тут iншае. - Савацееў ад хвалявання не мог уседзець на месцы i закрочыў па цесным пакойчыку, лавiруючы памiж крэсламi i прыборамi. - Давайце ўспомнiм усё з самага пачатку. Рыбы ўмеюць падпарадкоўваць сабе мора. Яны заўважылi, што ты не крануў ежу. Тады што яны робяць? Збiраюцца i абмяркоўваюць становiшча. Iменна абмеркавалi i панеслi цябе назад. Яны ведалi, што ты чужы. Толькi гэтым можна растлумачыць, што ты нiчога не помнiш - звычайная перасцярога. Ты цяпер не зможаш, каб i хацеў, прывесцi каго-небудзь цi прыйсцi назад сам. Напэўна, у рыб ёсць ворагi, бо яны ўвесь час пiльнуюць нас.
- Думаеш, яны не адзiныя жыхары Сiрэны? - ажывiўся Корзун.
- Усё можа быць. Але не гэта галоўнае зараз. Гэтыя рыбы, я ўпэўнены, мiнулi ўжо стадыю iнстынкту.
- Але ж гэта азначае... - пачаў быў Шабанаў.
- Так. У iх розум слабы, але ўжо розум.
- Вада не тое асяроддзе, дзе можа развiвацца разумнае жыццё. - Шабанаў не мог згадзiцца з Савацеевым.
- Зямная логiка. Жыццё на Сiрэне так i не здолела выбрацца з вады на сушу. Але ж гэта не значыць, што яно спынiлася ў развiццi. Сiлы жыцця магутныя, i яно знайшло сабе свае шляхi. Дык чаму не магло яно надзялiць розумам рыбападобных? Ва ўсякiм разе, iншай гiпотэзы ў нас няма.
- Паўтарыць праверку? - прапанаваў Корзун. - Я гатовы зноў...
Пасля доўгага роздуму Шабанаў пакiваў галавой:
- Цяпер мы не можам. А што, калi Паўлюк не памыляецца, хаця на многае ён не даў адказу, як i я? Што тады аб нас падумаюць гаспадары планеты? Як мы будзем выглядаць у iх вачах? А калi яны знаходзяцца на нiзкай ступенi развiцця, што найбольш верагодна, дык невядома, як будзе ў наступны раз. Зробяць з цябе iдала i пакiнуць у сваiм гроце, каб малiцца. Мы закончым сваю работу, не чапаючы мора. А некалi пазней, калi рыбы дасягнуць вышэйшай ступенi развiцця, людзi ўстановяць з iмi зносiны. Пачаўшы развiвацца, жыццё не адступiць. Цяпер Сiрэна будзе пад наглядам.
- Даў жа нехта планеце такую назву, усё роўна як ведаў, - заўважыў Корзун.
- Не помню хто, - адказаў Шабанаў, - назва iснуе з мiнулага стагоддзя. Мабыць, i тады людзi ведалi пра гэтых рыб. Ну, як, згодны з маiм рашэннем?
Пярэчанняў не было.
Да свiтання касманаўты засталiся на часовай станцыi.
Сон у крэслах быў не вельмi зручны, але яны прачнулiся бадзёрыя, пасвяжэлыя. Шабанаў хадзiў па пакоi i паўтараў:
- Хлопцы, а я, здаецца, нешта прыпамiнаю.
Савацееў не вытрымаў i буркнуў:
- Ды прыпомнi ўжо.
- А што, вазьму i... хлопцы! - Ён выбег у пераходны тамбур i вярнуўся, трымаючы ў руках нейкую палачку. - Вось, яна самая.
- Водарасць?! - усклiкнуў Савацееў.
Ледзь прыкметны пах азону, змешанага з чымсьцi яшчэ, паплыў па пакоi. Шабанаў шчаслiва ўсмiхнуўся i сказаў:
- Сядайце. Размова не скончана!
Заiнтрыгаваныя, таварышы паселi ў крэслы.
- Учора мы не разумелi, што за палосы парушалi бачнасць на экране. Цяпер я ўспомнiў усё, быццам не было правалу ў памяцi. - Хваляванне Шабанава перадалося астатнiм. Яны сядзелi, не адрываючы ад яго вачэй. - Першы раз я тузануўся, калi адарваў адзiн кiнаапарат. Вось ён, быў у кiшэнi, - Шабанаў разняў пальцы. - Другi раз, калi рабiў здымкi грота, i трэцi - калi вось гэты мiнерал, - ён паказаў на водарасць, - клаў у кiшэню. А зараз паглядзiм, што на апошняй плёнцы.
Успыхнуў экран, на iм з'явiлася падводнае царства, дакладней, яго маленькi куток - грот. Ля задняй сценкi грота стаялi палiцы, падобныя на соты. I ў кожнай ячэйцы ляжалi водарасцi.
- Iнкубатар? - здзiвiўся Савацееў.
- Нешта падобнае на яго, - адказаў Шабанаў.
Але самае дзiўнае было наперадзе. Да палiц, аднекуль збоку, са сцен грота цягнулiся правады. Iнакш назваць гэтыя тоўстыя нiткi нельга было. Здымка працягвалася лiчаныя хвiлiны, але i за гэты час у некалькiх ячэйках блiснулi чырвоныя iскаркi. А калi апарат крыху ссунуўся, касманаўты ўбачылi фiгуру ў... скафандры.
- Што вы цяпер скажаце, сябры? - хiтравата блiснуў вачыма Шабанаў.
Таварышы развялi рукамi.
- Тады я скажу. Гэтыя рыбы - робаты, напэўна, нават бiялагiчныя. Я помню iх паводзiны, таму перакананы. Яны дзейнiчаюць лагiчна, але без эмоцый. Iх стварылi такiя ж прышэльцы, як i мы, з iншага свету. Навошта? Пад вадой многа гэтага мiнералу. Яго дзеянне на чалавека надзвычай дабратворнае. Пакуль мы праглядалi плёнку, нашы робаты зрабiлi аналiз маёй крывi. Яна чыстая, быццам у ёй не адбываюцца працэсы акiслення. Вось як падзейнiчаў на мяне мiнерал. Вось чаму я ўспомнiў усё да дробязей аб маiм знаходжаннi пад вадой.
- Дапусцiм, - згадзiўся Савацееў, - а бiятокi?
- Мне здаецца, тлумачэнне даволi простае. Нашы бiятокi прыблiзна такiя ж. Рыбы-робаты настроены на iх. Таму яны адразу i з'яўляюцца, варта каму з нас апынуцца на беразе.
- А трызненнi? - не здаваўся Савацееў.
- Гэта свайго роду нейтралiзатар. У яго прыродзе трэба будзе разабрацца, бо дзякуючы яму чалавек можа плаваць, як глыбiнная iстота, не баючыся цiску. Пачуўшы сiгнал, рыбы-робаты бяруць гаспадара, пераносяць яго да гротаў, дзе ўжо назапашан мiнерал. Вядома, мiнерал робаты могуць даставiць i самi на паверхню. Але, вiдаць, там патрэбна прысутнасць гаспадара.
- Але дзе доказ, што рыбы - гэта робаты?
У пярэчаннi Савацеева была логiка.
- Ёсць такi доказ, - сказаў Шабанаў, - зараз мы яго прывядзём. - Ён уставiў у праектар плёнку, на якой былi сфатаграфаваны рыбы ля гротаў, злучыў экран з лiчыльнай машынай. - Помнiце, - растлумачыў ён, - ёсць формулы руху для жывых iстот i для кiбернетычных. З iх дапамогай яшчэ было даказана жыццё на чацвёртай планеце Працыёна. Вось зараз машына i прыменiць iх. Праграму я склаў ужо.
Праз трыццаць секунд пасля таго, як скончылася плёнка, машына выштурхнула стужку з адказам. Рыбы, згодна са сцвярджэннем матэматыкi, не маглi быць жывымi.
- Дзiўна, - уздыхнуў Корзун.
- Радасна, - сказаў Шабанаў. - Людзi хутка сустрэнуцца яшчэ з адным прадстаўнiком розуму i, як мне чамусьцi здаецца, вельмi падобным на чалавека. - I не ўтрымаўся, весела ўпiкнуў Савацеева: - А ты казаў iнстынкт.