Масон скочыў наперад. Але другi араб ужо падняўся i стаў за спiну таго, якi быў з нажом. Мы не адважвалiся варухнуцца. Яны паволi пачалi адступаць i ўвесь час пазiралi на нас, пагражаючы нажом. Калi адлегласць была ўжо даволi вялiкая, яны павярнулiся i кiнулiся наўцёкi. Мы па-ранейшаму нерухома стаялi пад сонцам, i Раймон зацiскаў руку, з якой сачылася кроў.

Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар - ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсцi да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялi яго пад рукi i як мага хутчэй павялi ў Масонаву хату. Там Раймон заявiў, што раны ў яго неглыбокiя i ён сам можа iсцi да лекара. Яны з Масонам пайшлi, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Панi Масон плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць iм усё гэта. I нарэшце я змоўк, запалiў цыгарэту i пачаў глядзець на мора.

А палове другой Раймон з Масонам вярнулiся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нiчога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся i потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся - куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявiлi, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускiпеў i пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць - няхай сабе iдзе. Але я ўсё ж пайшоў за iм.

Мы доўга iшлi па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промнi секлiся джгучымi стрэмкамi па пяску i па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды iдзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалi да маленькай крынiчкi, якая выбiвалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылi тых двух арабаў. Яны ляжалi на зямлi ў сваiх зашмальцаваных сiнiх робах. Выгляд у iх быў абсалютна спакойны i нават нiбы задаволены. Калi мы падышлi, у паводзiнах у iх нiчога не змянiлася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкi глядзеў на яго. Другi найграваў на былiнцы трыснёгу i скоса пазiраў на нас, увесь час выцiнаючы з дудкi адны i тыя ж ноты, на якiя яна была здольная.

Пэўны час наўкол былi толькi сонца i цiшыня, якая парушалася адно цурчаннем крынiчкi i трыма ноткамi трысняговае дудкi. Потым Раймон сунуў руку ў кiшэню i дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, i яны па-ранейшаму ўзiралiся адзiн у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, якi граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмi шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў:

- Што, уходаць яго?

Я падумаў, што калi скажу не, ён толькi яшчэ больш распалiцца i тады ўжо пэўна стрэлiць. Я прамовiў:

- Ён яшчэ нiчога не сказаў. Стрэлiць проста так было б, па-мойму, подла.

Скрозь спёку i цiшыню да мяне зноў даляцеў шолах вады i дудкi. Потым Раймон сказаў:

- Тады я зараз зняважу яго, а калi ён адкажа - прыб'ю.

Я адказаў:

- Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта.

Раймон пачаў патроху распаляцца. Другi араб усё найграваў, але абодва яны пiльна сачылi за кожным Раймонавым рухам.

- Не, - сказаў я Раймону. - Лепш сыдзiся з iм сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калi другi сунецца цi гэты выцягне нож, я яго палажу.

Раймон перадаў рэвальвер мне, i сонечны промень блiснуў на яго гладкай паверхнi. Мы па-ранейшаму стаялi нерухома, нiбы ўвесь свет самкнуўся вакол нас. Не зводзячы вачэй з арабаў, мы пазiралi на iх, яны - на нас. I ўсё, здавалася, цяпер застыла - мора, сонца, пясок, падвойная цiшыня дудкi i ручая. У гэтую хвiлiну я падумаў, што, можа давядзецца стрэлiць, а можа, i не давядзецца - якая рознiца. Але арабы раптам падалiся назад i шмыгнулi за скалу. Тады мы з Раймонам павярнулiся i пайшлi дахаты. Яму нiбыта палегчала, i ён сказаў, што трэба iсцi на аўтобус i вяртацца ў горад.

Я правёў яго да Масонавага катушка, i ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнiзе: у галаве ўжо гуло ад спёкi, i ў мяне не было нiякай сiлы адолець тыя некалькi прыступак ды пасля яшчэ гаманiць з жанчынамi. Але сквар быў такi, што стаяць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, якi шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы цi хадзiць было ўсё роўна. Я пастаяў хвiлiну, потым павярнуўся i пайшоў на пляж.

Гэтаксама блiшчаў да чырванi распалены пясок. Нiбы ў задышцы, мора лiзала бераг языком сваiх шпаркiх кароткiх хвалек. Я паволi iшоў да скал i адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыцiскала мяне да зямлi, не пускала далей. Яе задушлiвы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцiнаў зубы, сцiскаў кулакi ў кiшэнях, напружваўся ўсiм целам, каб перамагчы бязлiтаснае сонца i п'яную затлуму, што агортвала мяне з усiх бакоў, i iшоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавiнка цi асколак шкла кiдалi ў мяне балючыя дзiды святла, i мае скiвiцы яшчэ больш сцiскалiся. Я iшоў доўга.

Воддаль паказалася цёмная велiч скалы, вакол яе зiхцела зыркае кола святла i вадзянога пылу. Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынiчка. I мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсцi нарэшце цень i адпачынак. Аднак, калi я падышоў блiжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснiк iзноў ляжыць там.

Ён быў адзiн. Ён ляжаў на спiне, сунуўшы рукi пад голаў, тварам у ценю i ўсiм целам на сонцы. Над сiняю робай ад спёкi ўздымалася пара. Я крыху здiвiўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, i калi iшоў сюды, да крынiцы, зусiм пра гэта не думаў.

Калi ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся i сунуў руку ў кiшэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, якi ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкiнуўся на спiну, але рукi з кiшэнi не выняў. Я быў ад яго даволi далёка, метраў, мусiць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазiрае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекi. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналi скакаць прад маiмi вачыма ў гарачым паветры. Хвалi плёскалiся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўднi. Вакол былi ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены блiскучы пясок. Вось ужо дзве гадзiны, як дзень застыў, не маючы сiлы зрушыць далей, дзве гадзiны, як ён кiнуў якар у неабсяжным акiяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, i краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.

Я падумаў, што варта мне толькi павярнуцца i пайсцi, i ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпiўся за мною, дрыжаў на сонцы i не пускаў назад. Я ступiў некалькi крокаў да крынiцы. Араб не варухнуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усмiхаецца. Я счакаў. Сонца палiла шчокi, я адчуваў, як пот буйнымi кроплямi сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калi я хаваў маму, як i тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялi i шалёна пульсавалi. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкi i зрабiў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калi зраблю адзiн крок. Але я зрабiў гэты крок, адзiн толькi крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож i выставiў яго перада мной на сонцы. Прамень блiснуў па сталi i ўеўся мне ў лоб доўгiм iскрыстым лязом. У тое ж iмгненне пот рынуў з броваў, залiў павекi, захiнуў iх цёплай вiльготнай смугой. Вочы аслеплi пад салёным покрывам слёз. Я нiчога не адчуваў, адно сонца ў галаве бiла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клiнок рассякаў мае вейкi, працiнаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкi, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынiлася на ўсю шырыню i на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сцiснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухi аглушальны ўдар, i ўсё пачалося. Я скiнуў з сябе сонца i пот. I зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цiшу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслiвы. Тады я стрэлiў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, i кулi ўваходзiлi ў яго, не пакiдаючы слядоў. I гэта былi нiбы чатыры кароткiя ўдары, якiмi я пастукаўся ў дзверы бяды.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: