Я хутка паснедаў i выпiў кавы. Пасля пайшоў дадому i крыху задрамаў, бо за снеданнем, вiдаць, выпiў лiшку вiна. Калi я прачнуўся, мне захацелася запалiць. Але было позна, i каб не спазнiцца, прыйшлося бегчы на трамвай. Усю другую палову дня працаваў. У канторы было дужа горача, i таму ўвечары, калi я вяртаўся дадому, было прыемна паволi брысцi прыморскiмi вулачкамi. Неба было зялёнае, на душы ляжаў цiхi спакой. Але я нiкуды не заходзiў i пайшоў адразу дамоў, бо на вячэру хацеў згатаваць бульбы.

Падымаючыся па цёмнай лесвiцы, я натыкнуўся на свайго суседа, старога Саламано. Ён вёў гуляць свайго спанiэля. Вось ужо восем гадоў iх паўсюль бачаць разам. У сабакi нейкая скурная хвароба - шолудзi, па-мойму, цi што, поўсць амаль уся аблезла i цела пакрылася балячкамi i бурай каростай. Стары Саламано жыве з iм у адным маленькiм пакойчыку, i праз гэта ўрэшце сам зрабiўся да яго падобны. Акурат такая ж ружовая кароста на твары i валасы бляклыя i рэдкiя. А сабака пераняў звычкi гаспадара - ходзiць таксама згорблены, з выткнутаю наперад мызай i напятаю шыяй. Можна падумаць, што яны наогул адной пароды; але ўсё роўна - ненавiдзяць адзiн аднаго страшэнна. Два разы на дзень, у адзiнаццаць i ў шэсць гадзiн, стары выводзiць сабаку на шпацыр. I за ўсе восем год iх маршрут нiколi не мяняўся. Iх можна ўбачыць на Лiонскай вулiцы: сабака бяжыць наперадзе, цягнучы старога за сабой, i так напiнае павадок, што Саламано нарэшце пачынае спатыкацца. Тады ён б'е сабаку i бэсцiць яго на чым свет стаiць. Сабака баязлiва прыцiскаецца да зямлi i нехаця пляцецца за гаспадаром. Цяпер ужо старому даводзiцца яго цягнуць. Але хутка сабака на ўсё забываецца i зноў валачэ свайго гаспадара, пакуль зноў на яго не пачынаюць сыпацца грымакi i праклёны. Пасля яны доўга стаяць пасярод ходнiкаў i моўчкi глядзяць адзiн на аднаго - сабака з жахам, стары з нянавiсцю. I так кожны дзень. Калi сабака хоча да слупа, стары не дае яму часу i цягне за сабой, а за спанiэлем па ўсiх ходнiках застаецца дарожка з мокрых плям. Калi ж раптам сабака наробiць у пакоi, на яго зноў сыплюцца грымакi. Усё гэта - ужо восем год. Селест кажа, што "абодва яны няшчасныя", але хто ж яго ведае, як яно ёсць сапраўды. Калi я сустрэў iх на лесвiцы, стары бэсцiў сабаку. "Свалата! - крычаў ён. - Падла!" - а сабака адно цiха скуголiў. Я сказаў: "Добры вечар", - але Саламано ўсё лаяўся. Тады я папытаўся, што яму сабака зрабiў. Стары зноў не адказаў i адно паўтараў сваё: "Свалата! Падла!" У прыцемку я ледзь разгледзеў яго. Стары схiлiўся над сабакам i нешта папраўляў на аброжку. Я паўтарыў пытанне гучней. Тады, не азiраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымлiваючы гнеў: "Калi ўжо ён здохне!" I пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, якi скавытаў i ўпiраўся ўсiмi чатырма лапамi.

Якраз у гэту хвiлiну зайшоў другi мой сусед па лесвiчнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калi ў яго пытаюцца пра прафесiю, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць. Але са мной ён гутарыць даволi часта i нават калi-нiкалi заходзiць пасядзець на хвiлiнку - бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цiкава. Дый зрэшты, у мяне няма нiякiх прычын не размаўляць з iм. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокi, але плячысты i мае баксёрскi нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: "Ну цi ж не няшчасны тып!" I запытаўся, цi не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы паднялiся па лесвiцы, i я ўжо хацеў развiтацца, калi ён сказаў:

- У мяне ёсць крывянка i трошкi вiна. Можа, раздзелiце вячэру са мной?..

Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нiчога гатаваць, i згадзiўся. Кватэра ў яго таксама маленькая - адзiн пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам - бела-ружовы гiпсавы анёл, фатаграфii нейкiх чэмпiёнаў i дзве цi тры голыя жанчыны. У пакоi было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запалiў газнiцу, потым выцягнуў з кiшэнi даволi падазронай чысцiнi бiнт i пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабiўся з адным тыпам, якi не дае яму праходу.

- Вы ж разумееце, пане Мёрсо, - сказаў ён, - я чалавек не зласлiвы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: "Выходзь, маўляў, з трамвая, калi ты мужчына". Я кажу: "Супакойся". А ён кажа: "Ты, маўляў, не мужчына". Ну, выйшаў я i кажу: "Адчапiся лепш, бо зараз дам". А ён пытаецца: "Што гэта ты мне дасi?" Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён павалiўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамi мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму - раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка i паплыла. "Ну што, - кажу, задаволены цяпер?" - "Ага", - кажа.

Расказваючы ўсё гэта, Сэнтэс перавязваў руку. Я сядзеў на ложку. Потым ён сказаў:

- Вы ж бачыце, я да яго не чапляўся. Ён першы да мяне палез.

Я згадзiўся i сказаў, што так яно ўсё i было. Тады ён заявiў, што хоча параiцца са мной наконт адной справы, - я, маўляў, сапраўдны мужчына, ведаю жыццё i мог бы яму дапамагчы, а ён затое пасля будзе мне сябрам. Я нiчога не адказаў, i ён запытаўся, цi хачу я, каб ён быў маiм сябрам. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна, i яго, вiдаць, такi адказ задаволiў. Ён дастаў кiлбасу, падсмажыў яе на патэльнi, потым расставiў шклянкi, талеркi, прынёс нажы з вiдэльцамi i дзве бутэлькi вiна. Усё гэта ён рабiў моўчкi. Потым мы селi за стол, i ён пачаў расказваць мне сваю гiсторыю. Спачатку, праўда,трошкi муляўся.

- Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць...

Чалавек, з якiм ён пабiўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. I тады ён прызнаўся, што ведае, якiя чуткi пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае - ён сапраўды працуе кладаўшчыком.

- Дык вось, пра гэту каханку, - сказаў ён. - Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе.

Ён даваў ёй акурат столькi грошай, каб iх ставала на жыццё. Сам плацiў за пакой, дзе яна жыла, i яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу.

- Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот - за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю - карацей, на месяц выходзiла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзiлася - ёй гэтага, бач, у абрэз, за такiя грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: "А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавiла б мяне ад усiх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе i гарнiтур не так даўно купiў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваiмi сяброўкамi можаш пiць. Кавай з цукрам яна iх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што - нiчога? Але працаваць яна так i не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла - не можа яна жыць па-людску, i ўсё тут. Ну, тады я i ўцямiў, што нешта тут, вiдаць, не чыста, махлярства нейкае.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: