Як бачу, вам рупiць хутчэй пачуць гiсторыю пра маё ўзвядзенне на папскi прастол? Але, далiбог, гiсторыя вельмi банальная. Не ведаю толькi, цi хопiць сiлы яе расказаць. Зрэшты, гарачка, здаецца, спадае. Гэта было вельмi даўно. Лёс закiнуў мяне тады ў Афрыку, дзе, дзякуючы намаганням пана Ромеля, гарэла вайна. Можаце не хвалявацца, я не меў да яе нiякага дачынення. З мяне досыць было Эўропы. Праўда, у свой час я быў мабiлiзаваны, але нюхнуць пораху мне так i не давялося. I ў пэўным сэнсе, я нават шкадую пра гэта. Хто ведае, можа быць, жыццё ў мяне тады склалася б iначай? Але на фронце я французскай армii не спатрэбiўся. Яна запрасiла мяне адно прыняць удзел у адступленнi. I такiм чынам я зноў убачыў Парыж, а разам з iм i немцаў. Мяне вельмi спакушала думка ўступiць у Супрацiўленне. Пра яго пачыналi гаварыць якраз у той момант, калi я заўважыў у сабе патрыёта. Вы ўсмiхаецеся? Дарэмна. Я зрабiў гэтае адкрыццё на станцыi метро ў Шатле. Нейкi сабака заблудзiў там у лабiрынце падземных пераходаў. Вялiкi такi, ведаеце, сабака, з жорсткай поўсцю i адным падраным вухам. Ён шнарыў паўсюль сваiмi цiкаўнымi вачыма, падскокваў да мiнакоў, нюхаў iм лыткi. А я, трэба прызнацца, люблю сабак, люблю даўняй i вернай любоўю. Я люблю iх за тое, што яны заўсёды ўмеюць дараваць. Вось i тады я паклiкаў гэтага бедалагу. Спачатку ён завагаўся, але потым, вiдаць, адчуў да мяне давер i вясёла пабег наперадзе, лiслiва вiляючы хвастом. У гэтую хвiлiну мяне абагнаў малады нямецкi салдат. Параўняўшыся з сабакам, ён палашчыў яго па галаве, i той адразу, без нiякага вагання i з такой самай сiмпатыяй пабег за чужынцам. Хутка яны знiклi ў натоўпе. Пасля таго, што здарылася, мяне апанавала такая нянавiсць да гэтага нямецкага салдата, што сумнявацца ў яе патрыятычнасцi я болей не мог. Няхай бы сабака пабег за нейкiм цывiльным французам, дык я на гэта, можа, i не звярнуў бы ўвагi. Але ж ён пабег за немцам, i калi я ўяўляў, што гэты сiмпатычны гарэза зробiцца любiмцам якогась нямецкага палка, мяне ажно трэсла ад гневу. Так што, самi бачыце, маё выпрабаванне на патрыятычнасць дало сама пераканаўчыя вынiкi.
I тады я вырашыў перабрацца ў Паўднёвую зону i знайсцi там больш падрабязныя звесткi пра Супрацiўленне. Аднак, калi мне гэта ўдалося i калi я ўсё прачуў, у мяне закралася нерашучасць. Задума стварыць падобнае мерапрыемства здавалася мне неразумнай. Гэта наогул была нейкая рамантычная мара. I галоўнае, жыццё ў падполлi не стасавалася з маiм тэмпераментам i маёю цягай да вольных вяршынь. Мне чамусьцi ўяўлялася, што мне загадаюць дзень i ноч сядзець у склепе i ўвесь час вязаць нейкую мудрагелiстую сетку, пакуль туды не прыйдуць злыднi, якiя распусцяць маё вязанне, перацягнуць мяне ў iншы склеп i будуць там катаваць да самай смерцi. Я захапляўся мужнасцю тых, хто мог пайсцi на такi падзямельны гераiзм, але наследаваць iх прыкладу быў няздольны.
Такiм чынам я неўзабаве апынуўся ў Паўночнай Афрыцы, адкуль меў цьмяную надзею дабрацца да Лондана. Але ў Афрыцы сiтуацыя была вельмi заблытаная, усе супрацiўныя партыi, як мне здавалася, аднолькава мелi рацыю, i я не далучыўся нi да адной з iх, а таму i сваю былую надзею мусiў таксама пакiнуць. Па-вашаму, я, вiдаць, прапускаю тут пэўныя дробязi, у якiх ёсць глыбокi сэнс? Ну што ж, дапусцiм, што, разумеючы вашу дасцiпнасць, я раблю гэта наўмысна каб вы маглi заўважыць iх яшчэ лепш. Як бы то нi было, але нарэшце я апынуўся ў Тунiсе, дзе адна з маiх мiлых сябровак уладкавала мяне на працу. Гэта была вельмi разумная асоба, якая ў той час займалася нечым у кiно. Я прыехаў за ёй у тунiскую сталiцу, але пра сапраўдную яе прафесiю даведаўся толькi тады, калi ў Алжыры высадзiлiся першыя войскi саюзнiкаў. Якраз у той дзень яе i арыштавалi, а разам з ёй - i мяне, хоць я, далiбог, гэтага зусiм не хацеў. Што з ёй сталася потым, не ведаю, а мне не зрабiлi нiякага лiха, i пасля таго, як мiнулi першыя страхi, я зразумеў, што мой арышт быў хутчэй за ўсё мерай перасцярогi. Я быў перавезены ў лагер пад Трыпалi, дзе вязнi пакутавалi больш ад знямогi i смагi, як ад грубага абыходжання. Не буду ўсяго гэтага апiсваць. Бо, каб уявiць сабе падобныя ўстановы, нам, дзецям сярэдзiны дваццатага стагоддзя, зусiм не патрэбны падрабязныя апiсаннi. Сто пяцьдзесят год назад людзi з замiраннем душы думалi пра лясы i азёры. А цяпер - цяпер нам уласцiва, як бы мовiць, камерная лiрыка. Словам, я давяраю вашаму ўяўленню. Дадам хiба некалькi мазкоў: спёка, сонца над самай галавой, мухi, пясок i нiякай вады.
Маiм суседам па лагеры аказаўся адзiн малады i вельмi набожны француз. Ну, проста як у казцы, ведаеце, - гэткi доблесны рыцар Дзюгэсклен! Ён перабраўся з Францыi ў Гiшпанiю, каб змагацца з фашыстамi. Але хутка трапiў у палон, i нейкi такi самы набожны генерал iнтэрнiраваў яго ў франкiсцкiм лагеры. Калi ж нябога даведаўся, што сачавiчная полiўка там (няхай мне даруюць гэта блюзнерства) асвянчоная самiм Рымам, ён горка засмуцiўся. Нi пякучае афрыканскае неба, нi вясёлыя лагерныя ўцехi - нiшто не здолела пазбавiць яго гэтага смутку. Нарэшце ад сваiх чорных думак ён нават крыху звар'яцеў. I вось аднойчы, калi мы ўдзесяцёх сядзелi пад распаленай сонцам павеццю, з якой на галовы нам лiўся гарачы свiнец, i, задыхаючыся, дарэмна адмахвалiся ад мух, ён зноў пачаў праклiнаць таго, каго называў цяпер не iначай, як Рымлянiнам. Ён не галiўся ўжо некалькi дзён, вочы яго блукалi, цела блiшчала ад поту, i пальцы нервова скакалi па рэберных клавiшах. I тут ён абвясцiў, што чалавецтва павiнна абраць сабе новага папу - такога, якi жыў бы сярод няшчасных, а не малiўся, седзячы на прастоле, i чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепей. Ён матлянуў галавой, зiрнуў на нас сваiмi шалёнымi вачыма i паўтарыў: "Так, чым хутчэй, тым лепей!" Потым ён раптам паспакайнеў i паведамiў змрочным голасам, што папам трэба выбраць каго-небудзь з нас, гэта павiнен быць звычайны i паўнацэнны чалавек, з усiмi яго вартасцямi i недахопамi. Мы ж усе прысягнём яму ў паслушэнстве з умовай, што ён будзе падтрымлiваць у сабе i ў другiх пачуццё еднасцi з усiмi пакутнiкамi.
"У каго сярод нас больш за ўсё слабасцей?" - запытаўся ён. Дзеля жарту я падняў руку, i аказалася, што нiхто болей гэтага не зрабiў. "Ну што ж, сказаў ён, - Жан-Батыст падыдзе". Не, ён сказаў не так, бо ў мяне тады было iншае iмя. Проста ён сказаў, што, каб прызнацца ў сваiх слабасцях, як гэта зрабiў я, чалавек павiнен валодаць бясспрэчнымi вартасцямi, i таму ён прапаноўвае выбраць мяне. Каб прыняць удзел у гульнi, усе пагадзiлiся. Але, кажучы праўду, зроблена гэта было не без пэўнай сур'ёзнасцi, бо наш Дзюгэсклен усё ж уразiў нас сваiмi прамовамi. Ды i сам я, дарэчы, не лiчыў гэта такiм ужо смешным. Па-першае, мне здавалася, што гэты малы прарок мае ў нечым рацыю, а па-другое, ад бязлiтаснага сонца, працы на змор i вечнай бойкi за ваду мы ўсе ўжо былi крыху ненармальныя. Як бы то нi было, але, уступiўшы ў духоўны сан я з кожным тыднем усё сур'ёзней выконваў свае папскiя абавязкi.