Як бачу, мае словы вас крыху здзiўляюць? Няўжо ў вас нiколi не ўзнiкала патрэбы ў нечым спачуваннi, у чыёйсьцi дапамозе, дружбе? Узнiкала, вядома. А я навучыўся задавальняцца адным спачуваннем. Яго прасцей знайсцi, i потым - яно нi да чога не абавязвае. "Паверце, я вам вельмi спачуваю", - кажаце вы, а самi адразу думаеце: "Ну, досыць, цяпер пара заняцца iншымi справамi". Дарэчы, гэта дзяжурныя фразы ў старшынi ўрада: на iх ён не скупiцца нiколi, асаблiва пасля нацыянальнай катастрофы. А вось з дружбай - зусiм не так проста. Здабываць яе даводзiцца доўга i цяжка, але калi яна ёсць, яе ўжо нельга пазбыцца, за яе трэба плацiць. Вы толькi не думайце, што вашы сябры будуць званiць вам штовечар, няхай i павiнны былi б гэта рабiць - хоць бы дзеля таго, каб даведацца, цi не той гэта вечар, калi вы вырашылi пакончыць жыццё самагубствам цi, можа, проста - хочаце з iмi пабачыцца або прагуляцца. Не-не, крый божа, калi яны i пазвоняць, дык толькi тады, калi вы будзеце не адзiн i свет вам будзе здавацца чароўным. А на самагубства - на самагубства яны самi вас падштурхнуць, бо, на iх думку, для вас гэта будзе святы абавязак i найлепшае выйсце. Ратуй нас неба, шаноўны пане, каб нашыя сябры былi пра нас такой высокай думкi! Што ж да тых, хто абавязаны нас любiць, - я маю на ўвазе бацькоў i тых, з кiм мы павянчаныя (а слова якое, га!), - дык тут зусiм iншая песня. Гэтыя заўсёды маюць патрэбнае слова, нават не слова - кулю! Яны вам звоняць так, нiбы страляюць з карабiна. I цэляць заўсёды лучна. Вось хто сапраўдныя здраднiкi!
Што? Якi вечар? Ах, той! Чакайце, я яшчэ дайду, са мною спяшацца не трэба. Зрэшты, усё, што я кажу пра нашых сяброў i крэўных, ужо, пэўным чынам, датычыцца гэтай гiсторыi. Неяк мне расказалi пра аднаго чалавека, сябар якога сеў у турму. Дык уявiце сабе, кожны вечар гэты небарака клаўся спаць на падлозе, каб пазбавiць сябе тых выгод, якiх не меў той, каго ён любiў! Скажыце, шаноўны, хто будзе спаць на падлозе за вас? Ды цi сам я здольны на гэта? Паверце, я хачу быць здольным, i я буду. Мы ўсе некалi будзем здольныя на гэта, i ў гэтым будзе наш ратунак. Але гэта нялёгка. Нялёгка, бо дружба няўважлiвая цi, прынамсi, бяссiльная. Яна б i хацела, але не можа. Цi, можа быць, яна не так ужо моцна хоча? Можа быць, мы не так ужо моцна любiм жыццё? Вы заўважалi, што толькi смерць абуджае нашы пачуццi? Як мы любiм сяброў, што пакiнулi нас назаўжды! Як захапляемся мы вялiкiмi майстрамi, якiя ўжо змоўклi навекi, бо iх рот набiты зямлёй! Пахвала тады сама зрываецца ў нас з языка, тая пахвала, якую яны, мабыць, чакалi ад нас усё жыццё. I ведаеце, чаму мы заўсёды больш справядлiвыя i зычлiвыя да памерлых? Прычына вельмi простая! Перад iмi ў нас няма абавязкаў. Яны не абмяжоўваюць нашай свабоды, i мы можам пахвалiць iх тады, калi хочам, памiж кактэйлем i мiлай каханкай, - калi нам, увогуле, усё роўна рабiць болей няма чаго. Калi ж яны i патрабуюць ад нас чагосьцi, дык толькi ўспамiнаў, а памяць у нас вельмi кароткая. Мы любiм толькi нядаўна памерлых сяброў, пакуль у нас яшчэ жыве свежае хваляванне, пакуль не ацiх наш боль - нарэшце, мы любiм зноў-такi самiх жа сябе!
У мяне быў адзiн сябар, якога я стараўся часцей пазбягаць. Мне з iм было крыху нудна, i потым - ён назаляў мне сваiмi маральнымi настаўленнямi. Аднак калi ён апынуўся на смяротным ложы, будзьце спакойны, я адразу ж сядзеў ля яго. Кожны дзень я прыходзiў да хворага, i ён памёр задаволены мною, пацiскаючы мне руку. У адной жанчыны, якая вельмi доўга, але бясплённа заляцалася да мяне, хапiла добрага густу памерцi маладой. Колькi месца яна адразу заняла ў маiм сэрцы! А ўявiце сабе не простую смерць, а самагубства! Божа лiтасцiвы, во дзе ўздымаецца вэрхал! Бесперастанку звонiць тэлефон, сэрца перапаўняецца, гучаць наўмысна кароткiя фразы, поўныя намёкаў, стрыманага болю i нават папрокаў - але-але! - папрокаў самому сабе!
Так ужо створаны чалавек, мiлы пане, у яго два аблiччы: ён не можа любiць другiх, калi не любiць самога сябе. Паназiрайце за сваiмi суседзямi, калi ў вашым доме нехта памрэ. Да таго яны сонна марнеюць у сваiм нiкчэмным жыццi, але вось, раптам, памiрае, ну, скажам, напрыклад, дворнiк. I адразу ж усе прачынаюцца. Колькi мiтуснi, пытанняў, жалю! Нарэшце навiна аблятае ўвесь дом, i спектакль пачынаецца. Што вы хочаце, людзям патрэбны трагедыi, гэта дапамагае iм хоць крыху ўзняцца над самiмi сабой, гэта iх хмельны напiтак. Дарэчы, я не выпадкова завёў гаворку пра дворнiка. У нашым доме таксама быў адзiн, асоба сапраўды пакрыўджаная Богам - заўсёды злосны, да пачварнага пагардлiвы i злапомны. Ён мог бы збянтэжыць нават сама памяркоўнага манаха-францысканца. Я нiколi не гутарыў з iм, але адно яго iснаванне ўжо псавала мне радасць жыцця. I вось нарэшце ён памёр, i я пайшоў на яго пахаванне. Чаго - скажыце вы мне?
Два днi да хаўтураў былi, зрэшты, вельмi цiкавыя. Дворнiчыха ляжала хворая ў сваiм адзiным пакойчыку, i труну з целам нябожчыка паставiлi побач з ёю на драўляных козлах. Кожны жыхар мусiў сам забiраць сваю пошту. Усе заходзiлi, казалi: "Дзень добры, панi", -слухалi хвалебныя словы ў адрас нябожчыка, на якога няшчасная паказвала рукой, i, узяўшы свае газеты, знiкалi. Вы хочаце сказаць, што ў гэтым няма нiчога вясёлага! Тым не менш, увесь дом пабываў у гэтым пакоi, дзе нясцерпна патыхала фенолам. I заўважце, людзi не пасылалi сваiх пакаёвак, яны самi iшлi пакарыстацца такiм удалым выпадкам. Зрэшты, i пакаёўкi таксама прыходзiлi, але цiшком, каб iх не заўважылi. У дзень пахавання аказалася, што труна настолькi вялiкая, што не пралазiць у дзверы. "О даражэнькi ты мой, - прастагнала дворнiчыха са свайго ложка, i ў яе голасе пачулася адначасова зачараванае i прыкрае здзiўленне, - якi ж ты быў вялiкi!" - "Не хвалюйцеся, панi, - азваўся распараднiк працэсii, - зараз мы яго нахiлiм i пранясём стаўма". Яго сапраўды нахiлiлi, пранеслi i потым паклалi, i я быў адзiны (калi не лiчыць былога бармена, з якiм, як я даведаўся, нябожчык штовечар пiў у бары "Перно"), хто дайшоў аж да могiлак i кiнуў кветкi на труну, раскошнасць якой мяне, дарэчы, здзiвiла. Пасля гэтага я зайшоў да дворнiчыхi, каб паслухаць, як яна голасам трагiчнай акторкi выкажа мне сваю ўдзячнасць. Вы запытаецеся, навошта я гэта зрабiў? Нiнавошта. А можа, таксама - каб выпiць свой хмельны напой.
Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку. Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта - напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца.