Мiж тым становiшча Жынэты i Мартэна было вельмi хiсткае. Без падтрымкi, амаль без грошай, iм заставалася спадзявацца толькi на сябе. Праўда, Мартэна гэта зусiм не хвалявала. Ён усё думаў пра свой вялiкi артыкул, над якiм яшчэ трэба было працаваць i працаваць. На шчасце, Жынэта была больш практычная. За тыя некалькi соцень, што ў iх яшчэ заставалiся, яна купiла бiлет нацыянальнай латарэi i назаўтра ж стала ўладальнiцай пяцi мiльёнаў франкаў. Шчаслiвы Мартэн цяпер быў упэўнены, што другi нумар часопiса ўбачыць свет. Але Жынэта думала iнакш: абгрунтавана i доказна яна пераканала Мартэна, што пяць мiльёнаў - гэта дробязь, i перш чым укладваць значныя сродкi ў такую няпэўную справу, як часопiс,трэба стварыць мацнейшую платформу. I абое занялiся камерцыяй. Спецыялiзавалiся на ангельскiх шпiльках. Па праўдзе кажучы, Мартэну гэта не надта падабалася, але памалу ён адчуў смак у гэтай справе i ўкладваў у яе ўвесь свой iнтэлектуальны запал.
На сённяшнi дзень Мартэн i Жынэта - людзi з добрым дастаткам. I, як прадчувала Жынэта, у Мартэна няма нiякага жадання зноў вяртацца да выдання часопiса "Назад". Цяпер Мартэн - за народ, за абяздоленых i, як усе, рэвалюцыянер. Ён памiрыўся з сынкамi мiльярдэраў i разам з iмi жартуе з лёсу часопiса-нябожчыка. У Мартэна цудоўныя адносiны з палiтычнымi коламi. А нядаўна ён купiў сабе новы амерыканскi аўтамабiль за мiльён чатырыста тысяч франкаў. I тым не менш Мартэн - чалавек ненадзейны. Даволi часта пасля званых абедаў цi кактэйляў у найлепшых дамах Парыжа ён з гумарам усклiкае: "Каб ведалi яны, як я стаўлюся да iх рэвалюцыi!" Ён злосна смяецца, а ў вачах загараецца распусны агеньчык.
Я добра ведаю Мартэна i з нейкай трывогай пытаюся ў сябе, цi не ўчынiць гэты чалавек калi-небудзь спектакля, дзе багацей публiчна раскажа пра свае сапраўдныя адносiны да народа. Уявiць гэта цяжка, але...