З таго часу як змясцiлi Акелу, Чарада заставалася без важака i ваўкi хадзiлi на паляванне або бiлiся як хто надумаецца. Аднак ваўкi па звычцы прыйшлi на поклiч. Адны з iх закульгавелi, трапiўшы ў пастку, другiя ледзь чыкiльгалi, параненыя шротам, трэцiя запаршывелi, бо харчавалiся рознай дрэнню, шмат каго недалiчвалiся зусiм. Але ўсе, хто застаўся жывы, прыйшлi на Скалу Рады i ўбачылi паласатую шкуру Шэр-Хана на скале i вялiзныя кiпцюры, што матлялiся на канцах пустых лапаў.
- Глядзiце як след, о ваўкi! Хiба я не стрымаў слова? - сказаў Маўглi.
I ваўкi прадзяўкалi: "Стрымаў!", а адзiн, сама заняпалы, завыў:
- Будзь зноў нашым важаком, о Акела! Будзь нашым важаком, о дзiцяня! Нам апрыкрала беззаконне, i мы хочам зноў стаць Вольным Народам!
- Не, - правуркатала Багiра, - гэта немагчыма. Калi вы будзеце сытыя, вы можаце зноў ашалець. Нездарма вы называецеся Вольным Народам. Вы бiлiся за Волю, i яна ваша. Ешце яе, о ваўкi!
- Чалавечая чарада i воўчая чарада прагналi мяне, - сказаў Маўглi. - Цяпер я буду хадзiць на паляванне ў джунглях адзiн.
- I мы будзем хадзiць на паляванне разам з табой, - сказалi чацвёра ваўчанят.
I Маўглi пайшоў i з гэтага дня займаўся паляваннем у джунглях разам з чатырма ваўчанятамi.
Але ён не заўсёды заставаўся адзiн: праз многа гадоў ён стаў дарослы i ажанiўся.
Але гэта ўжо - гаворка для вялiкiх!
ЯК СТРАХ ПРЫЙШОЎ У ДЖУНГЛI
Закон Джунгляў, якi куды старэйшы за ўсе iншыя законы на зямлi, прадбачыў амаль усе выпадковасцi, якiя могуць выпасцi на долю Народа Джунгляў, i цяпер у гэтым Законе ёсць усё, што маглi даць час i звычай. Калi вы чыталi папярэднiя апавяданнi пра Маўглi, дык памятаеце, што ён правёў большую частку свайго жыцця ў Сiянiйскай Воўчай Чарадзе i навучаўся Закону ў бурага мядзведзя Балу. Гэта Балу сказаў хлопчыку, калi таму надакучыла выконваць яго загады, што Закон падобны на ўчэпiстую лiяну: ён хапае кожнага i нiкому ад яго не ўцячы.
- Калi ты пражывеш з маё, Маленькi Брат, дык пабачыш, што ўсе джунглi падначальваюцца аднаму Закону. I гэта будзе не дужа прыемна бачыць, - сказаў Балу.
Яго словы ўвайшлi ў адно вуха Маўглi i выйшлi праз другое: хлопчык, у якога ўсё жыццё iдзе на яду i сон, не будзе асаблiва непакоiцца, пакуль бяда не падыдзе да яго ўпрытык. Але настаў год, калi словы Балу пацвердзiлiся, i Маўглi ўбачыў, што ўсе джунглi падпарадкуюцца аднаму Закону.
Гэта пачалося пасля таго, як зiмовых дажджоў не выпала амаль зусiм i дзiкабраз Сахi, сустрэўшы Маўглi ў бамбукавым зараснiку, расказаў яму, што дзiкi ямс падсыхае. А ўсе ж ведаюць, што Сахi пераборлiвы да смешнага i есць толькi сама смачнае i сама спелае. Маўглi засмяяўся i сказаў:
- А мне якi клопат?
- Цяпер - амаль нiякага, - суха i няветлiва адказаў Сахi, пабразгваючы iголкамi, - а там будзе вiдаць. Цi можна яшчэ даваць нырца ў глыбокай яме пад Пчалiнай Скалой, Маленькi Брат?
- Не. Дурная вада ўся кудысьцi сышла, а я не хачу раскалоць сабе галаву, сказаў Маўглi, якi быў упэўнены, што ведае не менш, чым пяць дзiкабразаў, разам узятыя.
- Тым горш для цябе: у маленькую расколiну магло б увайсцi хоць трошкi розуму.
Сахi хуценька адхiлiўся, каб Маўглi не скубнуў яго за шчацiнкi на носе. Калi Маўглi перадаў Балу словы Сахi, мядзведзь на хвiлiну задумаўся i прабурчаў:
- Калi б я быў адзiн, я змянiў бы месца палявання, перш чым астатнiя пра гэта здагадаюцца. Ды толькi паляванне сярод чужых заўсёды канчаецца бойкай хаця б яны не ўчынiлi чаго-небудзь кепскага дзiцяняцi. Пачакаем, паглядзiм, як будзе цвiсцi махуа.
Гэтай вясной дрэва махуа, плады якога любiў Балу, так i не зацвiло. Сметанковага колеру васковыя пялёсткi былi спалены спякотай, перш чым паспелi распусцiцца, i ўсяго некалькi бутонаў, ад якiх нядобра пахла, упала на зямлю, калi мядзведзь стаў на заднiя лапы i страсянуў дрэва. Потым паступова невыказная спякота прабралася ў самае сэрца джунгляў, i яны пажоўклi, пабурэлi i нарэшце пачарнелi. Зялёны зараснiк на схiлах яроў выгараў, памярцвеў i скруцiўся, нiбы кавалкi чорнага дроту; патаемныя азёры высахлi да дна, пакрылiся скарынкай, i нават сама лёгкiя сляды на iх берагах захоўвалiся доўга, быццам вылiтыя з чыгуну; сакавiтыя сцяблiнкi плюшчу, што абвiвалi дрэвы, упалi да iх камлёў i завялi; бамбук засох i трывожна шамацеў на спякотным ветры; мох сышоў са скал у глыбiнi джунгляў, i яны зрабiлiся гэткiя ж голыя i гарачыя, як сiнiя валуны ў рэчышчы патоку.
Птушкi i малпы, разумеючы, што iм пагражае бяда, перабралiся на поўнач у самым пачатку года, а аленi i дзiкi забiралiся далёка ў засохлыя на коранi палеткi вакол вёсак i нярэдка памiралi на вачах у людзей, якiя занадта аслабелi, каб забiваць iх. Каршун Чыль застаўся ў джунглях i растлусцеў, бо падлы было вельмi многа. Кожны вечар ён паўтараў звярам, якiя ўжо не мелi сiлы сысцi на новыя мясцiны, што сонца забiла джунглi на тры днi лёту ва ўсе бакi.
Маўглi, якi дагэтуль не ведаў сапраўднага голаду, узяўся за стары мёд трохгадовай даўнасцi; ён выграбаў з апусцелых вуллёў сярод скал мёд, чорны, як ягады цёрну, i пакрыты налётам застылага цукру. А яшчэ ён даставаў лiчынкi, што пазабiралiся глыбока пад кару дрэў, i выкрадаў у восаў iхнюю дзятву. Ад дзiчыны ў джунглях засталiся скура ды косцi, i Багiра забiвала тройчы на ноч i ўсё не магла наесцiся ўволю. Але горш за ўсё было тое, што не хапала вады, бо Народ Джунгляў п'е хоць i рэдка, але ўдосталь.
А спякота ўсё трымалася i трымалася i выпiла ўсю вiльгаць, i ў рэшце рэшт з усiх рэк, рэчак i ручаёў заставалася толькi галоўнае рэчышча Вайнгангi, па якiм бруiўся тоненькi ручаёк вады памiж мёртвымi берагамi; i калi дзiкi слон Хатхi, якi жыве сто гадоў i нават больш, убачыў доўгi сiнi каменны хрыбет, што высунуўся з-пад вады пасярэдзiне патоку, ён пазнаў Скалу Мiру i тут жа ўзняў хобат i затрубiў, абвяшчаючы Вадзяное Перамiр'е, як пяцьдзесят гадоў назад абвясцiў гэтае Перамiр'е яго бацька. Аленi, дзiкi i буйвалы хрыпла падхапiлi яго заклiк, а каршун Чыль, лятаючы над зямлёй вялiкiмi кругамi, свiстам i крыкам паведамляў джунглям пра Перамiр'е.
Паводле Закону Джунгляў, забойства каля вадапою караецца смерцю, калi Перамiр'е ўжо аб'яўлена. Гэта таму, што напiцца вады важней, чым пад'есцi. Кожны звер у джунглях як-небудзь пераб'ецца, калi мала дзiчыны, але вада ёсць вада, i калi засталася ўсяго адна крынiца, любое паляванне спыняецца, пакуль Народ Джунгляў ходзiць да яе на вадапой. У добрыя часы, калi вады было шмат, звярам, што хадзiлi на вадапой да Вайнгангi або ў iншае месца, пагражала смерць, i гэтая небяспека павялiчвала асалоду начнога жыцця. Спусцiцца да ракi так спрытна, каб не зашамацеў нi адзiн лiсцiк; хадзiць па калена ў грукатлiвай вадзе парогаў, якая заглушае любы шум; пiць, азiраючыся цераз плячо, са страхам напружваючы ўсе мускулы для першага адчайнага скачка, а потым пакачацца па пясчаным беразе i вярнуцца з мокрай пысай i поўным жыватом да зачараванага тваёй смеласцю статка, - усё гэта з захапленнем рабiлi маладыя аленi з блiскучымi гладкiмi рожкамi якраз таму, што ў любую хвiлiну Багiра або Шэр-Хан маглi кiнуцца на iх i схапiць. Але цяпер гэтая гульня ў жыццё i смерць была скончана, i Народ Джунгляў падыходзiў галодны i змучаны да абмялелай ракi - тыгр i мядзведзь разам з аленямi, буйваламi i дзiкамi, - пiў забруджаную ваду i доўга стаяў над ракой, не маючы сiлы крануцца з месца.