I ўсё ж неяк раз уночы памiж двума быкамi выйшла спрэчка за пашу, такая спрэчка, якiя вы цяпер вырашаеце з дапамогай рагоў i пярэднiх капытоў. Кажуць, што, калi абодва быкi прыйшлi скардзiцца да Першага з Тыграў, якi ляжаў сярод кветак, адзiн з iх штурхнуў яго рагамi, i Першы з Тыграў, забыўшы пра тое, што ён уладар i суддзя над джунглямi, кiнуўся на гэтага быка i зламаў яму карак.

Да тае ночы нiхто сярод нас не памiраў, i Першы з Тыграў, убачыўшы, што ён нарабiў, i ашалеўшы ад паху крывi, уцёк у балоты на поўнач; мы, Народ Джунгляў, засталiся без суддзi i пачалi сварыцца i бiцца памiж сабою. Тха пачуў шум i прыйшоў да нас. I адны з нас гаварылi адно, а другiя - другое, але ён убачыў мёртвага быка сярод кветак i запытаў у нас, хто яго забiў, а мы не маглi яму сказаць, бо страцiлi розум ад паху крывi, як трацiм яго i цяпер. Мы кiдалiся i кружылiся па джунглях, скакалi, крычалi i маталi галовамi. I Тха загадаў нiжнiм галiнам дрэў i паўзучым лiянам джунгляў пазначыць забойцу, каб Першы са Сланоў мог пазнаць яго.

I Тха спытаў:

"Хто хоча быць Валадаром Джунгляў?"

Выскачыла Шэрая Малпа, што жыве на галiнах, i крыкнула:

"Я хачу быць Валадаркай Джунгляў!"

Тха ўсмiхнуўся i адказаў:

"Няхай будзе так!" - i, разгневаны, пайшоў прэч.

Дзецi, вы ведаеце Шэрую Малпу. Тады яна была гэтакая ж, як i цяпер. Спачатку яна зрабiла разумны твар, але праз хвiлiну пачала чухацца i скакаць угору i ўнiз, i калi Тха вярнуўся, ён убачыў, што Шэрая Малпа вiсiць на дрэве галавой ўнiз i перадражнiвае ўсiх, хто стаiць пад дрэвам, i яны таксама яе дражняць. I гэтак вось у джунглях не стала болей Закону - адна толькi недарэчная балбатня i словы без сэнсу.

Тады Тха паклiкаў нас усiх i сказаў:

"Першы ваш Валадар прынёс у джунглi Смерць, другi - Ганьбу. Цяпер пара даць вам Закон, i такi Закон, якi вы не асмельвалiся б парушаць. Цяпер вы спазнаеце Страх i, убачыўшы яго, зразумееце, што ён валадар над вамi, а ўсё астатняе прыйдзе само сабою".

Тады мы, Народ Джунгляў, спыталi:

"Што такое Страх?"

I Тха адказаў:

"Шукайце i знойдзеце".

I мы выхадзiлi ўсе джунглi ўдоўж i ўпоперак у пошуках Страху, i неўзабаве буйвалы...

- Ух! - адклiкнуўся са сваёй пясчанай водмелi Меса, важак буйвалаў.

- Так, Меса, гэта былi буйвалы. Яны прынеслi вестку, што ў адной пячоры ў джунглях сядзiць Страх, што ён безвалосы i ходзiць на заднiх лапах. Тады ўсе мы пайшлi за статкам буйвалаў да гэтай пячоры, i Страх стаяў там каля ўвахода. Так, ён быў безвалосы, як расказвалi буйвалы, i хадзiў на заднiх лапах. Убачыўшы нас, ён крыкнуў, i яго голас пасялiў у нас той страх, якi мы ведаем цяпер, i мы рынулiся прэч, топчучы i наносячы раны адзiн аднаму. У тую ноч Народ Джунгляў не лёг адпачываць увесь разам, як было ў нас заведзена, а кожнае племя легла асобна - дзiкi з дзiкамi i аленi з аленямi: рогi з рагамi i капыты з капытамi. Свае палеглi са сваiмi i дрыжалi ад страху ўсю ноч.

Толькi Першага з Тыграў не было з намi: ён усё яшчэ хаваўся ў балотах на поўначы, i калi да яго дайшла вестка пра тое, каго мы бачылi ў пячоры, ён сказаў:

"Я пайду да яго i зламлю яму карак".

I ён бег усю ноч, пакуль не дабраўся да пячоры, але дрэвы i лiяны на яго дарозе памяталi загад Тха, нiзка апускалi свае галiны i мецiлi яго на бягу: праводзiлi пальцамi па яго спiне, баках, iлбе i падбародку. I дзе б нi дакраналiся да яго лiяны, заставалася метка або паласа на яго жоўтай шкуры. I гэтыя палосы яго дзецi носяць да нашых дзён! Калi ён падышоў да пячоры, Безвалосы Страх выставiў руку i назваў яго "Паласаты, што прыходзiць уночы", i Першы з Тыграў спалохаўся Безвалосага i, выючы, уцёк назад на балоты...

Тут Маўглi цiхенька засмяяўся, апусцiўшы падбародак у ваду.

- ...Ён выў так моцна, што Тха пачуў яго i спытаў:

"Чаго ты?"

I Першы з Тыграў узняў морду да толькi што створанага неба, якое цяпер такое старое, i сказаў:

"Вярнi мне маю ўладу, о Тха! Мяне зганьбiлi перад усiмi джунглямi: я ўцёк ад Безвалосага, а ён назваў мяне ганебным iменем".

"А чаму?" - спытаў Тха.

"Таму што я запэцкаўся ў балотнай гразi", - адказаў Першы з Тыграў.

"Дык паплавай i пакачайся па мокрай траве, i калi гэта гразь, яна, вядома, сыдзе", - сказаў Тха.

I Першы з Тыграў плаваў, i плаваў, i качаўся па траве, так што джунглi закруцiлiся ў яго перад вачамi, але нiводная плямка не сышла з яго шкуры, i Тха засмяяўся, пазiраючы на яго. Тады Першы з Тыграў спытаў:

"Што ж я зрабiў i чаму гэта здарылася са мною?"

Тха адказаў:

"Ты забiў быка i ўпусцiў Смерць у джунглi, а разам са Смерцю прыйшоў Страх, i таму Народы Джунгляў цяпер баяцца адзiн аднаго, як ты баiшся Безвалосага".

Першы з Тыграў сказаў:

"Яны не пабаяцца мяне, бо я даўно iх ведаю".

"Пайдзi i паглядзi", - адказаў Тха.

Тады Першы з Тыграў пачаў бегаць узад i ўперад па джунглях i гучна клiкаць аленяў, дзiкоў, дзiкабразаў i ўсе Народы Джунгляў. I ўсе яны ўцяклi ад тыгра, якi быў раней iхнiм Суддзёй, таму што баялiся яго цяпер.

Тады Першы з Тыграў вярнуўся да Тха. Гордасць яго была зламана, i стукнуўшыся галавой аб зямлю, ён пачаў грэбцi яе ўсiмi чатырма лапамi i завыў:

"Успомнi, што я калiсьцi быў Валадаром Джунгляў! Не забудзься пра мяне, о Тха! Няхай мае дзецi памятаюць, што калiсьцi я не ведаў нi ганьбы, нi страху!"

I Тха сказаў:

"Гэта я зраблю, бо мы ўдвух з табою бачылi, як стваралiся джунглi. Адна ноч у годзе будзе для цябе i для тваiх дзяцей такая ж, як была раней, пакуль ты не забiў быка. Калi ты сустрэнеш Безвалосага ў гэтую адзiную ноч - а завуць яго Чалавек, - ты не спалохаешся яго, затое ён будзе баяцца цябе i тваiх дзяцей, быццам вы суддзi джунгляў i гаспадары ўсяго, што ў iх ёсць. Будзь лiтасцiвы да яго ў гэтую ноч Страху, бо цяпер ты ведаеш, што такое Страх".

I тады Першы з Тыграў адказаў:

"Добра. Я задаволены".

Але пасля гэтага, падышоўшы да ракi, каб напiцца, ён убачыў палосы на сваiх баках, успомнiў iмя, якое даў яму Безвалосы, i яго ахапiла лютасць. Цэлы год ён пражыў сярод балотаў, чакаючы, калi Тха выканае сваё абяцанне. I ў адну ноч, калi Месячны Шакал (вечарнiца) узышоў над джунглямi, тыгр адчуў, што надышла яго ноч, i пайшоў да той пячоры, дзе жыў Безвалосы. I ўсё адбылося так, як абяцаў Першы са Сланоў: Безвалосы ўпаў на каленi перад iм i распасцёрся на зямлi, а Першы з Тыграў кiнуўся на яго i зламаў яму хрыбет, думаючы, што ў джунглях больш няма Безвалосых i што ён забiў Страх. I тады, абнюхаўшы сваю здабычу, ён пачуў, што Тха iдзе з лясоў поўначы. I неўзабаве пачуўся голас Першага са Сланоў, той самы голас, якi мы чуем зараз...


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: