Пантэра нагнула галаву, каб яе голас разлёгся па ўсiм лесе, i пачулася працяглае-працяглае "Добрага палявання!" - начны клiч сярод белага дня, даволi страшны для пачатку. Маўглi паслухаў, як гэты клiч пракацiўся па джунглях, то ўзмацняючыся, то зацiхаючы, i замёр дзесьцi ў яго за спiной на сама тужлiвай ноце, i ўсмiхнуўся, бегучы лесам. Ён бачыў, як вугальшчыкi збiлiся ў гурт, як задрыжала стрэльба старога Балдзео, нiбы бананавы лiст на ветры. Потым Шэры Брат правыў: "Йа-ла-хi! Йа-ла-хi!" - паляўнiчы поклiч, якi гучыць, калi Чарада гонiць перад сабою нiльгау - вялiкую шэрую антылопу.

Гэты поклiч, здавалася, iшоў з усiх канцоў лесу адразу i чуўся ўсё блiжэй i блiжэй, пакуль нарэшце не абарваўся побач, зусiм блiзка, на сама пранiзлiвай ноце. Астатнiя тры ваўкi падхапiлi яго, так што нават Маўглi мог бы прысягнуць, што ўся Чарада гонiць дзiчыну па гарачым следзе. А потым усе чацвёра заспявалi цудоўную ранiшнюю Песню Джунгляў, з усiмi трэлямi, пералiвамi i пераходамi, якiя ўмее выводзiць магутнае воўчае горла.

Нiякi пераказ не можа перадаць нi ўражання ад гэтай песнi, нi насмешку, якую надалi ваўкi кожнай ноце, пачуўшы, як затрашчалi сукi, калi вугальшчыкi ад страху палезлi на дрэвы, а Балдзео пачаў мармытаць замовы i заклiнаннi. Потым ваўкi палеглi i заснулi, бо вялi правiльны распарадак жыцця, як i ўсе, хто жыве са свае працы: не выспiшся - не папрацуеш як след.

Тым часам Маўглi пакiдаў за сабой мiлю за мiляй, прабягаючы па дзевяць мiляў за гадзiну, i радаваўся, што анi не аслабеў пасля столькiх месяцаў жыцця сярод людзей. У яго галаве засела адна толькi думка: выручыць Месую з мужам з пасткi, якая б яна нi была, - ён асцерагаўся любых пастак. Пасля гэтага, абяцаў сабе Маўглi, ён расквiтаецца i з усёй вёскай.

Ужо апусцiўся змрок, калi ён убачыў знаёмую пашу i дрэва дхак, пад якiм чакаў яго Шэры Брат у тую ранiцу, як Маўглi забiў Шэр-Хана. Якi нi злосны быў ён на ўсiх людзей, усё ж пры першым позiрку на вясковыя стрэхi ў яго заняло дух. Ён прыкмецiў, што ўсе вярнулiся з поля раней часу i, замест таго каб узяцца за прыгатаванне вячэры, сабралiся натоўпам пад вясковай смакоўнiцай, адкуль чулiся гоман i крык.

- Людзям абавязкова трэба ставiць пасткi для iншых людзей, а без гэтага яны ўсё будуць незадаволены, - сказаў Маўглi. - Дзве ночы назад яны лавiлi Маўглi, а зараз мне здаецца, што гэтая ноч была многа дажджоў назад. Сёння чарга Месуi з мужам. А заўтра, i паслязаўтра, i на шмат начэй пасля таго зноў надыдзе чарга Маўглi.

Ён прапоўз пад агароджай i, дабраўшыся да хацiны Месуi, зазiрнуў у акно. У пакоi ляжала Месуа, звязаная па руках i нагах, i стагнала, цяжка дыхаючы; яе муж быў прывязаны рамянямi да страката размаляванага ложка. Дзверы хацiны, што выходзiлi на вулiцу, былi моцна падпёрты, i тры цi чатыры чалавекi сядзелi, прыхiлiўшыся да iх спiной.

Маўглi вельмi добра ведаў норавы i звычаi вёскi. Ён сцямiў, што, пакуль людзi ядуць, кураць i размаўляюць, нiчога iншага яны рабiць не будуць; але пасля таго, як яны паядуць, iх трэба асцерагацца. Хутка вернецца i Балдзео, i калi яго павадыры добра саслужылi сваю службу, яму будзе пра што расказаць. Хлопчык залез у акно, нагнуўся над мужчынам i жанчынай i разрэзаў рамянi, што звязвалi iх, дастаў затычкi з рота i пашукаў, цi няма ў хацiне малака.

- Я ведала, я ведала, што ён прыйдзе! - заплакала Месуа. - Цяпер я ведаю пэўна, што ён мой сын. - I яна прытулiла Маўглi да грудзей.

Да гэтай хвiлiны Маўглi быў зусiм спакойны, але тут ён увесь задрыжаў i сам невыказна здзiвiўся гэтаму.

- Для чаго гэтыя рамянi? За што яны звязалi цябе? - спытаў ён, памаўчаўшы.

- Каб пакараць за тое, што мы ўзялi цябе сынам, за што ж яшчэ? - сказаў муж сярдзiта. - Паглядзi - я ўвесь у крывi.

Месуа нiчога не сказала, але Маўглi зiрнуў на яе раны, i муж з жонкай пачулi, як ён скрыгатнуў зубамi.

- Чыя гэта работа? - спытаў ён. - За гэта яны паплацяцца!

- Гэта работа ўсёй вёскi. Мяне лiчылi багацеем. У мяне было шмат жывёлы. Мы з ёю ведзьмакi, таму што далi табе прытулак.

- Я не разумею! Няхай раскажа Месуа.

- Я кармiла цябе малаком, Натху, ты памятаеш? - нясмела спытала Месуа. Таму што ты мой сын, якога схапiў тыгр, i таму што я моцна цябе люблю. Яны кажуць, што я твая мацi, мацi пярэваратня, i за гэта павiнна памерцi.

- А што такое пярэварацень? - спытаў Маўглi. - Смерць я ўжо бачыў.

Муж панура зiрнуў на яго спадылба, але Месуа засмяялася.

- Бачыш? - сказала яна мужу. - Я ведала, я табе гаварыла, што ён не вядзьмар. Ён мой сын, мой сын!

- Сын цi вядзьмар - якая нам з гэтага карысць? - адказаў муж. - Цяпер мы з табою ўсё роўна што памерлi.

- Вунь там iдзе дарога праз джунглi, - паказаў Маўглi ў акно. - Рукi i ногi ў вас развязаны. Iдзiце адсюль.

- Мы не ведаем джунгляў, сын мой, так, як... як ты iх ведаеш, - пачала Месуа. - Мне не адысцiся далёка.

- А людзi пагоняцца за намi i зноў прывядуць нас сюды, - сказаў яе муж.

- Гм! - сказаў Маўглi, водзячы кончыкам паляўнiчага нажа па сваёй далонi. - Пакуль што я не хачу лiха нiкому ў гэтай вёсцы. Не думаю, аднак, што цябе запыняць. Мiне яшчэ крышку часу - i ў iх знойдзецца пра што падумаць. Ага! ён узняў галаву i прыслухаўся да крыкаў i беганiны за дзвярамi. - Нарэшце яны адпусцiлi Балдзео дадому!

- Яго паслалi ранiцай забiць цябе, - сказала Месуа. - Хiба ты яго не сустрэў?

- Ага, Мы... я сустрэў яго. Яму ёсць пра што расказаць. А пакуль ён гаворыць, можна шмат што зрабiць. Але спачатку трэба даведацца, чаго яны хочуць. Падумайце, куды вам лепш пайсцi адгэтуль, i скажыце мне, як я вярнуся.

Ён выскачыў праз акно i зноў пабег, хаваючыся пад вясковай сцяной, пакуль яму не стаў чуваць гоман натоўпу, што сабраўся пад смакоўнiцай.

Балдзео кашляў i стагнаў, лежачы на зямлi, а ўсе астатнiя абступiлi яго i распытвалi. Валасы ў яго раскудлацiлiся, рукi i ногi ён паабдзiраў, залазячы на дрэва, i ледзь мог гаварыць, але затое вельмi добра разумеў усю значнасць свайго становiшча.

Час ад часу ён пачынаў гаварыць штосьцi пра пявучых чарцей, пярэваратняў i вядзьмарства толькi для таго, каб распалiць цiкаўнасць i намякнуць натоўпу, пра што ён будзе расказваць. Потым папрасiў вады.

- Так! - сказаў Маўглi. - Словы i словы! Адна балбатня! Людзi - крэўныя браты малпаў. Спачатку ён будзе паласкаць рот вадой, потым палiць, а зрабiўшы ўсё гэта, пачне расказваць. Ну i дурнi гэтыя людзi! Яны не паставяць нiкога пiльнаваць Месую, пакуль Балдзео тлумiць iм галовы сваiмi байкамi. I я раблюся гэткiм жа гультаём!


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: