- Праўда, гэта было Запаветнае Слова, - вярнуўшыся, шапнула Багiра яму на вуха. - Яны пасвiлiся каля ракi i паслухалiся мяне, як буйвалы. Глядзi, вунь яны iдуць!

Хатхi i яго тры сыны з'явiлiся, як заўсёды, без адзiнага гуку. Рачны мул яшчэ не высах на iхнiх баках, i Хатхi ў задуменнi дажоўваў зялёнае бананавае дрэўца, якое вырваў бiўнямi. Але кожны рух яго велiзарнага цела гаварыў Багiры, якая разумела ўсё з першага позiрку, што не Гаспадар Джунгляў прыйшоў да хлопчыка-ваўчаняцi, а прыйшоў той, хто баiцца, да таго, хто не баiцца нiчога. Тры сыны Хатхi пагойдвалiся плячо ў плячо ззаду бацькi.

Маўглi толькi крыху прыўзняў галаву, калi Хатхi пажадаў яму добрага палявання. Перш чым сказаць хоць слова, ён прымусiў Хатхi доўга пераступаць з нагi на нагу, пагойдвацца i ўстрэсвацца, а калi загаварыў, дык з Багiрай, а не са сланамi.

- Я хачу расказаць вам адну гiсторыю, а чуў я яе ад паляўнiчага, на якога вы палявалi сёння, - пачаў Маўглi. - Гэта гiсторыя пра тое, як стары i разумны слон трапiў у пастку i востры кол на дне ямы разарваў яму скуру ад пяткi да пляча, так што застаўся белы шрам.

Маўглi працягнуў руку, i калi Хатхi павярнуўся, пры святле месяца стаў вiдаць доўгi белы шрам на шэрым, як грыфель, баку, быццам яго сцебанулi распаленым бiчом.

- Людзi выцягнулi слана з ямы, - гаварыў далей Маўглi, - але ён быў дужы, разарваў путы i ўцёк, i хаваўся, пакуль рана не загаiлася. Тады ён вярнуўся ўночы на палеткi паляўнiчых. Цяпер я прыпамiнаю, што ў яго было тры сыны. Усё гэта адбылося многа-многа дажджоў таму назад i вельмi далёка адгэтуль - на палетках Бхаратпура. Што здарылася з гэтымi палеткамi ў наступнае жнiво, Хатхi?

- Жнiво сабраў я з маiмi трыма сынамi, - сказаў Хатхi.

- А што было з пасевам, якi iдзе за жнiвом? - спытаў Маўглi.

- Пасеву не было, - сказаў Хатхi.

- А з людзьмi, якiя жылi на палях побач з пасевамi? - спытаў Маўглi.

- Яны сышлi.

- А з хацiнамi, у якiх спалi людзi? - спытаў Маўглi.

- Мы раскiдалi стрэхi дамоў, а джунглi паглынулi сцены.

- А што ж было потым? - спытаў Маўглi.

- Мы напусцiлi джунглi на пяць вёсак; i ў гэтых вёсках, i на iх землях, i на пашах, i на мяккiх, узараных палетках не засталося цяпер нiводнага чалавека, якi атрымлiваў бы ежу ад зямлi. Вось як былi вытаптаны бхаратпурскiя палеткi, i гэта зрабiў я з маiмi трыма сынамi. А цяпер скажы мне, Маўглi, як ты даведаўся пра гэта? - спытаў Хатхi.

- Мне сказаў адзiн чалавек, i цяпер я пераканаўся, што нават Балдзео не заўсёды хлусiць. Гэта было добра зроблена, Хатхi з белым шрамам, а другi раз выйдзе яшчэ лепш, бо распараджацца будзе чалавек. Ты ведаеш вёску чалавечай чарады, што выгнала мяне? Не варта, каб яны жылi там i надалей. Я iх ненавiджу!

- А забiваць нiкога не трэба? Мае бiўнi пачырванелi ад крывi, калi мы тапталi палеткi ў Бхаратпуры, i мне не хацелася б зноў абуджаць гэты пах.

- Мне таксама. Я не хачу нават, каб iх косцi ляжалi на нашай чыстай зямлi. Няхай шукаюць сабе iншае логава. Тут iм няможна заставацца. Я чуў, як пахне кроў жанчыны, якая мяне кармiла - жанчыны, якую яны забiлi б, каб не я. Толькi пах свежай травы на парогах дамоў можа заглушыць пах крывi. Ад яго ў мяне смылiць у роце. Напусцiм на iх джунглi, Хатхi!

- А! - сказаў Хатхi. - Вось гэтак жа смылеў i шрам на маёй скуры, пакуль мы не ўбачылi, як загiнулi вёскi пад веснавым параснiкам. Цяпер я зразумеў: твая вайна стане нашай вайной. Мы напусцiм на iх джунглi.

Маўглi ледзь паспеў перавесцi дух - ён увесь калацiўся ад нянавiсцi i злосцi, - як тое месца, дзе стаялi сланы, апусцела, i толькi Багiра глядзела на Маўглi з жахам.

А Хатхi i яго тры сыны павярнулi кожны ў свой бок i моўчкi пакрочылi па далiнах. Яны iшлi ўсё далей i далей праз джунглi i зрабiлi шэсцьдзесят мiляў гэта значыць цэлы двухдзённы пераход. I кожны iх крок, i кожнае пагойдванне хобата былi прыкмечаны i вытлумачаны Мангам, Чылем, Малпiным Народам i ўсiмi птушкамi. Потым сланы пачалi кармiцца i мiрна пасвiлiся не менш тыдня. Хатхi i яго сыны падобны на горнага ўдава Каа: яны не будуць спяшацца, калi ў гэтым няма патрэбы.

Праз тыдзень - i нiхто не ведае, адкуль гэта пайшло, - па джунглях пранеслася чутка, што ў такой i такой вось далiне корм i вада сама лепшыя. Дзiкi, якiя гатовы iсцi на край свету дзеля сытнага харчу, рушылi першыя, атрад за атрадам перавальваў цераз каменне; за iмi падалiся аленi, а за аленямi - маленькiя лiсiцы, якiя харчуюцца падлай. Побач з аленямi iшлi непаваротлiвыя антылопы нiльгау, а за нiльгау рухалiся дзiкiя буйвалы з балотаў. Спачатку лёгка было б павярнуць назад адзiночныя i разрозненыя статкi, якiя скублi траву, iшлi далей, пiлi i зноў скублi траву, але як толькi сярод iх узнiмалася трывога, з'яўляўся хто-небудзь i супакойваў iх. То гэта быў дзiкабраз Сахi з весткай аб тым, што добры харч пачынаецца трошкi далей; то кажан Манг, трапечучы крыламi, з радасным пiскам праносiўся па прагалiне, каб паказаць, што там нiкога няма; то Балу з поўным ротам карэння, валюхаючыся, падыходзiў да статка i жартам або ўсур'ёз палохаў яго, выкiроўваючы на патрэбную дарогу. Шмат хто павярнуў назад, разбегся або не захацеў iсцi далей, але астатнiя заставалiся i па-ранейшаму iшлi ўперад.

Мiнула дзён дзесяць, i к гэтаму часу ўсё выглядала так: аленi, дзiкi i нiльгау тапталiся, рухаючыся па крузе радыусам восем цi дзесяць мiляў, а драпежнiкi нападалi на iх з краёў. А ў цэнтры круга была вёска, а навакол вёскi даспявала збажына на палетках, а на палетках сядзелi людзi на вышках, падобных на галубятнi i пабудаваных для таго, каб адпуджваць птушак i iншых зладзейчыкаў.

Была цёмная ноч, калi Хатхi i яго тры сыны без шуму выйшлi з джунгляў, зламалi хобатамi жэрдкi, i вышкi ўпалi, як падае зламаная сцяблiна амежнiку, а людзi, што звалiлiся з iх, пачулi глухое бурчанне сланоў. Потым авангард напуджанай армii аленяў прымчаўся i вытаптаў вясковую пашу i ўзараныя палеткi; а за iмi прыйшлi тупарылыя дзiкi з вострымi капытамi, i што засталося пасля аленяў, тое знiшчылi свiннi. Час ад часу ваўкi трывожылi статкi, i тыя, ашалелыя, кiдалiся з боку ў бок, тапталi зялёны ячмень i раўнялi з зямлёй берагi арашальных каналаў. Перад свiтаннем у адным месцы на краi круга драпежнiкi адступiлi, пакiнуўшы адкрытай дарогу на поўдзень, i аленi рынулiся па ёй, статак за статкам. Астатнiя, смялейшыя, залеглi ў гушчары, каб пакармiцца наступнай ноччу.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: