У той дзень Маўглi сядзеў памiж вялiкiх кольцаў Каа i перабiраў пальцамi лускавiнiстую старую скуру, якую ўдаў скiнуў сярод камянёў. Каа ласкава падставiў сваё цела пад шырокiя голыя плечы Маўглi, i хлопчык сядзеў, нiбы ў жывым крэсле.
- Яна ўся цэлая, нават i лускавiнкi на вачах цэлыя, - нягучна сказаў Маўглi, забаўляючыся скiнутай скурай. - Як дзiўна бачыць каля сваiх ног тое, што закрывала галаву!
- Так, але ног у мяне няма, - адказаў Каа, - i я не бачу тут нiчога дзiўнага, гэта звычай майго народа. Хiба ты нiколi не адчуваеш, што скура ў цябе сухая i цвёрдая?
- Тады я iду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялiкую гарачыню мне хочацца скiнуць скуру зусiм i бегаць без скуры.
- Я i купаюся i мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?
Маўглi правёў рукой па косых клетках вялiзнай спiны.
- У чарапахi спiна цвярдзейшая, але не такая стракатая, - сказаў ён у задуменнi. - У жабы, маёй цёзкi, яна больш стракатая, але не такая цвёрдая. З выгляду вельмi прыгожа, нiбы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.
- Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!
- Я панясу цябе, - сказаў Маўглi i, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялiзнае цела Каа там, дзе яно здавалася сама тоўстым.
Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчынi, i Каа ляжаў нерухома, цiха пыхкаючы ад асалоды. Потым у iх пачалася звычайная вячэрняя гульня - хлопчык у росквiце сiлы i ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалi барукацца адзiн з адным, выпрабоўваючы зоркасць i сiлу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такiх, як Маўглi, калi б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, нiколi не выкарыстоўваў i дзесятай долi сваёй магутнасцi.
Як толькi Маўглi стаў дастаткова дужы, каб з iм можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульнi, i яго цела зрабiлася пасля такiх практыкаванняў надзвычай гнуткiм. Iншы раз Маўглi стаяў, абкручаны амаль да горла гiбкiмi кольцамi Каа, намагаючыся вызвалiць адну руку i ўхапiць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглi сваiмi шпаркiмi нагамi не даваў знайсцi пункт апоры вялiзнаму хвасту, якi выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдвалiся ўзад i ўперад, галава каля галавы, кожны выбiраючы момант для нападу, i нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў вiхор чорных з жоўтым кольцаў i мiльгаючых ног i рук, каб зноў i зноў падняцца.
- Ну-ну-ну! - гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якiх не магла адбiць нават шпаркая рука Маўглi. - Глядзi! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькi Брат! Вось i вось! Рукi ў цябе анямелi, цi што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, iмклiвым ударам галавы Каа заўсёды збiваў хлопчыка з ног. Маўглi так i не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; i, як казаў Каа, на гэта не варта было трацiць часу.
- Добрага палявання! - прабурчаў нарэшце Каа.
I Маўглi, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся i рагочучы.
Ён падняўся з поўнымi жменямi травы i пайшоў за Каа да любiмага месца купання мудрай змяi - глыбокай, чорнай як смоль затокi, акружанай скаламi i асаблiва прывабнай таму, што на дне яе ляжалi ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна кiнуўся ў ваду i нырнуў; потым вынырнуў, таксама без нiводнага гуку, лёг на спiну, заклаўшы рукi пад галаву, i, пазiраючы на месяц, што ўзышоў над скаламi, пачаў разбiваць пальцамi ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, i, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглi. Яны ляжалi нерухома, цешачыся прахалодай, што ахiнала iх.
- Як цудоўна! - сонна сказаў Маўглi. - А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажылiся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак i, закрыўшыся як мага з усiх бакоў ад свежага ветру, захутвалiся з галавой затхлымi анучамi i заводзiлi носам нудныя песнi. У джунглях лепш!
Таропкая кобра праслiзнула паўз iх па скале, напiлася, пажадала iм добрага палявання i знiкла.
- О-о-ш! - сказаў Каа, быццам успомнiў штосьцi. - Дык, значыцца, джунглi даюць табе ўсё, чаго табе толькi хочацца, Маленькi Брат?
- Не ўсё, - сказаў Маўглi i засмяяўся, - а то можна было б кожны месяц забiваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забiць яго сваiмi рукамi i не прасiць дапамогi ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца iншы раз, каб сонца свяцiла ў час дажджоў або каб дажджы закрылi сонца ў разгар лета. А калi я галодны, мне заўсёды хочацца забiць казу, а калi заб'ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калi гэта алень, хочацца, каб гэта быў нiльгау. Але ж так бывае з усiмi.
- I больш табе нiчога не хочацца? - спытаў Каа.
- А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглi i Ласка Джунгляў! Хiба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце памiж усходам i захадам?
- А кобра казала... - пачаў Каа.
- Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нiчога не казала: яна выправiлася на паляванне.
- Не гэтая, а другая.
- I шмат у цябе спраў з Ядавiтым Народам? Я iх не чапаю, няхай iдуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэднiх зубах, i гэта нядобра - яны такiя маленькiя. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?
Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалi.
- Тры цi чатыры месяцы назад, - сказаў ён, - я быў на паляваннi ў Халодных Бярлогах - ты, можа, яшчэ не забыўся пра iх, - i стварэнне, за якiм я гнаўся, з вiскам кiнулася паўз вадаёмы да таго дома, якi я калiсьцi праламаў дзеля цябе, i ўцякло пад зямлю.
- Але ў Халодных Бярлогах нiхто не жыве пад зямлёй. - Маўглi сцямiў, што Каа гаворыць пра Малпiн Народ.
- Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё, - адказаў Каа, высоўваючы трапяткi язык. - Яно запаўзло ў нару, якая iшла вельмi далёка. Я папоўз за iм, забiў яго, а потым заснуў. А калi прачнуўся, дык папоўз уперад.
- Пад зямлёю?
- Ага. I нарэшце натрапiў на Белы Клабук - белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы i паказала мне шмат такога, чаго я нiколi яшчэ не бачыў.
- Новую дзiчыну? I добрае было ў цябе паляванне? - Маўглi шпарка перавярнуўся на бок.
- Гэта была не дзiчына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзi - а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, - што людзi аддалi б усё да апошняга дыхання, каб толькi зiрнуць на гэтыя рэчы.
- Паглядзiм! - сказаў Маўглi. - Цяпер я ўспамiнаю, што калiсьцi быў чалавекам.