- Значыцца, Белы Клабук гаварыў праўду? - жвава спытаў Маўглi.

- Я нарадзiлася ў княжацкiм звярынцы ва Ўдайпуры i, здаецца, ведаю сёе-тое пра чалавека. Шмат хто з людзей пайшоў бы тройчы за ноч на забойства за адзiн гэты чырвоны камень.

- Але ад каменя ручку толькi цяжэй трымаць. Мой блiскучы ножык куды лепшы, i - паслухай! - чырвоны камень не прыдатны для яды. Дык для чаго ж забiваць?

- Маўглi, iдзi спаць. Ты жыў сярод людзей i...

- Я памятаю. Людзi забiваюць, бо не ходзяць на паляванне, - ад няма чаго рабiць i дзеля пацехi. Прачнiся ж, Багiра! Для чаго зроблена гэтая калючая штука?

Багiра прыадплюшчыла сонныя вочы, i ў iх блiснула хiтрая iскрынка.

- Яе зрабiлi людзi для таго, каб калоць у галовы сынам Хатхi. Мне даводзiлася бачыць такiя на вулiцах Удайпура перад звярынцам. Гэтая рэч пакаштавала крывi многiх такiх, як Хатхi.

- Але для чаго ж калоць ёю ў галовы сланоў?

- Для таго, каб навучыць iх Закону Чалавека. У людзей няма нi кiпцюроў, нi зубоў, таму яны i робяць вось такiя штукi i нават горшыя.

- Каб я гэта ведаў, дык не ўзяў бы яго. Я не хачу яго больш. Глядзi!

Анкус паляцеў, паблiскваючы, i зарыўся ў зямлю за пяцьдзесят крокаў ад iх, сярод дрэў.

- Цяпер я ачысцiў мае рукi ад смерцi, - сказаў Маўглi, выцiраючы рукi аб свежую вiльготную зямлю. - Белая кобра гаварыла, што смерць будзе хадзiць за мною па пятах. Яна састарылася, пабялела i выжыла з розуму.

- Смерць цi жыццё, пачарнела цi пабялела, а я пайду спаць, Маленькi Брат. Я не магу быць на паляваннi ўсю ноч i выць увесь дзень, як iншыя.

Багiра ведала выгоднае логава за дзве мiлi ад вадапою i падалася туды адпачываць. Маўглi, доўга не думаючы, залез на дрэва, звязаў разам дзве-тры лiяны, i куды хутчэй, чым можна пра гэта расказаць, пагойдваўся ў гамаку на вышынi пяцiдзесяцi футаў ад зямлi. Хоць Маўглi не баяўся яркага дзённага святла, ён усё ж прытрымлiваўся звычаю сваiх сяброў i стараўся як мага менш бываць на сонцы. Калi яго разбудзiлi гучныя галасы жыхароў дрэў, зноў змяркалася, i ў сне яму снiлiся тыя прыгожыя каменьчыкi, што ён выкiнуў.

- Хоць пагляджу на iх яшчэ раз, - сказаў ён i спусцiўся па лiяне на зямлю.

Але Багiра апярэдзiла яго: Маўглi было чуваць, як яна абнюхвае зямлю ў паўзмроку.

- А дзе ж калючая штука? - усклiкнуў Маўглi.

- Яе ўзяў чалавек. Вось i след.

- Цяпер мы пабачым, цi праўду гаварыла белая кобра. Калi калючая пачвара i сапраўды смерць, гэты чалавек памрэ. Хадзем па следзе.

- Спачатку сходзiм на паляванне, - сказала Багiра, - на пусты страўнiк вочы кепска бачаць. Людзi рухаюцца вельмi павольна, а ў джунглях так сыра, што сама лёгкi след пратрымаецца доўга.

Яны пастаралiся закончыць паляванне як мага хутчэй, i ўсё ж мiнула амаль тры гадзiны, перш чым яны наелiся, напiлiся i пайшлi па следзе. Народ Джунгляў ведае, што спяшацца ў час яды не трэба, бо тое, што прапусцiш, не вернеш.

- Як ты думаеш, калючая пачвара перавернецца ў руках чалавека i заб'е яго? - спытаў Маўглi. - Белая кобра казала, што гэта смерць.

- Пабачым, як дагонiм, - сказала Багiра. Яна бегла рыссю, угнуўшы галаву. - След адзiночны (яна хацела сказаць, што чалавек быў адзiн), i ад цяжкай ношы пятка ўцiскалася глыбока ў зямлю.

- Гм! Гэта ясна, як летняя маланка, - адказаў Маўглi.

I яны памчалiся па слядах дзвюх босых ног шпаркай рыссю, трапляючы то ў цемру, то ў палосы святла месяца.

- Цяпер ён бяжыць хутка, - сказаў Маўглi, - пальцы растапыраны. - Яны беглi далей па сырой лагчыне. - А чаму тут ён звярнуў убок?

- Пачакай! - сказала Багiра i адным цудоўным скачком перамахнула цераз лужок.

Першае, што трэба зрабiць, калi след становiцца незразумелым, гэта скочыць уперад, каб не пакiдаць заблытаных слядоў на зямлi. Пасля скачка Багiра павярнулася да Маўглi i крыкнула:

- Тут другi след iдзе яму насустрач. На гэтым другiм следзе нага меншая i пальцы падкурчаны.

Маўглi падбег i паглядзеў.

- Гэта нага паляўнiчага-гонда, - сказаў ён. - Зiрнi! Тут ён правалок свой лук па траве. Вось чаму першы след звярнуў убок. Вялiкая Нага хавалася ад Маленькай Нагi.

- Ага, правiльна, - сказала Багiра. - Цяпер, каб не наступаць адно аднаму на сляды i не блытацца, возьмем кожны па адным следзе. Я буду Вялiкая Нага, Маленькi Брат, а ты - Маленькая Нага.

Багiра пераскочыла на першы след, а Маўглi нагнуўся, разглядаючы дзiўныя сляды ног з падкурчанымi пальцамi.

- Вось, - сказала Багiра, крок за крокам рухаючыся наперад па ланцужку слядоў, - я, Вялiкая Нага, паварочваю тут убок. Вось я хаваюся за скалу i стаю цiха, не асмельваюся нават пераступiць з нагi на нагу. Гавары, што ў цябе, Маленькi Брат.

- Вось я, Маленькая Нага, падыходжу да скалы, - гаварыў Маўглi, iдучы па следзе. - Вось я саджуся пад скалой, апiраюся на правую руку i стаўлю свой лук памiж вялiкiмi пальцамi ног. Я чакаю доўга, i таму мае ногi пакiдаюць тут глыбокi адбiтак.

- Я таксама, - сказала Багiра, схаваўшыся за скалой. - Я чакаю, паставiўшы калючку вострым канцом на камень. Яна слiзгае: на каменi засталася драпiна. Скажы, што ў цябе, Маленькi Брат.

- Адна-дзве галiнкi i вялiкi сучок зламаны тут, - сказаў Маўглi шэптам. А як расказаць вось гэта? А! Цяпер зразумеў. Я, Маленькая Нага, адыходжу з шумам i тупатам, каб Вялiкая Нага чула мяне.

Маўглi крок за крокам адыходзiў ад скалы, хаваючыся памiж дрэў i павышаючы голас, па меры таго як наблiжаўся да маленькага вадаспада.

- Я - адыходжу - далёка - туды - дзе - шум - вадаспада - заглушае - мае крокi -i тут - я - чакаю. Гавары, што ў цябе, Багiра, Вялiкая Нага!

Пантэра кiдалася ва ўсе бакi, разглядаючы, куды вядзе адбiтак вялiкай нагi з-за скалы. Потым сказала:

- Я паўзу з-за скалы на карачках i валаку за сабой калючую пачвару. Не бачу нiкога i кiдаюся бегчы. Я, Вялiкая Нага, бягу хутка. Дарога добра вiдаць. Iдзём кожны па сваiм следзе. Я пабегла!

Багiра памчалася па добра бачным следзе, а Маўглi пабег па следзе паляўнiчага. На нейкi час у джунглях запанавала маўчанне.

- Дзе ты, Маленькая Нага? - аклiкнула Багiра.

Голас Маўглi адгукнуўся за пяцьдзесят крокаў справа.

- Гм! - буркнула Багiра, глуха кашляючы. - Абодва яны бягуць бок у бок i сыходзяцца ўсё блiжэй!

Яны прабеглi яшчэ з паўмiлi, застаючыся на той жа адлегласцi, пакуль Маўглi, якi не прыгiнаўся гэтак нiзка да зямлi, не крыкнуў:

- Яны сышлiся! Добрага палявання! Глядзi-тка! Тут стаяла Маленькая Нага, апiраючыся каленам на камень, а там - Вялiкая Нага!


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: