Корал Маскер у адчаi адкiнула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала i танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлiтасны рэжысёр усё бiў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнiлася на месяц i парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала i танцавала, не звяртаючы на яго нiякай увагi, а ён усё бiў яе палкай па нагах.

Мiсiс Пiтэрс павярнула галаву i сказала мужу:

- Гэтае пiва. Мой страўнiк нiяк не сцiхае. Усё бурчыць i бурчыць. Не магу заснуць.

Мiстэру Оўпi прыснiлася, што ён - апрануты ў стыхар, з крыкетнай бiтай пад пахай i спартыўнай пальчаткай на запясцi - узыходзiць па агромнiстай мармуровай лесвiцы да святога прастола ў божым храме.

Доктар Джон, якi нарэшце заснуў з горкай пiлюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, i скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамi загучала павольнае i распеўнае: "Кёльн, Кёльн, Кёльн".

Частка другая

КЁЛЬН

1

- Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, - сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзiннiк прабiў адзiн раз, i афiцыянт на тэрасе "Эксцельсiёра" пачаў выключаць святло. - Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. - Яна нахiлiлася праз столiк i паправiла гальштук у Мейбл Уорэн.

- Мы жывём разам тры гады, - сказала мiс Уорэн нiзкiм маркотным тонам, - i я нiколi не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.

Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамi.

- Напрамiлы бог, дарагая, паглядзi на гадзiннiк. Цягнiк адыходзiць праз паўгадзiны, мне трэба ўзяць багаж, а табе - iнтэрв'ю. Дапiвай свой джын, i пойдзем.

Мейбл Уорэн дапiла джын. Потым паднялася з крэсла, i яе мажная постаць злёгку хiснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык i спартыўнага крою гарнiтур з цвiду. Бровы ў яе былi цёмныя, вочы карыя i рашучыя, а цяпер чырвоныя ад слёз.

- Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, - запярэчыла яна.

- Усё гэта глупства, любая, - сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудранiцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. - Ты добра напiвалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкi ведай меру. Я ж пакiдаю цябе толькi на тыдзень.

- Трымайся далей ад мужчын! - пахмурна сказала мiс Уорэн, а калi Джанет Пардаў паднялася, каб перайсцi вулiцу, яна моцна ўчапiлася за яе руку. Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калi б толькi я магла паехаць з табой! Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. - Ой, глянь толькi, што я нарабiла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнiтур! Вялiкай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысцiць спаднiцу Джанет Пардаў.

- Ох, напрамiлы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, - сказала Джанет.

Настрой у мiс Уорэн змянiўся. Яна выпрасталася i заступiла Джанет дарогу.

- Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.

- Лепей пойдзем хутчэй.

- Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.

Джанет Пардаў саступiла:

- Адну шклянку, толькi адну, май на ўвазе.

Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велiзарны, прасторны, блiскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькi стомленых мужчын i жанчын паспешлiва глыталi кубачкi кавы.

- Яшчэ адзiн джын, - папрасiла мiс Уорэн, i Джанет заказала ёй шклянку джыну.

У люстры на супрацьлеглай сцяне мiс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, - даволi агiднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая i дарагая iстота - зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. "Чаго я вартая? - з маркотай, уласцiвай п'янiцам, падумала яна. - Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, - а потым з цынiчнай жорсткасцю дадала ў думках: - Яна ў мяне на ўтрыманнi. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маiмi крывёю i потам (хоць батарэi ў рэстаране не ратавалi яе ад пранiзлiвага холаду), падымаюся на досвiтку, бяру iнтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у iхнiх логавах, у матак забiтых дзяцей, "асвятляю" тое, "асвятляю" гэтае. Яна ведала i нават ганарылася тым, што пра яе гаварылi ў рэдакцыях лонданскiх газет: "Калi вам трэба прымусiць чытачоў загаласiць, такi матэрыял зробiць вам толькi Незвычайная Мейбл". Яе ўладаннi - ажно да самага Рэйна, памiж Кёльнам i Майнцам не знойдзецца нiводнага мястэчка, вялiкага цi малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусiм ёй не знаёмых, яна насiльна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнаннi, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Нiводзiн самазабойца, нiводная забiтая жанчына, нiводная згвалчаная дзяўчына не закраналi яе пачуццяў, не выклiкалi ў яе шкадавання. Яна - мастак, i яе задача - крытычна даследаваць, назiраць, прыслухоўвацца, а слёзы - яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела i плакала ўголас, з агiднымi ўсхлiпамi, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.

- У каго ты будзеш браць iнтэрв'ю? - спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусiм не цiкавiла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклiкалi агульную ўвагу. - Табе трэба прычасацца.

Яна была проставалосая, i яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусiм раскудлацiлiся.

- У Сейвары, - адказала мiс Уорэн. - Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнiгi "Развясёлае жыццё". Паўмiльёна слоў. Дзве сотнi персанажаў. Генiяльны кокнi*. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.

* Карэнны жыхар Лондана.

- А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?

- Едзе на Ўсход збiраць матэрыял на новую кнiгу. Праўда, гэта не зусiм мая работа, аднак, калi выпала мне цябе праводзiць, выкарыстаю магчымасць i вазьму ў яго iнтэрв'ю. Заказалi мне артыкул на чвэрць газетнай калонкi, але, вiдаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такiя матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялi паўслупка сярод паведамленняў пра русалак i марскiх канькоў.

Раптоўны ўсплеск прафесiйнай цiкаўнасцi схлынуў, як толькi яна зноў глянула на Джанет Пардаў: ранiцай яна не ўбачыць, як Джанет у пiжаме налiвае ў кубачкi каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у пiжаме размешвае кактэйль.

- Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? - хрыпла спытала яна. Дзiўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калi яго вымавiла мiс Уорэн сваiм нiзкiм мужчынскiм голасам.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: