— Гэта з кавярнi Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.

— Колькi асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусiць, досыць будзе пальцаў аднае рукi, каб палiчыць усiх?.. Два ўнукi, сын, я i — Вы. Леанора, Вы зробiце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапiла пальцаў аднае рукi.

— Hе, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўлялiся. Дзякуй, Леанора.

Пэўна, яна ўважае мяне за вар'ята; але калi я вар'ят, значыць, я быў iм заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу, — i ведаў, што я дасягну таго; толькi аднаго я нiколi не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабiў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькi дзеля прыемнасцi самому сабе? Да чаго я iмкнуўся, калi тады, ранкам у пятнiцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзiў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкi, рухi, дакладны распарадак дня, ад той самай хвiлi, калi зрабiў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў складаную харэаграфiчную кампазiцыю, у якой збiраўся быць i салiстам, i балетмайстрам у адной асобе; статыстаў i дэкарацыi я меў задарма.

У мяне было толькi дзесяць хвiлiн, перад тым як зрабiць першае па: усяго толькi каб прайсцi цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль "Прынц Генрых", перайсцi Модэстгасэ i пераступiць парог у кавярнi Кронэра. Я паявiўся ў гэтым горадзе ў дзень, калi мне споўнiлася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая ранiца. Рамiзнiцкiя клячы пiльнавалi сваiх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях гатэля "Прынц Генрых" валачылi валiзы ўслед за гасцямi на вакзал; падымалiся салiдныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы — цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамi гатэля; ротмiстр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукi арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.

Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 — памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса — паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна — з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб — перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; "Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!" — i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.

Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, — святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.

Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах — а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.

Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек — можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здавалiся мне гэткiмi ж пратухлымi, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццацi трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, i яны мяне спакушалi; басанож я шмыгаў па калiдорах з застаялым пахам, каб прымаць i аддаваць пяшчоту — i тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадвалiся вада з лавандаю i распушчаныя валасы; а ў жахлiвых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць, гучалi суровыя словы: «нягоднiк», "гонар", «цнатлiвасць», i там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлiвасцi дачок, а ў тварах матак, на якiх было напiсана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднiкам: шлюбу нiводнай не абяцаў i не хацеў правесцi сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць.

Па вяртаннi з вячэрнiх курсаў я працягваў рысаваць, лiчыць i рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў i дрэвы, аблогi хмар i цэрквы, каплiцы — у гатычным, раманскiм, барочным, бiдэрмаераўскiм стылi, у стылi ракако — i, калi ласка, у сучасным стылi таксама: доўгавалосыя жанкi, чые адухоўленыя твары луналi над дзвярамi дамоў, а распушчаныя валасы ападалi з абодвух бакоў увахода, нiбы заслоны; дакладна над сярэдзiнай дзвярэй быў строгi прабор; калi ласка: у тыя запоўненыя працай гадзiны гаспадарскiя дочкi, знуджаныя без кахання, прыносiлi мне слабую гарбату альбо слабы лiманад, правакавалi мяне да любошчаў, якiя iм здавалiся смелымi; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталi, бо ведаў, што яны — хто былi гэтыя "яны"? — найлягчэй давалi сябе падкупiць дэталямi: клямкамi, дэкаратыўнымi кратамi, божымi авечкамi, пелiканамi, якарамi i крыжамi, па якiх з шыпеннем, звiваючыся, паўзлi ўгору — i не маглi ўзпаўзцi вышэй змеi.

Захавалася таксама ў маёй памяцi хiтрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошнi шэф Домгрэве: у найважнейшай хвiлi ён нiбы знарок выпускаў з рук ружанец; калi пад час агледзiн месца набожныя сяляне горда паказвалi ўчастак, што быў вызначаны iм пад будоўлю царквы, калi поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалi пра намер пабудаваць новую святыню — трэба было разам з дробнымi грашыма, гадзiннiкам альбо цыгарэтавымi абцужкамi выцягнуць з кiшэнi ружанец, даць яму ўпасцi, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлi; гэта нiколi не магло рассмяшыць мяне.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: