"Калi я прынясу вам ягонага Манэ, - перапынiў хлопец, - колькi вы мне дасце?"
"Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават..."
Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.
"Ты чытаў?" - спыталася яна ў бацькi.
Ён прабег вачыма паведамленне - i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.
"Табе ўсё роўна?"
"А пры чым тут я? Га?.."
Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаваннi, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.
З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькi адзiн раз, у яго ў краме.
"Падпiшы", - сказала яна яму, працягваючы паперу.
"Што гэта?"
"Бланк на твой дазвол выйсцi мне замуж".
"За каго?"
"Якое гэта мае значэнне?.."
Ён нахiлiўся i падпiсаў, уздыхнуўшы:
"Як хочаш..."
Глядзеў ёй услед, калi яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азiрнулася - i таму не ўбачыла, якi ўсхваляваны быў у яго твар.
Цяпер яна была з iм вельмi халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:
- Што ты яшчэ яму сказаў?
Як нiколi раней, не магла яна забыць таго забiтага ў Версалi хлопца. Забiтага за нейкiя трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, якi меў патрэбу ў грошах толькi таму, што ажанiўся нядаўна i не мог адмовiцца ад задумы звазiць маладую жонку на адпачынак у горы...
- Нiчога я яму не сказаў... Дамовiлiся адно, што ён прынясе мне што-небудзь i я дам яму грошы...
- Ён да цябе часта прыходзiў?
- Пяць-шэсць разоў...
- За якi час?
- За тры гады... Заўсёды прыносiў неблагiя штучкi... Калi што выгарала... Ён у гэтым разбiраецца... I не ўдаецца ў падрабязнасцi...
Цяпер Жэрмэн зразумела, чаму - нiбы насмiхаючыся з самога сябе, як заўсёды гэта рабiў, калi казаў нешта сур'ёзнае, - прызнаўся ёй Марсэль:
"Шкада, што я не сустрэў цябе тры гады таму..."
Тады яна падумала, што ён жартуе. Яна ўвогуле нiколi не прымала ўсур'ёз яго прызнанняў, i шкадавала цяпер, што не зрабiла гэта тады!
"Я не якi-небудзь жулiк", - сказаў ён ёй неяк.
Яна зноў пачала распытваць бацьку.
- Апошнiя месяцы ён прыходзiў?
- З год ужо, мусiць, як не быў...
- А цяпер я хачу ўсё-такi, каб ты сказаў, што iменна ты ў яго папрасiў. Чуеш?
Звычайны скупшчык крадзенага бярэ ўсё, што яму прыносяць, усё, што хоць нешта каштуе, што можна больш-менш лёгка прадаць. Але яе бацька быў не звычайны скупшчык, а чалавек, якога з'ядала манiякальная любоў да твораў мастацтва.
Размаўляў з тым хлопцам, якога забiлi, пра Манэ... Гэта ж ён, урэшце, i паслаў няшчаснага на смерць у дом да банкiра...
- Адказвай...
- Цяпер я цiкаўлюся перш за ўсё Рэнуарам... Не вялiкiмi штукамi, якiя можна ўбачыць у любым музеi, а маленькiмi Рэнуарамi... Жаночымi галоўкамi, нацюрмортамi... Ёсць нацюрморты, якiя...
- Ты не сказаў яму, да каго iсцi?
- Здаецца, не...
- Падумай...
- Не... З Марсэлем можна без гэтага... Ён сам добра ведае, дзе ёсць што вартае...
- Пачакай. Я пазваню...
Жэрмэн заказала свой нумар. Ледзь пачуўшы Iвэцiн голас, задрыжала. Тая была ўсхваляваная, думала, пэўна, што гэта званiў Марсэль.
- Гэта ты?.. Слухаю... Нiчога, цётка... Я б табе з радасцю добрае што сказала, але, на жаль, нiчога новага... Скажы мне вось што... Я тут кнiжку захацела пачытаць, а знайшла толькi другi том... "Пармскi манастыр"... Не ведаеш, куды ты першы засунула?..
Гэта нагадала Жэрмэн пра тое, што колькi дзён таму Марсэль чытаў, лежачы разам з ёю ў ложку, другi том "Пармскага манастыра".
- Ты не вяртаешся?
- Думаю, што хутка... Кнiга павiнна быць у спальнi... Там ёсць невялiчкая палiчка побач з ложкам...
- Дзякуй... Жадаю ўдачы!..
Паклаўшы слухаўку, Жэрмэн цiха загаварыла сама з сабою. Пра бацьку, якi хацеў легчы, ужо не думала.
- У газету званiць нельга: калi яго яшчэ не ўзялi, гэта будзе небяспечна... Цiкава, цi аддаў ён у рэдакцыю рэпартаж?.. Калi аддаў, значыцца, заставаўся на матчы да канца, да адзiнаццацi гадзiн... Пасля пiсаў, заносiў у рэдакцыю цi перадаваў праз кагось... У гэтым разе...
Яна зiрнула на гадзiннiк. Палова шостай. Яна ўжо праседзела ў бацькi амаль паўгадзiны. А лiчыльнiк у таксi з'ядаў пацiху грошы, якiх i так не было, толькi пра гэта яна не думала.
- Рэнуары... - пачала была яна, хочучы спытацца, дзе цяпер ёсць "малыя" Рэнуаравы творы.
- Шмат у каго яны ёсць, - уздыхнуў бацька. - Ехала б лепш дадому, паспала... Ну з чаго ты ўзяла ў галаву, што яго накрылi?.. Дый калi б павязалi, то гэта яму не задужа страшна: яго ж яшчэ не бралi нi разу... Разумееш? Iншая справа, калi б ён быў рэцыдывiст... З добрым адвакатам...
Яна зразумела. Бацька ёй не адкажа. Можа, не хоча, а хутчэй за ўсё, калi верыць яго словам пра Марсэля, проста не ведае, дзе той шукае грошы...
Грошы цi...
Не, гэтага не можа быць. Узяўшы сябе ў рукi, яна ўстала. Задуменна сама сабе паўтарыла:
- Рэнуары...
Чаму ёй здаецца, што менавiта ад яе залежыць выратаванне Марсэля? Нiводнага разу не падумала пра яго са злосцю. А чаму яна павiнна была злавацца? Хiба не сама ўтойвала ад яго, хто ў яе бацька?
I, паколькi Жэрмэн была дачкою такога чалавека, яна ведала, як усё гэта робiцца. Перш за ўсё, думала яна, адпадае, што крадзеж, на якi ён сёння, пэўна, пайшоў, быў даўно абдуманы. Тады б яна адчула, што голас у Марсэля ненармальны, калi ён тэлефанаваў ёй яшчэ першы раз, у сем гадзiн.
А палове адзiнаццатай ён толькi прыняў рашэнне. Чаму менавiта ў дзесяць трыццаць? I чаму ў зале "Ваграм"?..
Бацька праводзiў яе да дзвярэй.
- На вулiцу Каленкур, - сказала яна шафёру на вулiцы.
Усё яшчэ iшоў дождж, па-ранейшаму дробны. Было холадна i ў таксi: акно да канца не зачынялася.
Марсэль, як i большасць бацькавых "клiентаў", мусiў дзейнiчаць хiба што ў пустой кватэры. Так лягчэй. У Парыжы прыслуга амаль заўсёды кладзецца спаць не ў самiх апартаментах, а на сёмым цi восьмым паверхах, дзе ёй адведзены пакоi.
Але хлопец, якога ў Версалi забiў вартаўнiк, памылiўся...
Яна зноў i зноў мiжволi вярталася да пачатку.
Ён пазванiў другi раз а палове адзiнаццатай...
Зала "Ваграм". Залiты святлом рынг... Канаты... Тысячы балельшчыкаў... Марсэль за столiкам прэсы...
Напэўна, iдэя прыйшла яму ў галаву там... Рэнуары... Значыцца, ён некага ўбачыў там, у натоўпе, хто мае гэтых Рэнуараў... Некага, у каго кватэра будзе пустая да канца вечара...
Жэрмэн здалося, што прыдуманая ёю гiпотэза настолькi бясспрэчная, што яна ўжо i пад сумненне яе не ставiла.
Зала "Ваграм"... Адпачынак у гарах, мажлiва, аўтамабiль, якi ён так хоча мець... I гэты стары корч, якi адмовiўся пазычыць яму колькi там тысяч франкаў, але затое абяцаў даць шмат больш, калi ён прынясе аднаго, некалькi маленькiх Рэнуараў...
Сярод гледачоў, твары якiх высвечвалi пражэктары, у сама першых радах, вядома, сядзеў нехта той, хто навёў Марсэля сваiм з'яўленнем у зале на думку аб Рэнуары, зiмовым адпачынку ў гарах, хуткiм аўтамабiлi...
I паколькi гэты нехта глядзеў у той час бокс, Марсэль вырашыў: небяспекi ў тым, што задумаў, няма...
Але чаму тады ён пазванiў ёй? Прадчуванне?.. Можа, ён, нi разу раней не злоўлены, адчуў раптам iнтуiтыўна, што гэтым разам замах будзе няўдалы? Цi яшчэ вагаўся? Што, як яна пачала б настойваць на тым, каб ён вярнуўся раней, бо ёй сумна адной?..
Але не! Яна, наадварот, яшчэ пялася перад iм прыкiнуцца бадзёрай! Нiколi не хацела замiнаць яму ў чым-небудзь, бо з першага дня iх сумеснага жыцця вырашыла, што ён павiнен адчуваць сябе з ёю вольным.
Нават не сказала яму, калi ён званiў увечары, што хацела:
- Не вяртайся надта позна...
А гэта зрабiла б любая жанчына.