Яго новенькi прарызiнены плашч быў копiяй плашча Жустэна Мiнара.

- Пайшлi! Калi будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся.

Мэгрэ быў трошкi ўсхваляваны. Прозвiшча, якое ён толькi што вычытаў у папцы, было такое iнтрыгуючае, што яму стала не па сабе.

Яму, сакратару камiсарыята, было дваццаць шэсць гадоў, i мiнула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажанiўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у палiцыi, яму прыходзiлася выконваць самыя сцiплыя абавязкi, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькi з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камiсарыяце квартала Сэн-Жорж.

А ва ўсiм квартале самае шаноўнае прозвiшча было, безумоўна, прозвiшча ўласнiкаў дома 17-бiс па вулiцы Шапталь.

Жандро-Бальтазар. Фiрма па продажу кавы "Бальтазар". Гэтае прозвiшча, выведзенае вялiзнымi бурымi лiтарамi, красавалася на ўсiх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома "Бальтазар", запрэжаныя чацвёркай выдатных бiцюгоў у раскошнай збруi, з'яўлялiся як бы неад'емнай рысай аблiчча Парыжа.

Сам Мэгрэ з задавальненнем пiў каву "Бальтазар". А калi iшоў па авеню Опера, то нiколi не прамiнаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, якi даносiўся з вiтрын крамаў фiрмы "Бальтазар".

Ноч была светлая i золкая. На спадзiстай вулiцы - нi душы, нiводнага фiякра паблiзу. Мэгрэ ў тыя гады быў амаль гэткi ж хударлявы, як i ягоны спадарожнiк-флейтыст, i калi яны крочылi поруч па вулiцы, iх можна было прыняць за двух падлеткаў.

- Спадзяюся, вы не "пад мухай"?

- Я ўвогуле не п'ю. Лекар забаранiў.

- Вы ўпэўнены, што бачылi, як расчынiлася акно?

- Абсалютна ўпэўнены.

Мэгрэ ўпершыню так спяшаўся - ляцеў як на крылах. Дагэтуль ён толькi суправаджаў свайго шэфа месье Лё Брэ, самага свецкага ва ўсiм Парыжы камiсара, у паасобных выездах палiцыi на месца здарэння i чатыры разы для ўстанаўлення факта адзюльтэра.

Вулiца Шапталь была гэткая ж пустынная, як i вулiца Лярошфуко. Нiводзiн агеньчык не свяцiўся ў асабняку Жандро-Бальтазараў, адным з найлепшых асабнякоў квартала.

- Вы казалi, што ля дома стаяў аўтамабiль.

- Не зусiм ля дома. Хвiлiначку... Во, якраз вось тут.

Сапраўды, не зусiм ля дома. Трошкi прамiнуўшы яго. Мэгрэ, галава якога была набiта апошнiмi тэарэтычнымi выкладкамi адносна паказанняў сведак, запалiўшы васковую запалку, нагнуўся над брусчаткай.

- Вось бачыце! - пераможна ўсклiкнуў музыкант, паказваючы пальцам на вялiкую масляную пляму.

- Пайшлi. Хоць я i не зусiм упэўнены, што раблю правiльна, дазваляючы вам iсцi са мной.

- Дык мяне ж ударылi!

I ўсё ж на душы ў Мэгрэ было трывожна. Паднiмаючы руку да кнопкi званка, ён адчуў, як зашчымела сэрца, i стаў прыпамiнаць, на якi артыкул закона ён можа зараз спаслацца. Ордэра ён не меў. Апроч таго, цяпер глыбокая ноч. Цi мог ён абгрунтаваць матывы свайго ўрывання, калi адзiным рэчавым доказам злачынства быў распухлы нос флейтыста?

Як i флейтысту, яму давялося пазванiць тройчы, але грукаць нагой у дзверы ён не стаў. Нарэшце з-за дзвярэй пачуўся голас:

- Хто там?

- Палiцыя! - не зусiм упэўнена адказаў Мэгрэ.

- Адну хвiлiну, калi ласка. Пайду вазьму ключ.

У парадным шчоўкнула. У асабняку загарэлася святло. Прайшло яшчэ некалькi доўгiх хвiлiн чакання.

- Гэта ён, - пацвердзiў музыкант, пазнаўшы голас.

Нарэшце звякнуў ланцужок, стукнула засаўка, i перад iмi ўзнiк заспаны твар, i позiрк, слiзгануўшы па Мэгрэ, упёрся ў Жустэна Мiнара.

- Злавiлi-такi яго! - прамовiў мужчына. - Ён што, зноў недзе прыняўся за свае жартачкi?

- Дазвольце зайсцi?

- Калi вы лiчыце, што гэта неабходна. Я толькi папрашу вас не шумець, каб не ўзняць увесь дом на ногi. Прашу сюды.

Злева, над трыма мармуровымi прыступкамi, паблiсквалi зашклёныя двухстворкавыя дзверы, якiя вялi ў хол з калонамi. Упершыню ў жыццi Мэгрэ трапiў у дом, пышнасць i велiчнасць якога нагадвала рэзiдэнцыю па меншай меры мiнiстра.

- Вас завуць Луi?

- Адкуль вы ведаеце?

Усё ж Луi расчынiў дзверы, але не ў салон, а ў пакой для слуг. Быў ён напаўраздзеты. Наспех надзетыя штаны, белая начная кашуля з чырвонай вышыўкай на каўняры, - здавалася, ён толькi што вылез з ложка.

- Месье Жандро-Бальтазар дома?

- Каторы? Бацька цi сын?

- Бацька.

- Месье Фелiсьен яшчэ не вярнуўся. Што да месье Рышара, сына, то ён, мабыць, даўно спiць. Мо з паўгадзiны таму гэты п'янiца...

Луi быў рослы, плячысты мужчына гадоў пад пяцьдзесят. Падбародак яго быў выгалены да сiнявы, над вачыма з вельмi цёмнымi зрэнкамi навiслi невераемна густыя чорныя бровы.

Мэгрэ зглытнуў слiну i рашуча, нiбы кiдаўся ў вiр, прамовiў:

- Я хацеў бы пагаварыць з месье Рышарам.

- Загадаеце разбудзiць яго?

- Будзьце ласкавы.

- Пакажыце, калi ласка, вашы паперы.

Мэгрэ працягнуў сваё пасведчанне, выдадзенае палiцэйскай прэфектурай.

- Вы даўно працуеце ў нашым квартале?

- Дзесяць месяцаў.

- Служыце ў камiсарыяце Сэн-Жорж?

- Так.

- Значыць, вы знаёмы з месье Лё Брэ?

- Гэта мой начальнiк.

Тады Луi з уяўнай абыякавасцю, якая кепска маскавала пагрозу, прамовiў:

- Я таксама знаёмы з iм. Я маю гонар абслугоўваць яго, калi ён прыходзiць сюды снедаць цi абедаць.

Ён счакаў некалькi секунд, гледзячы ўбок.

- Вы ўсё яшчэ хочаце, каб я разбудзiў месье Рышара?

- Хачу.

- У вас ёсць ордэр?

- Няма.

- Цудоўна. Будзьце ласкавы пачакаць.

Ён падышоў да ўнутранай, у глыбiнi сцяны, шафы, дэманстратыўна дастаў адтуль накрахмаленую манiшку, каўнер, чорны гальштук. Затым апрануў мундзiр, якi вiсеў там жа, i выйшаў.

У пакоi стаяў толькi адзiн стул. Нi Мэгрэ, нi Жустэн Мiнар не селi. Асабняк патанаў у цiшынi i цемры. Усё выглядала неяк вельмi велiчна i хвалююча.

Двойчы Мэгрэ вымаў гадзiннiк з кiшэнi жылета. Прайшло дваццаць хвiлiн, перш чым Луi, усё гэткi ж стрыманы i афiцыйны, паказаўся зноў.

- Прашу за мной.

Мiнар таксама памкнуўся ўслед за Мэгрэ, але дварэцкi спынiў яго:

- Не вы. Хiба толькi, калi вы таксама з палiцыi.

Нейкае незвычайнае пачуццё ахапiла Мэгрэ. Яму здалося здраднiцтвам пакiнуць тут бездапаможнага флейтыста аднаго. Пакой для слуг, аблiцаваны цёмнымi панелямi, на момант здаўся яму цямнiцай, i ён выразна ўявiў сабе, як дварэцкi з сiнiм падбародкам вяртаецца сюды i з лютасцю накiдваецца на сваю ахвяру.

Услед за Луi ён прайшоў праз хол з калонамi, i затым падымаўся па лесвiцы, усланай цёмна-чырвонай дывановай дарожкай.

Уздоўж лесвiцы гарэла толькi некалькi лямпачак, якiя цьмяна асвятлялi прыступкi i сцены. Дзверы, што выходзiлi на пляцоўку другога паверха, былi расчынены. У iх праёме стаяў мужчына ў халаце.

- Мне сказалi, што вы жадаеце пагаварыць са мной? Праходзьце, калi ласка. Пакiньце нас, Луi.

Пакой, сцены якога былi абшыты скурай i ў якiм пахла гаванскiмi сiгарамi i невядомай Мэгрэ парфумай, служыў адначасова i гасцiнай i кабiнетам. Яшчэ адны дзверы, якiя былi прыадчынены, вялi ў спальню, дзе пад балдахiнам вiдаць быў рассцелены ложак.

З-пад халата Рышара Жандро-Бальтазара выглядвала пiжама, на босых нагах саф'янавыя пантофлi.

Яму было гадоў трыццаць. Смуглявы твар яго здаўся б зусiм звычайным, калi б не крывы нос.

- Луi сказаў мне, што вы служыце ў нашым квартальным камiсарыяце?

Ён адчынiў па-майстэрску аздобленую шкатулку з цыгарэтамi, працягнуў яе Мэгрэ, але той адмовiўся.

- Вы не палiце?

- Толькi люльку.

- Не прапаноўваю вам запалiць, бо не выношу паху люлечнага тытуню. Мяркую, перш чым прыйсцi сюды, вы папярэдзiлi майго сябра Лё Брэ?

- Не.

- Вось як! Прашу прабачэння, калi я не дужа дасведчаны ў палiцэйскiх парадках. Лё Брэ часты госць у гэтым доме, але, прызнацца, зусiм не як палiцэйскi камiсар. Дарэчы, ён так непадобны на палiцэйскага! Выдатны чалавек, i жонка ў яго чароўная. Але вернемся да справы. Якая гэта зараз гадзiна?


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: