Што рабiць?

Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзiны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькi зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, якi складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захiнуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вiсела. Гэта быў кiшэнны магнiтафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесiў на ранейшае месца, а магнiтафон запхнуў у кiшэню. Зiрнуў на лiчыльнiк — амаль уся касета была скарыстана.

Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.

Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.

Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькi жаўтлявую, нiбыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялiзныя грудзi абвiслi, а чорныя рукi былi падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зiрнуўшы ў мой бок, i рушыла далей, пахiстваючы клубамi, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагiчных музеях. Там, дзе калiдор меў паварот, яна знiкла за дзвярыма Гiбарыяна. Адчыняючы дзверы, яна трапiла ў магутны пук святла, якое лiлося з пакоя. Дзверы цiхутка зачынiлiся, i я застаўся адзiн. Правай рукой я схапiў кiсць левай i сцiснуў яе так, што аж косцi затрашчалi. Пасля разгублена азiрнуўся. Што адбываецца? Што гэта было? Я згадаў перасцярогу Снаўта i здрыгануўся як ад удару. Што гэта магло быць? Хто гэтая пачварная Афрадыта? Адкуль яна? Я зрабiў адзiн, толькi адзiн крок да кабiны Гiбарыяна i знерухомеў. Я добра разумеў, што не зайду туды. Расшыранымi ноздрамi я хапаў паветра. Штосьцi было не так, я не мог з нечым пагадзiцца. Ага! Я ж падсвядома чакаў непрыемнага, рэзкага паху поту, але нават тады, калi яна iшла мiма, нiчога не адчуў.

Не ведаю, колькi я прастаяў, абапёршыся на халодны метал сцяны. На Станцыi панавала цiшыня, адзiным жывым пiскам быў далёкi манатонны гул кандыцыянераў.

Я паляпаў сябе па шчоках i паплёўся на радыёстанцыю Калi нацiснуў на клямку, пачуў гучны голас:

— Хто там?

— Гэта я, Кельвiн.

Снаўт сядзеў ля столiка памiж кучай алюмiнiевых пачкаў i пультам перадатчыка i проста з бляшанкi еў мясныя кансервы. Не ведаю, чаму пад жыллё ён выбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго скiвiцы, якiя жавалi мяса, i раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да палiц, з кучы талерак выбраў менш запыленую i ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкi час мы жавалi моўчкi, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас i налiў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на столiку не было месца, ён спытаўся:

— Ты бачыў Сарторыуса?

— Не. А дзе ён?

— Наверсе.

Наверсе знаходзiлася лабараторыя. Мы зноў замоўклi. Было так цiха, што бляшанкi аж бразгалi ў нашых руках. На радыёстанцыi панавала ноч. Iлюмiнатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлi чатыры круглыя свяцiльнiкi. Iх водблiскi трымцелi ў пластыкавым корпусе перадатчыка.

На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.

— Што з табой? — спытаўся Снаўт.

— Нiчога. А што можа быць?

— Ты спацеў.

Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?

— Горача, — прамовiў я. — Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.

— Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? — Ён пiльна зiрнуў на мяне.

Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.

— Што ты думаеш рабiць? — нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.

Ён кiнуў увесь посуд i пустыя бляшанкi ва ўмывальнiк ля сцяны i зноў сеў у крэсла.

— Далучаюся да вас, — адказаў я флегматычна. — Вы ж маеце нейкi план даследаванняў? Нейкi новы раздражняльнiк, здаецца, рэнтген цi яшчэ нешта.

— Рэнтген? — здзiвiўся Снаўт. — Дзе ты гэта чуў?

— Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на «Праметэi». А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?

— Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?

Я пацiснуў плячыма.

— Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. — Я не дагаварыў.

Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi — галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:

— Трэба будзе ў сувязi з гэтым выканаць усе фармальнасцi… ведаеш…

— Праўда?

Ён павярнуўся i зiрнуў на мяне нiбыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесцi яго з раўнавагi, але нiчога не разумеючы ў гульнi, якая тут распачалася, я мусiў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага свiтэра рухаўся востры кадык.

— Ты быў у Гiбарыяна, — прамовiў Снаўт нечакана.

Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы i спакойна пазiраў у яго твар.

— Ты быў у яго пакоi, — паўтарыў ён.

Я кiўнуў, нiбыта згаджаючыся: «Дапусцiм. Ну i што?»

Я хацеў, каб ён працягваў.

— Хто там быў? — спытаўся Снаўт.

Ён ведаў пра яе!!!

— Нiкога. А хто там мог быць? — спытаўся я.

— Тады чаму ты мяне не пусцiў?

Я ўсмiхнуўся.

— Спалохаўся. Ты ж мяне папярэджваў. Калi клямка зрушылася, я iнстынктыўна прытрымаў яе. Чаму ты не сказаў, што гэта ты? Цябе я пусцiў бы.

— Я думаў, што там Сарторыус, — прамовiў ён няпэўна.

— Ну i што?

— Як ты лiчыш… што там сталася? — адказаў ён пытаннем на пытанне.

Я вагаўся.

— Ты павiнен ведаць лепш за мяне. Дзе ён?

— У халадзiльнiку, — адразу растлумачыў Снаўт. — Мы перанеслi яго ранкам, адразу ж… таму што гарачыня.

— Дзе ты яго знайшоў?

— У шафе.

— У шафе? Ён быў ужо нежывы?

— Сэрца яшчэ стукала, але ён ужо не дыхаў. Гэта была агонiя.

— Ты спрабаваў яго ўратаваць?

— Не.

— Чаму?

Ён памарудзiў.

— Я не паспеў. Ён памёр раней, чым я яго паклаў.

— Ён стаяў у шафе? Памiж камбiнезонамi?

— Так.

Снаўт падышоў да невялiкага пiсьмовага стала ў куце, узяў там лiсток паперы i паклаў яго перада мной.

— Я напiсаў папярэднi акт, — прамовiў ён. — Добра, што ты агледзеў пакой. Прычына смерцi… смяротная доза пернасталу. Там напiсана.

Я вачыма прабег кароткi тэкст.

— Самазабойства… — паўтарыў я цiха. — А прычына?..

— Нервовае ўзрушэнне… дэпрэсiя… альбо як гэта там называецца. Ты ведаеш гэта лепш, чым я.

— Я ведаю толькi тое, што сам бачу, — запярэчыў я i глянуў яму ў вочы, бо ён стаяў нада мной.

— Што ты хочаш сказаць? — спакойна спытаўся Снаўт.

— Ён увёў сабе пернастал i схаваўся ў шафе? Калi было менавiта так, то гэта не дэпрэсiя, не нервовая ўзбуджанасць, а востры псiхоз. Паранойя… Напэўна, яму здавалася, што ён нешта бачыць… — працягваў я ўсё больш павольна, пазiраючы яму ў вочы.

Ён адышоўся ад радыёпульта i зноў пачаў пстрыкаць выключальнiкамi.

— Тут толькi твой подпiс, — азваўся я праз хвiлiну. — А Сарторыуса?

— Ён у лабараторыi. Я табе ўжо казаў. Ён не паказваецца; я думаю, што…

— Што?

— Што ён замкнуўся.

— Замкнуўся? Ах, замкнуўся. Вось што! А мо барыкады ўзвёў?

— Мажлiва.

— Снаўт… — пачаў я, — на Станцыi нехта ёсць.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: