Киплинг Редьярд

Казкi (на белорусском языке)

Джозэф Рэдзьярд Кiплiнг

КАЗКI

АДКУЛЬ У КIТА ТАКАЯ ГЛОТКА

Гэта было даўно, мой мiлы хлопчык. Жыў-быў Кiт. Ён плаваў па моры i еў рыбу. Ён еў i ляшчоў, i яршоў, i бялугу, i сяўругу, i селядца, i селядцову цётку, i плотачку, i яе сястрычку, i шустрага, жвавага ўюна-вертуна вугра. Якая рыба трапiцца, тую i з'есць. Разявiць рот, гам - i гатова!

Так што ўрэшце ва ўсiм моры ацалела адна толькi Рыбка, ды i тая Малютка-Колюшка. Гэта была хiтрая Рыбка. Яна плавала побач з Кiтом, каля самага яго правага вуха, каб ён не мог яе праглынуць. Толькi тым i ратавалася. Але вось ён устаў на свой хвост i сказаў:

- Есцi хачу!

I маленькая хiтранькая Рыбка сказала яму маленькiм хiтранькiм голасам:

- Цi каштавала ты чалавека, высакароднае i велiкадушнае стварэнне?

- Не, - адказаў Кiт. - А якi ён на смак?

- Вельмi смачны, - сказала Рыбка. - Смачны, ды толькi крыху калючы.

- Ну, дык прынясi мне iх сюды з паўдзесятка, - сказаў Кiт i так ударыў хвастом па вадзе, што ўсё мора пакрылася пенай.

- Хопiць табе i аднаго! - сказала Малютка-Колюшка. - Плывi да саракавога градуса паўночнай шыраты i да пяцiдзесятага градуса заходняй даўгаты (гэтыя словы чарадзейныя), i ты ўбачыш сярод мора плыт. На плыце сядзiць Марак. Яго карабель пайшоў на дно. Толькi i адзення на iм, што сiнiя палатняныя штаны ды падцяжкi (не забудзься пра гэтыя падцяжкi, мой хлопчык!) ды паляўнiчы нож. Але я павiнна сказаць табе па праўдзе, што гэты чалавек вельмi знаходлiвы, разумны i адважны.

Кiт памчаўся што было сiлы. Плыў, плыў i даплыў куды сказана: да пяцiдзесятага градуса заходняй даўгаты i саракавога градуса паўночнай шыраты. Бачыць, i праўда: пасярод мора- плыт, на плыце - Марак, i болей нiкога. На Мараку сiнiя палатняныя штаны ды падцяжкi (глядзi ж, мой мiлы хлопчык, не забудзься пра падцяжкi!) ды збоку каля пояса паляўнiчы нож, i болей нiчога. Сядзiць Марак на плыце, а ногi звесiў у ваду. (Яго мама дазволiла яму боўтаць голымi нагамi ў вадзе, iнакш ён не боўтаў бы, бо ён быў вельмi разумны i адважны.)

Рот у Кiта разяўляўся ўсё шырэй, i шырэй, i шырэй i разявiўся ледзь не да самага хваста. Кiт праглынуў i Марака, i яго плыт, i яго сiнiя палатняныя штаны, i падцяжкi (калi ласка, не забудзься пра падцяжкi, мой мiлы!), i нават паляўнiчы нож. Усё правалiлася ў тую цёплую i цёмную камору, якая завецца страўнiкам Кiта. Кiт аблiзнуўся - вось так! - i тры разы павярнуўся на хвасце.

Але як толькi Марак, якi быў вельмi разумны i адважны, апынуўся ў цёмнай i цёплай каморы, якая завецца страўнiкам Кiта, ён давай куляцца, брыкацца, кусацца, бiць, малацiць, i ляпаць, i тупаць, i стукаць, брынчаць, i ў такiм непадыходзячым месцы пачаў скакаць гапака, што Кiт адчуў сябе вельмi кепска. (Спадзяюся, ты не забыўся пра падцяжкi?)

I сказаў ён Малютцы-Колюшцы:

- Не падабаецца мне чалавек, не па густу. У мяне ад яго iкаўка. Што рабiць?

- Ну, дык скажы яму, каб выскачыў вон, - параiла Малютка-Колюшка.

Кiт крыкнуў у свой жа рот:

- Гэй ты, выходзь! I, глядзi, паводзь сябе як трэба. У мяне праз цябе iкаўка.

- Ну не! - сказаў Марак. - Мне i тут добра! Вось калi ты завязеш мяне да маiх родных берагоў, да белых скал Англii, тады я, можа, падумаю, выходзiць мне цi аставацца.

I ён яшчэ мацней затупаў нагамi.

- Нiчога не зробiш, вязi яго дадому, - сказада хiтрая Рыбка Кiту. - Я ж казала табе, што ён вельмi разумны i адважны.

Кiт паслухаўся i пусцiўся ў дарогу. Ён плыў i плыў, i плыў, працуючы ўсю дарогу хвастом i двума плаўнiкамi, хоць яму вельмi перашкаджала iкаўка.

Нарэшце ўдалечынi паказалiся белыя скалы Англii. Кiт падплыў да самага берага i пачаў разяўляць сваю пашчу ўсё шырэй, i шырэй, i шырэй, i шырэй - i сказаў Чалавеку:

- Пара выходзiць. Перасадка. Блiжэйшыя станцыi: Вiнчэстэр, Ашуэлот, Нашуа, Кiнi i Фiчбара.

Ледзь ён сказаў: "Фiч!" - з рота ў яго выскачыў Марак. Гэты Марак i сапраўды быў вельмi разумны i адважны. Седзячы ў жываце ў Кiта, ён не трацiў марна часу: ножыкам пашчапаў свой плыт на тонкiя лучынкi, склаў iх крыж-накрыж i моцна звязаў падцяжкамi (цяпер ты разумееш, чаму табе не трэба было забываць пра падцяжкi!), i ў яго атрымалася рашотка, якой ён i загарадзiў Кiту горла. Пры гэтым ён сказаў чароўныя словы. Ты гэтых слоў не чуў, i я з прыемнасцю скажу iх табе. Ён сказаў:

- Паставiў я рашотку,

Кiту заткнуў я глотку.

З гэтымi словамi ён скочыў на бераг, на дробныя каменьчыкi, i пайшоў да сваёй Мамы, якая дазваляла яму хадзiць па вадзе басанож. Потым ён ажанiўся i быў вельмi шчаслiвы. Кiт таксама ажанiўся i таксама быў вельмi шчаслiвы. Але ад гэтага дня i на векi вечныя ў яго ў горле стаяла рашотка, якую ён не мог нi праглынуць, нi выплюнуць. Праз гэтую рашотку да яго ў горла трапляла толькi дробная рыбка. Вось чаму ў наш час Кiты ўжо не глытаюць людзей. Яны не глытаюць нават маленькiх хлопчыкаў i маленькiх дзяўчынак.

А хiтрая Рыбка паплыла i схавалася ў тванi пад самым парогам Экватара. Яна думала, што Кiт раззлаваўся, i баялася паказацца яму на вочы.

Марак узяў з сабою свой паляўнiчы нож. Сiнiя палатняныя штаны былi па-ранейшаму на iм, калi ён крочыў па каменьчыках каля самага мора. Але падцяжак на iм ужо не было. Яны асталiся ў горле ў Кiта. Iмi былi звязаны лучынкi, з якiх Марак зрабiў рашотку. Вось i ўсё. Гэтай казцы канец.

Калi ў вокнах каюты

Зялёная цьма,

I пырскi ўзлятаюць

Да труб,

I ўстаюць пахвiлiнна

То нос, то карма,

А слуга, што падносiць вам

Суп,

Нечакана так валiцца

У куб,

Калi хлопчык ад рання

Неадзеты сядзiць

I мяшком на падлозе

Яго нянька ляжыць,

Калi хвалi страшэнна

Равуць за кармой

I нiхто не смяецца,

Не п'е i не есць,

Вось тады для нас ясна,

Што значаць сабой:

Сорак Норд,

Пяцьдзесят Вест!

ЧАМУ Ў ВЯРБЛЮДА ГОРБ

Вось яшчэ адна казка, i ў ёй я хачу расказаць, чаму на спiне ў Вярблюда такi вялiкi горб.

У сама першыя гады, даўно-даўно, уся зямля была новенькая, толькi што зробленая. Жывёлы з першых жа дзён пачалi служыць Чалавеку. Але ў Страшэнна-Панурай Пустынi жыў Страшэнна-Пануры Вярблюд, якi i не думаў працаваць. Ён еў сухiя калючкi, жорсткiя галiнкi, тамарыск, цярноўнiк i кару, але працаваць нiзашто не хацеў, - такi несумленны гультай! I што б нi казалi яму, ён на ўсё адказваў:

- Гррб!

Толькi "Гррб" - i болей нiчога.

Вось аднойчы, у панядзелак ранiцой, прыйшоў да яго Конь. На спiне ў Каня было сядло. У зубах вуздэчка.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: