Першае, што кiнулася яму ў вочы, - быў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, якi абкруцiўся вакол нейкай скалы.

- Прабачце, калi ласка! - сказаў Слонiк вельмi далiкатна. - Цi не сустракаўся вам дзе-небудзь недалёка адгэтуль Кракадзiл? Тут так лёгка заблудзiцца.

- Цi не сустракаўся мне Кракадзiл? - злосна перапытаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. - Знайшоў пра што пытацца!

- Прабачце, калi ласка! - казаў далей Слонiк. - Цi не можаце вы сказаць мне, што есць Кракадзiл у абед?

Тут Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, не мог ужо больш стрымацца, хуценька раскруцiўся i велiзарным хвастом даў Слонiку грымака. А хвост у яго быў як цэп i ўвесь пакрыты лускою.

- Вось дык дзiва! - сказаў Слонiк. - Мала таго, што мой бацька бiў мяне, i мая мацi бiла мяне, i мой дзядзька бiў мяне, i мая цётка бiла мяне, i другi мой дзядзька, Павiян, бiў мяне, i другая цётка, Бегемоцiха, бiла мяне, i ўсе як ёсць бiлi мяне за страшэнную маю дапытлiвасць, - тут, як бачу я, пачынаецца тая ж самая гiсторыя.

I ён вельмi ветлiва развiтаўся з Двухкаляровым Пiтонам, Скалiстым Змеем, дапамог яму зноў абкруцiцца вакол скалы i пайшоў сабе далей; хоць яму нямала ўсыпалi, ён не вельмi дзiвiўся гэтаму, а зноў узяўся за дынi i зноў кiдаў шкарлупiну на зямлю, - бо, паўтараю, чым бы ён яе падымаў? - i хутка напаткаў нейкае бервяно, якое валялася каля самага берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, акружанай дрэвамi, што наганяюць трасцу.

Але на самай справе, мой мiлы хлопчык, гэта было не бервяно, гэта быў Кракадзiл. I падмiргнуў Кракадзiл адным вокам - вось так!

- Прабачце, калi ласка! - звярнуўся да яго Слонiк вельмi ветлiва. - Цi не здаралася вам сустрэць дзе-небудзь блiзка ў гэтых мясцiнах Кракадзiла?

Кракадзiл падмiргнуў другiм вокам i высунуў напалавiну свой хвост з вады. Слонiк (зноў-такi вельмi ветлiва!) адступiўся назад, бо новыя грымакi не цiкавiлi яго.

- Падыдзi блiжэй, мая крошка! - сказаў Кракадзiл. - Табе, уласна кажучы, навошта гэта патрэбна?

- Прабачце, калi ласка! - сказаў Слонiк вельмi ветлiва. - Мой бацька бiў мяне, i мая мацi бiла мяне, мая даўганогая цётка Страўсiха бiла мяне, i мой даўганогi дзядзька Жыраф бiў мяне, мая другая цётка, тоўстая Бегемоцiха, бiла мяне, i другi мой дзядзька, калматы Павiян, бiў мяне, i Пiтон Двухкаляровы, Скалiсты Змей, вось толькi што бiў мяне балюча-балюча i цяпер - не ў крыўду хай вам будзе сказана - я не хацеў бы, каб мяне бiлi зноў.

- Падыдзi сюды, мая крошка, - сказаў Кракадзiл, - бо я i ёсць Кракадзiл.

I ён заплакаў кракадзiлавымi слязамi, каб паказаць, што ён i сапраўды Кракадзiл.

Слонiк страшэнна ўзрадаваўся. У яго захапiла дух, ён упаў на каленi i крыкнуў:

- Вось вы мне i трэба! Я гэтулькi дзён шукаю вас! Скажыце мне, калi ласка, хутчэй, што вы ясце ў абед?

- Падыдзi блiжэй, мой маленькi, я шапну табе на вушка.

Слонiк нагнуў галаву блiзка-блiзка да зубастай, iкластай кракадзiлавай пашчы, i Кракадзiл схапiў яго за маленькi носiк, якi да гэтага самага тыдня, да гэтага самага дня, да гэтай самай гадзiны, да гэтай самай хвiлiны быў нiколькi не большы за чаравiк.

- Мне здаецца, - сказаў Кракадзiл, i сказаў гэта скрозь зубы, вось так:-мне здаецца, што сёння на першую страву ў мяне будзе малады Слонiк.

Слонiку, мой мiлы хлопчык, гэта страшэнна не спадабалася, i ён сказаў праз нос:

- Пуздзiдзе бядзе, бдзе вельмi балiдзь! (Пусцiце мяне, мне вельмi балiць!)

Тут Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, кiнуўся са скалы i сказаў:

- Калi ты, о мой юны дружа, зараз жа не падасiся назад, колькi хопiць у цябе тваёй сiлы, то мая думка такая, што не паспееш ты сказаць "раз, два, тры!", як, у вынiку тваёй гутаркi з гэтым скураным мяшком (так ён велiчаў Кракадзiла), ты трапiш туды, у той празрысты струмень...

Двухкаляровыя Пiтоны, Скалiстыя Змеi, заўсёды гавораць вось так.

Слонiк сеў на заднiя ножкi i пачаў цягнуць. Ён цягнуў, i цягнуў, i цягнуў, i нос у яго пачаў выцягвацца. А Кракадзiл адступiў далей у ваду, успенiў яе, нiбы ўзбiтыя вяршкi, цяжкiмi ўдарамi свайго хваста, i таксама цягнуў, i цягнуў, i цягнуў.

I нос у Слонiка выцягваўся, i Слонiк растапырыў усе чатыры нагi, такiя маленечкiя слановыя ножкi, i цягнуў, i цягнуў, i цягнуў, i нос у яго ўсё выцягваўся. I Кракадзiл бiў хвастом, нiбы вяслом, i таксама цягнуў, i цягнуў, i чым больш ён цягнуў, тым даўжэй выцягваўся ў Слонiка нос, i балюча было гэтаму носу страшэн-н-н-н-на!

I раптам Слонiк адчуў, што ножкi яго заслiзгалi па зямлi, i ён закрычаў праз нос, якi зрабiўся ў яго амаль што пяць футаў даўжынёю:

- Хобiдзь! Пакiдзьце! Я больш дзе багу!

Пачуў гэта Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, кiнуўся ўнiз са скалы, абкруцiўся двайным вузлом вакол заднiх ног Слонiка i сказаў:

- О, нявопытны i легкадумны падарожны! Мы павiнны напружыцца колькi можна, бо ўражанне ў мяне такое, што гэты ваенны карабель з жывым вiнтом i бранiраванай палубай, - так велiчаў ён Кракадзiла, - хоча загубiць тваё будучае...

Двухкаляровыя Пiтоны, Скалiстыя Змеi, заўсёды гавораць так.

I вось цягне Змей, цягне Слонiк, але цягне i Кракадзiл. Цягне, цягне, але таму што Слонiк i Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, цягнуць мацней, то Кракадзiл урэшце выпусцiў носiк Слонiка i адляцеў назад з такiм плёскатам, што чуваць было па ўсёй Лiмпапо.

А Слонiк як стаяў, так i сеў i вельмi балюча выцяўся, але ўсё ж паспеў сказаць Двухкаляроваму Пiтону, Скалiстаму Змею, дзякуй, хоць, праўду сказаць, яму было не да таго: трэба было хутчэй заняцца выцягнутым носам - абгарнуць яго халаднаватымi лiстамi бананаў i апусцiць у ваду соннай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, каб ён хоць крыху астыў.

- Навошта ты гэта робiш? - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.

- Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - нос у мяне страцiў ранейшы выгляд, i я чакаю, каб ён зноў зрабiўся кароценькi.

- Доўга ж табе прыйдзецца чакаць, - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. - Проста дзiўна, як некаторыя не разумеюць сваёй выгады!

Слонiк прасядзеў над вадою тры днi i ўсё чакаў, цi не зробiцца яго нос карацейшым. Але нос не рабiўся карацейшым, i - мала таго - з-за гэтага носа вочы ў Слонiка зрабiлiся крыху касымi.

Таму што, мой мiлы хлопчык, ты, спадзяюся, ужо здагадаўся, што Кракадзiл выцягнуў Слонiку нос у сама сапраўдны хобат - якраз такi, якiя ёсць у цяперашнiх Сланоў.

Пад канец трэцяга дня прыляцела якаясьцi муха i ўкусiла Слонiка за плячо, i ён, сам не заўважаючы, што робiць, падняў хобат, стукнуў хобатам муху - i забiў яе насмерць.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: