– Тады і важдацца з імі не варта, – скрывіўся Мірон.

– Але ж яны цікавыя і хутка асвойваюцца. Апрача таго, тлушч барсука вельмі дапамагае ад прастуды і ідзе для шмаравання ботаў, асабліва паляўнічых.

Стары барсук меў каля паўметра даўжыні і важыў кілаграмаў з трыццаць. Цяжка было цягнуць яго, а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Але Мірон вельмі квапіўся на скуру, якая была б дарэчы ў іхняй «хаце». Ён настояў, каб зараз жа паспрабаваць зняць скуру. Праца была складаная. Доўга мучыліся яны і знялі не скуру, а нейкія лахманы.

Забралі сваю здабычу і, змораныя, пацягнуліся дахаты. Барсучаняты вырываліся, нават кусаліся.

– Ці можна будзе іх садзіць разам з цецерукамі? – казаў Віктар.

– Для цецерукоў зробім жэрдкі, а барсукі будуць на зямлі, – размеркаваў Мірон.

– А гэтыя барсукі досыць цікавы народ, – расказваў дарогай Віктар. – Яны вельмі падобны да мядзведзяў, толькі меншыя і належаць да пароды куніц. Ён зусім няшкодны: жывіцца карэннямі, ягадамі, чарвякамі. На ўловы выходзіць уначы. Узімку спіць у сваёй нары, як мядзведзь. Вельмі любіць чыстату. Гэта часам выкарыстоўвае ліс: забярэцца, калі няма гаспадара, у хату і напаскудзіць там. Вернецца барсук, пачуе гэтую брыдоту ды і выселіцца са сваёй хаты. Тады яе займае ліс.

Дома размясцілі сваю жывёлу, павячэралі і паляглі спаць з пачуццём гаспадарскага задавальнення. У параўнанні з першым днём справы іх значна палепшыліся.

– Для поўнага шчасця не хапае толькі нажа, гаршка, хлеба і солі, – сказаў Мірон.

– І махоркі, – дадаў Віктар.

– А ты яшчэ не забыўся на гэтую брыдоту?

– Часам забываюся, але часам і цягне. Але нішто – ўжо цярпець можна. Напэўна, потым буду рады, што так здарылася.

XI

Барсукі падвялі. – Не святыя гаршкі лепяць (а спрактыкаваныя). – Новыя сродкі жыцця.

На другі дзень, як толькі прачнуліся, зараз жа сунуліся ў хлеў паглядзець сваю жывёлу. Глянуў Віктар праз шчыліну – і нічога не ўбачыў.

– Нешта не відаць, – прамармытаў ён.

Рассунуў галлё болей, зазірнуў ва ўсе куты – няма нікога! Глянуў Мірон – таксама нікога не ўбачыў.

Паглядзелі адзін на аднаго – і рукамі развялі.

– Куды ж яны падзеліся? Хлеўчык жа цэлы!

Агледзелі навокал усю будову і заўважылі каля зямлі досыць вялікую дзіру.

– Гэта ж барсукі зрабілі! – крыкнуў Мірон. – А за імі і цецерукі паўцякалі. Як мы маглі гэтага не прадугледзець? Нават і ты, спец па заалогіі, не прадбачыў.

Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым.

– І то праўда, – прамовіў ён. – Калі яны рыюць сабе норы, значыцца, маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Але ў такой справе ніякіх спецыяльных ведаў не трэба: ты сам мог гэта добра ведаць, але вось не падумаў.

– Я ж казаў, што не трэба было важдацца з імі, – злосна адказаў Мірон. – Ніякай карысці ад іх няма. Трымаць іх для пацехі ў нашым становішчы зусім лішняе. А цяперака праз іх цецерукі ўцяклі. Вось табе і жывёлагадоўля!

– А ўсё ж пра гэта ты і сам не думаў, – апраўдваўся Віктар. – Каб сказаў, зусім іншая была б справа. Няма чаго вінаваціць другога. Сам дапамагаў. Другі раз будзем разумнейшымі.

– Чакай цяпер другога разу!

Паахкалі, павохкалі, але дапамагчы справе нічым не маглі. А паколькі ў «сажалцы» хапала рыбы, то вялікай бяды пакуль што не было. Праз некалькі хвілін нават пачалі жартаваць.

– У другі раз для кожнай пароды жывёлы будзем рабіць асобныя, спецыяльныя, прыстасаваныя памяшканні, – суцяшаў Віктар. – А пакуль што давай ляпіць гаршчок.

– А ты ведаеш, як ляпіць? – запытаўся Мірон з трывогай.

– Хто з нас калісьці не ляпіў? – бесклапотна адказаў Віктар. – Нездарма кажуць: не святыя гаршкі лепяць.

– Тут не ляпіць, а круціць трэба, – пахмура адказаў Мірон.

– Давай круціць – усё роўна. Ты, мусіць, добра ведаеш гэтую справу?

– Чаму ж так я? – здзівіўся Мірон.

– Ды ты ж сам надоечы апяваў гліну, паэму дэкламаваў.

Мірон паскроб патыліцу.

– Паэма паэмай, – прамовіў ён, – а як робяцца гаршкі, я не бачыў. Неяк не траплялася. Справа лічыцца такой простай, што, я думаў, не варта спецыяльна наглядаць, вывучаць яе. Можа, ты часам бачыў?

– І я не бачыў! – з камічнай мінай адказаў Віктар. – Таксама не цікавіўся гэтай прымітыўнай прамысловасцю. Усе дзікуны ўмеюць гэта рабіць. Я нават недзе чытаў, што егіпцяне чатыры тысячы гадоў назад выдумалі нейкую прыладу для гэтай вытворчасці. Але, я думаю, зляпіць абы-які гаршчок можна і без усякай прылады.

– Паспрабуем, – панура адказаў Мірон.

Як ён цяпер шкадаваў, што не пацікавіўся гэтай справай! Яму таксама даводзілася чытаць, ён меў нават некаторыя тэарэтычныя веды, але як узяцца за справу – не ведаў.

Намачылі, размясілі гліну. Пусцілі ў ход і сваю чарапаху для вады. І пачалі ляпіць, як гэта робяць маленькія дзеці. Маленькія, нязграбныя місачкі сяк-так выходзілі, але ім не гэта трэба было, а гаршчок, прынамсі, хоць на літр. Такую пасудзіну трэба было злепліваць з кавалкаў, а тады ўжо адразу было відаць, што ў злепленых месцах будзе шчарбіна.

Стараліся хлопцы так, што аж пот капаў. Шмат разоў нанава камячылі свае «гаршкі».

– Вось табе і «не святыя гаршкі лепяць»! – злаваў Віктар. – Выходзіць, наадварот: якраз святым трэба быць у гэтай справе.

– Або дзікуном, – дадаў Мірон.

Нарэшце кожны з іх зляпіў па невялічкаму «гаршку», але, глянуўшы на сваю працу, хлопцы толькі насамі паківалі.

– Яны адразу распаўзаюцца, калі пачнуць сохнуць. А іх яшчэ трэба абпальваць, каб ужываць. Вось табе і прымітыўная вытворчасць! – прамовіў Віктар.

– Не, відаць, не абысціся без ганчарнага кола! – рашуча сказаў Мірон.

– Вось чаго захацеў: колы, машыны!

– Якую-небудзь круцёлку, абавязкова трэба прыдумаць. Тады шчыльней зліпнуцца часткі гліны. Зараз я пашукаю што-небудзь.

Праз некалькі хвілін Мірон прынёс досыць тоўсты круглы кавалак дрэва, абсмаліў, абскроб яго.

– Цяпер, – сказаў ён, – паставім гэтую штуку старчма. Ты будзеш круціць яе, а я зверху палажу камяк гліны. У кожным разе павінна выйсці нешта, не горшае за гэтае чарап'ё.

Падышлі бліжэй да вады, прыладзіліся. Было б нішто сабе, але канец хістаўся ад рухаў Віктара. Тады зрабілі вілкі, каб «машына» не хісталася.

Нарэшце, пасля доўгай пакуты, нешта зрабілі. Але гэтае «нешта» вельмі мала нагадвала гаршчок.

– Што ён нязграбны – гэта не бяда, – казаў «майстар» Мірон.

– Але сценкі надта тоўстыя, а гэта нядобра: патрэскаюцца. Давай яшчэ паспрабуем.

У выніку ўсёй працы з'явіліся два сякія-такія гаршкі. З задавальненнем глядзелі хлопцы на свае вырабы, і яны пачалі ім здавацца нават нядрэннымі. Хоць на наш погляд гэтыя рэчы былі б зусім недарэчныя.

Але задавальненне значна зменшылася, калі яны падумалі, што да канца яшчэ вельмі далёка.

– Сушыць іх трэба некалькі дзён, – сказаў Мірон, – бо трэба пачынаць з цёмнага, вільготнага месца. А потым абпальваць некалькі дзён, таксама пачынаючы з лёгкага агню, нават дыму. Ды і то невядома, ці не патрэскаюцца, бо гліна не падрыхтаваная і не апрацаваная як трэба.

– Э-э! – працягнуў Віктар. – У такім разе і не дачакаемся. Мусіць, мы тады ўжо дома будзем. Вада бадай ужо спала.

– Я не буду шкадаваць, калі не дачакаемся. А калі спатрэбяцца, мы самі будзем рады, што зрабілі. Рыбы на сёння хопіць, пойдзем пашукаем да яе яшчэ чаго-небудзь.

Як звычайна, накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.

– Бач, якія прыгожыя сыраежкі! – усцешыўся Віктар, сарваў і адразу з'еў корань. – Смачныя, салодкія! – цмокнуў ён. – Нездарма іх завуць сыраежкамі.

А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі хлопцы на лісічкі.

– Цёплае надвор'е, пачынаюць грыбы лезці, – задаволена казаў Мірон. – Будзем мець падмацаванне замест цецерукоў.

Перасеклі лес наўскасяк і выйшлі да таго месца, дзе яны ў першы дзень бачылі клін, што вытыркаўся ў возера. Цяпер з гэтага боку ўжо возера не было.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: