Да зубра ўжо бег знаёмы чорны бандыт са стрэльбай у руках.
«Няўжо адзін?» – падумалі хлопцы.
Але чалавек паглядзеў на зубра, павярнуўся ў той бок, адкуль з'явіўся, і крыкнуў:
– Гатова!
Праз хвіліну падбег яшчэ адзін, незнаёмы, а потым падышлі яшчэ двое. З іх адзін быў той малодшы таварыш чорнага, а другі таксама незнаёмы, але… звязаны!
На ім былі звычайныя боты, запэцканыя ў балоце, як і ва ўсіх, чорнае паліто і кепка. Рукі былі моцна закручаны назад, а рот завязаны хусткай.
Яго адвялі крыху ўбок, штурханулі і сказалі:
– Сядай!
Палоннік нязграбна сеў на зямлю.
Бандыты абступілі зубра.
– Здаровая штука! – сказаў незнаёмы.
– Але як скарыстаць яго? – заўважыў малодшы.
– Перацягнем па кавалках, – адказаў чорны.
– А скуру?
– Таксама парэжам на кавалкі. Хвацкія будуць падэшвы.
Потым пачалі раскладаць агонь і разбіраць тушу. Чорны скінуў світку, закасаў рукавы і ўзяўся за справу. Яму дапамагалі таварышы.
Кожны шрам на целе зубра болем адбіваўся ў сэрцах хлопцаў. Чорны акрываўлены бандыт здаваўся катам. Цяжка было разбіраць гэтую магутную жывёліну, а ў іх, як відаць, былі толькі звычайныя паляўнічыя нажы.
– Паслухайце! – спыніўся чорны. – Там ёсць добры кінжал.
У хлопцаў заняло дух…
Чорны накіраваўся да бабровай хаткі.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся.
– Чорт яго ведае, няма! – сказаў ён.
– А рэчы? – устрывожыліся яго таварышы.
– Рэчы на месцы. Толькі чамусьці ўсярэдзіну насыпалася ламачча, нібы хто зверху праламаў.
– А можа, хто кратаў? – падазрона запытаўся незнаёмы.
– Можа, і ўзлазіла наверх якая жывёліна.
– Ты добра глядзеў? Усё ёсць? Можа, тыя лайдакі дабраліся? – перапытаў малодшы.
– Мы ж глядзелі тады, калі іх ужо не было. Каб яны знайшлі, дык напэўна ўзялі б. А я перамацаў усе рэчы, толькі кінжала не натрапіў. Мусіць, ён заваліўся дзе паміж галля. Доўга было б шукаць.
Але незнаёмы ўсё непакоіўся.
– Трэба было б добра перагледзець усе рэчы, – сказаў ён. – Можа, тыя хлопцы знайшлі, можа, яны яшчэ дзе-небудзь тут?
– Не думаю, каб яны паквапіліся толькі на адзін кінжал, – усміхнуўся чорны і прыняўся зноў за працу.
– А рэвальверы глядзеў? – не адставаў новы.
– Скрынкі на месцы, але я іх не адчыняў, – спакойна прамовіў чорны.
– Вось бачыш.
– Ды чаго ты непакоішся? – умяшаўся малодшы. – Мы ж абышлі ўвесь лес, стралялі, гукалі. Каб яны тут былі дык адгукнуліся б, пачуўшы людзей. Усе рэчы тады былі цэлыя. Мы і рэвальверы глядзелі.
– А ўсё ж такі трэба пераканацца, – паківаў галавой новы.
– Добра, – супакоіў чорны. – Зараз скончым і паглядзім. Пойдзем нават паглядзець і іх «хату».
Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.
Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.
– Трэба было б за гэтага ўзяцца, – кінуў малодшы на палонніка. – Чаго з ім доўга валаводзіцца?
– Але, – устаў чорны.
Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!
– Хадзі сюды, сабака! – падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.
Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
– Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, – засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
– Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
– Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, – прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
– Ну! – грозна крыкнуў чорны. – Адказвай!
– Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! – нарэшце прамовіў палоннік.
– Канчаць хутчэй? – засмяяліся бандыты. – Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
– Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! – прашаптаў Віктар.
– Пачакаем, пачакаем хоць крыху, – усхваляваным шэптам адказаў Мірон. – Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.
Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.
– Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!
Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.
– Слухайце, – умяшаўся незнаёмы. – Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.
– Сапраўды, гэтак будзе лепш, – падтрымаў малодшы.
– Добра, – згадзіўся чорны. – А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.
Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.
Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.
І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.
Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.
Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.
Палоннік пачуў і азірнуўся.
– Тсс! – шапнулі хлопцы.
Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.
Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.
– Уцякайце! – шапнуў ён.
Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.
– У вас ёсць рэвальверы? – спытаў ён, не паварочваючы галавы.
– Ёсць, нават чатыры.
– У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?
– Зараджаны, іхні, – адказаў Мірон і адпоўз назад.
Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.
Хлопцы схаваліся ззаду.
– Чаму ён не ідзе? – здзівіўся Віктар.
Мірон растлумачыў, у чым справа. Хлопцы адразу напоўніліся ўпэўненасцю і нават гонарам. Яны ж пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага чалавека прымаюць удзел у ваеннай аперацыі! Сілы цяпер роўныя, ды яшчэ перавага ў тым, што вораг нічога не ведае.
Каля бабровай хаткі пачуліся трывожныя галасы. Потым адзін бандыт выйшаў з-за кустоў і зірнуў на свой лагер. Палоннік спакойна сядзеў з жардзінай. Бандыт зноў схаваўся.
Праз некалькі часу яны зноў выйшлі, пра нешта горача пагутарылі і разышліся. Малодшы з рэвальверам у руцэ накіраваўся да палонніка, а тыя два пайшлі далей, у бок стаянкі хлопцаў.
Цяпер ужо бандыт трымаў сябе іначай. Ён увесь час азіраўся навакол, прыслухоўваўся і, калі падышоў да палонніка, пачаў хадзіць узад і ўперад. Цяпер ён ужо спецыяльна вартаваў сваю ахвяру.