Артыкул 135. Генеральны пракурор i нiжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленнi сваiх паўнамоцтваў i кiруюцца толькi законам. У сваёй дзейнасцi Генеральны пракурор падсправаздачны Вярхоўнаму Савету.
Артыкул 136. Кампетэнцыя, арганiзацыя i парадак дзейнасцi органаў пракуратуры вызначаюцца законам.
ГЛАВА 8.
КАНТРОЛЬНАЯ ПАЛАТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Артыкул 137. Кантроль за выкананнем рэспублiканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасцi, выкананнем актаў Вярхоўнага Савета, якiя рэгулююць адносiны дзяржаўнай уласнасцi, гаспадарчыя, фiнансавыя i падатковыя адносiны, ажыццяўляе Кантрольная палата.
Артыкул 138. Кантрольная палата ўтвараецца Вярхоўным Саветам, дзейнiчае пад яго кiраўнiцтвам i падсправаздачная яму.
Артыкул 139. Старшыня Кантрольнай палаты выбiраецца Вярхоўным Саветам тэрмiнам на пяць гадоў.
Артыкул 140. Кампетэнцыя, арганiзацыя i парадак дзейнасцi Кантрольнай палаты вызначаюцца законам.
РАЗДЗЕЛ VII.
ФIНАНСАВА-КРЭДЫТНАЯ СIСТЭМА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Артыкул 141. Фiнансава-крэдытная сiстэма Рэспублiкi Беларусь уключае бюджэтную сiстэму, банкаўскую сiстэму, а таксама фiнансавыя сродкi пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадзян.
На тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь праводзiцца адзiная бюджэтна-фiнансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палiтыка.
Артыкул 142. Бюджэтная сiстэма Рэспублiкi Беларусь уключае рэспублiканскi i мясцовыя бюджэты.
Даходы бюджэту фармiруюцца за кошт падаткаў, якiя вызначаюцца законам, iншых абавязковых плацяжоў, а таксама iншых паступленняў.
Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспублiканскага бюджэту ў адпаведнасцi з яго расходнай часткай.
У адпаведнасцi з законам у Рэспублiцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
Артыкул 143. Парадак складання, зацвярджэння i выканання бюджэтаў i дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам.
Артыкул 144. Справаздача аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Вярхоўнага Савета не пазней пяцi месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фiнансавага года.
Справаздачы аб выкананнi мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмiн.
Справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў публiкуюцца.
Артыкул 145. Банкаўская сiстэма Рэспублiкi Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь i iншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносiны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлiкаў i валодае выключным правам эмiсii грошай.
РАЗДЗЕЛ VIII.
ДЗЕЯННЕ КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I ПАРАДАК ЯЕ ЗМЯНЕННЯ
Артыкул 146. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. Законы i iншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе i ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.
У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя, а ў выпадку разыходжання iншага нарматыўнага акта з законам дзейнiчае закон.
Артыкул 147. Пытанне аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi разглядаецца Вярхоўным Саветам па iнiцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя валодаюць выбарчым правам, не менш як 40 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, Прэзiдэнта, Канстытуцыйнага Суда.
Артыкул 148. Закон аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў i адабрэнняў Вярхоўным Саветам з прамежкам не менш трох месяцаў.
Змяненнi i дапаўненнi ў Канстытуцыi не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага становiшча, а таксама у апошнiя шэсць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета.
Артыкул 149. Канстытуцыя, законы аб унясеннi ў яе змяненняў i дапаўненняў, аб увядзеннi ў дзеянне Канстытуцыi i ўказаных законаў, акты аб тлумачэннi Канстытуцыi лiчацца прынятымi, калi за iх прагаласавала не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi шляхам рэферэндуму лiчыцца прынятым, калi за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спiсы для галасавання.
СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
М. ГРЫБ
15 сакавiка 1994 г.
г. Мiнск
ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Аб парадку ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь
Артыкул 1. Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь уступае ў сiлу з дня яе апублiкавання, за выключэннем яе асобных палажэнняў, якiя ўступаюць у сiлу ў парадку i тэрмiны, устаноўленыя гэтым Законам.
Артыкул 2. Дзень прыняцця Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь аб'яўляецца святочным днём.
Артыкул 3. У дзень уступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь спыняецца дзеянне артыкулаў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь 1978 года з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi, калi iншае не прадугледжана гэтым Законам, а таксама Закона Рэспублiкi Беларусь ад 25 жнiўня 1991 года "Аб наданнi статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўным суверэнiтэце Рэспублiкi Беларусь".
Артыкул 4. Законы, указаныя ў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, павiнны быць прыняты на працягу двух гадоў пасля яе ўступлення ў сiлу. У мэтах забеспячэння безумоўнага выканання прынятай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь утварыць Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у месячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
Артыкул 5. Законы i iншыя нарматыўныя акты да прывядзення iх у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь дзейнiчаюць у той частцы, у якой яны не супярэчаць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
Артыкул 6. На працягу двух гадоў пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь павiнны быць прыняты законы, якiя рэгулююць пераход да рэалiзацыi правоў, прадугледжаных у артыкулах 30 (у частцы свабоднага перамяшчэння i выбару месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь), 46 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь. Гэты пераход павiнен быць завершаны не пазней пяцi гадоў пасля ўступлення ў сiлу адпаведных законаў.
Артыкул 7. Народныя дэпутаты Рэспублiкi Беларусь захоўваюць свае паўнамоцтвы да адкрыцця першага пасяджэння Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь трынаццатага склiкання.