4
Некалi на клецi Ўладзiмера Пятуха гаспадарылi плякаты з напiсамi «да здравствует». Перад камэдыяй, якую называлi выбарамi, панаваў гэтта васпаваты ледзянавокi Грузiн. Iншым разам на зьмену прыходзiлi плякаты на тэму «сустрэнем» i «перавыканаем».
А ў гэны лiпеньскi дзень зь Пятуховай сьцяны загаварылi новыя «вызвольнiкi». Аграмадзiна-ваяка Вэрмахту, з аўтаматам у руцэ, вялiзны бот з шыпамi на падэшве. А спад таго боту, з жахам у вачох, што вялiчынёў па яблыку, быццам пацукi ўцякаюць ува ўсе бакi Жыды ў форме НКВД. А зьверху вялiкi напiс:
Аўтары плякату надта ўдала й пераконлiва спалучылi асноўныя прапагандовыя элемэнты: магутную й непераможную сiлу ў васобе нямецкага жаўнера й нiкчэмнасьць паразiтнае бальшавiцкае ўлады ў фiгурах зьдзеклiвых пацукоў з НКВД. Дый галоўнае: усё гэта ўцякло-«панеслася й больш ня вернецца». Цешцеся, яшчэ раз вызваленыя, з радасьцю пазiрайце ў сьветлую будучыню. Запомнiце, што што ворагамi вашымi былi жыдкi з НКВД. Спалучэньне «жыдкоў-пацукоў» зь ненавiсным народу рэжымам рабiла выдатны эфэкт.
Зiрнiце яшчэ раз, «новавызваленыя». Вось ён — новы валадарны апякун, з аўтаматам у руках, грозныя, помстай поўныя вочы пад нiзклiм казырком шлёму, сьцiснутыя вусны. Вялiзны бот топча пацукоў «жыда-бальшавiцкае хэўры». Непераможны ваяка «новай Эўропы», каваль i гаспадар «новага парадку».
Суседнi плякат, з малюнкамi сакавiта-ўраджайнага поля, гарэзьлiвым вiльчыкам на чубку страхi гумна й прывабнай хатай побач — iдылiя-мара кажнага селянiна — гаварыў яшчэ больш важнае:
Скупыя напiсы й вялiкi зьмест: магутны й шляхотны «вызвольнiк», «жыда-бальшавiцкая хэўра», што больш ня вернецца; руплiвага гаспадара чакае «зямля абяцаная». Што больш магло прыяць людзям, якiя ў роспачы некалi казалi: «нiхай лепi сам чорт пануiць, абы ня гэтая брыда»?
Унiзе пад гэнымi плякатамi вiсела трэцяя, меншая паперка, задрукаваная выразнымi лiтарамi. Пасярод яе ўверсе, раскiнуўшы шырака выстылiзаваныя крыльлi, арол трымаў свастыку ў кiпцюрох. I загаловак: «Паведамленьнi Галоўнае Каманды Нямецкiх Збройных Сiлаў». Гэтта даволi шырака расьпiсвалася дзе й што зрабiлi Гiтлеравы бамбавозы, ганчакi й зьнiшчальнiкi, якiя гарады й землi заняла армiя. Посьпехi, вiдаць, былi вялiзарныя. Надзiвiцца весткам з фронту не маглi лiтоўскiя сяляне. А пад нiзом гэнага паведамленьня нейчая рука лацiнскiмi лiтарамi «Москаў капут!» напiсала.
Гэна першае аблiчча «новага парадку», што цяпер Пятухову клець аздабляла, прывёз учора з Глыбокага заўсёды да ўсяго дападлiвы iз сваiм гнядым конiкам рыжавусы Захарук.
— Алi-ж i добра Немiц гэтта бальшавiкоў адчыканiў! Ха-ха-ха! — рагатаў Уладзiмер Пятух. — Ты глянь, якiя пiрапуджаныя морды! От i драла даюць!
— I пабiларуску во ўсё! Знаiць, каб яго халера!
— Ну як-жа яму нi знаць… Кажуць-жа, што Бiларусам цяперака нейкую ўладу дадуць.
— Ого?
— Дадуць, як гэныя далi, адно рот разяўляй.
— Ну а паглядзi што унь пiшуць: Бiларусы, вас чакае зямля. От як!
— Ага, чакаiць. Тры мэтры на паўтара на кожнага!
— Эх ты, разумнiк гэткi!
Асноўная ўвага на Захаруку трымаклася. Сядзеў ён, прыгорбiўшыся, на лаве, пугаўём пясок мiж каравых босых ног тачыў. Паволi, дрыжачым голасам гаварыў:
— У Бярэзьвiцкай цюрме надта-ж многа нашага народу яны, нячысьцiкi, зглумiлi. Немiц кажыць, што гэта Жыды з НКВД так мардавалi, пiрад тым значыцца, як уцiкаць мелi. А гэта яны ў быўшым манастыры наш народ дзiржалi. От гэта я на свае вочы вiдзiў, што многа закатаваных ляжыць. А расказваюць, што надта-ж зьдзеквалiся зь людцаў бедных — вешалi, насы абразалi, вочы выкалвалi, бабам грудзi выразалi, жываты паролi, каб iм, баньдзюгам, на тым сьвеце так давялося!
— Ах, Матка Боская, людцы бедныя!
— Яны, сукiны сыны, нiкаторых так зьнявечылi, што родныя свае нi пазнаюць… Божа мой, як паглядзеў я! Нашто ўжо жывот у мяне крэпкi, а чаго кiшкi ня вывернула. А людзей мора, усе сваiх шукаюць!
— Ты, дзядзька, кажаш, што гэта нашыя людзi. А хто яны?
Звычайна вясёлы й жартаўлiвы Захарук цяпер абмiнаў сканцэнтраваныя на iм зрок сабраных, быццам сам вiноўнiкам тых злачынстваў быў. На чэрствым сялянскiм твары цень жаху гаспадарыў. Дрыжэлi вусны. Забыўся, што пагасла ў пальцах самакрутка.
— Многа каго людзi па паперках пазналi. От-жа на двары многа сьледчых дакумантаў валяецца параськiданых. Гэта-ж, мусiць, нячыстая сiла, зьбiралi ўсё ў кучу, каб спалiць, ды ня ўсьпелi. А вецер параськiдаў. Значыцца там судовыя й сьледчыя паперы iзь зьнiмкамi й прозьвiшчамi. Найболi Бiларусаў, а ёсьць Палякi й Жыды таксама.
— I Жыды забiтыя?
— А як-жа. А з нашых, кажуць, дык многа папалася гэта каторых нахапалi апошнiм часам пiрад прыходам Немца. Глыбокае, кажуць, Немiц разбамбiў адразу дык тады энкавудэ i ўся бальшавiцкая ўлада пяткi падмазала. Колькi дней нiкога ня было й людзi пападчышчалi крамы, як i гэтта ў нас у Гацях. Але тады гэтыя, нячыстая сiла, вярнулiся яшчо назад i давай, хто папаўся пад руку, проста страляць, або ў Бярэзьвiчы… Дык от так масу народу нашага на той сьвет зьвялi. Ну i кажуць, нахапалi апошнiмi чадамi нашых грамадаўцаў…
Ледзь варушыў лiсьцем дрэў лагодны лiпеньскi вецер, нярухома стаяла побач гойдаўка. Ля Бураковых прысадаў журботна выў Ромка, а ў Тахвiлiным садзе трашчэла сарока.
— Каб яго халера, сабаку гэтага! — лаяў Пятух Уладзiмер. — Нiкому нi даецца, нiяк во нi прынадзiш. Саўсiм зьдзiчэiць.
Сонца за поўдзень хiлiлася. Позна ўчора Захарук з гораду вярнуўся. Сяньня ранiцай прынёс Пятуху Ўладзiмеру афiшкi й папрасiў, каб на клецi папанаклейваў. Ашныраўшы новае, Пiлiпаў Арсень, а там ужо i Аўдоля ягодка па вёсцы навiну разьнесьлi. Неўзабаве пачалi зьбiрацца людзi, iшлi яшчэ й цяпер.
— З гэтага боку, воддаль ад манастыра, — прадаўжаў Захарук, — выкапалi вялiзную яму й туды закатаваных ськiдалi. Я працiснуўся перазь сьцяну народу й прыгледзiўся: Божа мой, аж нос ад смуроду зарываiць. Як снапы, паськiдваны пластамi, толька што парубнём ня прыцiснутыя. Я спрабаваў лiчыць, але скора зьбiўся. У некаторых дзiркi ў патылiцах пазнаць можна. Гэта-ж так, нячыстая сiла, стралялi. А яшчо ў каторых дык петлi на шыях, а твары так зьнявечаныя, што нi пазнаеш. Бабы навокал галосяць, Божа ты мой! I ўжо надта-ж народ злуець, праклёны толька з вуснаў чуваць. От каб яму тыя каты бальшавiкi ў рукi папалiся, дык мусiць на кускi парвалi-б, скуру пасмамi дзерлi-б. Гэта-ж нi жарцiкi табе. Падумаць, што нарабiлi бальшавiкi!
Захарук закрыў твар рукамi й дрыжэў. У вачох сьвежай стаяла брацкая магiла нявiнных суродзiчаў.
— А ягодка-ж мая мiленькая, а Госпадзе мой! — войкнула Кмiтава Аўдоля. — Азьвярэлi саўсiм людзi. А што-ж гэта будзiць?
— Дык Немiц пушчаiць туды ўсiх, каторыя глядзець хочуць?
— Во, а чаму-ж не… Ён падахвочваiць яшчо, каб вiдзiлi людзi якiя людаеды гэтыя бальшавiкi. Немiц усю вiну за гэта на Жыдоў валiць.
— Але-ж ты кажаш, што й Жыды пабiтыя ёсьцека.
— Ага, ёсьцека, сам вiдзiў. Мужчыны, каторыя пазналi iх, паказвалi мне. Дык, гэта самае, тамака Немцы ваенныя для парадку стаяць, а народ усё чаргой iдзець глядзець туды. Адзiн салдат празь нейкую конаўку, каб усе чулi панашаму паясьняiць усё. Кажа хто нашых людзей катаваў i забiваў.
«Дзiравы шляхцiц» Паўлоўскi нiякавата азiраўся па бакох, мяркуючы дзе й як ды якое слова ўкiнуць. Пашанцавала яму. Цi прыйшло калi яму ў галаву, што мусiў-бы людзям за дабрату й стрыманасьць падзякаваць? А з другога боку загадка: чаму Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт яго ня выдалi? А можа выратавала тое, што адзiн зь першых у калгас запiсаўся?
Цяпер бянтэжыў яго новы парадак. Што ён прынясе? Каму за ўладу ў вёсцы брацца? I цi нi спатрэбiцца зноў той начальнiцкi капялюш i абшмуляная тэчка?
— Ну а пра Бурака з бабай ня чуў? — пытаўся Захарука Ўладзiмер Пятух.
— А дзе падзеўся Антось Дзяркач?