- Не гавары пра тое, чаго не ведаеш! - раззлаваўся на Рохiна Iван. - Я, а не ты быў там! Ён яго знарок пад трамвай прыстроiў!

- Папхнуў?

- Ды пры чым тут "папхнуў"? - злаваўся на агульную бесталковасць Iван. Яму i папiхаць не трэба! Ён гэтакiя штукi можа вытварыць, што толькi трымайся! Ён зараней ведаў, што Берлiёз трапiць пад трамвай!

- А хто-небудзь, акрамя вас, бачыў гэтага кансультанта?

- Вось у тым i бяда, што толькi я i Берлiёз.

- Так. I якiя ж меры вы прынялi, каб затрымаць забойцу? - тут доктар завярнуўся i кiнуў позiрк на жанчыну ў белым халаце, якая сядзела збоч за столiкам. Тая дастала лiст з шуфлядкi i пачала запаўняць пустыя мясцiны ў графах.

- Меры вось якiя. Узяў я на кухнi свечачку...

- Вось гэту? - спытаўся доктар i паказаў на паломаную свечку, якая ляжала побач з iконкай на стале перад жанчынаю.

- Гэтую i...

- А навошта iконка?

- Ага, i iконка... - Iван пачырванеў, - iконка больш за ўсё i спалохала, ён зноў пальцам паказаў на Рохiна, - але справа ў тым, што ён, кансультант, ён, скажам шчыра... знаецца з нячыстаю сiлаю... i проста так яго не зловiш.

Санiтары чамусьцi выцягнулi рукi па швах i не спускалi вачэй з Iвана.

- Ага, - працягваў Iван, - знаецца! Тут факт бясспрэчны. Ён асабiста з Понцiем Пiлатам размаўляў. Ды не глядзiце вы гэтак на мяне! Праўду гавару! Усё бачыў - i балкон, i пальмы! Быў, адным словам, у Понцiя Пiлата, я ручаюся.

- Ну, ну...

- Ну, значыць, я iконку на грудзi прычапiў i пабег...I тут гадзiннiк ударыў двойчы.

- Эге, - усклiкнуў Iван i ўстаў з канапы, - дзве гадзiны, а я з вамi час марную! Я прашу прабачэння, дзе тэлефон?

- Прапусцiце да тэлефона, - загадаў доктар санiтарам.

Iван схапiў слухаўку, а жанчына тым часам спыталася ў Рохiна:

- Жанаты ён?

- Халасцяк, - спалохана адказаў Рохiн.

- Сябра прафсаюза?

- Ага.

- Мiлiцыя? - закрычаў Iван у слухаўку. - Мiлiцыя? Таварыш дзяжурны, загадайце зараз жа, каб выслалi пяць матацыклiстаў з кулямётамi лавiць замежнага кансультанта. Што? Заязджайце па мяне, я сам з вамi паеду... Гаворыць паэт Iван Бяздомны з вар'яцкага дома... Якi ваш адрас? - шэптам спытаўся Бяздомны ў доктара, прыкрыўшы слухаўку далонню, а потым зноў закрычаў у слухаўку: - Вы слухаеце? Алё!.. Бесталач! - раптам зароў Iван i ляпнуў слухаўку аб сцяну. Потым ён завярнуўся да доктара, падаў руку, суха сказаў "да пабачэння" i сабраўся iсцi.

- Злiтуйцеся, куды ж вы хочаце iсцi, - загаварыў доктар, гледзячы Iвану ў вочы, - апоўначы, у адной бялiзне... Вы сябе дрэнна адчуваеце, застаньцеся ў нас!

- Прапусцiце, - сказаў Iван санiтарам, якiя заступiлi дзверы. - Прапусцiце вы цi не? - страшным голасам крыкнуў паэт.

Рохiн затрымцеў, а жанчына нацiснула на кнопачку ў стале, i на яго блiскучую паверхню выскачыла блiскучая каробачка i запаяная ампула.

- Ах, так?! - дзiка i зацкавана прамовiў Iван i азiрнуўся. - Ну ладна! Бывайце... - i галавою ён кiнуўся ў акно. Пачуўся ўдар, але спецыяльнае шкло вытрымала, i праз iмгненне Iван выкручваўся ў руках у санiтараў. Ён хрыпеў, спрабаваў кусацца, крычаў:

- Дык вось якiя вы шкельцы ў сябе завялi!.. Пусцi!.. Пусцi, кажу!

Шпрыц блiснуў у руках у доктара, жанчына адным узмахам разарвала рукаў талстоўкi i ўчапiлася ў руку з нежаночаю сiлаю. Запахла эфiрам, Iван аслаб у руках у чатырох чалавек, i спрытны доктар выкарыстаў гэты момант, укалоў iголку ў Iванаву руку. Iвана патрымалi яшчэ некалькi хвiлiн, потым паклалi на канапу.

- Бандыты, - закрычаў Iван i ўсхапiўся з канапы, але яго пасадзiлi. Як толькi адпусцiлi, ён зноў падхапiўся, але назад ужо сеў сам. Ё? памаўчаў, дзiкавата азiрнуўся, потым нечакана пазяхнуў, потым злосна ўсмiхнуўся.

- Упяклi ўсё ж, - сказаў ён, пазяхнуўшы яшчэ раз, нечакана прылёг, галаву паклаў на падушку, кулак па-дзiцячы пад шчаку, замармытаў ужо сонным голасам, нязлосна: - Ну што ж, добра... самi ж за ўсё i расплацiцеся. Я папярэдзiў, а там як хочаце! Мяне ж зараз найбольш цiкавiць Понцiй Пiлат... Пiлат... - i ён заплюшчыў вочы.

- Ванну, сто семнаццатую асобную i пост да яго, - загадаў доктар, надзяваючы акуляры.

Тут Рохiн зноў здрыгануўся: нячутна адчынiлiся белыя дзверы, за iмi быў вiдаць калiдор, асветлены сiнiмi начнымi лямпачкамi. З калiдора выехала на гумавых колах канапа, на яе пераклалi зацiхлага Iвана, i дзверы за iмi замкнулiся.

- Доктар, - шэптам спытаў уражаны Рохiн, - ён што, сапраўды хворы?

- Вядома, - адказаў доктар.

- I што ж гэта з iм? - спалохана спытаў Рохiн.

Стомлены доктар паглядзеў на Рохiна i вяла адказаў:

- Рухальнае i моўнае ўзбуджэнне... лiхаманкавыя iнтэрпрэтацыi... выпадак, вiдаць, цяжкi... Шызафрэнiя, мабыць. I да ўсяго гэтага алкагалiзм...

Рохiн зразумеў са сказанага доктарам, што справа ў Iвана Мiкалаевiча дрэнь, уздыхнуў i спытаўся:

- А што гэта ён усё пра нейкага кансультанта гаварыў?

- Бачыў, мабыць, некага, хто надта ўразiў яго хворае ўяўленне. А можа, i галюцынацыi...

Праз некалькi хвiлiн грузавiк iмчаў Рохiна ў Маскву. Свiтала, i святло не патушаных на шашы лiхтароў было ўжо непатрэбнае i непрыемнае. Шафёр злаваўся, што змарнавана ноч, гнаў машыну хутка, i яе заносiла на паваротах.

Вось i лес адпаў, застаўся недзе ззаду, i рэчка адышла некуды ўбок, насустрач грузавiку сыпалася рознае: нейкiя платы з вартаўнiчымi будкамi i штабелi дроў, высозныя валуны i нейкiя мачты, а на iх нанiзаныя катушкi, кучы каменнага друзу, зямля, парэзаная канавамi, - адным словам, адчувалася, што вось яна, Масква, побач, недзе за чарговым паваротам, i зараз навалiцца, абхопiць.

Рохiна калацiла i падкiдала нейкая калодка, на якой ён прымасцiўся, вылузвалася з-пад яго. Рэстарацыйныя ручнiкi, што падкiнуў мiлiцыянер, якi раней ад'ехаў на тралейбусе разам з Панцялеем, коўзалiся па ўсiм кузаве. Рохiн паспрабаваў iх спачатку сабраць, але потым чамусьцi злосна прашыпеў: "Ну iх к чорту! Чаго я, на самай справе, кручуся, як дурань?.." - адкiнуў iх нагой i не глядзеў туды болей.

Настрой у яго быў жахлiвы. Наведванне журботнага дома пакiнула ў душы цяжкi след. Рохiн спрабаваў зразумець, што яго мучыць. Калiдор з сiнiмi лямпачкамi, якi ўрэзаўся ў памяць? Думка пра тое, што горшае бяды, чым вар'яцтва, няма на свеце? Вядома, i гэта ўсё. Але яно так - агульная думка. А вось яшчэ ёсць нешта. Што ж гэта? Крыўда, вось што. Ага, крыўдныя словы, якiя сказаў Бяздомны проста ў вочы. I бяда не ў тым, што яны крыўдныя, а ў тым, што гэта праўда.

Паэт не глядзеў болей па баках, а ўпёрся позiркам у падлогу, дрыготкую i брудную, пачаў нешта мармытаць, ныць, нiшчыць самога сябе.

Ну, вершы... Яму - трыццаць два гады! А сапраўды, што ж будзе далей? I далей ён будзе выдумляць па некалькi вершаў у год. Да старасцi? Ага, да старасцi. Што ж дадуць яму гэтыя вершы? Славу? "Глупства! Хоць сам сябе не абманвай. Нiколi не будзе славы ў таго, хто выдумляе недарэчныя вершыкi. Чаму недарэчныя? Праўда, праўда сказана! - бязлiтасна пераконваў сябе Рохiн, - не веру я нiчому з таго, што пiшу!.."

Атручаны выбухам неўрастэнii, паэт гайдануўся, падлога перад iм перастала трэсцiся. Рохiн падняў галаву i ўбачыў, што ён даўно ўжо ў Маскве i што над Масквою ранiца, што воблака падсвечана золатам, што грузавiк яго спынiўся ў калоне разам з iншымi ля павароту на бульвар i што блiзенька ад яго стаiць на пастаменце металiчны чалавек з ледзь нахiленай галавой i абыякава глядзiць на бульвар.

Нейкiя дзiўныя думкi хлынулi ў голаў захварэламу паэту. "Вось прыклад сапраўднае ўдачы... - тут Рохiн устаў у кузаве i руку падняў, напаў чамусьцi на чалавека, якi нiколi нiкога не чапаў, - куды б не ступiў ён у жыццi, што толькi не здаралася з iм, усё яму на карысць было, усё ператваралася ў славу! Ну што ён зрабiў? Я не разумею... Ну што асаблiвае ў гэтых словах: "Буря мглою..."? Не разумею!.. Пашанцавала, пашанцавала! - злосна падсумаваў Рохiн i адчуў, што грузавiк пад iм варухнуўся, - страляў, страляў у яго гэты белагвардзеец, разбiў бядро i забяспечыў несмяротнасць..."

Калона рушыла. Зусiм хворы i нават пастарэлы паэт не болей чым праз дзве хвiлiны ўваходзiў на веранду Грыбаедава. Яна ўжо апусцела. У куце дапiвала нейкая кампанiя, у цэнтры яе мiтусiўся знаёмы канферансье ў цюбецейцы i з бакалам "Абраў" у руцэ.

Рохiн, нагружаны ручнiкамi, быў сустрэты Арчыбальдам Арчыбальдавiчам вельмi прыязна i адразу ж пазбаўлены ад праклятых ануч. Калi б Рохiн не быў гэтак змучаны клiнiкаю i грузавiком, ён, мабыць, з задавальненнем расказаў бы пра тое, як усё адбывалася ў лячэбнiцы, упрыгожыў бы гэты расказ выдуманымi падрабязнасцямi. Але цяпер яму было не да гэтага i, акрамя ўсяго, хаця Рохiн i не быў нiколi назiральным, - цяпер, пасля пакут на грузавiку, ён упершыню як след прыгледзеўся да пiратавага твару i зразумеў, што хоць той i пытаецца пра Бяздомнага, i нават аяяйкае, але на самай справе зусiм абыякавы да лёсу Бяздомнага i абсалютна не шкадуе яго. "I малайчына! I правiльна!" - з цынiчнаю самазнiшчальнаю злосцю падумаў Рохiн, абарваў расказ пра шызафрэнiю i папрасiў:

- Арчыбальд Арчыбальдавiч, гарэлачкi б мне...

Пiрат зрабiў спачувальны твар, шапнуў:

- Разумею... адну хвiлiнку... - махнуў афiцыянту.

Праз чвэрць гадзiны Рохiн, зусiм адзiн, сядзеў, сагнуўшыся над рыбцом, глушыў кiлiшак за кiлiшкам, разумеў i прызнаваў, што паправiць хоць што-небудзь у жыццi ўжо нельга, можна толькi пра ўсё забыць i не думаць.

Паэт змарнаваў ноч, пакуль iншыя весялiлiся, i цяпер разумеў, што вярнуць яе нельга. Варта толькi было падняць галаву ад лямпы ўгору на неба, каб зразумець, што ноч страчана назаўсёды. Афiцыянты спехам зрывалi настольнiкi са сталоў. У катоў, якiя шнырылi ля веранды, быў ранiшнi выгляд. На паэта няўмольна навальваўся дзень.

Раздзел 7

НЯЧЫСТАЯ КВАТЭРА

Калi б на наступную ранiцу Сцёпу Лiхадзееву сказалi такое: "Сцёпа! Цябе расстраляюць, калi ты зараз жа не ўстанеш!" Сцёпа адказаў бы ледзь чутным голасам: "Расстрэльвайце, рабiце са мною што хочаце, але я не ўстану".


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: