Нарэшце Маргарыце Мiкалаеўне надакучыла слухаць гэтую таямнiчую балбатню пра ўкрадзеную з труны галаву, яна ўзрадавалася, што трэба выходзiць.
Праз некалькi хвiлiн Маргарыта Мiкалаеўна ўжо сядзела пад Крамлёўскаю сцяною на адной з лавачак гэтак, каб быў бачны манеж.
Маргарыта прыплюшчвалася ад яркага сонца, успамiнала свой сённяшнi сон, успамiнала, як роўна год назад, дзень у дзень i ў адну i тую гадзiну, на гэтай самай лаўцы яна сядзела побач з iм. I якраз гэтак чорная сумачка ляжала побач з ёй на лаўцы. Яго не было сёння побач, але ў думках Маргарыта Мiкалаеўна размаўляла з iм: "Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр... Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам". Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: "Ты вольная... Хiба я трымаю цябе?" Потым пярэчыла яму: "Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю".
Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:
- А сёння i сапраўды цудоўнае надвор'е...
Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.
"Вось i прыклад, - у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор'е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?"
Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. "Сапраўды здарыцца!" Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.
Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi - адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi - чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi быццам знутры распiрала нейкая пiкантная таямнiца, у заплылых вачах блукалi двухсэнсоўныя агеньчыкi. Здавалася, яшчэ крыху, i грамадзянка не вытрымае, падмiргне нябожчыку i скажа: "Нiколi такога не было! Проста мiстыка!" Гэтакiя ж разгубленыя твары былi i ў тых, хто праводзiў пешкi, iх прыкладна чалавек трыста паволi iшло следам за пахавальнаю машынаю.
Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае - "бумс, бумс, бумс", i думала: "Якое незвычайнае пахаванне... I якая нуда ад гэтага "бумса". Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?"
- Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, - пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, - старшыню МАССАЛIТа.
Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.
Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.
- Сапраўды, - працягваў незнаёмы, - незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!
- Якая галава? - спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.
- Ага, будзьце ласкавы ведаць, - растлумачыў рыжы, - сёння ранiцай у грыбаедаўскай зале галаву ў нябожчыка ўкралi з труны.
- Як гэта можа быць? - мiжволi спыталася Маргарыта i адразу ўспомнiла шэпт у тралейбусе.
- А чорт яго ведае! - нахабна адказаў рыжы. - Я думаю, што пра гэта трэба было б у Бегемота спытацца! Надта лоўка свiснулi. Гэтакi скандал! I галоўнае, незразумела, каму i нашто яна патрэбна, гэтая галава!
Як не была занята сваiм Маргарыта Мiкалаеўна, яе ўсё ж уразiла дзiўная хлусня невядомага грамадзянiна.
- Выбачайце, - раптам усклiкнула яна, - якога Берлiёза? Гэтага, што ў газетах сёння...
- Ага, ага...
- Дык гэта, выходзiць, лiтаратары за труною iдуць? - спыталася Маргарыта i на паўслове замоўкла.
- Ну вядома ж, яны!
- А вы iх ведаеце?
- Усiх да аднаго, - адказаў рыжы.
- Скажыце, - загаварыла Маргарыта, i голас яе зрабiўся глухiм, - а сярод iх ёсць крытык Латунскi?
- А як жа, - адказаў рыжы, - вось ён крайнi, у чацвёртым радзе.
- Гэты бландзiн? - прымружылася Маргарыта.
- Попельнага колеру... Бачыце, глядзiць у неба.
- На папа падобны?
- Во-во!
Больш Маргарыта нi пра што не пыталася, прыглядалася да Латунскага.
- А вы, я бачу, ненавiдзiце гэтага Латунскага, - усмешлiва загаварыў рыжы.
- Я яшчэ сяго-таго ненавiжу, -праз зубы адказала Маргарыта, - але гэта нецiкавая гаворка.
Працэсiя ў гэты час рушыла далей, за людзьмi паплылi большасцю пустыя аўтамабiлi.
- Сапраўды, што ў гэтым цiкавага, Маргарыта Мiкалаеўна!
Маргарыта здзiвiлася.
- Вы ведаеце, хто я?
Замест гэтага рыжы зняў капялюш i ўзяў яго ў руку.
- Ну добра, мяне завуць Азазела, але вам гэта нiчога не гаворыць.
- А вы не скажаце мне, як i адкуль вы даведалiся пра лiсткi i пра мае думкi?
- Не скажу, - суха адказаў Азазела.
- А вы ведаеце хоць што-небудзь пра яго? - з мальбою зашаптала Маргарыта.
- Ну, няхай будзе ведаю.
- Малю вас: скажыце толькi адно - ён жывы? Не мучце мяне.
- Ну, жывы, жывы, - неахвотна адазваўся Азазела.
- Божачка!
- Калi ласка, не хвалюйцеся i не крычыце, - пахмура сказаў Азазела.
- Даруйце, даруйце, - мармытала пакорлiвая Маргарыта, - я, вядома, раззлавалася на вас. Але, пагадзiцеся, калi на вулiцы запрашаюць жанчыну некуды ў госцi... Я не старамодная, запэўнiваю вас, - Маргарыта нявесела ўсмiхнулася, - але я нiколi не сустракалася з чужаземцамi, i сустракацца ў мяне з iмi няма нiякае ахвоты... i, акрамя таго, мой муж... Мая драма ў тым, што я жыву з тым, каго не кахаю, але псаваць яму жыццё не хачу. Ад яго я нiчога не мела, акрамя дабра...
Азазела з паказным сумам слухаў гэтае блытанае мармытанне i сурова сказаў:
- Прашу вас, памаўчыце хвiлiнку.
Маргарыта пакорлiва замоўкла.
- Я запрашаю вас да чужаземца зусiм бяспечнага. I нiводная душа не будзе ведаць пра гэтае наведванне. Вось за гэта я магу паручыцца.
- А навошта я яму? - лiслiва спыталася Маргарыта.
- Пра гэта вы даведаецеся пазней.
- Разумею... Я павiнна буду аддацца яму, - сказала Маргарыта задумлiва.
У адказ на гэта Азазела пагардлiва хмыкнуў i адказаў:
- Любая жанчына ў свеце, магу запэўнiць вас, толькi i марыла б пра гэта, твар Азазелы скрывiўся ад смяшку, - але я расчарую вас, гэтага не будзе.
- I што гэта за чужаземец такi? - разгублена ўсклiкнула Маргарыта гэтак моцна, што на яе азiрнулiся мiнакi. - I што за iнтарэс мне iсцi да яго?
Азазела нахiлiўся да яе i шматзначна шапнуў:
- Ну, iнтарэс, скажам, вялiкi... Вы скарыстаеце выпадак...
- Што? - усклiкнула Маргарыта, i вочы ў яе зрабiлiся круглыя. - Калi я вас правiльна зразумела, вы намякаеце на тое, што я магу даведацца пра яго?
Азазела моўчкi кiўнуў галавой.
- Еду! - цвёрда ўсклiкнула Маргарыта i ўхапiла Азазелу за руку. - Еду куды хочаце!
Азазела з палёгкаю аддыхаўся, адкiнуўся да спiнкi, закрыў плячыма выразанае вялiкiмi лiтарамi "Нюра" i загаварыў iранiчна:
- Цяжкi народ гэтыя жанчыны! - ён усунуў рукi ў кiшэнi i далёка наперад выцягнуў ногi. - Нашто, напрыклад, мяне паслалi? Няхай бы Бегемот хадзiў, ён прыгожы, абаяльны...
Маргарыта загаварыла, кiсла i па-жабрачы ўсмiхаючыся:
- Досыць вам мучыць мяне мiстыфiкацыямi i загадкамi... Я чалавек i так няшчасны, а вы выкарыстоўваеце гэта. Улажу я ў нейкую дзiўную гiсторыю, але, клянуся, толькi таму, што вы спакусiлi мяне словамi пра яго! У мяне галава кругам iдзе ад усiх гэтых бед...
- Не драматызуйце, не драматызуйце, - адазваўся Азазела i скрывiў морду, мяне таксама зразумець трэба. Даць па мордзе адмiнiстратару, выгнаць дзядзьку з дома, альбо падстрэлiць каго-небудзь, цi яшчэ якую дробязь зрабiць, гэта мая непасрэдная спецыяльнасць, але размаўляць з закаханымi жанчынамi - злiтуйцеся. Я ўжо вас паўгадзiны ўломлiваю. Дык едзеце?
- Еду, - проста адказала Маргарыта Мiкалаеўна.
- Тады, калi ласка, трымайце, - Азазела дастаў з кiшэнi круглую залатую каробачку, падаў яе Маргарыце i сказаў: - Ды схавайце, а то мiнакi глядзяць. Яна вам спатрэбiцца, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы вельмi пастарэлi ад гора за апошнiя паўгода. (Маргарыта ўспыхнула, але нiчога не сказала, а Азазела працягваў.) Сёння вечарам, роўна а палове дзесятай, майце ласку, раздзеўшыся дагала, нацерцi гэтай маззю твар i ўсё цела. Далей можаце рабiць што хочаце, але не адыходзьце ад тэлефона. У дзесяць я пазваню вам i скажу пра ўсё, што трэба. Вы не будзеце мець нiякага клопату, вас прывязуць куды патрэбна, i вам нiчога не зробяць благога. Зразумела?
Маргарыта памаўчала i сказала:
- Зразумела. Гэтая рэч з чыстага золата, адчуваецца на вагу. Ну што ж, я цудоўна разумею, што мяне купляюць i ўкручваюць у нейкую непрыстойную гiсторыю, за гэта я дорага заплачу.