Мiнула дзве гадзiны, сонца ўзнялося вышэй i не бiла па вачах гэтак моцна, калi ён глядзеў на ўсход. У полi яго зроку засталiся толькi тры лодкi, i здавалася, што яны вельмi нiзкiя i паблiзу берага.
"Усё жыццё маiм вачам бывала кепска ад ранняга сонца, - падумаў ён. - Але яны, як i раней, добрыя. Увечары я магу пазiраць на сонца проста, i ў вачах не робiцца цёмна. Сонца ўвечары мацнейшае, але ўраннi глядзець на яго балюча". Якраз тады ён убачыў фрэгата* з яго даўгiмi чорнымi крыламi, той кружляў у небе наперадзе яго.
* Марская птушка.
Раптам птах зрэзаў наўскасяк унiз, выпрастаўшы ззаду крылы, а потым закружыў зноў.
- На нешта ён натрапiў, - вымавiў услых стары чалавек. - Не проста шукае.
Павольна i мерна ён павеславаў туды, дзе птушка кружыла. Ён не спяшаўся, i яго шнуры былi гэткiя ж прамыя, як напачатку. Праўда, цяпер ён трохi больш дапамагаў плынi вёсламi, i хоць рыбачыў гэткiм жа дакладным чынам, але хутчэй, як раней, бо iмкнуўся выкарыстаць птушку.
Птах узняўся ў неба вышэй i закружляў зноўку, пры гэтым крылле яго было нерухомае. Раптам ён даў нырца ў ваду, i стары чалавек убачыў, як з вады рванула лятучая рыба i адчайна памкнула над паверхняй мора.
- Дэльфiн* - вымавiў услых стары чалавек. - Буйны дэльфiн.
* Стары чалавек называе дэльфiнам адну з некалькiх акiянiчных рыб, адметных пералiвiстасцю афарбоўкi, з востраканцовымi плаўнiкамi.
Ён паклаў вёслы ў лодку i дастаў маленькi шнур, што ляжаў на носе лодкi. Той быў з драцяным павадком, на канцы якога меўся невялiкi кручок, на якi ён насадзiў адну з сардзiн. Стары чалавек апусцiў шнур за борт, а пасля злучыў яго з кармой, прымацаваўшы да нiта з колцам. Тады ён прыладзiў прынаду да другога шнура i пакiнуў яго, скручаным у маток, у цянi на носе лодкi. Ён зноў узяўся веславаць, назiраючы пры гэтым за даўгакрылым чорным птахам, што вiснуў над вадой, палюючы на рыбу.
Ён бачыў, як птушка абмакнулася ў ваду зноў, адкiнуўшы крылы назад, каб нырнуць, а пасля заматляла iмi шалёна, але марна, пераследуючы лятучую рыбу. Стары чалавек не мог не заўважыць пэўнай пакутасцi марской паверхнi, гэта буйныя дэльфiны ўзнiмалi ваду, гонячыся за рыбай. Дэльфiны ўзрэзвалi ваду пад чарадой лятучых рыб i, рухаючыся хутка, не змусiлi б чакаць сябе, калi б тыя апусцiлiся ў ваду. "Гэта вялiкая чарада дэльфiнаў, - падумаў ён. - Яны раскiданы адзiн ад аднаго, i таму ў лятучых рыбаў мала шанцаў. А ў птушкi iх няма ўвогуле. Лятучыя рыбы занадта буйныя ды шпаркiя для iх".
Ён назiраў за тым, як лятучыя рыбы зноў i зноў выстрэльвалi з вады i як бясплённа высiльвалася птушка. "Гэтая чарада дэльфiнаў для мяне страчана, падумаў ён. - Занадта хутка i далёка шыбуюць яны. Але, мажлiва, я падбяру якога блуднiка, а можа, мая вялiкая рыба недзе паблiзу iх. Дзесьцi ж павiнна быць мая вялiкая рыба".
Воблакi над зямлёю паўсталi як горы, бераг здаваўся ўсяго толькi доўгай зялёнай лiнiяй з шэра-сiнiмi ўзгоркамi за ёю. Вада ў моры сталася цёмна-сiняя, амаль фiялетавая. Зiрнуўшы ў яе, ён убачыў чырвонае сяйво планктону ў цёмных глыбiнях i нязвыклае дзiўнае святло сонца. Ён назiраў, каб яго шнуры, знiкаючы з поля зроку, iшлi ў ваду проста, i цешыўся, што бачыў процьму планктону, бо гэта азначала рыбу. Дзiўнае святло ў вадзе, зараз, калi сонца было вышэй, абяцала добрае надвор'е, як i форма воблакаў там, над зямлёю. Але птах зараз амаль не паказваўся, i на паверхнi вады нiчога не вiднелася, апроч некалькiх лапiн жоўтых выцвiлых на сонцы саргасавых водарасцей i фiялетава-вясёлкавага застыгла-дрыгнiстага пузыра - "партугальскага вайсковага карабля"*, што плаваў каля самай лодкi.
* Адна з сiфанафор (род фiзалiя).
Ён перавярнуўся на бок, потым выпрастаўся. Ён плаваў весела, усё адно як бурбалка, са сваiмi доўгiмi смяртэльна-фiялетавымi валокнамi, што добры ярд* цягнулiся за iм у вадзе.
* Адзiн ярд - 0,914 м.
- Аguа таlа*, - вымавiў стары чалавек. - Ты, сука.
* Злая вада (гiшп.) - народная назва сiфанафоры.
Злёгку вяслуючы, ён глянуў у ваду i ўбачыў драбнюткiх рыбак, бадай, гэткай жа афарбоўкi, як i шлейфы-валокны, яны сноўдалi памiж тымi, ахiнутыя невялiкiм ценем, што кiдала бурбалка, плывучы ўслед за плынню. Яны мелi iмунiтэт да ейнага яду. Але ў людзей яго не было, i калi хоць трохi слiзкiх фiялетавых валокнаў чаплялася i прыставала да шнура, пакуль стары чалавек важдаўся з рыбiнай, на ягоных руках з'яўлялiся шрамы i раскелiны, усё роўна як ён апёкся лiсцем ядавiтага плюшча або ядавiтага дуба*.
* Лiянападобны сумах ядавiты i кусцiсты сумах ядавiты.
Але ейная атрута дзеiла iмгненна-хутка, нiбы сцебануўшы бiзуном.
Вясёлкавыя бурбалкi былi прыгожыя. Але яны сама падманлiвая рэч у моры, i стары чалавек любiў глядзець, як вялiкiя марскiя чарапахi спажываюць iх. Угледзеўшы свае ахвяры, чарапахi падбiралiся да iх спераду, потым заплюшчвалi вочы гэтак, што i яны цалкам хавалiся пад панцыр, ды ўмiналi тыя валокны i ўсё астатняе. Стары чалавек ахвотна пазiраў, як чарапахi елi iх, i яшчэ ён любiў хадзiць па ўзбярэжжы пасля шторму i чуць, як тыя з трэскам пукаюцца, калi ён ступае на iх сваiмi цвёрдымi грубымi пятамi.
Ён любiў зялёных чарапах i ястрабiныя дзюбы* за iх элегантнасць i спрыт, i за тое, што яны былi вельмi каштоўныя, а з лагоднай пагардай ставiўся да вялiзных тупых калодагаловых** у жоўтых латах, з iхнiмi дзiвацкiмi любошчамi, шчаслiва-задаволеных, калi яны, заплюшчыўшы вочы, цярэбяць "партугальскiя караблi".
* Вiд чарапах.
** Карэтавыя чарапахi (з атрада марскiх).
Чарапахi не выклiкалi ў яго мiстычных пачуццяў, хоць ён цi адзiн год выходзiў у мора з рыбацкiм гуртом лавiць iх. Ён шкадаваў iх усiх, нават гiганцкiх, падобных на велiзарныя куфры чарапах*, гэткiх доўгiх, як ягоная лодка, а вагою - з тону.
* Луты, скурыстыя чарапахi.
Бальшыня людзей як бы пабойваецца чарапах, бо чарапашае сэрца гадзiнамi б'ецца пасля таго, як яе парэжуць на кавалкi ды разбяруць. Але стары чалавек думаў: у мяне гэткае ж сэрца, ногi i рукi мае таксама падобныя на iхнiя. Ён еў чарапашыя белыя яйкi, каб набрацца моцы. Ён еў iх увесь травень, каб быць дужым у вераснi i кастрычнiку ды агораць сапраўды вялiкую рыбу.
Ён таксама зачэрпваў штодня кубак акулавага тлушчу з вялiкай жалезнай бочкi ў халупе, дзе шмат якiя рыбакi хавалi снасцi. Бочка стаяла тут для ўсiх жадаючых. Бальшыня рыбакоў не пераносiла смаку тлушчу. Але наўрад цi той быў горшы за ўспорванне на доднiцы, калi яны ўставалi, i, апроч таго, тлушч быў вельмi добрым ад прастуд i грыпаў i надта карысны для зроку.