Людскi гоман, пiск свiней, парасят i ўсякай жывёлы злiваўся ў адзiн нястройны гул. Там i сям вiднелiся сiнiя шапкi i чырвоныя шнуры*.

* Маюцца на ўвазе палiцэйскiя.

Торг памалу пачынаў ажываць. Мiж вазоў шворылiся розныя купцы i перакупшчыкi. То там, то сям стаялi кучкi гандляроў i сялян. Адзiн сiвабароды гандляр так заядла таргаваўся, так выкрыкваў i бiў сябе кулаком у грудзi, як бы яму зрабiлi кроўную крыўду. Каля крам хадзiла некалькi жанок, шукаючы сваiх мужыкоў. То адна, то другая пыталася сваiх знаёмых:

- Цi не бачылi майго Грыгора?

А Грыгор у гэты час сядзеў ужо каля бутэлькi i варочаў п'янымi вачыма.

У адным месцы прарэзлiвае п'янае горла крычала:

- Ты - мой наймiлейшы прыяцель!

Другое, хрыпатае, лаялася апошнiмi словамi, лезучы да першага цалавацца:

- Братка ты мой, халера ты!

Але не гэта займала Паўлюка. Ён стаяў адзiн i пiльна прыглядаўся, цi не згледзiць дзе шапку з зялёным верхам. Ужо трох леснiкоў ён чуць быў не прыняў за аб'ездчыка, i кожны раз ёкала яго сэрца.

- Што ж гэта не вiдаць яго, смурода? - пытаў сам сябе Паўлюк. - А! унь ён.

Паўлюк аж задрыжаў: у трох кроках ад яго стаяў Сучынскi.

Азiраючыся навакола, Паўлюк смела пайшоў да аб'ездчыка. Ён даўно ўжо выдумаў хiтры план, як залучыць свайго ворага ў патайную каморку шынка Шварца, дзе быў прыпынак усiх заядлых выпiвак.

- Я хачу з панам пагаварыць, - сказаў Паўлюк, падышоўшы да аб'ездчыка, пры гэтым ён пастараўся зрабiць самую добрую i прыветную мiну.

- Аб чым? - пытае аб'ездчык.

- А вось... - Паўлюк трохi замяўся i боязна азiрнуўся на ўсе бакi.

- Мо б мы з панам зайшлi куды-небудзь?

- Куды ж мы зойдзем?

- Ды зойдзем хоць да Шварца.

Аб'ездчыкаў нос зразу знюхаў гарэлку. Мужчыны пайшлi, Паўлюк уперадзе, а за iм Сучынскi.

Усе каморкi ў Шварца былi набiты народам; на падлозе валялiся коркi ад пiўных бутэлек; пахла гарэлкаю i селядцамi.

Паўлюк выбраў цёмную каморку i пакiнуў аб'ездчыка, а сам адлучыўся заказаць выпiўку.

Покi Шварц шворыўся з выпiўкаю i закускаю, мужчыны гаварылi аб розных справах: аб тым, як цяпер усё стала дорага, якiя пайшлi парадкi, успамiналi даўнейшыя часы i г. д.

Тым часам Шварц прынёс кварту, дзве чаркi i два селядцы на талерцы. Паўлюк налiў чаркi.

- Будзьма здаровы! - сказаў Паўлюк, узяўшы чарку i матнуўшы да аб'ездчыка галавою. П'ючы, Паўлюк зiрнуў на аб'ездчыка i сашчамiў пад сталом кулак.

Аб'ездчык толькi што паспеў ткнуць у селядца вiдэльцам, як Паўлюк налiў яшчэ па чарцы.

- Хто закусвае пасля адной чаркi? Будзьма здаровы!

Выпiлi яшчэ па чарцы.

Гарэлка сагрэла Паўлюка, i прыемная цеплата пайшла па ўсiм яго целе. А як бутэлька спаражнiлася да палавiны, Паўлюку надта весела стала на душы. I людзi ў яго вачах зрабiлiся другiмi, i яго ўласнае жыцце стала лёгкiм i прыемным.

- А ўсё ж я табе паб'ю рыла! Дальбог паб'ю, - гаварыў сам сабе Паўлюк i шчыкаў сам сябе за сцягняк.

Выпiлi яшчэ.

- Здаецца, ужо час бiць яго, - разважаў далей Паўлюк. - Не! яшчэ вып'ю! I зноў ён налiваў гарэлку.

"Ты ведаеш, прахвост, дзе ты ў мяне сядзiш? Во тут!"-хацеў Паўлюк паказаць на сваё горла.

Аб'ездчыку таксама было весела, i яны сабе сядзелi, цюкалi па чарцы, як найлепшыя сябры.

- Шварц! Шварц! - загукаў Паўлюк: - дай яшчэ поўкварты. - Паўлюку здавалася, што ён яшчэ не надта сярдзiты.

"А ўсё-такi паб'ю табе морду", - думаў Паўлюк, зрэдку паглядаючы на Сучынскага.

Яшчэ не быў выпiты поўбутэлек, а Паўлюк ужо абдымаў аб'ездчыка i гаварыў:

- Хоць ты i сабака, лайдак i свiння, i хоць я паб'ю-такi тваё рыла, але я люблю цябе!

Паўзучы ад Шварца чуць не на чатырох, Паўлюк мармытаў:

- Я!.. Я скручу яму-такi галаву!..

1913


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: