Як моцна мясцовы народ шанаваў i цанiў Архiпа, сьведчыць адзiн факт, за праўдзiвасьць якога кожны вакольны чалавек, божачыся, мог-бы разьбiць свае грудзi. Гадоў дзясяткi таму iз тры назад задумалi лiпавiцкiя ўладныя вяльможы Архiпа на будаўляны матар'ял сьпiлаваць. Вестка гэтая, мусiць, праз парабкоў i iншых наймiтаў, з маёнтку Лiпавiчы маланкай па ваколiцы разьбеглася. Пачуўся цiхi й зьдзiўлены гоман, пасьля перамешаны з абурэньнем: «Як-то? Няхай толькi асьмеляцца, ну!»

I найбольшая пагроза была ў тым «ну». Гэта-ж як без Архiпа ўявiць Гараватку?! Поўнай хваляй вылiлася з народных грудзей любасьць да старога заслужанага волата. I калi прыйшлi панскiя людзi зь пiламi й сякерамi, абглядаючы, з каторага боку пачаць грызьцi месiва гiстарычнага гiганта, заварушылiся навакольныя палi, загулi сялiбы, як з-пад зямлi пачаў расьцi на Гараватцы натоўп народу. На гэткую незвычайную катавасiю зьявiўся ля Архiпа й сам лiпавiцкi пан. Найстарэйшыя зь Лiтоўцаў, ветлiва пакланiўшыся, прасiлi, каб паслаў сваiх людзей дамоў i не чапаў Архiпа. У галасох гэтых чуў лiпавiцкi пан ня толькi прозьбу, а й пагрозу, а дападлiвае вока ягонае хутка ацанiла патэнцыяльную сiлу народу, што навокал гусьцеў, рос i гудзеў. Адклiкаў лiпавiцкi пан сваiх людзей iзь сякерамi й пiламi, а сяляне навакольныя з удзячнасьцю й пашанай паглядалi на Архiпа, што хаця-нехаця стаўся мабiлiзатарам народнае салiдарнасьцi й сiлы. Гэтак пра Архiпа разпавядалi мяйсцовыя старажылы.

Ня ведалi лiтоўскiя людзi, цi дзякаваць Творцу за тое, што пасуседзтву зь iмi разьмясьцiў Гараватку. Цяжка гадаць, цi каму зь iх прыходзiла думка ставiць пытаньне Гараваткi ў такой прызьме — зьвязваючы зь ейным iснаваньнем Творцу. Вось яна, гэтая Гараватка была побач — так, як заўсёды за днём прыходзiў вечар цi ноч, або як тое, што на сьвет сьвяцiла сонца. Гараватка была рэчаiсная, пасуседзтву, i нерэчаiсная, мiтычная — тая, што, зьвязаная з рознымi казкамi й лягендамi, iснавала ўжо ў гiсторыi ваколiцы. Здавалася некаторым практычным i галодным зямлi людзям, што, каб гэных дваццаць цi больш гактараў (а хто-ж яе калi, папраўдзе кажучы, мерыў?) сугра ды было пакрытае, скажам, ураджайнай глебай, вунь колькi можна было-б дабра выгадаваць. З другога боку — цi належыла-б тады Гараватка лiтоўскiм? Хiба не.

Якая-ж была практычная карысьць з Гараватчынага суседзтва?

У ясны дзень, калi на ейны горб узыйдзеш, вунь як добра ўсё навакольле можна пабачыць: ня толькi маёнтак Лiпавiчы цi засьценак Галавачы, але добра бачныя былi гацкiх сьвятыняў ды iншыя большыя будынкi; як на далонi гэт! Як далёка выпрастаўся шлях чыгункi, выкрыўляўся вуж гасьцiнца ды вялiзарны дыван сумежнага скарбовага лесу аж да грывы ягонай на небакраi. Сьмялейшыя яшчэ ўзьбiралiся аж на вяршалiну шырока-пышнае разложыстае кароны старога Архiпа, каб сягнуць вокам яшчэ шырэй. Ня дзiва, што падчас вайны Гараватка была стратэгiчным пунктам.

Хто ведае, цi не прабавалi калi людзi з Гараваткi ўжыткоўную зямлю зрабiць. Мо сьлядамi гэных спробаў былi крушнi каменьняў, што й цяпер мейсцамi на сугры ляжэлi. А мо камянiстасьць Гараваткi была прычынай, што сквапныя на зямлю пачынальнiкi, апусьцiўшы рукi, разьвiтацца мусiлi з добрымi намерамi.

Кажуць, што некалi з Гараваткi, як з тэй перадойкi ўзiмку, была людзям нейкая малая карысьць: гэта як чыгунку будавалi побач, адсюль каменьне, жвiр i пясок цягалi, каб выраўнаць западзiны цiмала якiх мяйсьцiнаў на чыгуначным шляху. Апавядальнiкi аб страхалецьцях настойвалi, што якраз гэным часам, заглыбака сугор рыючы, чарцей ды iншую нечысьць у Гараватцы зачапiлi, дык ад таго часу зданi й iншае лiха пачатак бярэ.

Ведама, што на працягу стагодзьдзяў Гараватка дала прытулак цiмала якiм напасьнiкам на нашую бацькаўшчыну; казалi, што ляжалi тут косткi Швэдаў i Французаў, Палякаў ды Маскалёў, Немцаў ды iншых. Некаторыя цьвердзiлi, што якраз таму такiм буйным i ўстойлiвым рос Архiп, бо попеламi чужнiкоў жывiўся. Што-ж да чарцей, то, калi й былi яны, дык ладна патрывожылi iх Першай Сьветавай Вайною.

Кацiлася гэная вайна, кацiлася, дый у ваколiцы Лiтоўцаў прыкацiлася. Грымела дзесь воддаль дый да Гараваткi дагрымелася.

Прыйшлi зноў чужнiкi ды аблюбавалi Гараватку цi не за тое, што над ваколiцай панавала. Як краты, пачалi рыць-тачыць грудзi ейныя, пасьля-ж у гэныя вытачаныя норы й канавы зашывацца. Пачало вухкаць з Гараваткi па ўзьлесьсi й гасьцiнцы, што ля лесу бег, а гэныя другiя зь лесу, каб у даўгу не застацца, ды гэтым гаравацкiм у вадказ. I пражылiся, курылiся, смылелi агнём, травiлiся лiтоўскiя гаспадаркi, бацькаўшчыны i дзедаўшчыны працавiтых i нiчым тут не вiнаватых лiтоўскiх сялянаў. Лiтоўскiя-ж мужчыны й жанкi, па сваiх меншых норах хаваючыся, на тое вуханьне ў вадказ: мала тут свае было нечысьцi, дык яшчэ другiх iншых рагатых з-за паўсьвету папрыганяла.

Адзiн Архiп, як i раней, горда й непарушна стаяў на горбе i як-бы ўсёй тэй галасьлiвай вакольнай мiтусьнi абыякава сваiм старэчым чубам прыглядаўся. Што яму! Адзiн цi другi кавалак зялеза-асколка, або якая куля ў камель пападзе, кару адшчэпiць. Пападалi-ж i раней. Адно каб пачаў лiчыць, колькi гэта на працягу свайго даўгога веку ранаў перанесьцi давялося. Гэта-ж не навiна. Перажыў тых, сплывуць i гэтыя. Яны, бы той вецер, што аб ягоную карону й магутны камель разьбiваюцца: павухкаюць, за чубы патузаюцца дый пойдуць. Ён-жа быў, ёсьць i будзе: устойлiвы, трывалкi й непарушны.

Цягнулася гэная перапалка доўга й не давала жыць людзям лiтоўскiм. Калi-ж нарэшце адгрымела i адвухкала, калi адплыла чужая хваля, павылазiлi лiтоўскiя з нораў сваiх, ды пайшлi мужчыны на Гараватку парадак рабiць. Трэба-ж было тым, што за «гаймат» дужалiся й тым, што «за веру, цара i ацечаства» ходалiся, у Гараватчыных грудзёх прытулак даць. I апошняе слова зноў было за лiтоўскiмi: «Лезьце, — казалi яны, — у вадну яму! Мы вас от цяпер памiрым. Гэта-ж нявiдана-няслыхана, пазганяў вас сюды чорт на галовы нашы з-за паўсьвету!»

На парытых-паточаных, ваенным хламам засьмечаных грудзёх Гараваткi, вырас падоўжны, быццам той сьцiртаваты капец бульбы, сьвежы курган. Побач ранейшых прыблудаў, што тут вечны супачын сабе знайшлi, трухлець ляглi косьцi новых ахвяраў, што не за свае звадкi Бог ведае адкуль ходацца сюды прыйшлi. Швэды цi Французы, Маскалi, Немцы цi Палякi — усiм роўны прытулак дала беларуская зямля.

Лiтоўскiя-ж людзi ў бальшынi богабоязныя, пабожныя былi. Мала калi было, каб каторы йдучы цi едучы, пры дарозе каплiцу цi крыж вялiкi драўляны зь фiгурай Збавiцеля або й безь яе сустрэўшы, крыж на сваiм перадзе не зрабiў i «мiца i сына» не сказаў. Вось чаму цяпер ля гэтага сьвежага кургана вырас вялiзны, з тоўстай роўнай бярозы змайстраваны крыж, а на iм самародкам-мастаком выструганая фiгура Збаўцы. Цяперака цi адзiн шашаль ужо крыж той патачыў, дый сам ён пад цяжарам аднаго цi двох дзясяткаў гадоў спаважнеў i на бок пахiлiўся. Iншымi мейсцамi на сугры ў западзiнах вырасьлi сосны й хвоi, а ў нiжэйшых мяйсцох, дзе на глiне трымалася вада, нават i кустаўё.

Бадай цi ня ў кожнай вёсцы беларускай была аблюбаваная мясьцiна, што на языкох апавядальнiкаў аб розных жахах i злыбядзе пакутавала. Такой мясьцiнай, што па сваёй маляўнiчасьцi не паддалася-б многiм iншым, Бог ведае як даўно была Гараватка. Дзеткi лiтоўскiя, што толкам бабчыны цi матчыны апавяданьнi цямiць маглi, пабажылiся-б, пэўна, што ў Гараватцы водзяцца чэрцi, паказваюцца зданi, што бадай калi каму й у пекла трапiць давядзецца, дык дарога туды будзе цi не праз Гараватку весьцi. Калi, бывае, усходзiцца ў вёсцы з плачам каторае малое, так i пачуеш з матчыных вуснаў: маўчы, а то чорт гаравацкi пачуе! Мала таго: калi хто з суседнiх каторага лiтоўскага, завёўшы звадку, за жывое стараўся скубануць, дык чортам гаравацкiм называў. Дзеяла, як на быка чырвоны рызман.

Папраўдзе кажучы, каб усяму веры даць, дык, мусiць, у Гараватцы ад чарцей, чарцянят i iншай нечысьцi аж кiшэла. Узiмку пад Пiлiпаўку вадзiлi тут свае карагоды ваўчыцы, страхотным выцьцём ваколiцу поўнячы. Гараватка была маляўнiчая й таямнiчая, страшная й прынадная. Дзiва няма, што малеча нагой ступiць у Гараватцы пабойвалася, а старэйшыя ўпоцемку ад яе старанiлiся.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: