Раздзел V

Зiра ўпотайкi перадала мне электрычны лiхтарык i кнiгi, якiя я хаваю пад саломаю. Я ўжо досыць хутка чытаю i размаўляю на малпавай мове. Кожную ноч я падоўгу вывучаю цывiлiзацыю Сароры. Спачатку Нова пратэставала. Скалячы зубы, яна абнюхвала кнiгу, быццам небяспечнага звярка. Але дастаткова было накiраваць на яе прамень лiхтара, як яна забiвалася ў кут, дрыжала i вiшчала. З тае пары як у мяне з'явiўся лiхтарык, я поўны гаспадар у сваёй клетцы i мне ўжо не прыходзiцца выкарыстоўваць для супакаення Новы такiя важкiя аргументы, як плескачы. Вiдаць, яна адчувае цяпер перада мною нейкi свяшчэнны жах, дый астатнiя палонныя, мяркуючы па некаторых прыкметах, ставяцца да мяне гэтаксама ж. Я маю прэстыж i злоўжываю гэтым. Iншы раз я нi з таго нi з сяго палохаю Нову святлом лiхтарыка. А потым яна ж лашчыцца да мяне, каб я дараваў ёй маю жорсткасць.

Цешу сябе надзеяй, што маю ўжо досыць яснае ўяўленне пра свет малпаў.

У малпаў няма падзелу на нацыi. Усёй планетаю кiруе кабiнет мiнiстраў, на чале якога стаiць трыумвiрат з аднае гарылы, аднаго арангутана i аднаго шымпанзэ. Акрамя ўрада iснуе таксама парламент, якi складаецца з трох палат гарылы, арангутаны i шымпанзэ - i кожная з iх баронiць iнтарэсы сваёй расы.

Па сутнасцi, гэты падзел на тры расы i з'яўляецца адзiным на Сароры. У прынцыпе прадстаўнiкi ўсiх рас валодаюць роўнымi правамi i могуць займаць любую пасаду. Аднак на справе iснуюць абмежаваннi, i кожная раса спецыялiзуецца ў сваёй вобласцi.

У далёкiм мiнулым гарылы адыгрывалi ролю лiдэраў дзякуючы сваёй фiзiчнай сiле. Яны дагэтуль захавалi смак да ўлады i па-ранейшаму з'яўляюцца сама магутным класам. Яны не змешваюцца з масаю, iх не ўбачыш у натоўпе дэманстрантаў - менавiта гарылы кiруюць з вышэйшых сфер большасцю прадпрыемстваў. Па сутнасцi не надта пiсьменныя, яны iнстынктыўна ўмеюць добра выкарыстоўваць веды падначаленых, вызначаць генеральныя лiнii i камандаваць iншымi малпамi. Калi якi-небудзь спецыялiст робiць цiкавае адкрыццё, напрыклад, вынаходзiць новую электрычную лямпу або новае палiва, дык эксплуатуе гэтае вынаходнiцтва i мае з яго ўсю магчымую выгаду зазвычай гарыла. Гарылы не вылучаюцца вялiкiм розумам, але яны ўсё ж нашмат хiтрэйшыя за арангутанаў. Спекулюючы на фанабэрыстасцi гэтых дурняў, гарылы дамагаюцца ад iх усяго, чаго хочуць. Так, напрыклад, на чале нашай установы над Заюсам, якi займае пост навуковага кiраўнiка, стаiць гарыла-дырэктар, якога вельмi рэдка бачаць у iнстытуце. У нашае аддзяленне ён зайшоў усяго адзiн толькi раз. Ён паглядзеў на мяне такiм важным позiркам, што я машынальна ледзь не выцягнуўся перад iм па стойцы "смiрна". Заюс у прысутнасцi дырэктара зрабiўся падобны на яго раба, i нават на Зiру начальнiцкi выгляд галоўнага шэфа зрабiў пэўнае ўражанне.

Гарылы, якiя не займаюць адказных пасад, звычайна наймаюцца на чорную работу, якая вымагае фiзiчнай сiлы. Так, напрыклад, Зараму i Занаму даручаюць толькi другарадныя справы, а галоўны iх абавязак - наводзiць, калi гэта робiцца неабходным, парадак сярод падвопытных.

I нарэшце, многiя гарылы - паляўнiчыя. Па сутнасцi, гэта iх прывiлея. Яны займаюцца адловам дзiкiх звяроў, у прыватнасцi, людзей. Я ўжо казаў, што эксперыменты малпаў патрабуюць пастаяннага папаўнення чалавечага матэрыялу, якi расходуецца ў велiзарнай колькасцi. Гэтыя эксперыменты займаюць у iх жыццi дужа вялiкае месца, i чым больш я даведваюся пра iх, тым больш балюча мне робiцца. Выдае на тое, што ледзь не трэцяя частка малпавага насельнiцтва займаецца праблемамi фiзiялогii, але я да гэтай дзiўнай акалiчнасцi яшчэ вярнуся. Ва ўсякiм разе, пастаўкi чалавечага матэрыялу патрабуюць складанай арганiзацыi. Шматлiкiя групы стралкоў, загоншчыкаў; транспартных рабочых i прадаўцоў служаць у паляўнiчых фiрмах, на чале якiх заўсёды стаяць гарылы. Думаю, што справы гэтых фiрм iдуць выдатна, бо людзi тут каштуюць дорага.

Побач з гарыламi - я сказаў бы, нiжэй за гарыл, хоць фармальна такой iерархii не iснуе, - стаяць арангутаны i шымпанзэ. Арангутанаў нашмат менш, а iх ролю Зiра даволi ясна i коратка вызначыла: яны прадстаўляюць афiцыйную навуку.

Але гэта так толькi да пэўнай ступенi, бо некаторыя арангутаны займаюцца таксама палiтыкай, мастацтвам i лiтаратураю. I ў любую галiну прыносяць характэрныя iм рысы. Фанабэрыстыя, пыхлiвыя, педантычныя, самаўпэўненыя кансерватары, сляпыя i глухiя да ўсяго новага, затое гатовыя з пенаю на вуснах адстойваць любую дапатопную банальшчыну, арангутаны складаюць асноўны кантынгент усiх акадэмiй. Маючы выдатную памяць, яны вывучваюць слова ў слова велiзарную колькасць кнiг. Пасля пiшуць свае кнiгi, паўтараючы ў iх усё вывучанае раней, i гэтым дамагаюцца прызнання з боку сваiх калег арангутанаў. Магчыма, у гэтым пытаннi я пад уплывам Зiры i яе жанiха, а яны, як i ўсе шымпанзэ, пагарджаюць арангутанамi. Гарылы таксама пагарджаюць гэтымi артадоксамi, здзекуюцца з iх рабалепства, але спрытна выкарыстоўваюць у сваiх iнтарэсах. Амаль за кожным арангутанам стаiць гарыла цi савет гарыл, якi высоўвае яго на ганаровыя пасады, дапамагае яму атрымлiваць розныя годнасцi i ордэны, якiя арангутаны проста абагаўляюць, але ўсё гэта толькi да тае пары, пакуль падапечны задавальняе апекуноў. Iнакш яго неадкладна адпраўляюць у адстаўку i замяняюць другiм арангутанам.

Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта iнтэлектуалы планеты. Зiра недарма хвалiлася, калi казала, што ўсе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць i выключэннi, ды ўсё ж большую частку цiкавых кнiг па сама розных пытаннях пiшуць менавiта шымпанзэ. Вiдаць, у iх вельмi развiты дух пошуку.

Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзiцца мне Зiра, што гэтакiм чынам яны складаюць i падручнiкi, пашыраючы сярод малпавай моладзi несусветную лухту. Паводле слоў Зiры, яшчэ зусiм нядаўна школьныя падручнiкi сцвярджалi, нiбыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылi ў гэтую ахiнею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькi таму, што яшчэ тысячагоддзi назад на Сароры жыў арангутан па iменi Арыстас, якi меў велiзарны аўтарытэт i прапаведаваў такiя вось тэорыi, якiя iншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нiбыта душу могуць мець толькi малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькi гадоў яны, сцяўшыся, iмкнуцца абвергнуць аксiёмы старажытнага iдала.

Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пiшуць кнiгi. Затое, калi яны гэта робяць, то iх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы - не за змест, дык, ва ўсякiм разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькi такiх кнiг i запомнiў iх назвы: "Навукова-даследнiцкая праца - аснова арганiзацыi прадпрыемства", "Перавага грамадскага сектара" або, скажам, "Арганiзацыя вялiкiх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце". У гэтых кнiгах даецца зазвычай маса дакументаў, i кожны раздзел пiша асобны спецыялiст. У iх шмат дыяграм, таблiц фактычных дадзеных i, асаблiва, цiкавых фатаграфiй.

Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў на Сароры няма армii, ёсць толькi палiцыя, - здавалася б, павiнны былi спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывiлiзацыi. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохi старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якiх галiнах жыцця.

У iх ёсць электрастанцыi, прамысловасць, аўтамабiлi, самалёты, але ў асваеннi космасу малпы ўсё яшчэ на стадыi штучных спадарожнiкаў. У тэарэтычных навуках, у пазнаннi бясконца вялiкага i бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, i я не сумняваюся, што калi-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць i даследнiцкi розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гiсторыi малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмi доўгi, нашмат даўжэйшы, чым у нас, i што толькi нядаўна яны ўступiлi ў эпоху вялiкiх адкрыццяў.

Асноўная частка iх навуковых даследаванняў - я мушу яшчэ раз гэта падкрэслiць - вядзецца ў галiне фiзiялогii i накiравана ў прыватнасцi на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзi, якiя адыгрываюць такiм чынам у жыццi малпаў хоць i вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, i ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваiх лабараторыях.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: