Дом карчомны быў вялікі,
Месца хваціць хоць каму,
А тым болей для музыкі:
Чаго ж трэба больш яму?
Кухня будзе сем на дзесяць,
Там ёсць печ, за печчу — кут.
Хоць прусы там куралесяць,
Але Шлёма сказаў: «Гут!»
Што там добра? — цёпла, суха,
Спі сабе, як добры пан,
А што ходзіць прус-псяюха
Або злодзей-таракан, —
Пагадзіцца з гэтым трэба:
Многа ў свеце валацуг,
Жыць дазволіла ім неба,
Іх не возьмеш на ланцуг.
У той кухні меў пасаду
Шлёмаў парабак Яхім;
Хлопца ўзяў ён пад уладу
I памог яму сім-тым.
— Ось цяпер ты князь, ды годзе!
Пазайздросціць сам прусак,
Той, што ў шчыліне-гасподзе
Век праводзіць, небарак, —
Жартаваў Яхім з музыкі,
Як абладзілі пасцель.
— I сам Шлёма, пан вялікі,
А яшчэ большы круцель,
Так не будзе з сваёй Хавай
I ў пярынах спачываць, —
Так казаў дзяцюк рухавы,
Бо любіў пажартаваць.
Агню няма.
У кухні цёмна.
Спіць Яхім,
А думкі-дым
Плывуць сукромна,
Як і цьма.
Не спіць Сымон.
Карчма варожа.
Рабін там
I Шлёма сам.
Тут нейк нягожа,
Не йдзе сон.
Але дарма —
Пяройдзе ночка,
Будзе дзень,
I нікне цень
У тым куточку,
Нікне цьма.
Яркім светам,
Агняцветам
Свеціць штосьці, —
То — Яна!
I з усмешкай
Думак сцежкай
Прыйшла ў госці,
Бы вясна!
Скробат мышкі,
Крокат вышкі,
Кашаль сценны,
Звон крыла.
А яна з ім
Ходзіць разам
Блескам дзённым…
Прэч, імгла!
Яны ўсюды
Толькі ў пары,
Але імі
Повен свет.
Песні-гуды,
Думкі-чары…
Яе імя —
Агняцвет!
I падхопяць зноў Сымонку
Думкі-мары, мыслі-сны
Ды ў яе нясуць старонку,
Дзе спаткаліся яны.
У вачох — садок прыветны;
Бн авеены дабром,
Звіс над ім спакой сусветны
Дыяментавым шатром.
А ў шатры тым — зор блісканне,
Спеў музычны цішыні,
Мілы голас, вобраз-ззянне,
Вочак промені-агні.
А ва ўсім тым карагодзе
Думак-вобразаў і мар
Выкрадаецца, як злодзей,
Цемнік-сон, сон-уладар.
I хлапчынка ўжо не знае,
Дзе тут сненне, дзе тут яў,
Дзесь далёка дух лунае, —
Крыллі сон яму разняў.
У аправе кос іскраных
Дзень выходзіць з-за зямлі,
Яснавокі і румяны,
Паліць свечачкі ў галлі
I пучочкамі скрозь лісце
Разлівае ззянне-смех
Для супольнае карысці
I для радасці і ўцех.
Ён зірнуў і ў кут Сымонаў
I сказаў, відаць, па дружбе,
Што Сымонка тут на службе,
Каб службовы доўг выконаў.
Ён пасцельку прыбірае,
Думак поўна галава,
Ён над службай разважае —
Што ж за служба? Якава?
А тым часам выйшла Хава,
Аддае такі загад —
Кухню вымесці рухава,
На двор выгнаць куранят.
Так зачаўся дзень тут новы —
На паслугах хлопчык наш:
Ён па воду, ён на дровы,
Ён і ў пограб і ў салаш.
I сам Шлёма дасць работу,
Бо ўсё згодзіцца ў жыцці,
На ўсё трэба мець ахвоту,
Каб свой потым лёс знайсці.
Праўда, хлопца прыадзелі,
Далі Хаімаў каптан,
Шлёма з Хавай аглядзелі
I сказалі: «Ну, як пан».
I Сымон быў рад і з тога;
Зубаскал жа той Яхім
Тут пасмейваўся з малога
I пацвільваўся над ім.
— Падарунак, браце, хвацкі!
Ты цяпер — пан Лапсярдацкі.
Эх, ярмолачку б дадаць!
Кім ты стаўся б — не згадаць!
Адна ганьба, што аблезлы,
А так добры лапсярдак! —
Хоць Яхім быў хлопец не злы,
Ды на кеплі быў мастак.
Хлопцу ўсё было тут нова:
Шлёма, Хава і іх дом,
Звычай іх, жыццё і мова,
Іх трусенне над рублём.
У карчомцы быў асобны,
Свой уласны жыцця лад,
Свой рахунак, брудна-дробны,
Права, звычаі і ўрад.
Карчма рэдка пуставала:
Чуць развідніцца — сюды
Хоць чыя душа вітала,
Шоў стары і малады.
Цэлы дзень рыпелі дзверы;
I былі такія тут,
Што ніяк не зналі меры
I, сагнуўшыся, як склюд
[15],
Вартавалі церпяліва
Кампанейскіх малайцоў,
Пазіралі так лісліва
На заезджых тут людцоў.
Так было тут у дзень будны,
А ў святы і не прайсці:
Брата, бацькі было трудна
Тут разгледзець і знайсці.
Але ўлетку, то нічога:
Вось зімой зайдзі ў карчму!
Тут падзівішся, нябога,
Збудзеш смутную думу.
Тут падчас трасуцца сцены,
Лавы крышацца, як соль.
Часта ў ход ідуць палены,
Як разыдзецца тут голь.
Сёмка тут пачне казанне,
Як Мацюта лез на плот,
Як Чылін спяваў літанне,
Як жаніўся Лысы Дод;
Пра шаўца пачне ён казкі,
А як скажа — з смеху ляж!
Як у Хасі з яго ласкі
Нарадзіўся Масыяш.
Два Антосі — Лузун, Лата —
Пацяшаюць тут усіх,
А Базыль, Карусь, два браты,
Зводзяць двух братоў другіх.
Тут зубамі крэпкі Сыса
Ступу тоўстую насіў,
А вар’яту Янка Лысы
Пуза ботамі мясіў.
А той жылы ўсе напружыць,
Голы выпучыць жывот,
Янку носіць ён і кружыць —
З смеху поўзае народ.
Тут, бывала, ў карк Піліпа.
Жонка гнала з карчмы вон,
I аб сына стары Клыпа
Чапялу ламаў ці млён
[16].
Тут ігрышчы адбывалісь
Перад святамі зімой,
I трасліся, калыхалісь
Сцены, дошкі пад нагой.
Дзецюкі, пабраўшы пары,
Тут ляталі, як віхры,
Як у полі на папары
У гіз бегаюць валы.
Верцяць дзевак, бы круцёлак,
На паветры іх нясуць,
Сцены, прыпек і пяколак
[17] Іх хвальбонамі
[18] мятуць;
Аж падлога пад нагамі
Гнецца, крэхча і рыпіць,
I агонь у тахт з рубцамі
Ў лямпе з подскакам гарыць.
Патамяцца, папацеюць —
Дзверы насцеж — на мароз,
Покі лбы пахаладзеюць
I пачне сінецца нос.
Танцавалі маладыя,
Весяліліся, пілі,
Для іх скокі, гульні тыя
Многа радасці няслі.
А Сымонка, як пракляты,
Ім да трэціх пеўняў граў,
Толькі ён не ведаў свята,
Светлай радасці не знаў.
Без ахвоты-захаплення
Ускідала смык рука;
Не хапала і цярпення,
Сіл падчас у бедака
Граць праз цэлых тры гадзіны
Несканчоную кадрьгль;
Марнаваўся век дзяціны,
Талент друзіўся на пыл.
Рана хлопчык падымаўся,
То каморкі падмятаў,
То пры кухні завіхаўся,
Шлёму, Хаве памагаў.
I так кожны дзень заняты,
А каб час не марнаваў,
Ад Сымонкі Шлёма кляты
Смык і скрытнсу адбіраў.
— Так, мой браце, так, Сымоне, —
Падбаўляў агню Яхім, —
Не ў гуморы ты штось сёння;
Шлёма — кепскі твой айчым.
Ты — падкухцік, ты — музыка,
Падмятайла, ваданос,
Лупіць Шлёма з цябе лыка,
Як каня запрог у воз!
Бедны ты, брат, і няшчасны —
Без кароны стаўся цар:
Над скрыпуляй над уласнай
Ты цяпер не гаспадар!
Няма ў Шлёмы к табе ласкі,
Не згрунтуеш ты, брат, з ім!
Цяжка жыць з чужой папаскі,
Лепш ідзі к бацькам сваім:
Сэрца бацькава не камень,
Бацькаў хлеб смачней віна,
I не зломіць табе рамень
[19] Праца бацькава гумна.
— А ты служыш вось, Яхіме.
— Ну, то я — другая справа:
Шлёма мне духоў не выме
I не возьме ў рукі Хава.
Я, брат, знаю, што мне трэба,
У мяне ёсць пэўны план: —
Я вазьму кусішча хлеба,
А не зношаны каптан!
Я — салома, ён — мякіна,
Мне гарэць, а Шлёме — гніць,
I салома-сіраціна
З вольным ветрам паляціць.
Толькі ўскіну я вачыма —
Мой і погляд робіць след,
Ты пачуеш пра Яхіма
I сам родзішся на свет…
Эх, Сымон!.. ды ты не пара,
Не таварыш ты мне, друг:
Мой таварыш — воўк паджары,
А быць можа, і ланцуг.
Праўду кажа ці жартуе?
Ці наводзіць ён туман?
А мо шайку дзе гуртуе
Ён, разбойнік-атаман?
Не, у карчме штось няладна.
А той рабін! Ён дзіўны,
Вочы злосны, неспагадны
I нянавісці паўны.
Ляжа хлопчык у куце тым,
Сон не йдзе. Ён там адзін;
Эх, нямала тых гадзін
Аддае ён думкам гэтым!