II

Несупыннай хваляй плыні
За парою йшла пара,
I прабіла час хлапчыне
Гнаць у поле са двара.
Ён праслухаў навучанку,
Як быць добрым пастухом,
Справіў пугу-павіванку,
Вузлы вывязаў гурком
I пагнаў авечкі ў поле
На папары і на ролі.
Ён цяпер глядзеў болыл стала:
Ён — асоба, пастушок,
Нават права меў на сала
I на цёплы кажушок.
Добра ў полі: волі многа
I прастору-шырыні,
Вабяць далі там малога,
Як прынадныя агні.
Што ёсць там, за тым, унь, гаем,
Дзе зляглі нябёс вянцы?
Новы край і край за краем
I краі ва ўсе канцы!
I снуецца думка тая,
Каб пашырыць свой прастор;
Думка ўсюды залятае:
За сяло, за хвалі гор
I на хмаркі кіне вока,
Што, як гусанькі, плылі,
Запытае, як далёка
Тое сонца ад зямлі.
Як глыбок той прастор немы,
I ці мерыў яго хто?
I адкажа па-сваему:
Вёрст напэўна будзе сто!
I яшчэ было чым міла
Тое поле хлапчуку,
Гэта тым, што дзед Курыла
Там яго трымаў руку.
Гэты дзед — пастух гуртовы,
Слаўны дзед, дзядок — душа,
Гаваркі, мастак на словы,
I любіў ён малыша!
Не смяяўся дзед з Сымонкі,
Не ўсчуваў яго ні-ні,
Частаваў з свае скарбонкі,
Бавіў цэлыя з ім дні.
Забяруцца ў цень пад грушу
I гаворку распачнуць.
Тут Сымонка сваю душу
Мог прад дзедам разгарнуць,
Запытаць пра сёе-тое
Дзедку добрага свайго,
Бо Сымон не меў спакою —
Ўсё цікавіла яго.
— Дзедка, чуеш: во — спявае!
Ці ж не чуеш, дзедка? вунь!
— Гэта здань твая такая:
Адхрысціся, хлопча, плюнь!
— Як то здань? А ты паслухай! —
Дзед схіляе галаву,
Шапкай круглай, аблавухай
Чуць не ўлазячы ў траву.
— Не, не чую! — Ото дзедка!
Мусіць, ты зусім аглух:
То ж спявае з кветкай кветка! —
Вочы вырачыць пастух,
На Сымонку пазірае:
— Ой, хітрэц! ото лайдак:
Чаго ён ні выдумляе!
Бач, знайшоў якіх спявак!
— Хіба ж краскі не спяваюць?
— А які ўжо іх там спеў?
Краскі голасу не маюць:
Пройдзе ветрыку павеў,
Закалышуцца — не ўчуеш…
Кінь ты, хлопча, мары сніць!
— Ат, дзядуня, ты жартуеш,
Каб малога падражніць!
— Ой, дзіўны ты, — дзед гаворыць
I пакруціць галавой,
А Сымон сваё гуторыць,
Гледзячы ўдаль прад сабой.
— Дзед, зірні: куды-та хмаркі
Унь ідуць, ідуць, як дым?
Там так добра, вольна, ярка,
А яны ідуць. Ці ім
Надта горача ад сонца?
Ці іх гоніць хто адтуль?
Ці ім блага там бясконца?
I скажы, дзядок, адкуль
Хмаркі гэтыя выходзяць?
— Эх, дзівак ты! — кажа дзед. —
Што за мыслі ў цябе бродзяць?
Так утворан гэты свет:
Грэе сонца, ходзяць хмары,
Носяць снег і дождж і гром,
Ночкай вынікнуць стажары[1],
I бяздонныя амшары
Зоркі выецелюць руном
Ды на поўдзень ад паўночы
Шлях праложаць без прысад,
А куды, куды ён крочыць,
Хто адкажа табе, брат?
Вее вецер і сціхае,
Як увойдзе ў берагі;
Па зіме вясна ўбірае
Твар зямлі, лясы, лугі;
I прачнецца ўсё дазвання,
Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі,
I без нашага пытання
Колас вырасце ў раллі. —
Хлопчык слова не прароніць,
Дзеду ў вочы ён глядзіць
I галоўку чуць прыклоніць,
Не варушыцца, маўчыць.
— Не, дзядок! не тое, дзедку!
А ты вось скажы: чаму
Вецер песні пяе ўлетку,
Плача ж жаласна ўзіму?
— Схамяніся, бог з табою!
Унь ужо аб чым спытаў! —
I круціў дзед галавою,
I плячыма паціскаў.
— Вось дык хлопец! скуль узяўся?
Не, сапраўды ты дзіўны:
Ці разумным ты прыўдаўся,
Ці з уроды ўжо дурны?
Не: з цябе, відаць, штось выйдзе…
Кінь ты гэтую думу —
Усё будзе ў сваім відзе,
Сам пазнаеш, што й чаму.
Вось каб ты вучыўся змаля,
Кніжку ў рукі б даць табе! —
Дзед і хлопчык замаўкалі,
Кожны думаў па сабе.
Раз Сымонку давялося
Чуць, як граюць дудары,
I яму тады здалося,
Што да гэтае пары
Ён дзіцятка быў дурное,
Што не жыў ён, а блукаў,
Што цяпер пазнаў ён тое,
Чаго шчыра так шукаў.
Слухаў хлопчык тое гранне,
Пад сабой не чуў зямлі,
Бо ў тых зыках чаравання
Спевы ўласныя плылі,
Струны сэрца ў ім дрыжалі,
Як дрыжыць блісканне зор
У надземнай цёмнай далі,
I музыкам падпявалі
I ляцелі на прастор
У салодкім заміранні
Ясным зоркам на спатканне.
Дудары ўсё перайгралі,
Дальш у свет яны пайшлі,
А ў душы яшчэ спявалі
Зыкі дзіўныя, плылі,
Разрасталіся й далёка
Душу вабілі сабой
I няслі яе высока
Над гаротнаю зямлёй.
Зыкі душу напаўнялі,
I, куды б ён ні пайшоў,
Над ім гралі і спявалі
Дуды, песні дудароў.
Разоў пяць губляў авечкі,
Шкоды ў полі нарабіў,
Здрасаваў шнуроў тры грэчкі,
Вератнік[2] аўса прыбіў!
I за тое ж дасталося
Ад суседзяў, ад бацькоў.
Многа выцерпець прыйшлося
Папіханак, кулакоў!
Толькі ж хлопчык не чуў болю,
I не тым занят быў ён:
Зыкі смутку, песні волі
Чуў хлапчук з усіх старон.
I цяпер, як непрытомны,
Стаў на гонях і стаіць,
Як выгнаннік, як бяздомны,
Што не мае дзе схіліць
Галаву сваю сірочу,
I надзей у ім няма.
Сам хлапчук не знаў, што хоча,
Дзе, аб чым яго дума.
Ён не ведаў, што з ім стала —
Сэрца поўніў нейкі спеў,
Думка дзесь не тут блукала,
Дух як бы кудысь зляцеў.
— Эй, Сымон… Заснуў, ці што ты?
— А, то ты… Ах, мой дзядок!..
— Дзе ж авечкі… Ой, блазнота…
Ну, й дадуць табе, браток! —
Тут Сымон ахамянуўся,
Бегчы кінуўся кулём.
— Стой! куды ты?.. Не ачнуўся!
Унь авечкі, за аўсом! —
«Збілі хлопца зусім з тропу,
Як ён рух яшчэ схаваў?
Б’юць, як цэпам тым па снопу!» —
Дзед з сабою разважаў.
— Ну, што думаў, брат Сымоне?
— Ах, дзядуня, любы мой!
Дудары тут шлі сягоння…
Як жа гралі! а-ё-ёй!
— Дудары? — стары спытаўся —
Гм!.. дык унь што… пачакай!
Ты, відаць, не просты ўдаўся,
Дам табе я нешта… грай!
Вось, пакуль што, мой бядача,
Дудку дам табе я ў дар:
Ты — музыка, брат, няйнача,
Будзеш некалі дудар. —
        Расхінуў тут дзед халат
Ды з кішэні-бакавушку
Выняў дудку-весялушку
I зайграў на гэты лад:
        «Свінні ў рэпе,
        Свінні ў рэпе,
        Парасяты ў грэчцы,
        А музыка
        Без языка
        Каля печы трэцца!..»
I яшчэ дзед разоў пару
Спрытна пальцамі прабег.
У Сымонкі ў вочках, твару
Бегаў ціхі-ціхі смех.
Ен, працягшы сваю ручку,
Вочак з дзеда не спускаў.
— На, Сымоне, маеш штучку!
Грай здаровы! — дзед сказаў.
Як бы дар які там з неба,
Дудку тую ўзяў Сымон.
— Намачыць яе, брат, трэба:
Галаснейшы будзе тон.
вернуться

1

Стажары — назва групы з сямі зорак у сузор’і Цяльца.

вернуться

2

Вератнік — частка загону.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: