Людміла Рублеўская

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
Кніга трэцяя

ПРАЛОГ

Двубой скончыўся раней, чым анісавая аквавіта. Хаця драгуны коннай літоўскай харугвы пілі яе, як сухі жвір прагна выпівае кожную дажджынку прыпозненага летняга дажджу.

Гледачы не паспелі пабіцца аб заклад, хто пераможа, а малады падхаружы трапным ударам шаблі акуратна ўклаў свайго пышнавусага даўганосага суперніка на траўку — на аптэчны рамонак, настой з якога добра дапамагае ад ветраў у жываце, на трыпутнік, які карысны для зажыўлення ранаў ды ад кашлю, на цыкорыю з сінімі кветкамі, што ўпарадкуе жоўць… Туды ж, на ліцвінскі дзірван, адправілася шабля, выбітая з рукі пераможанага — уторкнулася ў вільготную ад цёплых летніх дажджоў беларускую зямлю, загайдалася, затрымцела ад ганьбы, люструючы бяссілым лязом неба і белыя хмаркі…

Папраўдзе, даўганосаму было ўсё адно, на якой траве ляжаць з ганьбаю — паваліўся ж не ад раны, а жвавы супернік, шчаўлік, прызначаны падхаружым проста са студэнцкай лаўкі, заганяў, збіў з тропу, ды яшчэ выпітая аквавіта падступна падбіла пад калені, адштурхнула ад фартуны, як расейскае войска — Пана Каханку Радзівіла пад Слонімам…

— Думаю, гэтага даволі, пан Свентажыцкі, — ветліва прамовіў падхаружы, русявы, блакітнавокі насмешнік, які спрытна падхапіў выбітую ў ворага шаблю і цяпер выскаляўся, быццам атрымаў куфэрак дукатаў ад новага маладога караля па мянушцы Цялок.

— Я, пан Вырвіч, вашу мосць яшчэ на скрылькі пасяку! — зароў пераможаны драгун, як дэлегат на элекцыйным сойме, пад ухвальны гуд таварышаў. Паспрабаваў устаць, але полацкая аквавіта была добрым, якасным напоем аптэкарскай работы, і перамагла. Рамонак журботна ківаў дробнымі сціплымі кветачкамі над палеглым ваяром, які соладка захроп, як быццам ляжаў не на зямлі, а на пуховай пярыне.

— Пан Пранціш, пойдзем, адзначым перамогу! Ягамосць Вырвіч мусіць выпіць за ўдалы двубой і за імяніны пана палкоўніка! — загулі драгуны, але падхаружы ўсміхнуўся сумна, схаваў сваю шаблю ў похвы, чужую зноў уторкнуў у дзірван, быццам яна магла прарасці кветкамі, і адгаварыўся ад балявання стомай і патрэбай напісаць ліст радзіне. І рушыў, не зважаючы на скрыўленыя фізіяноміі і перамігванні за спінай. Былі і перашэптванні, да якіх пану Вырвічу не трэба было прыслухоўвацца, каб ведаць, якія словы найчасцей паўтараліся — «чарнакніжнік» і «схізматык».

Панам было цяжкавата патлумачыць, чаму падхаружы Пранціш Вырвіч не бачыць асаблівай прычыны для балявання. Як сказаў бы Пранцішаў настаўнік, строгі прафесар Віленскай акадэміі доктар Баўтрамей Лёднік, няма асаблівага гонару ў тым, каб пабіцца з п’яным таварышам, які нават не помніць, з-за чаго быў пабіты.

— Схізматык! — прабурчэў услых пагардліва адзін з драгунаў. — Як такога ў войску трымаюць?

— Пан Вырвіч — рыцар! З роду самога Палямона! — заступіўся за таварыша чарнявы драгун з такімі плячыма, на якіх, здавалася, можна абіваць снапы. — Мы вучыліся разам — і не чарнакніжнік ён ніякі! Добры хлопец і слаўны шляхціц! Хіба мала ў бойкі разам хадзілі? Не бачылі, як ён б’ецца? Вам жа, пан Гаравіч, жыццё пад Коўнам уратаваў! А наконт схізмы — дык наш кароль, ягоная мосць Станіслаў Панятоўскі, супраць таго, каб дысідэнтаў пераследвалі.

— Воін пан падхаружы і праўда адважны… Шабляй валодае — як сам Палямон… — неахвотна прызнаўся пан Гаравіч, таўсманы шляхцюк з носам, які нагадваў пераспелую сліву. — Але хіба сапраўдны шляхціц будзе, як пан падхаружы, пасля баталіі дыскурсы разводзіць, а ці правільна шаблю агаляў, ці справядліва кроў пусціў? Філасофію трэба ў бурсе пакідаць, а не цягнуць на поле бойкі! А наконт схізмы — дык я ўхваляю мінулагодні сойм, на якім прынялі, каб за пераход з каталіцкай веры ў іншую караць на горла!

— Як па-мойму, дык веру бацькоўскую мяняць — і праўда ганьба, — пагадзіўся Недалужны, і цвёрда дадаў, гледзячы ў вочы ўсцешанаму раптоўнай згодай сліваносаму. — Вось праваслаўны пан Вырвіч і не мяняе.

Аблічча таўсманнага шляхцюка пачынала набываць тое ж адценне, што й ягоны нос.

— Пан Недалужны намякае на тое, што мой дзед перайшоў з царквы ў касцёл? Веру памяняў? Дык і вашай мосці прадзеды, не памылюся сказаўшы, рускай веры былі!

Магчыма, улёгся б зараз яшчэ хтось на траву на ўскраіне маленькага ліцвінскага мястэчка, дзе кватаравала драгунская харугва, але нехта, стамлёны доўгім адрывам ад стала, закрычаў:

— А ці не пайсці нам выпіць за вернасць бацькоўскай веры?

Заклік меў удзячных паслядоўнікаў, і хутка ў хаце пана пісара, які кляў усіх датычных да таго, што ягоны дом не вызвалілі ад пастою, і што патрапіўся кватарант-драгун, шчодры на частунак, загуло застолле, застукаў келіх аб келіх, загрымелі віваты… А чаму не — калі заўтра ж, а то і сёння гострая шабля ўчарашняга сябра і суседа можа дастаць табе да сэрца, альбо шастапёр раскроіць прыкрашаную чубам, паголеную па сармацкім звычаі галаву, а поўныя келіхі нектара ды амброзіі пазасвецця наўрад гэтак жа ўсцешаць, як свойскі блакітны ліквор, на святаянніку настоены… Гуляйма ж тут, на грэшнай зямлі, пане-брацці! Тым болей сёння падстава ёсць: імяніны пана палкоўніка Масальскага.

Малады падхаружы з палёгкай аддаляўся ад гуду і тлуму, нібыта адліпала ад цела надакучлівае павуцінне. Як казаў Цыцэрон, гнеў — гэта першая ступень вар’яцтва. Трэці год службы — а ад колішніх летуценняў пра вайсковыя подзвігі засталіся нат не ашмёткі, а сапраўды — кволае павуцінне бабінага лета, якое паблісквае на сонцы залатымі ніткамі, але ты выдатна ведаеш, што з гэтых нітаў не сатчэцца ні сувой, ні нават вузенькая ордэнская стужка. Патрапіў пан Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр на службу ў харугву коннага рэгіменту вялікай булавы дзякуючы таму, што колішні шэф харугвы, вялікі гетман Радзівіл па мянушцы Рыбанька, апекаваўся Пранцішавым настаўнікам, доктарам Баўтрамеем Лёднікам. Лёднік калісьці выратаваў жыццё гетмана на полі бойкі і за гэта атрымаў шляхецтва. А да гэтага нейкі час быў слугою шкаляра Пранціша Вырвіча — Фартуна любіць нечаканыя выбрыкі. Раіў пан Лёднік, былы алхімік і чарнакніжнік, вялікі вучоны і выбітны фехтавальшчык, свайму вучню прысвяціць лёс не гняўліваму Марсу, а самавітай Мінерве, багіні навукі ды любамудрыя, але хіба юнаму шляхціцу пасуе ўнікаць рыцарскага служэння!

Пасля смерці Радзівіла Рыбанькі конны рэгімент узначаліў пан Масальскі, вораг Радзівілаў і прыхільнік Фаміліі — палітычнай партыі Чартарыйскіх ды Панятоўскіх. Ну і пайшла гайданка сярод афіцэраў… Адных адпраўлялі ў адстаўку, другіх прызначалі… Не тое, каб Вырвіча з ягоным не самым вялікім чынам надта пачалі прыціскаць — але на ўдалую кар’еру пакуль можна было не разлічваць. Калі выпадае табе жыць у міжчассі, трэба ўмець пакорліва круціцца трэскай у віры, каб вынесла наверх. А Вырвіч быў перагружаным чоўнам — залішнімі апыналіся атрыманыя ў Віленскай акадэміі веды, выхаваная Лёднікам схільнасць усё правяраць розумам, нават тое, што здаецца звычным і непазбежным.

Пасля смерці Аўгуста Трэцяга Саксонца краіна нагадвала разварушаны вулей. За карону біліся і словамі — на соймах, і грашыма — перакупляючы прыхільнікаў, і зброяй — на элекцыйны сойм расійская імператрыца Кацярына прыслала сваё войска, каб падтрымаць кандыдатуру былога палюбоўніка Станіслава Панятоўскага па мянушцы Цялок. А калі выбралі Цялка — развязалася вайна. Кароннае войска, натуральна, аказалася на баку новага караля і Генеральнай канфедэрацыі — туды ўвайшла шляхта, якая спадзявалася атрымаць свой кавалак улады, ну і тыя, хто быў незадаволены парадкамі Рэчы Паспалітай, у якой дысідэнтамі, пазбаўленымі правоў, аб’яўляліся ўсе іншаверцы — праваслаўныя, пратэстанты. Галоўным сярод праціўнікаў канфедэрацыі аказаўся сын Радзівіла Рыбанькі Пане Каханку, страшэнна папулярны сярод шляхты дэманстратыўнай прыхільнасцю «сармацкім ідэалам». Сысці ў гразь, каб расцалавацца з панамі-братамі, пастраляць у вокны магістрату, хадзіць у белым жупане, загвэзаным так, што не пазнаць, ці і праўда белага быў колеру — гэта ж спадчына ад трынаццаці пакаленняў продкаў, віленскіх ваяводаў! Пан і так называў сябе некаранаваным каралём Рэчы Паспалітай. І Пранціш шчыра радаваўся, што іхні полк не ўдзельнічаў у бітве пад Слонімам, калі войскі Канфедэрацыі разам з расійскімі разбілі жаўнераў Пане Каханку, пасля чаго яго самога пакаралі баніцыяй, а маёнткі секвестравалі. Невялікая радасць пазнаць, што забіў у бойцы свайго ж ліцвіна, які проста апынуўся па другі бок.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: