— Калі Уільям Гарвей апісваў разрыў сценкі левага жалудачка сэрца, ён знайшоў там абвапненне вянозных сасудаў, а вось архей адсутнічаў. Магу пацвердзіць сваймі назіраннямі, — яшчэ больш з’едліва адказаў доктар Лёднік. І панеслася… Вучоныя — і ў сутанах, і ў камзолах — раўлі на чысцюткай лаціне, як гандляры на старажытнарымскім рынку. Лёднік дыскутаваў, нібыта біўся на шаблях — атакуючы пры кожным спрыяльным выпадку. Дакладчыка абвінавачвалі і ў тым, што праводзіць рызыкоўныя аперацыі, заміж таго, каб пакласціся на волю Божую, крывепушчанне і мікстуры, і ў тым, што ён увогуле, ганьбячы званне доктара, працуе скальпелем і ланцэтам — бо саслоўе хірургаў спаконвеку належыць да цэху цырульнікаў, і павінна слугаваць дактарам. Сцвярджалі, што аперацыі на сэрцы і на пячонцы немагчымыя, бо там утрымліваецца жыццёвы эліксір, і калі Лёдніку нешта падобнае ўдаецца, дык ці не з дапамогай тых сілаў, да якіх добры хрысціянін ніколі не звернецца?

Знаходзіліся абаронцы і ў доктара, асабліва ўжо заўважаны Пранцішам пан у шэрым камзоле, які выкрыкваў дастаткова дзёрзкія рэплікі, што сведчылі пра добрую адукаванасць.

— Хто гэта, пані Саламея? — папытаўся Пранціш Вырвіч у доктаравай. Тая, тулячы да сябе сына, адказала пабялелымі ад трывогі вуснамі:

— Граф Міхайла Разанцаў. Расейскі консул у Вільні. Яны з Бутрымам сябруюць.

— Яшчэ ягоная імператарская мосць Пётр Першы загадаў адкрыць анатамічны тэатр у Санкт-Пецярбурзе! — крычаў Разанцаў. — Таму што лічыў, як і знакаміты анатам Фрэдэрык Руйша, што вантробы чалавека — таксама доказ дасканалага Боскага майстэрства! Яны таксама Госпадам створаныя! Ягоная імператарская вялікасць асабіста прысутнічаў на практычных занятках у Шпітальнай школе, а калі бачыў, што нехта з прысутных грэбуе, змушаў уласнымі зубамі разрываць цягліцы трупа! Таму што доктар не павінен грэбаваць тым, што створанае Богам і што ён мусіць, прызываючы Госпада, ратаваць!

Ад уяўленай карціны з разрываннем зубамі цягліцаў Вырвіч у чарговы раз падумаў, што, відаць, медыцына — не ягоны шлях. Між тым гвалт дасягнуў тае кропкі, калі пачынаецца альбо натуральная бойка, альбо стома і зацішак.

— Я выклічу іх усіх на двубой! — заявіў малы Лёднік, ягоныя цёмныя вочы пагрозна блішчэлі. — Мяне пан-бацька вучыць фехтаванню!

І нават руку паклаў на дзяржальна маленькай шаблі ў сярэбраных похвах. Як кажуць, калі бацька — рыбак, дык і сын глядзіць на ваду.

— Вы вельмі смелы, пан Алесь, — пахваліў малога Пранціш. — Але думаю, прафесар сам справіцца.

Ды ад разварушанага вулею нельга адмахацца галінкай. Вырвіч шкадаваў, што недастаткова дасведчаны, каб далучыцца да спрэчкі — за два гады зусім адарваўся ад навукі. Урэшце гармідар спыніў рэктар. З ягонай прамовы вынікала, што, нягледзячы на павагу да навуковых дасягненняў прафесара Баўтрамея Лёдніка, асновы акадэмічнай-схаластычнай навукі ў Акадэміі ламаць не стануць, стварэння анатамічнага тэатру, гэтак жа, як медычнага факультэту, у планах кіраўніцтва пакуль не маецца, дый увогуле наконт працы самой кафедры практычных навук, якую ўзначальвае дакладчык, ёсць пытанні.

Лёднік прабіўся праз натоўп з такім фанабэрыстым ды злосным выглядам, што да яго баяліся чапляцца і з крытыкай, і з ухвалай.

— З’еду ў Вену! — скрозь зубы заявіў жонцы. — Там не трэба хавацца ў сутарэнні, каб нармальна вывучаць анатомію! Невукі!

— Супакойся, Варфаламей, — прамовіў граф Разанцаў, які ішоў услед за сябрам. — Сам жа казаў — новае заўсёды сустракаюць падазрона. Успомні, у Лейпцыгу аднаго нашага прафесара ўвогуле ў турму пасадзілі пасля падобнага ж дакладу. Як казаў Сенека, aequo animo audienda sunt imperitorium convincia[4].

Ага, скеміў Пранціш, значыць — яшчэ адзін Лёднікаў аднакурснік, скароны ягоным геніем. Відаць, Лёднік быў такім яркім персанажам ва ўніверсітэце, што яго ведалі ўсе. Міхайла Разанцаў паклаў руку на плячо доктара.

— Колькі разоў гаварыў, Варфаламей — ты павінен ехаць у Санкт-Пецярбург! Цябе прымуць у Расійскую акадэмію, я табе забяспечу практыку ў палацах — магчыма, і да самой царыцы дойдзем. Яе імператарская вялікасць мае вялікую схільнасць да навукі… Часопісы выпісвае з Еўропы… Што ты забыўся ў езуітаў? Прыдзе час, павер, ён не за гарамі — усё тут пераменіцца, і ў краіне, і ў адукацыі, акадэмія зробіцца цалкам свецкай, будзе і медычны факультэт… А можа, і асобны медычны ўніверсітэт. Тады і вернешся, калі захочаш.

— Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, — прабурчэў Лёднік. — Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…

Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.

— Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, — дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. — Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома — лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…

Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.

Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.

— Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей — ты адзінаверац.

Лёднік неахвотна адбіваўся:

— Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, «дабы не оскверниться». Дый увогуле лекар сёння — фігура несамавітая.

— Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці — ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, — весела гаварыў Разанцаў. — Смех — адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз — пазнаёміць з дзеўкай. Немец — замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец — уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.

Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.

— Ну і які рэцэпт выкарысталі?

Разанцаў махнуў рукой.

— Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі — галавой ківаючы.

Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс «Vulnerant omnes, ultima necat» — «Усе гадзіны раняць, апошняя забівае». Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.

— З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.

— Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! — гнеўна сказала Саламея. — Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?

— Я абараню цябе, тата! — важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.

вернуться

4

Належыць абыякава выслухоўваць папрокі невукаў (лац).


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: