Праўда, навучэнцы старэйшых курсаў на гэтыя жахалкі збольшага пасміхаліся: можа, і быў прафесар чорным магам, але й медыкам выбітным. Лекцыі ягоныя чыталіся на мяжы блюзнерства, ён крытыкаваў вучэнне Галена і разважаў наконт таго, што хваробы выкліканыя не лішкам у арганізме адной з чатырох вадкасцяў, а нябачнымі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у яго звонку, проста з паветрам ці разам з вадою. Таму адмаўляў неаспрэчную карысць крывепушчання ды прамывання страўніка, якія, вядома, дапамагаюць ад любых хваробаў. Доктар нават публічную лекцыю прачытаў пра шкоду модных «фантэнэляў» — штучна створаных на назе нарываў, якім не даюць зажываць, каб праз іх увесь час выходзіў з арганізму гной. Лёднік сцвярджаў, што менавіта такі «карысны нарыў» нядаўна звёў у магілу расейскую імператрыцу Лізавету. Хаця кожны ведае, што французскі байкапісец Фантэнэль, у гонар якога і назвалі з’яву, менавіта такім чынам ацаліўся ад хваробы, і чым больш крыві ў хворага выпусціць — тым лепей!
Шмат хто з калегаў зваў Лёдніка за вочы шарлатанам, і даўно б яго, схізматыка ды блюзнера, выперлі са святых акадэмічных муроў, блаславёных Ордэнам Ісуса, аднак жа аптэка акадэмічная, з тых часоў, як трапіла пад прыгляд Лёдніка і пачала папаўняцца ягонымі мікстурамі ды бальзамамі, пачала прыносіць нежартоўны даход, і лекавацца да прафесара прасіліся самыя ўплывовыя асобы, нават з Польшчы, Ліфляндыі ды Чэхіі прыязджалі. Праўда, прымаў ён далёка не ўсіх, і ніякімі грашыма доктара спакусіць было немагчыма — нібыта яму цмок па начах золата насіў альбо ў кішэні доктарскай заваляўся склют, неразменны талер. Бо хіба можа такі не дужа заможны чалавек пагарджаць грашыма, што самі ў рукі даюцца?
Але за складаныя выпадкі, калі ўсе астатнія лекары толькі рукамі разводзілі, Лёднік браўся без разбору — ці жабрак, ці магнат курчыцца на ложку… І за магчымасць учыніць эксперыментальную аперацыю падкаленнай анеўрызмы яшчэ і сам мог грошай прыплаціць. І напляваць яму было, што калегі па лекарскім цэху нос адварочвалі ад «нізкай» хірургічнай справы, бо хірургі прыроўніваліся да цэху цырульнікаў і мусілі ўважаць дактараў за вышэйшых. Але асабліва бараніла прафесара ад пераследаў, што ім апекаваўся сам вялікі гетман, ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Вось і нядаўна Лёдніка некалькі разоў клікалі да ваяводы, які прыехаў у Вільню ды зусім злёг. А вялікі гетман — не той, каму можа нейкі вядзьмак ды шалбер вочы зацярушыць.
Тыя, хто ведаў Лёдніка яшчэ лепей, казалі, што ён строгі, але справядлівы, не церпіць адно ляноты ды глупства. І ходзіць задарма лекаваць хворых у шпіталь пры праваслаўным брацтве амаль зруйнаванага пажарам Свята-Духава манастыра. А ягоная жонка — такая незямная прыгажуня, што ён неадменна яе скраў з якога-небудзь палацу… А студыёзус Пранціш Вырвіч, які прыехаў у Вільню разам з доктарам, ці ягоны пазашлюбны сын, ці падапечны, хаця не дай Божа такога апекуна, што цвічыць і дома, і на вучобе.
Недалужны пачухаў цёмныя пасмы і спачувальна зірнуў на панылы твар Пранціша:
— А можа, абыдзецца? Ты ж прафесару, здаецца, сваяк…
— Не, не сваяк… — няўважна адказаў Вырвіч. — Ды з’явіся да нашага Баўтрамеюса хоць бы і Платон ці Авіцэна — ён ім за няправільныя дэфініцыі вымову ўчыніць.
Калідоры імкліва пусцелі, студэнты высыпаліся з будынку, як сухія гарошыны з раскрытага струка. Вінцук з цікаўнасцю ўглядаўся ў вырвічаўскае аблічча, нібыта хацеў расчытаць на ім скандынаўскія руны. Папраўдзе, спрабаваў прыкмеціць хоць якое падабенства з драпежным фанабэрыстым абліччам Баўтрамеюса Лёдніка. Але Пранціш Вырвіч выраз твару меў круцельскі, вусны ўсмешлівыя, валасы русявыя неслухмяныя, вочы блакітныя, сумленныя, як у добрага злодзея, а пад носам — зусім не дзюбатым, а цалкам прыдатным дзеля куртуазнага шляхціца — прабіваліся светлыя вусікі.
— Слухай, ну хоць мне прызнайся — слова гонару, далей не перадам — хто такі табе пан Лёднік? — не вытрымаў Недалужны. — Ты ж у ягоным доме — свой, начуеш, кормішся… Прафесар за табой, як за сынам, сочыць. Апякун, мабыць?
Вырвіч усміхнуўся трохі сумна:
— Дарма языкамі мянціце — не сын я яму. Мой бацька — пан Даніла Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр — у мінулым годзе на Піліпаўку памёр, ты ж памятаеш, як я на пахаванне адпрошваўся. Я — апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… — Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. — Помні, слова даваў — не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.
Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.
— Як гэта… прадалі?
— За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, — Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. — Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.
— Дык прафесар… быў тваім слугою? — бровы Недалужнага, падобныя да двух чорных бухматых вусеняў, палезлі на лоб. Вырвіч фыркнуў.
— Ты можаш уявіць пана Лёдніка чыімсьці слугою?
Недалужны ў жаху затрос галавою. Лягчэй уявіць, як бадзёра скача мазурку падскарбій літоўскі Трызна, які ў крэсла не змяшчаўся, так што кароль загадаў дзеля яго лаўку адмысловую падчас сойму ставіць.
— Ну, вось… Лёднік і тады быў такім самым… Узяўся мяне адукоўваць.
— Вохці мне… — Вінцук, відаць, уявіў, як гэта — калі падобны настаўнік каля цябе ўвесьчасна. — Каб ён аблез няроўна. І ты што, не вытрымаў і на волю яго адпусціў?
Пранціш адвёў вочы ўбок і ледзь заўважна пачырванеў.
— Ды не… Так атрымалася, што ён сам сабе здабыў волю і шляхецтва. Па справядлівасці і паводле Статута. На полі бойкі.
Аднакурснік Пранцыся памаўчаў, прывыкаючы да навінаў.
— І як жа вы цяпер?
Пранцысь шырока ўсміхнуўся.
— Ведаеш, мы з доктарам столькі разоў адзін аднаму жыцці выратоўвалі, што лік згубіўся. І, дружа, так сталася, што зараз самыя блізкія мне людзі на свеце — гэта пан Бутрым і пані Саламея Лёднікі. Вось так…
І зноў скрушна ўздыхнуў.
— Вось толькі ад пакаранняў гэта мяне не ратуе. Халера….
— Халера… — пагадзіўся Недалужны, і сябрукі рушылі ў бок прафесарскага кабінету, сумныя, як драўляныя статуі святых у базыльянскім храме.
Кабінет загадчыка кафедры практычных навук нагадваў чамусьці сутарэнні, хаця й знаходзіўся на другім паверсе: але ці ад цяжкой мэблі з чорнага дрэва, ці ад пылу фаліянтаў, якія сваім цяжарам аж прагіналі паліцы, ці ад злавеснага бляску хімічных прыладаў і сасудаў з заспіртаваным немаведама чым, пра што лепей не ведаць добраму хрысціяніну — тут мроіўся прыцемак і прабіралі дрыжыкі па скуры, як ад марозу. А самы страх наганяў васковы анатамічны муляж, замоўлены асабіста Лёднікам у Фларэнцыі. Муляж уяўляў з сябе напалову рассечаны бюст немаладога мужчыны, прычым усё начынне галавы і грудзіны было паказана вельмі праўдападобна. І цягліцы, і вены, і яблык вока, і косткі…
Праўда, сам гаспадар кабінету, які ўзвышаўся над сталом памерам з невялікі пляц падобна чорнай скале, аб якую разбіваюцца спадзевы бедных студыёзусаў, наганяў страху паболей заспіртаваных пачварынак ды расфарбаванага воску. Нават Вырвіч, якога прафесар упарта не заўважаў, працягваючы нешта крэмзаць пяром, нервова перамінаўся з нагі на нагу і спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк боязі. Нарэшце прафесар Лёднік зрабіў ласку падняць вочы на Пранціша і адкінуў пяро…
Усё, раз не паклаў акуратненька ў адмысловую срэбную падстаўку ў выглядзе грыфона з разяўленай пашчай, а кінуў, аж атрамант пырснуў на стол, значыць, злосны, як той грыфон, і цяпер ратуй маю душу, святы Франтасій… Дакладней, тую частку студэнцкага цела, праз якую адбываецца працэс перавыхавання з дапамогай бярозавых розаг ды скураных дысцыплінаў.